Дзевяць населеных пунктаў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»

- 12:30Новости

У сувязі са святкаваннем 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 9 населеных пунктаў узнагароджваюцца вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Якія пачуцці і эмоцыі выклікае гэтая падзея? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Галіна ДУЛУБ, дырэктар сярэдняй школы № 6 Калінкавіч, Гомельская вобласць:

— Такі вымпел — высокая ацэнка мужнас­ці, пат­рыятызму і по­дзвігу жыхароў нашага горада. Гэта не можа не вык­лікаць у мяне і ўсіх калінкавічан бязмернага пачуцця гордасці і ўдзячнасці. Вырасла ўжо некалькі пакаленняў, многае змянілася ў нашым жыцці, але я ведаю адно: подзвіг, патрыятызм і гераізм суайчыннікаў, іх гатоўнасць аддаць жыццё за Айчыну ў імя шчаслівага і свабоднага жыцця нашчадкаў — неацэнныя і незабыўныя. У пасляваенны час вучні сярэдняй школы № 6 Калінкавіч напісалі ліст маршалу К.К.Ракасоўскаму, які, будучы невылечна хворым, даручыў генералу П.І.Батаву аказаць усямерную дапамогу па зборы ваенных матэрыялаў, фатаграфій, франтавых газет, дакументаў і асабістых рэчаў вызваліцеляў горада. І ў 1965 годзе ў нашай установе быў адкрыты музей баявой славы. Узнагароджанне нашага населенага пункта вымпелам — яшчэ адно важнае звяно выхаваўчай работы, як і музей школы. Ва ўстанове адукацыі праводзіцца мноства мерапрыемстваў, прысвечаных мужнасці ге­рояў-калінкавічан. І кожны раз гэта напамін пра тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам сённяшні дзень, магчымасць вучыцца, сябра­ваць, займацца любімай справай, ганарыцца славай нашых продкаў і быць іх дастойнымі пераем­нікамі.

Аляксей МІРОНЕНКА, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 20 Баранавіч, Брэсцкая вобласць:

Вядома, у першую чаргу адчуваю гордасць за свой родны горад. Ён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 8 ліпеня 1944 года. Мне як чалавеку з гістарычнай адукацыяй прыемна бачыць, што подзвіг мірнага насель­ніцтва ў гады барацьбы з сусветным злом не забыты. Ведаючы, колькі мірных лю­дзей аддалі сваё жыццё за тое, каб наша пакаленне жыло ў міры і спакоі, я магу толькі падзякаваць Прэзідэнту за такі жэст па ўвекавечанні іх мужнасці і стойкасці. У нашай установе адукацыі функцыянуе піянерскі пошукава-даследчы атрад імя піянера-героя Марата Казея, асноўнай задачай якога з’яўляецца даследаванне гісторыі Баранавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны, памятных месцаў, звязаных са злачыннай дзейнасцю нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых у адносінах да мясцовага насельніцтва. Да Дня Перамогі плануецца выданне міні-даведніка па такіх месцах у рамках усёй краіны. У ім будзе пададзена кароткая інфармацыя, якая тычыцца трагедыі і ўвекавечання памяці. У найб­ліжэйшы час будзе праведзены збор піянерскай дружыны, на якім разам з актывістамі нашай піянерскай арганізацыі мы пагаворым аб дзейнасці гараджан у гады вайны, чый подзвіг паспрыяў узнагароджанню нашага горада вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Марыя ШАВЕЛЬ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Дзятлава, Гродзенская вобласць:

— У гады Вялікай Айчыннай вайны Дзятлаўскі раён стаў месцам трагедый, звязаных з генацыдам мясцовага насельніцтва. Па­мяць аб мінулай вайне на Дзятлаўшчыне жыве ў мірных акцыях і шматлікіх патрыятычных мера­прыемствах. У нашай установе адукацыі рэалізуецца трэкер-праект “3D-шпіталь: #Ведаем! #Памятаем! #Ганарымся!”, мэтай якога стала аднаўленне гістарычнай праўды аб дзейнасці партызанскага шпіталя, размешчанага на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Па выніках мерапрыемстваў створаны сайт праекта, знойдзена месца дыслакацыі партызанскага шпіталя і адноўлены імёны 28 байцоў. Таксама мы ўкаранілі новыя формы візуалізацыі, такія як “3D-рэканструкцыя” партызанскага шпіталя, “3D-шахматы” і настольная гульня “Перамога. Памяць. Веды”. Удзел у праекце выклікаў увагу школьнікаў да вывучэння ваеннай гісторыі Дзятлаўскага раёна. У верасні 2023 года педагагічны і вучнёўскі калектывы нашай школы ініцыіравалі работу па прысваенні ёй імя героя Вялікай Айчыннай вайны, каб увекавечыць памяць партызанскага сувязнога і ўладальніка ордэна “За адвагу” І.Ю.Філідовіча. Сёлета мы святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы дзяды і прадзеды цаной уласнага жыцця заваявалі для нас мір і свабоду, якія мы абавязаны захаваць і прымножыць, каб маладое пакаленне ўсвядоміла непаўторнасць гістарычнага шляху Беларусі, яго непарыўную сувязь з лёсам кожнай сям’і і кожнага чалавека.

Вольга БАРАНАВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна, Віцебская вобласць:

— Мяне перапаўняе гордасць за родны пасёлак. Я нарадзілася і вырасла тут. І вось ужо 17 гадоў працую педагогам на гераічнай Обальскай зямлі. Можа, хтосьці і не ведае аб нашым пасёлку, але аб падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, якая дзейнічала на яго тэрыторыі і была адзінай у Беларусі, думаю, ведаюць многія. Мы шануем памяць аб подзвігах нашых падпольшчыкаў праз арганізацыю экскурсійнай дзейнасці ў музеі гісторыі школы, падтрымліваем парадак і добраўпарадкоўваем памятныя месцы. Выпускнікамі нашай школы былі некаторыя члены арганізацыі “Юныя мсціўцы”. Вядома, гады ўсё больш аддаляюць нас ад тых драматычных дзён, але па­мяць пра абаронцаў Радзімы, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць, будзе жыць у нашых сэрцах вечна. Я нізка кланяюся ўсім ветэранам, якія ваявалі на палях бою, самааддана працавалі ў тыле. Наш святы абавязак — захоўваць памяць аб вялікім подзвігу нашага народа, шанаваць яго доб­лесць, патрыятызм і сілу духу.

Настасся ЧАРКАНАВА