Настаўніца хіміі Клімавіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі імя І.С.Нікалаева Ірына Поклад шмат свайго часу прысвячае даследчай дзейнасці. Прычым не толькі па сваім прадмеце, але і па фізіцы, біялогіі, геаграфіі і гісторыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Апошняя даследчая работа была прысвечана стварэнню даведніка “Турыстычная Беларусь як энцыклапедыя шматвяковай гісторыі”. Разам са школьнікамі яна распрацавала адукацыйны маршрут падарожжа з Клімавіч да лагера “Зубраня”. Сама дарога складае 470 км. У даведніку прапісаны ўсе прыпынкі, гасцініцы, аптэкі, аўтастанцыі і многае іншае. Ірына Аляксандраўна і яе вучні праверылі ўвесь маршрут на практыцы, каб даць самую поўную і дакладную інфармацыю, што можна паглядзець падчас вандроўкі і якім транспартам зручней карыстацца.
— Стварэнню даведніка мы прысвяцілі чатыры гады. У тым навучальным годзе на абласным этапе конкурсу работ даследчага характару праект узяў дыплом ІІІ ступені. Маршрут складзены такім чынам, што ён добра садзейнічае як грамадзянска-патрыятычнаму, так і экалагічнаму выхаванню, — дзеліцца Ірына Аляксандраўна.
Так, падарожнікам аўтары праекта прапануюць наведаць Лукомльскую электрастанцыю, размешчаную на беразе Лукомльскага возера. Да таго ж 14 км маршруту праходзяць праз Бярэзінскі біясферны запаведнік. Экалагічным цэнтрам гэтай ахоўнай зоны з’яўляецца населены пункт Домжарыцы Лепельскага раёна. А канчатковы пункт турыстычнага шляху — возера Нарач, якое прываблівае маляўнічымі краявідамі шматлікіх гасцей. За 20 км ад гэтага папулярнага месца для адпачынку размяшчаецца вёска Пацкавічы Пастаўскага раёна. У яе наваколлях можна знайсці шмат лекавых раслін.
— Мы з вучнямі зрабілі выснову: улічваючы той факт, што гэтая тэрыторыя лічыцца чыстай экалагічнай зонай, на яе варта звярнуць увагу фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі, — тлумачыць настаўніца хіміі.
Таксама ў спісе месцаў, абавязковых для наведвання, — мемарыяльны комплекс на месцы вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, дзе ў 1943 годзе нямецкія акупанты спалілі мясцовых жыхароў. Скульптурны ансамбль складаецца з жаночай фігуры і 22 невялікіх помнікаў, якія сімвалізуюць смеласць, мужнасць і непакорлівасць беларускага народа.
— Пабываўшы тут, чалавек задумваецца аб тым, да якіх страт можа прывесці вайна і як важна захаваць спадчыну, якая дасталася нам цаной жыцця мільёнаў людзей, — адзначае педагог.
Турыстычны маршрут дазваляе таксама паглыбіць веды па беларускай літаратуры. Напрыклад, на сценах Пастаўскай гарадской дзіцячай бібліятэкі можна ўбачыць мемарыяльную дошку з выявай знакамітага беларускага пісьменніка У.М.Дубоўкі, ураджэнца вёскі Агароднікі Пастаўскага раёна. Падарожнікам пакажуць месца, дзе калісьці стаяў дом, у якім прайшло дзяцінства літаратара, і раскажуць, чаму У.Дубоўка атрымаў тытул майстра і рэфарматара беларускага слова.
— Экскурсія не толькі пашырае кругагляд, але і выхоўвае эстэтычныя пачуцці. Вывучаючы літаратуру, даследуючы і падарожнічаючы, кожны вучань можа адкрыць нешта новае для сябе. І гэтыя веды мы будзем перадаваць іншым пакаленням з мэтай захавання беларускіх культурных традыцый, — расказвае Ірына Поклад.
Любоў да прыродазнаўчых навук мне прывілі мае настаўнік біялогіі Уладзімір Паўлавіч Кананчук і настаўніца хіміі Людміла Аляксандраўна Храмянкова. Дарэчы, з Уладзімірам Паўлавічам мы сталі калегамі і цяпер працуем у адным калектыве. Хімія і біялогія — два самыя любімыя прадметы. Да гэтай захопленасці дадавалася велізарнае жаданне стаць педагогам. Мне заўсёды падабалася гэтая прафесія. Ні на секунду не ўяўляла сябе ў ролі кагосьці іншага.
Не менш яркімі і захапляльнымі з’яўляюцца і іншыя даследчыя праекты Ірыны Поклад. Напрыклад, самым выніковым можна лічыць работу “Каларыстыка аўтатранспарту як энергазахавальны фактар”.
— Эксперымент паказаў, што выкарыстанне белага і сіняга колеру ў афарбоўцы аўтамабіляў дазволіць не так часта ўключаць кандыцыянеры ў гарачае надвор’е. Гэта станоўча паўплывае на зніжэнне расходу паліва і на памяншэнне колькасці таксічных рэчываў у атмасферы. Перавага транспартных сродкаў гэтых колераў паспрыяе частковаму аднаўленню газавага складу атмасферы і захаванню цэласнасці азонавага слою, які абараняе ўсё жывое на нашай планеце ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялету, — падкрэслівае настаўніца.
З гэтай работай Ірына Поклад з вучнем Захарам Кароткім займалі прызавыя месцы ў конкурсах “ТэхнаІнтэлект” і “100 ідэй для Беларусі”. Дарэчы, хлопец стаў першым навучэнцам у Клімавіцкім раёне, каго запрасілі ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
У праекце “Скетчынг як метад і форма развіцця лагічнага мыслення” Ірына Аляксандраўна асвятляе актуальнасць гэтай тэмы ў тым ліку на прыкладзе мастацкай літаратуры:
— Усе ведаюць кнігу А.Талстога “Залаты ключык”. Аўтар апісвае касцюм Бураціна наступным чынам: белы каўпак, карычневая кашуля і зялёныя штаны. Але калі просіш дзяцей расказаць пра галоўнага героя, яны ўяўляюць зусім іншую карцінку. Напрыклад, кажуць, што каўпак у Бураціна бела-чырвоны. Таму мы з вучнямі перачыталі і перагледзелі ўсе выданні, каб параўнаць, дзе супадае вобраз, а дзе не. Таксама задаліся пытаннем, ці з’яўляецца гэта мінусам сучасных кніг, і падыскутавалі на гэтую тэму. Я заўсёды паўтараю вучням, што яны павінны чытаць кнігі з алоўкам у руцэ і рабіць пазнакі ў сшытку. Калі яны пачнуць заўважаць такія дробязі і супастаўляць карцінку з матэрыялам, у іх будзе развіта чытацкая дасведчанасць і лагічнае мысленне.
Ірына Аляксандраўна заўсёды імкнецца паўдзельнічаць у конкурсах, тым самым паказваючы прыклад сваім вучням. Адзін з апошніх — “ProБеларусь”. Для яго настаўніца з вучнямі падрыхтавалі настольную гульню “Экалагічны баланс”.
— Гэта віктарына, якая дзеліцца на чатыры падтэмы: расліны, жывёлы, чалавек і агульныя пытанні, якія тычацца энергазберажэння і рацыянальнага прыродакарыстання. Гульня закранае многія прадметныя галіны, адлюстроўваюцца ў ёй і выхаваўчыя моманты. Таксама ўваходзілі ў яе і творчыя заданні: стварыць закладку для кнігі, прыдумаць флэш-моб з мэтай асвятлення тэмы абароны жывёл і многае іншае, — звяртае ўвагу педагог.
Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара