«На варце Радзімы і міру» — пад такой назвай на Міншчыне стартаваў абласны арт­-праект

- 16:30Новости

На варце Радзімы і міру — пад такой назвай на Міншчыне стартаваў абласны арт­-праект. Ініцыятыва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама да 80-­годдзя вызвалення краіны ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў.

Удзел у творчым праекце прымаюць педагогі і навучэнцы, а таксама творчыя калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Цвірко.

“Каб прыняць удзел у арт-праекце, навучэнцам і педагогам неабходна пад­рыхтаваць матэрыялы ў выглядзе лістоў вайскоўцам са словамі віншавання і падзякі за службу ва Узброеных Сілах, — адзначыла Т.Цвірко. — У далейшым лісты будуць перададзены ваеннаслужачым у тыя вайсковыя часці, якія размешчаны на тэрыторыі Мінскай вобласці, а таксама ўручаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы”.

Што тычыцца фармату работ, то ў конкурсе могуць удзельнічаць відэавіншаванні для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы. Яны будуць размешчаны на іх персанальных старонках у са­цыяльных сетках, а таксама ў выглядзе асабістых паведамленняў у месенджарах. Яшчэ адна форма творчых конкурсных работ — малюнкі на зададзеную тэму ў розных тэхніках.

Дзякуючы праекту, у творчай моладзі Міншчыны ёсць магчымасць не толькі праявіць свае таленты, але і арыгінальна павіншаваць абаронцаў Айчыны і падзяка­ваць ім. Конкурсныя работы таксама неабходна размясціць на інтэрнэт-рэсурсах, у сацыяльных сетках устаноў адукацыі з хэштэгам #гордимся_верим_поздравляем_2024.

Наталля САХНО
Фота аўтара