Трэці раз адзін з гарадоў Брэстчыны атрымаў ганаровы статус маладзёжнай сталіцы Беларусі

- 10:15Актуально, Новости

Трэці раз адзін з гарадоў Брэстчыны атрымаў ганаровы статус маладзёжнай сталіцы Беларусі: пасля Баранавіч і Пінска ёй сёлета стаў горад над Бугам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Урачыстай цырымоніі перадачы эстафеты папярэднічалі два вельмі насычаныя дні, падчас якіх каля 400 юнакоў і дзяўчат з ліку студэнтаў, валанцёраў, маладых навукоўцаў, лідараў і актывістаў грамадскіх аб’яднанняў прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах і бліжэй азнаёміліся з гісторыяй старажытнага Брэста. На працягу бягучага года ён прэзентуе лепшыя практыкі па развіцці сацыяльнай, экана­мічнай і палітычнай актыўнасці моладзі.

У першы дзень удзельнікі сабраліся ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе прайшліся дружнай калонай з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь агульнай плошчай 2000 м2 да Вечнага агню, аддаўшы даніну памяці гераічным продкам, якім абавязаны мірным небам над галавой. Шмат незабыўных уражанняў пакінулі ў гасцей экскурсія па цытадэлі над Бугам і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя яе гісторыі і абароне ў чэрвені 1941 года. А музычна-забаўляльная праграма “У любімым Брэсце толькі разам”, зладжаная вечарам, дазволіла ўдзельнікам пазнаёміцца адно з адным і наладзіць кантакты.

Даволі цікавым і пазнавальным атрымаўся другі дзень праграмы. У Брэсцкім навукова-тэхналагічным парку члены савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Беларусі абмеркавалі актуальныя праблемы і кірункі развіцця айчыннай навукі.

Арганізацыі валанцёрскай дзейнасці была прысвечана дыялогавая пляцоўка “Доб­раахвотніцтва без меж” у БрДУ імя А.С.Пушкіна. На практычным семінары, які прайшоў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, вялі зацікаўленую гутарку пра новыя формы работы з моладдзю. Пытанні патрыятычнага выхавання і не толькі былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў дыялогавых пляцовак “Адзінства моладзі — сіла Беларусі” і “Моладзь і выбары”, арганізаваных на базе прадпрыемства “Савушкін прадукт” і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. Вэбінар “Сучасны лідар” аб’яднаў маладых актывістаў, якія падзяліліся вопытам эфектыўнай грамадскай дзейнасці. Члены савета прарэктараў па выхаваўчай рабоце УВА сабраліся ў БрДТУ, каб абмеркаваць надзённыя пытанні, звязаныя з ідэалагічным выхаваннем маладога пакалення з улікам сучасных выклікаў. А завяршыўся другі дзень працоўнай акцыяй на тэрыторыі будучага Рэс­публіканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі.

Адкрываючы рэспубліканскае свята “Брэст — маладзёжная сталіца Беларусі — 2024”, міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што летась Наваполацк праявіў сябе па-сапраўднаму маладзёжна, крэатыўна і ініцыятыўна, стаўшы пляцоўкай для шматлікіх яркіх мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародных. 

— Мы чакаем, што ў Год якасці Брэст прыкладзе асаблівыя намаганні, каб з гонарам апраўдаць высокі давер і выканаць адказную місію. Для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы, — заўважыў міністр.

Андрэй Іванец падкрэсліў, што самарэалізацыі моладзі ўдзяляецца вялікая ўвага ў краіне, паколькі менавіта ў яе руках знаходзіцца будучыня дзяржавы. І толькі самаадданай працай, розумам, жаданнем і ідэямі можна пабудаваць і захаваць моцную, квітнеючую і незалежную Беларусь.

Маладзёжную сталіцу выбіраюць на конкурснай аснове. Пры выбары пераможцы ўлічваецца шмат фактараў, у тым ліку план прапанаваных мерапрыемстваў, знакавыя падзеі і інш. Перавага гораду над Бугам была аддадзена невыпадкова: сё­лета Брэстчына адзначае 85-годдзе з моманту свайго ўтварэння, а Брэсту спаўняцца 1005 гадоў. Важную ролю адыграла і 80-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бо легендарная цытадэль першай прыняла ўдар ворага і паказала прыклад узорнай мужнасці і няскоранага духу.

— Калі хтосьці хоча забыць ці сцерці старонкі нашай гераічнай гісторыі, мы не дапусцім гэтага, — запэўніў Андрэй Іванец. — Будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання мо­ладзі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці нездарма абвешчана Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Сучасныя юнакі і дзяўчаты з гонарам нясуць сцяг пераможцаў і вызваліцеляў Радзімы. Упэўнены, што 2024 год пройдзе ў Брэсце на самым высокім узроўні і моладзь дастойна праявіць сябе ва ўсіх сферах.

Ва ўрачыстай атмасферы пераходны сімвал маладзёжнай сталіцы ў выглядзе ключа быў перададзены старшыні Брэсц­кага гарвыканкама Сяргею Лабадзінскаму.

— Вялікі гонар — прыняць гэтую эстафету, — сказаў ён. — Мы не падвядзём! Бу­дзем працаваць пад новым слоганам “У любімым Брэсце толькі разам”, каб паказаць, што мы адзіныя і моцныя. У рамках праекта маладзёжнай сталіцы ў горадзе будзе рэалізаваны вялікі план цікавых і разнапланавых мерапрыемстваў, якія аб’яднаюць юнакоў і дзяўчат Саюзнай дзяржавы.

Удзельнікі свята заслухалі віншавальныя адрасы, накіраваныя Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай, а таксама кіраў­ніцтвам Прыморскага краю і Масквы (Ула­дзівасток і Масква абвешчаны сёлетнімі маладзёжнымі сталіцамі ў Расіі).

— Сацыяльна значныя праекты моцна згуртоўваюць моладзь, якая годна пераймае эстафету гістарычнай памяці ў папярэднікаў, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, які перадаў дырэктару Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віктару Іванову сертыфікат на 500 тысяч рублёў, сабраных на будаўніцтва Рэспуб­ліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі.

Удзельнікі святочнага канцэрта, арганізаванага з нагоды ўрачыстасці, адправіліся ў захапляльнае гістарычнае падарожжа па старажытным Брэсце. Арганізатары пад­рыхтавалі для гледачоў шмат адметных музычных, вакальных і танцавальных нумароў, у якіх адлюстраваліся важныя падзеі мінулага, звязаныя з горадам, і прагучалі пранікнёныя словы любові да яго.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара