Ураджэнка беларуска-грузінскай сям’і настаўніца з Лунінца Дзіяна Сладзінская служыць прыкладам шчырай любові да Беларусі. Ужо 37 гадоў яна выкладае гісторыю і захапляе дзяцей краязнаўствам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Карані жыцця
Дзіяна Раманаўна з цёплай усмешкай прыадкрывае старонкі сямейнай гісторыі. Яшчэ ў савецкія гады яе бацька праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Грузіі і дадому ў Лунінец вярнуўся не адзін, а з маладой жонкай.
— Я нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Лунінцы. Пакуль была жывая матчына радня, мы ездзілі ў госці ў Грузію. А потым быў перапынак амаль на 30 гадоў. Не так даўно я паехала туды ўжо як турыст, наведала роднае сяло маёй маці пад Батумі. Эмоцый было шмат. Але, вядома ж, усё маё жыццё — тут, на беларускай зямлі, — расказвае яна.
У іх сям’і раней не было настаўнікаў, але Дзіяна Сладзінская заўсёды была ўпэўнена, што яе прызванне менавіта ў рабоце з дзецьмі. Пачынала свой працоўны шлях у сярэдняй школе № 2 Лунінца піянерважатай. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ стала выкладаць тут гісторыю, што паспяхова робіць ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі. Навошта мяняць месца працы, калі яно дае ўсе магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял і ўвасобіць ідэі, справядліва адзначае яна.
Па Лунінецкім Арбаце
Дзіяна Раманаўна знаходзіцца ў пастаянным творчым і прафесійным пошуку, на вучэбных і факультатыўных занятках актыўна прымяняе самыя розныя педагагічныя тэхналогіі, формы і метады. Дарэчы, кабінет гісторыі выглядае як этнаграфічны куток, у якім прадстаўлены старадаўнія прадметы побыту жыхароў Лунінецкага раёна. Па ініцыятыве настаўніцы яго сумеснымі намаганнямі стварылі супрацоўнікі школы, навучэнцы і іх бацькі. Суседства з рарытэтамі, якія былі неад’емнай часткай жыцця прадзедаў і прапрадзедаў, дапамагае ствараць на ўроках адпаведную атмасферу.
Самі за сябе аб выніках работы настаўніцы гавораць лічбы. Так, у 2022/2023 навучальным годзе сярэдні бал вучняў па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” склаў адпаведна 8,0 і 7,9, па выніках здачы цэнтралізаванага экзамену па гісторыі Беларусі ў 2023 годзе — 8,2.
Настаўніца выпрацавала сістэму эфектыўнага выкарыстання пры вывучэнні беларускай гісторыі краязнаўчага матэрыялу. Увесь той вялікі багаж ведаў па мінулым Лунінеччыны, які карпатліва назбірала за гады работы, яна перадае дзецям у цікавай і запамінальнай форме.
— Калі ўзгадваеш падзеі, імёны, якія звязаны з добра знаёмымі мясцовымі населенымі пунктамі, літаральна бачыш, як у вачах вучняў загараюцца агеньчыкі цікавасці. Вельмі важна максімальна выкарыстаць яе патэнцыял, — адзначае мая суразмоўніца. — Краязнаўчы матэрыял дапамагае паглыбіць веды вучняў, усвядоміць адзінства гісторыі краіны з гісторыяй роднага горада, вёскі і нават сям’і. Гэта матывуе дзяцей да вывучэння прадмета, аблягчае яго засваенне, а таксама робіць веды больш трывалымі.
Педагог актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі. Стварыла электронны дапаможнік “Выкарыстанне краязнаўчага кампанента на ўроках гісторыі Беларусі”, шмат выступае з дакладамі па гэтай тэме на навукова-практычных канферэнцыях, чытаннях, семінарах.
Значную ўвагу ў сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніца ўдзяляе пазаўрочнай рабоце па прадмеце. Дзіяна Сладзінская з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Мая Лунінеччына”, а таксама навуковай суполкі вучняў “Думка”. Пад яе кіраўніцтвам дзеці з захапленнем збіраюць матэрыял аб месцах і падзеях, праз якія могуць лепш усвядоміць гісторыю роднага краю.
Так, настаўніца з дзецьмі разам вывучалі так званы “Лунінецкі Арбат” — частку вуліцы ў цэнтры горада, на якой захаваліся будынкі пачатку мінулага стагоддзя — папулярнае ў свой час месца, дзе любілі прагульвацца прыгожа апранутыя дамы і кавалеры. Юныя даследчыкі даведаліся, як будаваліся тут дамы, хто ў іх жыў, якія ўстановы размяшчаліся на розных гістарычных этапах. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі матэрыялы з краязнаўчага музея, з іншых крыніц, а таксама распытвалі старажылаў.
Важную і карысную работу правялі па вывучэнні некропаляў на старых гарадскіх могілках у цэнтры горада. Вучні па крупінках сабралі інфармацыю аб вядомых земляках, якія тут пахаваны. Дарэчы, сярод іх тры Героі Савецкага Саюза Мікалай Давыдаў, Пётр Багданаў, Іван Пяцяры, партызанскі разведчык Іван Лімонт, дырэктар рэальнага вучылішча Мікалай Царэўскі, загадчык аддзела мясцовага ваенкамата ў пасляваенны перыяд Іван Лосеў, які загінуў ад рук бандытаў, і інш. Але гэтым не абмежаваліся, а склалі пашыраны каталог пахаванняў і перадалі яго прадстаўнікам гарадской камунальнай гаспадаркі.
Пятнаццаць гадоў на базе лунінецкай школы № 2 праводзіцца раённы турнір юных гісторыкаў. Яе каманда вучняў заўсёды ў ліку пераможцаў.
Дарогі і купалы
Вучні Дзіяны Сладзінскай з году ў год перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару, навучэнскіх навукова-практычных канферэнцыях. Прыемна здзіўляе, якія цікавыя тэмы заўсёды заяўляюць навучэнцы. Гэта адзін з важных прынцыпаў работы педагога: самы кароткі шлях да ведаў — праз шчырае захапленне пытаннем, якое хочаш паглыблена вывучыць.
Так, старшакласнік Ягор Скрыбка даследаваў гісторыю дарожных пакрыццяў, якія прымяняліся на Лунінеччыне ў XIX — пачатку XX ст. У іх ліку — польскі брук, трылінка, каціныя лбы і іншыя. Крок за крокам хлопец вызначыў, у чым спецыфіка кожнага пакрыцця, хто і калі яго выкладваў і г.д. Работа была адзначана дыпломам лаўрэата XXVIII Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, а таксама дыпломам ІІ ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Другі навучэнец, Ваня Рафаловіч, у сваёй рабоце паглыбіўся ў тэму меліярацыі, якая пачалася на Лунінеччыне яшчэ ў XIX стагоддзі, а з 1950-х гадоў разгарнулася вельмі маштабна — тут была пабудавана доследная меліярацыйная станцыя. Існуюць розныя думкі наконт таго, патрэбна было ў свой час праводзіць меліярацыю ці не. Хлопец не проста даследаваў гісторыю пытання, але і аргументаваў свой пункт гледжання на яго. Работа таксама была неаднаразова адзначана, у тым ліку атрымала ў мінулым годзе дыплом ІІІ ступені рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых краязнаўчых работ.
Новае даследаванне вучня прысвечана Свята-Мікалаеўскай царкве ў Кажан-Гарадку, пабудаванай у XIX стагоддзі. Настаўніца падкрэслівае, што мэта работы — не толькі раскрыць малавядомыя старонкі гісторыі храма, але і прыцягнуць увагу да яго стану: будынак месцамі прасеў, купалы стаяць не строга вертыкальна. Каб дапамагчы пошуку сродкаў на рамонт храма, найбольш цікавыя факты з даследавання навучэнца друкуюцца ў сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі. Таксама ім распрацаваны экскурсійна-турыстычны маршрут “Шляхамі праваслаўя”.
— Даследчая краязнаўчая дзейнасць дапамагае дзецям лепш ведаць і разумець гісторыю роднага краю, любіць сваю краіну. Якую б прафесію ў далейшым ні выбраў наш выпускнік, гэты ўнутраны пасыл вельмі важны, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Акрамя таго, вучні атрымліваюць каштоўныя навыкі работы з інфармацыяй, вучацца выбіраць галоўнае, рабіць высновы. Прычым захоўваюць цікавасць да такой дзейнасці і ў далейшым. Прыемна чуць ад выпускнікоў, якія паступілі ва ўніверсітэты розных профіляў, што яны таксама пішуць там даследчыя работы. Значыць, зерне ўпала на добрую глебу і дае свае ўсходы!..
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена лунінецкай школай № 2