Школьнікі з Бярозы сталі сярэбранымі прызёрамі інтэлектуальнага турніру

- 17:00Новости

Каманда IQрa Бярозаўскай пачатковай школы паспяхова прыняла ўдзел у інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Акцябрацкі, піянерскі, маладзёжны квіз», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Юныя эрудыты з усіх рэгіёнаў Беларусі і Мінска сабраліся ў Зале алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ім неабходна было адказаць на пытанні аб алімпійскіх чэмпіёнах нашай краіны, аб славутасцях, якія выяўлены на купюрах нацыянальнай валюты, аб праектах, статуце і дзейнасці БРПА і, з улікам таго, што 25 лютага пройдзе адзіны дзень галасавання, — аб выбарчай кампаніі.

Праект «Акцябрацкі, піянерскі, маладзёжны квіз» аб’ядноўвае больш за 4000 навучэнцаў школ Беларусі. Каб дайсці да фіналу, трэба не проста спадзявацца на поспех і базавыя веды, а сур’ёзна рыхтавацца, бо спектр тэм, з якіх складаюцца пытанні тураў, вельмі шырокі, — адзначыла сакратар ЦК БРСМ, старшыня ЦС БРПА Аляксандра Ганчарова.

У склад каманды IQрa ўвайшлі чацвёртакласнікі Цімафей Стасюкевіч (капітан), Аляксандра Далжэнка, Яна Мацвейчык, Мікалай Мажэйка, Кацярына Пукала, Нэлі Шупенька. Разам з педагогам-арганізатарам Марыяй Сівяковай, класным кіраўніком Ірынай Музыкай і бацькамі была праведзена сур’ёзная падрыхтоўка. Каб трапіць на рэспубліканскія спаборніцтвы, школьнікам неабходна было стаць пераможцамі занальнага і абласнога этапаў, з чым, дарэчы, яны бліскуча справіліся.

У школе ўжо шосты год дзейнічае квіз-клуб, які збірае каманды з 2—4-х класаў кожную другую суботу месяца. Абсалютныя пераможцы гульняў 2022/23 і 2023/24 навучальнага года — навучэнцы 4 «В» — ужо двойчы прадстаўлялі Бярозаўшчыну на абласным этапе. У 2023-м да выхаду ў фінал школьнікам не хапіла ўсяго 1 бала, а ў 2024-м яны ўзялі рэванш — пакінуўшы ззаду 20 каманд аднагодкаў, — расказала М. Сівякова.

Па словах удзельнікаў дружыны, самымі простымі ў гульні аказаліся пытанні пра БРПА. З лёгкасцю таксама былі знойдзены адказы на пытанні пра спорт і пра грошы. У рызыка-туры трэба было пазнаць брэнд, адказаць на музычнае і геаграфічнае пытанні. Вырашыўшы не рызыкаваць, навучэнцам удалося дабавіць у скарбонку 3 балы.

Па выніках інтэлектуальнага турніру IQрa ўзяла серабро, усяго на 2 балы адстаўшы ад пераможцаў.

Удзельнікі квіза атрымалі каласальны вопыт і яшчэ раз даказалі, што сіла ў адзінстве. Бо для таго, каб дасягнуць гэтай вяршыні, рыхтаваліся да фінальнай гульні аж на працягу 3 месяцаў. А яшчэ здзейснілася мара нашых навучэнцаў — яны асабіста пазнаёміліся са старшынёй ЦС БРПА Аляксандрай Ганчаровай і першым сакратаром ЦК БРСМ Аляксандрам Лук’янавым, якія на памяць аб сустрэчы пакінулі аўтографы і цёплыя пажаданні, што матывуюць дзяцей на добрыя справы на карысць нашай краіны, — адзначыла М. Сівякова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара