Урокі мужнасці ў кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Крывіцкай сярэдняй школы Мядзельскага раёна Аляксандра Франткевіча заўсёды насычаныя, пазнавальныя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сустрэцца з Аляксандрам Іванавічам мне параілі ў Мядзельскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце па некалькіх прычынах. Першая — крывіцкія старшакласнікі пад яго кіраўніцтвам традыцыйна займаюць 1-е месца на раённым конкурсе сцяганосных груп. Па-другое, з усіх кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні Мядзельскага раёна Аляксандр Іванавіч з’яўляецца адзіным прафесійным ваенным, ды яшчэ ў званні маёра, ды яшчэ, нягледзячы на адстаўку, з правам нашэння ваеннай формы. Мужчына з армейскай выпраўкай і ў ваеннай форме! Мець такога калегу хацелі б педагогі любой школы. Пашчасціла Крывічам. Чаму? Усё проста. Крывічы — малая радзіма Аляксандра Іванавіча.
Пасля вучобы ў Калінінградскім ваенным авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы шмат гадоў служыў у Паставах, Лідзе, Кобрыне, Полацку. У 2016-м выйшаў на пенсію па выслузе гадоў і вярнуўся ў родны пасёлак. Калі ў 2022 годзе яму прапанавалі ўзначаліць адказны фронт работы (ваенна-патрыятычнае выхаванне школьнікаў), без ваганняў пагадзіўся, нягледзячы на тое, што профільнай педагагічнай адукацыі не меў.
— Да прыходу на пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ў мяне не было вопыту работы з дзецьмі. Канечне, службу ў арміі можна ў нейкай ступені параўнаць з педагагічнай дзейнасцю, бо ў падначаленні былі ваеннаслужачыя. Але армія і школа — розныя рэчы. У арміі сур’ёзная дысцыпліна, ваеннаслужачыя выконваюць баявую задачу, заступаюць на баявое дзяжурства. У нашай школе вучні таксама паслухмяныя, але часта даводзіцца шукаць да іх індывідуальны падыход. Першы год работы з дзецьмі крыху бянтэжыўся, бо педагагічная сцяжына была для мяне непрывычнай. Пакрыху ўцягнуўся, — падзяліўся Аляксандр Іванавіч.
Дапамагаюць не толькі родныя сцены (сённяшні герой рубрыкі скончыў Крывіцкую сярэднюю школу ў 1988 годзе), але і калегі, а таксама традыцыі ваенна-патрыятычнага выхавання, закладзеныя папярэднікам Аляксандра Іванавіча — яго настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі Пятром Іванавічам Серадой.
— Пётр Іванавіч таксама афіцэр, капітан, танкіст. Дзякуючы яму, я і выбраў ваенную прафесію. З нашага школьнага выпуску чалавек пятнаццаць паступілі ў ваенныя вучылішчы. Ён вёў актыўную прафарыентацыйную работу. Пятром Іванавічам была закладзена традыцыя, калі выпускнікі-курсанты падчас першага адпускнога прыходзілі ў родную школу і агітавалі старшакласнікаў на паступленне ў ваенныя вучылішчы. Мы былі ў форме, многіх хлопцаў — практычна нашых аднагодкаў — добра ведалі, таму, безумоўна, такія сустрэчы адыгрывалі станоўчую ролю. Два яго сыны, дарэчы, таксама сталі ваеннымі, — паведаміў Аляксандр Іванавіч.
Да нашай размовы далучылася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Казіміраўна Язневіч:
— Пётр Іванавіч быў настолькі патрабавальны, што не толькі хлопцы, але і мы, дзяўчаты, заўсёды былі ў страі. У кабінеце пачатковай ваеннай падрыхтоўкі мы вучыліся і страляць, і збіраць-разбіраць зброю. Нягледзячы на строгасць, патрабавальнасць, Пётр Іванавіч закладваў у нас шмат чалавечых якасцей, якія потым спатрэбіліся ў жыцці. Яго жонка Яніна Міхайлаўна таксама працавала ў нашай школе, выкладала геаграфію. Гэта была цудоўная сямейная пара, у многіх крывіцкіх вучняў яны былі любімымі настаўнікамі.
Не сакрэт, што для педагога заваяваць аўтарытэт сярод вучняў — справа надзвычай важная. Калі выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей тэарэтычна ведаюць, як зрабіць гэта хутка і эфектыўна, і паспяхова прымяняюць атрыманыя веды на практыцы, то для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія не маюць профільнай педагагічнай адукацыі, заваяваць аўтарытэт навучэнцаў намнога складаней. Трэба ведаць розныя нюансы, у тым ліку псіхалагічныя асаблівасці дзяцей у адпаведнасці з іх узростам. Аднак і тут у Аляксандра Іванавіча ўсё атрымліваецца. Жыццёвы вопыт? Ці прычына ў іншым?
— Узаемаразуменне з падлеткамі мы знаходзім праз сумесныя мерапрыемствы, напрыклад, трэніроўкі сцяганосных груп, — падзяліўся Аляксандр Іванавіч.
Святлана Казіміраўна дадала:
— Калі Аляксандр Іванавіч сказаў, што знаходзіць агульную мову з дзецьмі, то тут варта адзначыць, што ён з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Юны сцяганосец”. Для заваявання аўтарытэту, наладжвання кантактаў з дзецьмі гэта вялікі плюс. Вучні па суботах прыходзяць да яго на заняткі, у цёплай атмасферы спасцігаюць азы страявой падрыхтоўкі, урачыстага вынасу Дзяржаўнага сцяга. Акрамя цудоўнага выканання сваіх службовых абавязкаў, ён яшчэ і таленавіты чалавек, прыгожа спявае. Разам з Аляксандрам Іванавічам мы часта ездзім на экскурсіі. Падчас апошняй наведалі Смаргонскую пагранічную групу, сядзібу Агінскага ў Залессі, абласны краязнаўчы музей і мемарыяльны комплекс “Шталаг-342” у Маладзечне. Аляксандр Іванавіч у ваеннай форме звярнуўся да вучняў, экскурсавод падрыхтавала цікавы матэрыял, была мінута маўчання… Усё гэта кранальна, шчыра, душэўна.
У 2023/2024 навучальным годзе ў план экскурсій абавязкова ўносім мемарыялы, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, паколькі год юбілейны ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яшчэ глядзім з вучнямі на кіналекторыях фільмы на ваенную тэматыку, — адзначыла Святлана Казіміраўна.
Пасля прагляду абавязкова абмяркоўваецца тэма мужнасці, гераізму, самаахвяравання. Свае думкі выказвае не толькі настаўнік, але і кожны вучань. Вельмі кранае дзяцей фільм “Брэсцкая крэпасць”, асабліва калі яны даведваюцца, што ён зняты на аснове рэальных падзей.
— Памятаю, мы ездзілі ў Брэсцкую крэпасць. Гэта была настолькі эмацыянальная экскурсія, што мы выходзілі з музея абароны крэпасці моўчкі, бо кожны праз сябе прапусціў боль і пакуты яго абаронцаў. Або ўзяць для прыкладу мой любімы фільм “В бой идут одни “старики”, а канкрэтна момант, калі галоўны герой, будучы параненым, садзіць самалёт, а потым гіне. У гэтым кантэксце абавязкова расказваю пра Герояў Беларусі Мікіту Куканенку і Андрэя Нічыпорчыка, якія адвялі самалёт ад жылых дамоў і цаной свайго жыцця выратавалі жыцці мірных людзей, — паведаміў Аляксандр Іванавіч.
У пакоі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні нельга не заўважыць вялікую колькасць мадэляў ваеннай тэхнікі. Танкі, БМП, але больш за ўсё самалётаў. Авіямадэляваннем Аляксандр Іванавіч захапіўся яшчэ падчас вучобы ў авіяцыйным вучылішчы. За больш чым 30 гадоў сабраны дзясяткі мадэляў. Многія захоўваюцца ў школе і выдатна дапамагаюць у правядзенні заняткаў, з’яўляюцца наглядным матэрыялам. Захапленне мадэляваннем, безумоўна, прыцягвае школьнікаў да Аляксандра Іванавіча, робіць яго яшчэ больш цікавым суразмоўнікам. Так, праз сумесныя мерапрыемствы, захапленні, творчасць і заваёўваецца аўтарытэт.
Асаблівая гордасць школы — сцяганосная група. Другі год запар юныя крывіцкія патрыёты становяцца лепшымі ў раёне. На пытанне “У чым сакрэт поспеху?” маёр запасу адказаў па-вайсковаму коратка і змястоўна: “Галоўнае — рыхтаваць каманду згодна са статутам, палажэннем аб сцяганосных групах”.
Як паведаміла метадыст Мядзельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ларыса Віктараўна Севярын, конкурс сцяганосных груп праводзіцца другі год запар. Яго галоўная мэта — праверыць, наколькі вучні валодаюць тэхнікай урачыстага вынасу Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, ведаюць гісторыю дзяржаўнай сімволікі.
Пры распрацоўцы палажэння выкарыстоўваюцца метадычныя рэкамендацыі “Аб арганізацыі дзейнасці сцяганосных груп ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Журы ацэньвае, наколькі вучні асвоілі элементы страявой падрыхтоўкі, рытуальныя дзеянні з Дзяржаўным сцягам. Глядзяць на ўнос і вынас сцяга цырыманіяльным крокам, размяшчэнне сцяганосца і яго асістэнтаў ля сцяга ў становішчы “смірна”, як адбываецца змена сцяганосных груп з перадачай сцяга, рух сцяганоснай групы ў паходным страі, схіленне сцяга з мінутай маўчання.
Усё гэта — першы этап конкурсу. Другі — патрыятычны квіз. Удзельнікам сцяганосных груп прапануецца адказаць на 15 пытанняў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія пытанні тычацца гісторыі Мядзельшчыны.
— У параўнанні з мінулым годам, калі конкурс праводзіўся ўпершыню, бачны рост узроўню падрыхтаванасці каманд. Безумоўна, флагманам тут з’яўляецца Крывіцкая сярэдняя школа. У многім гэта асабістая заслуга Аляксандра Іванавіча Франткевіча. Калі кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні з’яўляецца чалавек ваенны, то адчуваецца яго асаблівы падыход да справы. Але і іншыя каманды таксама паказалі добрыя вынікі. Напрыклад, 1-е месца разам з Крывіцкай школай заняла каманда гімназіі Мядзела, — паведаміла Ларыса Віктараўна.
Сцяганосныя групы паказваюць сваё майстэрства не толькі на конкурсе. Яны з’яўляюцца абавязковымі ўдзельнікамі ўрачыстых лінеек, іншых мерапрыемстваў. Напрыклад, калі ў мінулым годзе на базе Крывіцкай сярэдняй школы праходзіла пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, то ў спартыўнай зале быў праведзены майстар-клас — сапраўднае свята строю і песні. Кожны клас стаў асобным атрадам і прадстаўляў пэўны род войск, выконваў адпаведныя песні (авіяцыйную, пра пяхоту і г.д.). Удзельнікі метадычнага аб’яднання былі ў захапленні ад убачанага і той працы, якую праводзіць з вучнямі Аляксандр Іванавіч Франткевіч — чалавек ваенны, педагог па прызванні.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі