Сёлета я як класны кіраўнік узяла новы, зборны 5 клас, у які прыйшлі па 2—3 чалавекі з розных класаў.
Звычайна ў 5 класе для мяне асноўныя напрамкі дзейнасці — вывучэнне калектыву, вызначэнне яго стадыі развіцця, стварэнне ўмоў для далейшага ўдасканалення. У маёй настаўніцкай практыцы гадоў 20 назад ужо былі зборныя класы. Але што здзівіла мяне ў новым класе — гэта цішыня на перапынках. Няма відавочнага паказу эмоцый. Нават на перапынку перад класнай гадзінай самі дзеці кажуць: “Мы не пойдзем у калідор, у класе пасядзім, тут ціха”. Першы тыдзень знаёміліся з класам. У пачатку верасня наведала сем’і ўсіх сваіх вучняў, правяла анкетаванне. Назіраю за навучэнцамі, праводжу маніторынг паспяховасці і адсочваю паспяховасць як на вучэбных занятках, так і ў пазаўрочны час. А яны ў мяне ўсюды паспяваюць — спяваюць і танцуюць, дадаткова вывучаюць англійскую мову (у школе створаны ўсе ўмовы для іх развіцця), многія ў спартыўных секцыях займаюцца. У першы ж месяц усе разам у суботнія дні хадзілі на экскурсіі, на прагляд фільмаў у кінатэатр, у музей маці, арганізаваны ў школе. Дзеці хутка пазнаёміліся. Выбралі актыў класа. А на перапынках цішыня!
Так ужо склалася ў маёй педагагічнай практыцы, што ў мяне лепш атрымліваюцца ў рабоце з класным калектывам групавыя формы работы і інтэрактыўныя метады. Большасць класных гадзін і іншыя выхаваўчыя мерапрыемствы ў сваім новым класе праводжу, арганізуючы работу ў групах. Калі дзеці атрымліваюць заданне (дзе прапісаны дзеянні) на групу, усе ўключаюцца ў работу, хутка перадаюць адно аднаму інфармацыю, умеюць прадставіць інфармацыю вусна. Дзеці з пачатковых класаў навучаны камунікацыі. Да спартландыі сярод 5-х класаў рыхтаваліся дружна: выбіралі каманду, малявалі плакаты, падчас спаборніцтваў дружна балелі з дудзелкамі і свісцёлкамі ў руках. Колькі было перажыванняў, эмоцый, чакалі вынікаў. Перамаглі! Да навагодняга свята рыхтавалі загадзя падарункі “Тайны Санта”, ёлку разам упрыгожвалі, эмоцыі радасці свята перажывалі разам, захапленне і нечаканасць ад падарункаў адно аднаму распальвалі эмоцыі. Усе засталіся задаволены. Зносіны садзейнічаюць развіццю эмоцый і ўменню кантраляваць свой эмацыянальны стан. Зносіны дапамагаюць чалавеку зразумець сябе, вызначыць сваё месца ў калектыве і будаваць адносіны, зразумець, што можна, што нельга ў гэтым калектыве (вось чаму вучні маўчаць, прыглядаюцца, як сябе паводзіць).
Як звычайна, у 5-х класах адсочваецца адаптацыя навучэнцаў. Па даных спецыялістаў сацыяльна-псіхалагічнай службы школы, навучэнцы майго класа хутка адаптаваліся, узровень трывожнасці не перавышае нормы. Назіраю на перапынках, што некаторыя сядзяць з тэлефонамі, нехта паўтарае дамашні параграф, некалькі чалавек, сабраўшыся па 2—3 чалавекі, ціха размаўляюць. Вось яна, тайна цішыні! Дзеці мала размаўляюць. Дзеці не ўмеюць мець зносіны. Звернемся да слоўніка Ожагава. Словы “мець зносіны” разумеюцца як сяброўская сувязь і ўзаемныя адносіны. У Вікіпедыі: зносіны — складаны працэс устанаўлення і развіцця кантактаў паміж людзьмі, які спараджае патрэбы сумеснай дзейнасці і ўключае ў сябе як мінімум тры розныя працэсы: камунікацыю (абмен інфармацыяй), інтэракцыю (абмен дзеяннямі) і сацыяльную перцэпцыю (успрыманне і разуменне партнёра). Вось, аказваецца, у чым справа.
Перадаваць і абменьвацца інфармацыяй умеюць. Ды і як па-іншаму? Ужо колькі гадоў у школе працуем у напрамку фарміравання і развіцця камунікатыўных кампетэнцый. А вось з такой праблемай — адсутнасць у дзяцей навыкаў разумець і ўспрымаць роўнага сабе — раней не сутыкалася. Ды можа і не было такой праблемы?
Выхаднымі і пасля садка ці школы дзеці гулялі ў двары, прыдумвалі гульні, размаўлялі і былі разам. Вечарамі бацькі не маглі дадому іх даклікацца, а зараз не могуць з дому на вуліцу адправіць. Дзеці лёгка знаходзяць інфармацыю ў інтэрнэце, глядзяць ролікі ў сетках, а падысці да аднакласніка і проста завесці размову не ўсе вырашаюцца і не ўсе ўмеюць. Са сваімі пытаннямі, праблемамі дзіця застаецца адно. Пры неабходнасці шукае адказы ў той жа сетцы Інтэрнэт і часам аказваецца яе заложнікам. На жаль, і бацькі ў той жа сетцы.
Вось і зразумелая стала мая асноўная педагагічная задача ў выхаваўчай рабоце з класам: так пабудаваць сваю работу з дзіцячым і бацькоўскім калектывам, каб навучыць дзяцей і бацькоў успрымаць і разумець адно аднаго, каб з’явілася больш сяброўскіх сувязей, агульных інтарэсаў. Тут мне дапамагае раней назапашаны вопыт па выкарыстанні інтэрактыўных метадаў і арганізацыі ўзаемадзеяння навучэнцаў у групах.
Прапаную прыёмы, якія прымальныя ў класе на першым тыдні, калі дзеці малазнаёмыя паміж сабой. Вядома ж, бэйджы, палоска, прыклееная да вокладкі дзённіка з імем і прозвішчам і нумарам класа (праходзячы па радах, дзеці запамінаюць, хто дзе сядзіць). У кожны кабінет па школе на пэўны прадмет (пры кабінетнай сістэме) усіх дзяцей разводзяць адказныя, якіх выбіраем у першы дзень, і іх я загадзя некалькі разоў праводжу па школе. Падчас інфармацыйнай і класнай гадзіны ў першы месяц выкарыстоўвала самыя простыя інтэрактыўныя метады. Па 1—2 метады за заняткі.
“Снежны камяк” (першы навучэнец называе сваё імя, другі — імя папярэдняга і сваё, трэці — першыя два і сваё і г.д). Спачатку “камяк” у кожным радзе, потым ва ўсім класе, каб хутчэй запаміналі імёны адно аднаго.
“А ты хто?” (на пытанне “А ты хто?” навучэнец называе сваё імя і два прыметнікі, якія яго характарызуюць: Насця, спакойная, сарамлівая).
“Памяняйцеся месцамі тыя, хто…”. Вядомы прыём. У гэтым выпадку адаптую яго пад свой клас. Напрыклад, хто сядзіць на адным радзе з…; хто вучыўся ў адным класе з…; хто займаецца спортам… і г.д.
Метад “Інтэрв’ю” вельмі падабаецца навучэнцам. Яны задаюць адно аднаму пытанні (напісаны на дошцы або раздрукаваны кожнаму) спачатку ў парах: “Як цябе завуць?”, “Чым займаешся ў вольны час?”, “Па якім адрасе пражываеш?”, “Які прадмет у школе падабаецца табе больш за ўсё?”. Пасля парнага інтэрв’ю навучэнцы ў групах па 4 чалавекі разварочваюцца адно да аднаго і расказваюць па тым жа плане адно пра аднаго іншай пары навучэнцаў. Далей у залежнасці ад часу, калі тэма класнай гадзіны дазваляе, можна прадоўжыць. Настаўнік называе імя вучня, а астатнія навучэнцы ў чацвёрцы расказваюць пра яго. Калі часу няма, з гэтага можна пачаць наступныя заняткі (класная гадзіна ці заняткі ў шосты школьны дзень).
Пазней, калі дзеці ведаюць па імёнах большую частку аднакласнікаў, прапаную метад на знаёмства “Знайдзі сярод усіх…”. Кожнаму вучню класны кіраўнік раздае табліцу 3×3. У кожнай клетцы табліцы напісана прымета і тры свабодныя радкі для запісу імён аднакласнікаў. Прыметы могуць быць наступныя: хто жыве побач са школай, у каго ёсць свойскія жывёлы, хто займаецца спортам (музыкай), у каго любімы прадмет літаратура (матэматыка), хто летам адпачывае ў вёсцы (на дачы), хто можа дапамагчы іншым па матэматыцы (англійскай мове) і г.д. Навучэнцы, спакойна рухаючыся па класе, запісваюць у табліцу імёны аднакласнікаў.
У першыя тыдні работы з новым класам у нас прайшла экскурсія “Бяспечным шляхам у школу”. Гэтая экскурсія вырашала дзве асноўныя выхаваўчыя задачы: паўтарыць правілы дарожнага руху і правілы бяспекі, а таксама падказаць дзецям, хто жыве побач з імі і з кім можна разам хадзіць у школу і са школы. Паступова, калі дзеці пазнаюць сваіх аднакласнікаў, называюць па імёнах, прапаную работу ў групах. Ёсць шмат спосабаў падзяліць клас на групы: па чацвёрках па рассадцы (самы хуткі і бясшумны), па нумары, колеры або форме жэтонаў; для разнастайнасці, калі жэтоны выкарыстоўваліся неаднаразова, можна схаваць іх пад крэсла ці стол; па журнальным спісе, па інтарэсах, па адрасах, па імёнах і г.д. Але выкарыстоўваць часта адзін і той жа спосаб нецікава для дзяцей. Прапаную некалькі сваіх спосабаў дзялення на групы. Класу прапануецца выбраць толькі двух аднакласнікаў, якіх яны бачаць у ролі капітанаў. Затым гэтым двум навучэнцам прапануецца выбраць для сябе яшчэ 2 чалавекі. І так з’явіліся 4 чалавекі, якія будуць у розных групах. Калі па колькасці навучэнцаў трэба падзяліць навучэнцаў на 5 груп, то гэтая чацвёрка выбірае яшчэ аднаго чалавека. Затым да кожнага капітана вы прапануеце выйсці па адным вучні, хто з кім хацеў бы працаваць разам у групе. Затым пары навучэнцаў выбіраюць (дамовіўшыся паміж сабой) сабе ў групу па 1—2 чалавекі. Ужо збіраецца ў групе па 3—4 чалавекі. Астатніх навучэнцаў можа размеркаваць па групах настаўнік, або астатнія навучэнцы ўтвараюць асобную групу. Калі ёсць навучэнцы, якія не выбраны групамі або не хочуць працаваць ні ў адной з груп, трэба прапанаваць ім ролю “таймера” або назіральніка (даць падрыхтаваны невялікі спіс пытанняў або даручэнняў). Калі вы неаднаразова фарміруеце для работы групы навучэнцаў, то ўжо заўважаеце тых навучэнцаў, хто хутка ўключаецца ў работу, хто бярэ адказнасць на сябе, хто праяўляе лідарскія якасці. У мяне ў класе на сёння 3 яўныя лідары, з дапамогай якіх я арганізую зносіны навучэнцаў у класе. У працэсе ўспрымання і разумення навучэнцамі адно аднаго важныя як знешнія праяўленні дзяцей (аблічча, паводзіны, мова), так і ўнутранае ўспрыманне самога чалавека (як ён бачыць тое, што бачыць). Для любога чалавека важна не проста тое, як ён выглядае і паводзіць сябе, але і тое, як яго ўспрымаюць іншыя. Таму я ўвесь час звяртаю ўвагу на знешні выгляд навучэнцаў, дзелавы стыль адзення. Назіраю і адсочваю, каго з навучэнцаў у класе выбіраюць часцей, пры дзяленні на групы, каля каго збіраюцца дзеці на перапынку. Раблю выснову, што з гэтымі дзецьмі лёгка мець зносіны многім, яны ўмеюць захапіць суразмоўніка, дапамагчы і растлумачыць іншым. Пры рассадцы навучэнцаў улічваю не толькі іх здароўе і рост, але і ўменне мець зносіны. З дапамогай дзяцей, якія ўмеюць весці размову, уцягваю большую колькасць у абмеркаванне агульных тэм на перапынку і на класных гадзінах. Я разумею, што кожнаму дзіцяці неабходна адчуваць сваю прыналежнасць да пэўнай групы, асабліва ў новым класе, каб адчуваць сябе абароненым. Таму даю часовыя даручэнні, не аднаму, а невялікім групам, каб змаглі адно аднаго замяніць.
У класе ажыццяўляюцца і сеткавыя зносіны, што прывычна дзецям. Пастаянныя зносіны паміж людзьмі прыводзяць да таго, што яны разумеюць адно аднаго. Амерыканскі псіхатэрапеўт Арнольд Міндзел сцвярджаў, што разуменне людзьмі адно аднаго прыводзіць да ўрэгулявання і папярэджвання канфлікту і чалавек успрымае іншых людзей на падставе свайго вопыту. Таму на выхаваўчых гадзінах часта прапаную дзецям маляваць тое, пра што даведаліся, пра што гаварылі, абмяркоўвалі. Для гэтага выкарыстоўваю метад “Малюнак у 4 рукі”. Навучэнцы ў групе па 4 чалавекі выбіраюць тэму, дамаўляюцца, што будуць маляваць, і па сігнале настаўніка адначасова ўсе ўчатырох на адным аркушы паперы малююць тое, што выбралі. Умовы: малююць усе адначасова, малююць да таго часу, пакуль настаўнік не дасць сігнал “стоп”. Пасля чаго рыхтуюць расказ па сваім малюнку і ўсе разам сваёй чацвёркай выступаюць ля дошкі.
Жаданне мець зносіны падахвочваюць метады стварэння спрыяльнай атмасферы: “Алітэрацыя імя”, “Вянок”, “Камплімент”, “Завяршы фразу”, “Ланцужок пажаданняў”. Да інфармацыйных гадзін навучэнцы рыхтуюцца па 2—3 чалавекі, разам з класным кіраўніком, выступаюць перад класам і задаюць адно аднаму пытанні. Цікавая будзе для дзяцей класная гадзіна “Раскажы мне пра мяне”. Яе можна правесці двойчы за год (у сярэдзіне і ў канцы года). Настаўнік прапануе пазнаць па апісанні 3—4 прымет некалькіх (казачных або літаратурных) добра вядомых герояў. Тая група навучэнцаў, якая першай называе імя героя, атрымлівае яго для сваёй каманды (Золушка, Лунцік, фіксікі, Русалачка і г.д.). Кожная каманда атрымлівае аднолькавыя карткі 3—4, у якіх пазначаны некалькі адметных характарыстык (адна картка на аднаго вучня) на малагаваркіх вучняў у класе. Кожнай групе трэба пазнаць сваіх аднакласнікаў, напісаць іх імёны ў картцы і намаляваць пазітыўны знак (смайлік, сэрца). Потым настаўнік называе характарыстыку вучня. Калі група адгадала яго імя, то атрымлівае смайлік. Калі былі навучэнцы, якіх не пазналі па апісанні, то настаўнік просіць кожнага з гэтых навучэнцаў расказаць 3—5 сказаў пра свае захапленні. У картцы могуць быць даныя аб захапленнях (у якой секцыі або гуртку займаецца, чым цікавіцца, які вучэбны прадмет яму падабаецца, побач з кім жыве, якая свойская жывёла ў яго ёсць (была, марыць мець). Пасля заканчэння навучальнага года школьнікі самі пішуць характарыстыку на 4—5 аднакласнікаў і па адной картцы раздаюць іншым групам, узамен атрымліваюць карткі ад іншых груп. Можна падрыхтаваць картку і для класнага кіраўніка. Для рэфлексіі можна ўзяць прыём “П’едэстал”. У класе і ў дзіцячым чаце заўсёды віншую дзяцей з перамогамі і хвалю, каб пра дасягненні аднакласніка ведалі ўсе і вучыліся радавацца чужым поспехам.
Паралельна з работай з вучнёўскім калектывам вяду работу з бацькамі навучэнцаў. Традыцыйныя наведванні сям’і ў пачатку навучальнага года, педагагічныя кансультацыі, тэматычныя бацькоўскія сходы (“Карабель любові”, “Нашы каштоўнасці”). Сходы праходзяць на працягу 1,5—2,5 гадзіны, усе ў інтэрактыўнай форме. Бацькі таксама працуюць у групах, таксама малююць. Некаторыя пытанні па правядзенні мерапрыемстваў на канікулах і ў шосты школьны дзень адпраўляю на абмеркаванне ў бацькоўскі чат, каб бацькі адчувалі сваё дачыненне да жыцця класа.
Сумесныя справы, паходы, святы, тэматычныя класныя гадзіны дораць навучэнцам станоўчыя эмоцыі і вопыт зносін. А цішыня на перапынках паступова змяняецца ціхімі размовамі, смехам. Я веру, што ў зносінах з аднакласнікамі мае вучні змогуць пераймаць новы вопыт і веды, атрымліваць падтрымку і адабрэнне, падзяляць свае пачуцці з іншымі і выбудоўваць новыя адносіны.