Гульню для вывучэння гісторыі стварылі ў Чэрвені

- 15:17Новости

Настольная гульня «Спазнай Беларусь з Мататай» на аснове робататэхнікі развівае не толькі алгарытмічнае і прасторавае мысленне, але і дапамагае вывучыць гісторыю Беларусі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Ідэя распрацоўкі такога праекта з’явілася ў педагога дадатковай адукацыі чэрвеньскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірыны Дарафейчык некалькі гадоў назад. Думаючы над яе рэалізацыяй, педагог дакладна ведала адно: яна хоча не проста вучыць дзяцей Stem-кірунку, а імкнецца пры яго дапамозе выхоўваць у іх патрыятычныя якасці. Ці можна гэта сумясціць і якім чынам?

І. Дарафейчык пачала працаваць з робататэхнічным наборам MatataLab Pro Set, як толькі прыйшла ў цэнтр. Набор прызначаны для пачатковага навучання малышоў ад 4 гадоў і спрыяе развіццю лагічнага мыслення, а таксама вучыць асновам праграмавання без прымянення камп’ютара і мабільных устройстваў. Менавіта дзякуючы гэтаму інструменту з’явілася ідэя стварыць настольную патрыятычную гульню «Спазнай Беларусь з Мататай».

— Яна дазваляе навучэнцам цікава правесці вольны час. Удзельнічаць у гульні могуць дзеці пачынаючы з 7 гадоў, нават усім класам, — тлумачыць асаблівасці педагог.  

У тым, што І. Дарафейчык удалося дасягнуць пастаўленай мэты, можна не сумнявацца. «Спазнай Беларусь з Мататай» ахоплівае такія дысцыпліны, як гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, літаратура, мастацтва. Гэта значыць, што яна спрыяе таксама пашырэнню агульнага кругагляду дзяцей.

Акрамя робататэхнікі, у чэрвеньскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі школьнікі вывучаюць тэхнічнае мадэляванне, набываюць пачатковыя канструктарскія навыкі, вучацца лега-канструяванню, scratch-праграмаванню, анімацыі і камп’ютарнай графіцы. Сёння тут займаюцца больш чым 100 дзяцей ад 3 да 18 гадоў. Усе яны прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Што тычыцца педагогаў, то яны плануюць распрацоўку падобных гульняў для вывучэння іншых школьных дысцыплін.

Наталля САХНО