Як выяўляецца любоў чалавека да Радзімы? У Іванскай сярэдняй школе Чашніцкага раёна дакладна ведаюць адказ на гэтае пытанне, бо самі маюць такую любоў да свайго краю і выяўляюць яе ў штодзённай сумленнай працы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
За векавую гісторыю Іванская сярэдняя школа Чашніцкага раёна не раз мяняла свой статус. Але нязменнай засталася яе аснова — вопытныя і адказныя педагогі, якія захоўваюць лепшыя традыцыі навучання і выхавання. Навучэнцы школы з году ў год дасягаюць значных вынікаў на абласным і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, конкурсах даследчых работ. Становяцца пераможцамі спартыўных спаборніцтваў. Маюць адметныя вынікі ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і конкурсах.
З гісторыі
— Школа ў Іванску была адкрыта ў 1922 годзе. Яе дырэктарам па 1941 год быў Іван Арсенцьевіч Маркіянаў, які выкладаў рускую мову і літаратуру. У школе дзейнічаў гурток струнных музычных інструментаў. Дзеці вучыліся іграць на балалайцы, гітары, скрыпцы, — расказвае кіраўнік установы Аляксандр Крывалап. — Працаваў харавы гурток, у якім разам з навучэнцамі займаліся настаўнікі і дырэктар. Уявіце, як гэта збліжала дзяцей з настаўнікамі. Нядзіўна, што з 16 выпускнікоў 1937 года Іванскай сямігодкі 9 выбралі Лепельскае педагагічнае вучылішча.
У 1941 годзе ўсе настаўнікі-мужчыны пайшлі на фронт і большасць з іх не вярнуліся жывымі. Загінуў і дырэктар. За сувязь з партызанамі былі расстраляныя настаўнікі М.Р.Клопава і Г.Н.Зелянуха. Спалена была і школа.
— Мы да гэтай пары адкрываем новыя старонкі трагедыі, якую прынесла на нашу зямлю вайна. Тэмай Вялікай Айчыннай вайны ў лёсах яе ўдзельнікаў — настаўнікаў, землякоў — прасякнуты даследаванні нашых навучэнцаў, — адзначае дырэктар школы. І працягвае :— У выхаванні патрыятызму вызначальны ўласны прыклад педагога — патрыёта і грамадзяніна. І дзейсная выхаваўчая прастора.
Педагогі надаюць вялікую ўвагу духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў. Цесна супрацоўнічаюць з прыходам храма Праабражэння Гасподня, настаяцелем Уладзімірам Калядой. У школе развіты краязнаўчы рух, дзейнічае гурток “Краязнаўства”, гісторыка-краязнаўчы музей “Гісторыя Іванскага краю” на чале з вялікім аматарам і знаўцам даўніны Віктарам Грыбко.
Працягваюцца традыцыі сумеснай пазашкольнай дзейнасці настаўнікаў, вучняў, бацькоў. Вандроўкі, паходы, паездкі, гадзіны калектыўнай працы тут лічацца лепшым шляхам выхавання. Кожны педагог улюблёны ў сваю работу, здольны зацікавіць школьнікаў і дарослых творчымі ідэямі, павесці за сабой.
Такі і сам дырэктар — настаўнік па прызванні. А.Крывалап пры ўсёй сваёй занятасці не пакідае прафесію выкладчыка інфарматыкі, пастаянна знаходзіцца ў пошуку эфектыўных спосабаў навучання. Распрацоўвае інтэрактыўныя камп’ютарныя і дыдактычныя гульні па фінансавай дасведчанасці і іншых адукацыйных кірунках. Як кіраўнік ён спакойна і зладжана вырашае любую задачу, умела стварае спрыяльную для творчасці атмасферу.
— Па-бацькоўску ставіцца да вучняў, — адзначае Ганна Уладзіміраўна Дзірко, начальнік аддзела па адукацыі Чашніцкага райвыканкама.
Аляксандр Мікалаевіч дапамагае сваім навучэнцам спраўдзіць іх мары — стаць паспяховымі. Настаўнік падрыхтаваў да паступлення ў ВНУ вучняў, якія не мелі бацькоўскай падтрымкі. Дарэчы, разам з жонкай Марыяй Уладзіміраўнай Крывалап, настаўніцай фізікі, яны складаюць моцны педагагічны дуэт.
Спачатку было слова
Ужо больш за 30 гадоў педагог-краязнаўца Віктар Грыбко разам з вучнямі займаецца даследаваннем ваколіц Іванскага краю, вучыць іх па-сапраўднаму любіць сваю малую радзіму, адкрываць і захоўваць яе багатую спадчыну. Віктар Вільгельмавіч — аўтар трох кніг, прысвечаных Чашніччыне, Іванскаму краю і героям зямлі беларускай.
Сам нарадзіўся ў Хабараўску, у сям’і вайскоўца, але карані яго радаводу вядуць у Чэрвеньшчыну. У 1968-м бацьку перавялі ў Рэчыцу, дзе Віктар Вільгельмавіч і скончыў сярэднюю школу ў 1980 годзе. Адкуль жа ўзнік інтарэс да педагогікі?
— Настаўнікі зрабілі маё вучнёўскае жыццё багатым на ўражанні, — расказвае Віктар Вільгельмавіч. — Я захапляўся гуманітарнымі дысцыплінамі, авалодаў беларускай мовай у межах тагачаснай школьнай праграмы. Аднойчы ў дамашняй бібліятэцы мне трапіла на вочы кніга В.А.Сухамлінскага “Сэрца аддаю дзецям”. Зачапіла яе назва. Гэта было не проста чытанне, а роздум над кожным словам вялікага знаўцы дзіцячай душы. З яго кнігі і пачалося маё сапраўднае захапленне педагогікай.
У студэнцтве ён быў камандзірам будатрада камуністычнай працы “Нашчадкі”. Там і сустрэў свой лёс — будучую жонку Маю. Разам вучыліся і працавалі на будаўніцтве Музея народнай архітэктуры і побыту Беларусі каля Строчыц. У атрадзе сабраліся энтузіясты, аб’яднаныя стваральнай працай і клопатам пра сваю Бацькаўшчыну і яе спадчыну. Усе заробленыя грошы пералічвалі на закупку экспанатаў для будучага музея, у дзіцячыя дамы і інтэрнаты.
З першага года работы ў Іванскай школе Віктар Вільгельмавіч пачаў весці турыстычны гурток. Разам з навучэнцамі пачалі даследаваць гісторыю вёсак Іванскага сельскага Савета, гісторыю рода Валадковічаў, вывучаць культурныя і духоўныя помнікі краю. Тут і адкрыў педагог для сябе невядомыя раней мясціны, да якіх усім сэрцам прыкіпеў. Дарэчы, жонка Мая Васільеўна выкладае гісторыю і грамадазнаўства. Дзве іх дачкі таксама педагогі, дзейнасць якіх звязана з музейнай справай.
На аснове матэрыялаў, сабраных у паходах і экспедыцыях сіламі гуртка “Спадчына”, у Іванскай школе быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей “Гісторыя Іванскага краю”. І сёння школьнікі раёна карыстаюцца дапаможнікам “Наша Чашніччына”. Навучэнцамі створаны дзясяткі даследчых работ, а ў скарбонцы гісторыка-краязнаўчага гуртка 40 узнагарод. Да гэтага спіса варта дадаць і 25 асабістых узнагарод Віктара Вільгельмавіча.
Знайсці, адчуць, асэнсаваць
Чым з’яўляецца для настаўніка англійскай мовы Іванскай сярэдняй школы Віктара Грыбко краязнаўства? Асабістым захапленнем, сур’ёзнай навукай ці асаблівым спосабам выхавання?
— Толькi спасцiгнуўшы свае каранi i вытокi, чалавек па-сапраўднаму здольны знайсцi месца ў жыццi, — перакананы Віктар Вільгельмавіч. — Школьнае краязнаўства — сродак выхавання навучэнцаў праз пазнанне сябе, сваёй сям’i i cвайго радаводу, роднага краю. Краязнаўства дазваляе не толькі знайсці звесткі з мінулага, але і адчуць, асэнсаваць сучаснасць… Кожны чалавек павінен ведаць свае карані, багатую гістарычную і культурную спадчыну зямлі, на якой нарадзіўся і жыве, каб захаваць яе, зберагчы і перадаць нашчадкам.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК