Прафілактыка суіцыдальных паводзін дзяцей і моладзі павінна стаць бесперапыннай

- 17:27Новости, Психолог в школе

Прафілактыцы суіцыдальных паводзін дзяцей і падлеткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі заўжды надавалася і надаецца зараз важнае значэнне. А што адбываецца далей? Як працягваецца такая работа ў каледжах, універсітэтах? Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Аксана Альшэўская.

Уразлівы ўзрост

— Аксана Міхайлаўна, на ваш погляд як спецыяліста, наколькі востра ў нашай краіне стаіць праблема суіцыдальных паводзін падлеткаў і моладзі, у прыватнасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі?

Праблема суіцыдаў сярод дзяцей і моладзі стаіць востра ва ўсім свеце. Самазабойства займае адно з першых месцаў у многіх краінах сярод прычын смяротнасці чалавека, асабліва сярод дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 15 да 34 гадоў. Аднак трэба разумець, што афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальнай карціны, бо паказвае толькі зарэгістраваныя выпадкі. На жаль, адбываюцца спробы звесці рахункі з жыццём, якія не рэгіструюцца і пра якія ніхто не ведае.

Павышаную колькасць выпадкаў суіцыдальных паво­дзін сярод моладзі можна патлума­чыць асаб­лівасцямі гэтага ўзросту. У маладога чалавека яшчэ не сфарміравалася сістэма асобасных поглядаў, устойлівых перакананняў, прынцыпаў, каштоўнасцей. Недахоп жыццёвага вопыту ро­біць пошук прымальнага рашэння праб­лемных сітуацый надзвычай складаным. У сувязі з гэтым студэнцтва нашай краіны, на жаль, не з’яўляецца выключэннем з агульнасусветных тэндэнцый. Такое жыццё.

— Ці трэба праводзіць прафілактычную работу ў гэтым напрамку са студэнтамі, бо многія з іх — паўналетнія людзі, якія самі ў адказе за тыя рашэнні, што прымаюць? Калі гэта неабходна, то якой павінна быць гэтая работа?

— Лічу, што прафілактычная работа ў гэтым напрамку, безумоўна, павінна ажыццяўляцца незалежна ад узросту студэнта, таму што прафілактыка право­дзіцца і з дарослымі. Нягледзячы на тое, што студэнты дасягаюць узросту паўналецця, яны ўсё роўна застаюцца ўразлівай групай насель­ніцтва, схільнай да вялікай колькасці стрэсаў і праблем, якія могуць у значнай ступені паўплываць на іх псіхічнае і эмацыянальнае здароўе. Таму падкрэслю, што правядзенне работы па прафілактыцы суіцыдальных паводзін з’яўляецца неабходным.

Упэўнена, што адным з асноў­ных аспектаў работы па прафілактыцы суіцыдальных паво­дзін сярод студэнтаў з’яўляецца стварэнне бяспечнага і падтрымліваючага асяроддзя. Ва ўніверсітэтах і каледжах можна праводзіць навучальныя праграмы для студэнтаў, накіраваныя на паляпшэнне псіхалагічнага дабрабыту, настройванне на поспех і развіццё навыкаў спраўляцца з эмацыянальнымі цяжкасцямі. Увядзенне курсаў па развіцці навыкаў асобаснага росту, зносін і пазітыўнага мыслення можа стварыць доб­рую атмасферу для студэнтаў, дапамагчы ім праяў­ляць эмоцыі і стасавацца з навакольнымі на больш канструктыўным узроўні.

Арганізацыя псіхалагічнай падтрымкі ва ўстановах адукацыі таксама мае важнае значэнне.

Студэнты павінны ведаць, што ў іх ёсць месца, куды яны могуць звярнуцца па дапамогу і атрымаць яе, калі яны сутыкнуцца з эмацыянальнымі ці псіхалагічнымі цяжкасцямі.

Акрамя гэтага, на маю думку, прафілактычная работа са студэнтамі павінна ўключаць у сябе правядзенне скрынінгаў на выяўленне ранніх прык­мет антывітальных паводзін, аказанне псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі студэнтам у цяжкай жыццёвай сітуацыі, прапаганду здаровага ладу жыцця праз СМІ і сацсеткі. І, безумоўна, неабходна псіхалагічная асвета, каб сфарміра­ваць у выкладчыкаў і студэнтаў станоўчыя ўстаноўкі да псіхалагічнай дапамогі, да дзейнасці педагога-псіхолага і атрымання больш шырокіх ведаў у галіне псіхалагічнай навукі.

Прадмет асаблівай увагі

— Хто павінен право­дзіць работу са студэнтамі па прафілактыцы суіцыдаў? Толькі педагог-псіхолаг?

— Чым больш спецыялістаў будзе прыцягнута да гэтай работы, тым лепш. Прафілактыка суіцыдаў сярод навучэнцаў — прадмет асаблівай увагі ўрада Рэспублікі Беларусь. На аснове метадычных рэкамендацый па арганізацыі ва ўстанове адукацыі прафілактычнай работы ў гэтай сферы ўдзельнікамі такой прафілактыкі з’яўляюцца не толькі адміністрацыя ўстановы, спецыялісты СППС, але і знешнія спецыялісты — медыкі, псіхолагі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, і інш.

Я лічу, што для эфектыўнай прафілактыкі ва ўстановах адукацыі неабходна навучаць і прыцягваць да гэтай работы куратараў вучэбных груп, педагагічных работнікаў, выхавальнікаў інтэрнатаў, навучэнцаў-валанцёраў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх студэнтаў. Было б добра таксама ініцыіраваць і ўкараняць сістэму міжведамаснага ўзаемадзеяння ў суправаджэнні студэнтаў з суіцыдальнай рызыкай. Паўтару: чым больш людзей будзе займацца прафілактыкай, тым большых поспехаў мы дасягнём.

Работа нашага цэнтра арыентавана на спецыялістаў сацыяльнай і псіхалагічнай службаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Аднак з калегамі, што працуюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі, мы таксама сустракаемся, праводзім для іх навучальныя семінары, індывідуальныя і групавыя супервізіі, і па тэме суіцыдаў у тым ліку.

— Як забяспечыць пераем­насць такой дзейнасці ў звязцы школа — універсітэт? Не сакрэт, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі такая работа пастаўлена лепш, больш эфектыўна.

— На мой погляд, тут пакуль няма адназначнага рашэння. Але я думаю, што школьныя настаўнікі і супрацоўнікі ўніверсітэтаў павінны быць навучаны распазнаваць прыкметы суіцыдальных паводзін, а таксама навучаны асновам правядзення гутарак са школьнікамі і студэнтамі. І, канечне ж, яны павінны ведаць, куды перанакіраваць падлетка, юнака, калі ў яго выяўлены суіцыданебяспечныя паводзіны.

Магчыма, школы і ўніверсітэты павінны ўстанавіць механізмы абмену інфармацыяй пра навучэнцаў з групы рызыкі, каб забяспечыць бесперапыннасць падтрымкі і прафілактычных мер.

Аднак усё гэта павінна адпавядаць Закону аб аказанні псіхалагічнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь, у прыватнасці артыкулу 15 — “Забеспячэнне канфідэнцыяльнасці пры аказанні псіхалагічнай дапамогі”. Магчыма, такія крокі пакладуць пачатак пераемнасці ў звязцы школа — універсітэт і будуць садзейнічаць зніжэнню рызыкі суіцыду ў студэнтаў. Я цвёрда пераканана: абмяркоўваць гэтую тэму важна і неабходна, нам усім ёсць над чым працаваць. Магчыма, варта па­чаць з метадычных рэкамендацый для прафілактычнай работы ва ўстановах вышэйшай адукацыі, таму што такія рэкамендацыі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ёсць і яны эфектыўна прымяняюцца.

Маркеры пагрозы

— На якія маркеры трэба звярнуць увагу выкладчыкам УВА, каб не прапусціць пагрозу суіцыду ў студэнта?

— Думаю, што маркеры суіцыданебяспечных паводзін студэнтаў не вельмі адрозніваюцца ад маркераў, якія праяўляюць дзеці і падлеткі. Студэнцтва па некаторых класіфікацыях належыць да падлеткавага ўзросту, асабліва зараз, калі ў моладзі запазняецца сталенне. Таму асноўныя прыкметы, што ўказваюць на суіцыдальную рызыку, — гэта злоўжыванне алкаголем, самаізаляцыя ад іншых лю­дзей і жыцця, рэзкае зніжэнне што­дзённай актыўнасці. Малады чалавек можа прама (“Хачу памерці”) ці ўскосна (“Хутка ўсё гэта скончыцца”) аб’яўляць пра свае намеры звесці рахункі з жыццём, жартаваць ці іранічна выказвацца на гэтую тэму. У студэнта мо­гуць праяўляцца негатыўныя ацэнкі сваёй асобы, навакольнага свету і будучыні, “тунэльнае бачанне” і г.д. Тут важна добра ведаць індыві­дуальныя псіхафізіялагічныя і сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці студэнта. Трэба разабрацца, якім ён быў да гэтага стану, сабраць неабходную інфармацыю. Гэта робіцца для таго, каб зразумець, ці адбыліся з маладым чалавекам рэзкія змяненні. Любыя перамены ў любы бок (замкнутасць ці незразумелая актыў­насць студэнта) указва­юць на тое, што з чалавекам штосьці адбываецца. І гэта прымушае праявіць да яго павышаную ўвагу.

Выйсці з крызісу

— Ці згодны вы са сцвярджэннем, што найбольш схільныя да суіцыдальнай рызыкі студэнты творчых каледжаў і ўніверсітэтаў?

— Калі гавораць аб тонкай эмацыянальнай прыродзе чалавека (тонкай душэўнай арганізацыі), то маюць на ўвазе высокую чуллівасць і глыбокае ўспрыманне свету, якія могуць быць звязаны з неабароненасцю перад рэальнасцю жыцця. Звычайна гэта артыстычныя людзі, якія ўспрыма­юць усё блізка да сэрца. Аднак павышаная чуллівасць можа быць звязана з асаблі­васцямі характару і тэмпераменту чалавека. У мяне няма эмпірычных доказаў, што студэнты творчых кале­джаў і УВА больш схільныя да суіцыдальнай рызыкі, чым студэнты тэхнічных універсітэтаў. Давайце памятаць, што суіцыдальныя паводзіны не ўзнікаюць з-за чагосьці аднаго, гэта заўсёды чарада падзей, комплекс.

— Суіцыдальныя паводзіны — гэта глыбокі крызіс у жыцці маладога чалавека. Чым спецыялісты РЦПД могуць аказаць дапамогу такому студэнту і педагогам УВА, дзе вучыцца гэты студэнт?

— Спецыялісты нашага цэнт­ра могуць аказваць як экстранную, так і посткрызісную псіхалагічную дапамогу навучэнцам і студэнтам. Для выкладчыкаў, спецыялістаў СППС, адміністрацыі ўстаноў адукацыі мы можам правесці экспертную падтрымку ў вядзенні выпадку. Для паспяховай адаптацыі да жыцця і вырашэння праблемных сітуацый, асабліва для маладых людзей, неабходны навыкі эфектыўнага арыентавання ў жыцці і ўменне спраўляцца з негатыўнымі абставінамі. Наша работа і праца нашых калег накіраваны на вырашэнне гэтага пытання, а таксама на стварэнне псіхалагічнага даб­рабыту — залогу дабрабыту дзяржавы!

 Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА