Трымаць рытм. Чым займаюцца настаўнікі пасля выхаду на пенсію

- 13:34Я.Мы.Социум

Чым займаюцца настаўнікі пасля выхаду на пенсію? Працягваюць жыць актыўна і прыносіць карысць грамадству, расказвае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Быць дабру 

Ірына Аляксандраўна Ганчарова з Лунінца — валанцёр Беларускага Чыр­вонага Крыжа.

Фота аўтара

У былой настаўніцы матэматыкі Ірыны Аляксандраўны амаль 40 гадоў педагагічнага стажу. У савецкія гады некаторы час ёй давялося папрацаваць у школе ў Прыбалтыцы, куды па размеркаванні накіравалі яе мужа-фельчара. Але большую частку свайго працоўнага жыцця яна аддала Лунінеч­чыне — настаўнічала ў школах вёскі Бараўцы і аграгарадка Вулька-2.

— Я з дзяцінства любіла матэматыку. Калі не магла рашыць нейкую задачку, нават перад сном працягвала думаць над ёй і раніцай прачыналася з гатовым адказам. Мне вельмі падабалася выкладаць гэты прадмет у школе, захапляць ім дзяцей. Пры гэтым я заўсёды ўлічвала тэмперамент і здольнасці кожнага вучня, не заганяла іх у адзіныя рамкі. Пры такім падыходзе дзеці больш эфектыўна засвойваюць прадмет і атрымліва­юць трывалыя веды, — расказвае Ірына Ганчарова.

Пасля таго як дасягнула пенсіённага ўзросту, яна працягвала праца­ваць яшчэ тры гады. А потым вырашыла, што прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак.

— Справа не ў тым, што я стамілася. Проста адчула, што мой узрост стаў пэўнай перашкодай паміж мной і вучнямі. Я ўспрымала іх нармальна, а вось яны мяне — не зусім так, як трэба. А так быць не павінна, — адзначае мая суразмоўніца.

Спакойнае, размеранае жыццё пенсіянера яна вытрымала ўсяго два месяцы. Заняцца заўсёды было чым: у Ірыны Аляксандраўны чатыры дачкі, пяцёра ўнукаў і праўнук. Але не хапала сацыяльнай актыўнасці, хацелася быць карыснай грамадству, дапама­гаць людзям. І яна звярнулася ў раён­нае аддзяленне Беларускага таварыс­тва Чырвонага Крыжа з прапановай стаць валанцёрам. І вось ужо 9 гадоў удзельнічае ў яго дзейнасці на добра­ахвотных асновах.

За гэты час паспрабавала сябе ў самых розных кірунках. Разам з іншымі валанцёрамі ўдзельнічала ў акцыях за здаровы лад жыцця, дапамагала бежанцам, збірала ахвяраванні для малазабяспечаных грама­дзян. Пад Новы год пераапраналася ў Дзеда Мароза і разам са Снягуркай прывозіла падарункі дзецям з сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

А яшчэ Ірына Аляксандраўна ў якасці валанцёра дапамагае сацыяльным службам клапаціцца аб адзінокіх пажылых лю­дзях, якія ўжо не спраўляюцца з хатнімі справамі. Зараз у яе ўжо трэцяя падапечная — жанчына, дарэчы, таксама настаўніца, якая нядаўна перанесла складаную аперацыю. Добра­ахвотная памочніца прыносіць ёй лекі, дапамагае прыбіраць дом, гата­ваць ежу, падтрымлівае добрым словам.

Мая суразмоўніца прызнаецца, што актыўны лад жыцця дапамагае ёй быць у форме і захоўваць пазітыўны настрой.

— Неяк давялося паспрачацца з адной сваёй знаёмай, якая сказала, што выйшла на пенсію дажываць. Што значыць дажы­ваць? Трэба жыць! Пакуль здароўе дазваляе, на пенсіі можна рабіць усё, што ты хочаш. Як сам сябе настроіш, так і пойдзе. Таму настройвацца трэба на актыўнасць і пазітыў! — упэўнена Ірына Ганчарова.

Трымаць рытм

Мінчанка Надзея Віктараўна Есаулава — кіраўнік танцавальных калектываў для людзей пенсіённага ўзросту “На­дзея” і “Натхненне”.

Удзельніцы танцавальнага калектыву “Надзея”. Надзея Есаулава у цэнтры

У педагогіку Надзея Віктараўна прыйшла не адразу. Атрымаўшы адукацыю ў Ленінградскім авіяцыйна-тэхнічным вучылішчы грама­дзянскай авіяцыі, яна спачатку працавала дыспетчарам у кампаніі “Белавія”. На пэўным этапе жыцця вырашыла змяніць сферу дзейнасці. Пасля курсаў павышэння кваліфікацыі на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стала працаваць настаўніцай працоўнага навучання і фізічнай культуры ў сталічнай школе № 62.

— У тым, што я прыйшла выкладаць у школу, маючы за плячыма вопыт работы ў іншай сферы дзейнасці, ёсць свае плюсы. Адчувала прыліў энергіі, працавала з цікавасцю, імкнулася дапамагчы кожнаму дзіцяці не толькі засвоіць вучэбны прадмет, але і ўвогуле ­стаць лепшым. У пэўны момант мяне прызначылі класным кіраўніком у класе, дзе сем вучняў стаялі на ўліку ў міліцыі. Шмат займалася і з імі, і з іх бацькамі, не шкадуючы асабістага часу. І вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: адзін за адным маіх вучняў знялі з гэтага ўліку, — успамінае яна.

Пасля выхаду на пенсію Надзея Віктараўна адразу вырашыла для сябе, што старасць яе дома не застане. Запісалася ў прыватную танцавальную студыю, дзе займалася некалькі гадоў. Прызнаецца, што заўсёды марыла навучыцца танцаваць, але не мела на гэта часу: працавала, выхоўвала трох дзяцей, дапамагала гадаваць пяць унучак. Калі ж яшчэ рэалізаваць свае даўнія імкненні, як не на заслужаным адпачынку!

Сем гадоў назад Надзея Есаулава пачала на валанцёрскіх пачатках выкладаць танцы людзям пенсіённага ўзрос­ту. Сёння яна ўзначальвае два калектывы — “Надзея” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Заводскага раёна і “Натхненне” Ленінскай раён­най арганізацыі ветэранаў Мінска.

Актыўнасць Надзеі Вікта­раўны не можа не ўражваць. Удзельнікі “Надзеі” займаюцца пад яе кіраў­ніцтвам два разы ў тыдзень, “Натх­нення” — тры. Пачыналі з усходніх танцаў, паступова дабавіліся танцы іншых народаў свету: іспанскія, цыганскія, грэчаскія, кітайскія. Вядома ж, ёсць у рэпертуары і нашы родныя, беларускія. Выступаюць калектывы з танцавальнымі нумарамі падчас свят у сацыяльных цэнтрах, дамах-інтэрнатах, бібліятэках, на розных гарадскіх мерапрыемствах.

— У мяне займаюцца жанчыны, якія да выхаду на пенсію працавалі ў самых розных сферах. Ёсць і некалькі педагогаў. Большасці вучаніц ужо за 70, старэйшай 80 гадоў, — расказвае мая сураз­моўніца. — Амаль ніхто з іх раней не танцаваў у скла­дзе калектыву, не выходзіў на сцэну перад гледачамі. Так што новых уражанняў і пазітыўных эмоцый у іх вельмі шмат. Ды і для фізічнага здароўя нашы заняткі вельмі карысныя. Перад тым як па­чаць рэпеціраваць, паўга­дзіны робім размінку. Зразумела, што ўсю нагрузку я даю з улікам узроставых асаблі­васцей.

— Каго вучыць больш складана: дзяцей ці людзей сталага ўзросту?

— Для мяне не складана ні першае, ні другое. Люб­лю дзяліцца тым, што ўмею сама. Па сутнасці, падыходы аднолькавыя. Трэба паважаць сваіх вучняў, ба­чыць у кожным індывідуаль­насць, не шкада­ваць добрых слоў. Але пры гэтым важна падтрымлі­ваць дысцыпліну, аўтарытэт настаўніка. Толькі так можна дасяг­нуць вынікаў.

Мая суразмоўніца ўпэўнена: жыццё на пенсіі толькі пачынаецца. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насель­ніцтва пажылым гараджанам прапаноўваюць шмат цікавых актыўнасцей: можна танцаваць, спяваць, маляваць, шыць, займацца па аздараўленчых методыках, павышаць камп’ютарную дасведчанасць і г.д. Надзея Віктараўна вельмі рада, што можа ўнесці асабісты ўклад у тое, каб людзям на заслужаным адпачынку жыццё было ў радасць.

Аксана МЫЦЬКО