Год моладзі: рэалізоўвайся, выбірай і дзейнічай

- 11:36Актуально, Апошнія запісы

Што ж чакае моладзь у Год моладзі? Якія праекты працягнуцца, а якія пройдуць упершыню? Адказы на гэтыя пытанні далі падчас прэс-канферэнцыі намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык і другі сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Эдуардавіч Белякоў.

Падчас сустрэчы прагучала, што ў краіне колькасць маладых людзей, якім ад 14 да 31года, — 2185 тысяч чалавек, што складае больш як 23 працэнты ад агульнай колькасці насельніцтва. І менавіта для іх у рэспубліканскі план па рэалізацыі Года моладзі ўключаны 72 міжведамасныя буйныя мерапрыемствы. Дададуцца да іх ліку і тыя, якія будзе праводзіць кожнае ведамства.
Першым знакавым мерапрыемствам будзе Маладзёжны студэнцкі форум у Горках (Магілёўская вробласць), які пройдзе напрыканцы снежня. У яго рамках запланавана падвядзенне вынікаў конкурсу “Студэнт года” і адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Плануецца і фінал чэмпіянату сярод устаноў вышэйшай адукацыі па чырлідынгу. Пройдуць і традыцыйныя мерапрыемствы, такія як Рэспубліканскі конкурс-фестываль мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі” для ўстаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, фестываль творчасці замежных студэнтаў і іншыя.
У мінулым годзе ў Беларусі ўпершыню прайшоў Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “Першы чэмпіянат WorldSkills Belarus”. Сёлета каманды прымуць удзел у чэмпіянаце “WorldSkills СНД” і будуць рыхтавацца да сусветнага першынства. Шмат мерапрыемстваў запланавана па прапагандзе здаровага ладу жыцця, студэнцкага спорту. Пройдуць студэнцкія сусветныя ўніверсіяды. Сярод новых мерапрыемстваў В.В.Якжык праанансаваў і глабальны форум “Маладзёжнай ініцыятыве — “так”, а таксама Рэспубліканскі конкурс “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь”. Працягнецца развіццё добраахвотніцкага маладзёжнага руху.
“Адзін толькі рух “Добрае сэрца” ўключае больш за 25 тысяч чалавек, прычым многія афіцыйна не рэгіструюць свае валанцёрскія атрады, таму на самай справе гэтая лічба значна большая, — адзначыў В.В.Якжык. — Гэта асабліва прыемна ўсведамляць, бо гэта разыходзіцца з грамадскім меркаваннем пра інфантыльнасць нашай моладзі”.
Галоўным дасягненнем мінулага года намеснік міністра назваў адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. Такіх сустрэч на ўсіх узроўнях прайшло больш за 5 тысяч.
“Важна ўмець чуць адно аднаго, важна і атрымаць вынікі такога дыялогу, — зазначыў ён. — Міністэрства адукацыі таксама плануе серыю сустрэч з моладдзю — прадстаўнікамі вучнёўскага самакіравання, навучэнцамі ўстаноў прафтэхадукацыі, са студэнтамі, маладымі спецыялістамі.
Дыялог стане формай правядзення галоўна мерапрыемства маладзёжнай арганізацыі — з’езда БРСМ. На форуме чакаецца каля тысячы дэлегатаў і каля дзвюх тысяч гасцей. “Мы будзем не толькі падводзіць вынікі за апошнія тры гады, але і выбудоўваць стратэгію развіцця дзяржавы на найбліжэйшыя некалькі гадоў, — адзначыў Андрэй Белякоў. — Для нас гэты год асаблівы. Акрамя таго, што гэта Год моладзі, гэта яшчэ і год 70-годдзя Вялікай Перамогі. Таму адным з ключавых кірункаў будзе грамадзянска-патрыятычны. Будзем больш актыўна супрацоўнічаць з маладымі вучонымі, творчай моладдзю, працягнем развіваць студэнцкія атрады. Абагульніўшы праблемы маладых людзей, якія прагучалі ў рамках дыялогу, падумаем, як іх вырашаць у розных сферах. Пастараемся рэалізаваць і ідэі моладзі. Напрыклад, у сераду падчас адкрытага дыялогу ў Брэсцкай вобласці маладыя людзі прапанавалі аб’явіць маладзёжнай будоўляй будаўніцтва патрыятычнага цэнтра на базе Брэсцкай крэпасці. І губернатар падтрымаў гэтую прапанову. Мы будзем сваімі справамі даказваць і расказваць моладзі, што сёння ў Беларусі можна дабіцца ўсяго, галоўнае — захацець”.
Што тычыцца маладзёжных ідэй, Віктар Віктаравіч паведаміў, што падчас правядзення апошняга Савета па справах моладзі краін СНД, на якім старшынствавала Беларусь, калег па Садружнасці вельмі зацікавіў праект “100 ідэй для Беларусі” і на выніковым пасяджэнні было прынята рашэнне правесці ў 2016 годзе фінал конкурсу “100 ідэй для СНД” менавіта ў Рэспубліцы Беларусь.
Дарэчы, грамадскае абяднанне БРСМ, ініцыятар гэтага праекта, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі правядуць у гэтым годзе каля 10 сумесных мерапрыемстваў для моладзі Беларусі і Расіі. Напрыканцы снежня было падпісала Пагадненне аб супрацоўніцтве абедзвюх краін у галіне маладзёжнай палітыкі, якое, па словах намесніка міністра, падвяло вынікі сумеснай дзейнасці абедзвюх краін і стане кіраўніцтвам для далейшага супрацоўніцтва.
“Я ўпэўнены, што наперадзе — насычаны год, які будзе вызначальным для Беларусі па многіх кірунках і дасць магчымасць моладзі і рэалізавацца, і выбіраць, і дзейнічаць, — зазначыў Віктар Віктаравіч.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з сайта brsm.by.