Дадатковую ўтульнасць інтэр’еру хола кожнага паверха гімназіі № 1 Ашмян надае яшчэ і цікавая мэбля, расказаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У сталярнай майстэрні ўстановы адукацыі яна зроблена рукамі таленавітага майстра Уладзіслава Станіслававіча Вішнеўскага — чалавека, які не па чутках ведае пра педагогіку і… далёкія марскія плаванні.
Калі б у маладосці нехта сказаў яму, што будзе працаваць у школе, ён, мабыць, толькі б усміхнуўся. Штурман далёкага плавання Уладзіслаў Станіслававіч шмат гадоў жыў выключна морам. Добра ведае, што такое штармавая хваля, але, як кажуць, жыццёвыя хвалі значна больш непрадказальныя.
— Адно плаванне займала каля паўгода. Шчыра люблю мора, але жонка і трое дзяцей грэюць душу мацней за любы бязмежны штыль, — падзяліўся суразмоўнік.
Прызнаецца, што гадоў дзесяць у снах бачыў толькі мора, і з жартам заўважае, што сёння на змену яму прыйшлі драўляныя нарыхтоўкі і прафесійныя прылады. Рука майстра бачна на кожным паверсе гімназіі. Першы амаль з парога ўражвае арыгінальнай мэбляй для юных шахматыстаў з крэсламі, на спінках якіх лёгка пазнаюцца фігуры пешкі, каня, ладдзі… Холы другога паверха дапаўняюць незвычайныя крэслы-трансформеры, а на трэцім кожная лаўка аўтарства Уладзіслава Станіслававіча падобная на мініяцюрную альтанку.
— Рамкі ахоўных экранаў для радыятараў — таксама справа рук нашага таленавітага майстра. Акрамя таго, практычна ў кожным вучэбным кабінеце ёсць створаныя ім практычныя элементы дэкору з дрэва, — дапаўняе нагляднае прадстаўленне словазлучэння “майстар на ўсе рукі” дырэктар гімназіі Вольга Саванец.
Дарэчы, адкрыццё шахматна-шашачнага хола на першым паверсе некалькі гадоў назад прайшло яскрава не толькі для вучняў гімназіі. Гасцямі ўрачыстага мерапрыемства тады сталі дарослыя шахматысты рэгіёна. Сумесна з імі ў гімназіі арганізавалі турнір спартсменаў-інтэлектуалаў.
— Прыемна назіраць, як вынік тваёй працы прыносіць карысць дзецям, — гаворыць Уладзіслаў Станіслававіч.
У яго выпадку задавальненне ад такой радасці мае нейкі асабліва глыбокі сэнс.
Трэба сказаць, што гісторыя гімназіі налічвае больш за дзясятак гадоў, але па двух адрасах яна размешчана з 2019 года. Да гэтага ў будынку цяперашняй старэйшай школы размяшчаўся інтэрнат. І калі для гімназістаў сённяшні адрас адносна новы, то для нашага героя даўно знаёмы. У свой час у інтэрнатнай установе ён з любоўю і цікавасцю далучаў хлопцаў да сталярнай справы.
Для некаторых ён ужо многія гады — родная душа, чалавек, які выслухае, падкажа. Ёсць у яго гісторыі прыклад, калі ў мінулым выхаванец інтэрната, які даўно змяніў месца прапіскі, прыязджае ў Ашмяны да чалавека, які навучыў значна большаму, чым проста навык умелай працы з дрэвам.
— З прыходам сюды гімназіі жыццё літаральна набыло новыя фарбы. Тут я кожны дзень адчуваю сябе маладым і дзякуючы дзецям, і дзякуючы дружнаму калектыву педагогаў, — працягвае Уладзіслаў Станіслававіч.
Зрэшты, і педагогіка ў жыцці Вячаслава Станіслававіча заўсёды побач. Настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў адной са школ райцэнтра на працягу многіх гадоў працуе яго жонка. Уласна, і ў Ашмяны з далёкай Камчаткі яго прывяло сямейнае жыццё.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара