Давер навучэнцаў трэба заслужыць праз шчырасць, увагу, клопат, лічыць лепшы класны кіраўнік Магілёўшчыны настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 31 абласнога цэнтра Любоў Трыфанава. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У буднях Любові Трыфанавай рэдка бываюць вольныя хвіліны. Часта яна занятая і па-за ўрокамі, і на выхадных. Але нагрузка ёй у радасць, бо гэта дадатковы час з вучнямі. Любоў Леанідаўна не проста педагог, а класны кіраўнік. І гэтая дзейнасць даўно для яе не праца, а лад жыцця.
— Педагогіка прыцягвала з дзяцінства. Мая бабуля была настаўніцай. Дзякуючы ёй і дзядулю, я рана навучылася чытаць, а пасля гуляла “ў школу” з лялькамі і цацкамі, — з усмешкай успомніла Любоў Трыфанава. — Ужо ў свядомыя гады моцны ўплыў на мяне аказалі школьныя педагогі. Гледзячы на іх самаадданасць, зразумела, што таксама хачу вучыць дзяцей.
З выбарам прафесійнага шляху Любоў Леанідаўна не памылілася. У выкладанні яна знайшла сваё прызначэнне. Але заўсёды хацелася больш цеснай сувязі з навучэнцамі, вабіла выхаваўчая работа.
— Пераканана, што педагог павінен не толькі вучыць, але і выхоўваць, фарміраваць асобу дзіцяці. Менавіта таму ўзялася за класнае кіраўніцтва. Першапачаткова сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі: складана было знайсці падыход да вучняў, недзе не ўдавалася выбудаваць лінію паразумення з бацькамі. Зразумела, што не хапае ведаў па псіхалогіі, таму атрымала вышэйшую псіхалагічную адукацыю. Гэта і дапамагло наладзіць класнае кіраўніцтва, — паведаміла Любоў Трыфанава.
На думку Любові Леанідаўны, у рабоце класнага кіраўніка псіхалогія вельмі важная. Але не менш значныя таксама прафесіяналізм, эрудзіраванасць, культура, дабрыня і, вядома, бязмежная любоў да дзяцей.
— Падзяляю думку, што трэба выхоўваць не вучняў, а сябе. Імкнуся быць для сваіх навучэнцаў арыенцірам. Паказваю ім прыклад у дзеяннях, учынках, словах. А асноўнай сваёй задачай бачу аб’яднанне сям’і і школы ў інтарэсах дзяцей, — заўважыла Любоў Трыфанава.
Зараз Любоў Леанідаўна кіруе 8 “Б” класам, у складзе якога 27 хлопчыкаў і дзяўчынак. Да кожнага з іх педагог шукае ключык. Для гэтага выконваць функцыі класнага кіраўніка часам даводзіцца ў рэжыме 24/7.
— Каб устанавіць кантакт з вучнямі, толькі класных і інфармацыйных гадзін недастаткова. Безумоўна, гэтыя сустрэчы неабходны. Але для паразумення трэба большае ўключэнне ва ўнутраны свет дзяцей. Яны ўсе па-асабліваму ўнікальныя. Я прымаю навучэнцаў такімі, якія яны ёсць. Заўсёды гатова выслухаць і даць параду. Дзеці за гэта ўдзячны, — патлумачыла Любоў Трыфанава.
Васьмікласнікі сапраўды ў захапленні ад свайго класнага кіраўніка. Вучні наперабой расказваюць пра тое, які цудоўны ў іх педагог.
— У нас самы лепшы класны кіраўнік! Любоў Леанідаўна пастаянна побач, падтрымлівае і не адмаўляе ў дапамозе. А яшчэ ў яе неверагодна цікавыя ўрокі, — падзяліліся Марыя Стыка, Іван Рымкевіч і Марыя Халмова.
Такое дзіцячае прызнанне каштоўнае для любога настаўніка. І атрымаць яго нялёгка.
— Давер навучэнцаў насамрэч трэба заслужыць. Якім чынам? Праз шчырасць, увагу, клопат. Пачынаючы з 5 класа рабіла ўпор на згуртаванне класа, усталяванне паміж вучнямі сяброўскіх узаемаадносін. Асабістым прыкладам вучыла дзяцей вырашэнню канфліктаў, нормам паводзін. І задуманага ўдалося дасягнуць. Мае васьмікласнікі — сям’я, яны ўсё робяць разам і адно за аднаго гарой. Канечне, без праблем не абыходзіцца. Малышы ператварыліся ў калючых, як вожыкі, падлеткаў. Але мне па-ранейшаму ўдаецца знаходзіць з імі агульную мову, — адзначыла Любоў Леанідаўна.
Па яе меркаванні, рэцэпт падыходу да падлеткаў — душэўная цеплыня і прыняцце. Калі знешні выгляд або незвычайныя захапленні не шкодзяць вучню, трэба паставіцца да гэтага з разуменнем.
— Падлеткавы ўзрост — перыяд станаўлення, самавызначэння. Дзецям хочацца адчуць сябе дарослымі, таму, дзе магчыма, даю ім праявіць ініцыятыву. Яны самастойна распрацоўваюць мерапрыемствы, рыхтуюцца да конкурсаў. Прычым даволі паспяхова. Імкнуся быць з дзецьмі на адной хвалі. Калі-нікалі жартам ужываю маладзёжны слэнг, што нязменна весяліць навучэнцаў. Мы шмат гаворым з вучнямі. Пры абмеркаванні нейкай знакавай тэмы расказваю ім прытчы ці павучальныя гісторыі. І падлеткі пачынаюць дзяліцца сваім вопытам. Гэтыя размовы пакідаюць важкі след у дзіцячых сэрцах, — падкрэсліла Любоў Трыфанава.
Надоўга запамінаюцца дзецям і сумесныя класныя справы. У 8 “Б” ёсць шэраг традыцый: правядзенне народных фальклорных свят, рэгулярныя выезды на экскурсіі па краіне, наведванне культурных і спартыўных мерапрыемстваў.
— Даволі часта мы ўсе разам здзяйсняем вандроўкі па Магілёве. Вывучаем гістарычную спадчыну горада, фатаграфуемся, даведваемся нешта цікавае. Гэта ненадакучліва фарміруе ў дзяцей любоў да малой радзімы. Патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай праходзіць праз усё маё класнае кіраўніцтва. Стараюся данесці да выхаванцаў, што далейшы дабрабыт роднай краіны залежыць толькі ад іх. Мне прыемна, што дзеці прыслухоўваюцца, праяўляюць грамадзянскую пазіцыю, — расказала Любоў Леанідаўна.
Захапіць навучэнцаў у Любові Трыфанавай атрымліваецца праз выкарыстанне сучасных форм выхаваўчай работы. Напрыклад, быць заўсёды на сувязі з вучнямі ёй дапамагаюць чат-групы ў месенджарах. Праз сацыяльныя сеткі ўдаецца далучыць дзяцей да здаровага ладу жыцця і прававой інфармаванасці. Сумесна з вучнямі педагог стварыла ТikТok-канал, дзе рэгулярна размяшчаюцца карысныя відэаролікі. Школьнікі самі пішуць сцэнарыі, выступаюць у ролі аператараў, акцёраў, рэжысёраў.
— Новае ў выхаванні трэба ўкараняць, не забываючы пра базу. Методыкі Сухамлінскага, Ушынскага па-ранейшаму актуальныя, неабходна спалучаць іх з інавацыямі. Яшчэ адзін ключавы аспект у класным кіраўніцтве — супрацоўніцтва з бацькамі. Эфектыўная работа магчыма толькі ў трыадзінстве “бацькі — педагог — дзіця”, — лічыць Любоў Леанідаўна.
Сёння за плячыма Любові Трыфанавай больш за 15 гадоў педагагічнага стажу. Ужо амаль дзесяцігоддзе яна вынікова вядзе класнае кіраўніцтва. Нягледзячы на наяўнаць вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, працягвае прафесійнае развіццё. Нядаўна стала пераможцай конкурсу педагагічнага майстэрства “Якасць і творчасць — адзіныя”, прызнана лепшым класным кіраўніком у вобласці.
— Любоў Леанідаўна — выключны прафесіянал, творчы педагог, выкарыстоўвае ў рабоце перадавыя адукацыйныя тэхналогіі. Яна любіць і разумее дзяцей, умее раскрыць іх патэнцыял. У яе перамогу верыла ўся школа, — запэўніла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ксенія Біліеўская.
— Непасрэдна для мяне конкурс стаў стымулам для руху наперад. Атрымала каласальную падтрымку ад сваіх вучняў, яны так ганарацца ўзнагародай. А я ганаруся імі. Вучні для мяне — галоўнае педагагічнае дасягненне. Усе дзеці растуць гарманічна развітымі асобамі, з моцным стрыжнем у характары. У гэтым ёсць і мая заслуга, — расказала Любоў Трыфанава. — Буду працягваць напаўняць класнае жыццё сваіх выхаванцаў шчаслівымі момантамі, імкнуцца да таго, каб успаміны аб школе былі для вучняў надзейнай апорай у будучыні.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара