Прафесія пакаёўкі даволі старажытная і да сённяшняга часу не страціла запатрабаванасці на рынку працы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Паводле гістарычных дакументаў, першыя згадкі пра гэтую прафесію датуюцца яшчэ ХІІ стагоддзем, — расказвае метадыст Брэсцкага дзяржаўнага каледжа транспарту і сэрвісу Наталля Шумская. — У свой час кожны багаты дом утрымліваў штат пакаёвак, якія сачылі за гардэробам, пасцельнымі рэчамі і чысцінёй у памяшканнях. У ХІХ стагоддзі пакаёўкі лічыліся абавязковым атрыбутам арыстакратычных і купецкіх рэзідэнцый. З развіццём гасцінічнага бізнесу, асабліва аграэкатурызму, гэтая прафесія па-ранейшаму застаецца ў трэндзе. Абслуговы персанал адыгрывае важную ролю ў індустрыі гасціннасці, бо з’яўляецца тварам кампаніі і непасрэдна ўзаемадзейнічае з гасцямі.
— Галоўны чалавек у атэлі, на якім усё трымаецца, зусім не дырэктар, — працягвае майстар вытворчага навучання Кацярына Гараднік. — Твар і душа гасцініцы, ад якіх залежыць яе рэйтынг і эмацыянальны настрой наведвальнікаў, — найперш згуртаваная каманда пакаёвак! Гэтыя работнікі павінны валодаць пэўнымі якасцямі і навыкамі, каб забяспечыць высокі ўзровень абслугоўвання і задаволіць патрэбы кліентаў. Таму навучанне персаналу — неад’емная частка паспяховай работы гасцінічнага бізнесу.
Каледж улічвае зменлівую кан’юнктуру рынку працы і ідзе ў нагу з часам, прагназуючы патрэбы ў працоўных рэсурсах для эканомікі краіны, у тым ліку спецыялістаў па прафесіі пакаёўка. Падрыхтоўка па ёй ажыццяўляецца на вочнай форме навучання, а залічэнне — на аснове сярэдняга бала пасведчання аб адукацыі.
— За 10 гадоў каледж выпусціў больш за 270 высокакваліфікаваных спецыялістаў, многія з якіх да сённяшняга часу застаюцца ў прафесіі, — гаворыць Наталля Шумская. — Нашы выпускнікі паспяхова працуюць у гасцініцах, атэлях, гасцявых дамах і пансіянатах, на прыватных і іншых аб’ектах гасціннасці, а некаторыя паступаюць затым ва ўстановы вышэйшай адукацыі, каб прадоўжыць дзейнасць у гасцінічным бізнесе.
З 2017 года ў каледжы ў рамках працоўнага навучання ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў Брэста па прафесіі пакаёўка.
— Наша фішка — майстэрня пакаёвак, якая ўяўляе сабой імітацыйны гасцявы пакой з посудам для сервіроўкі стала, камплектамі пасцельнай бялізны, неабходнай мэбляй, шторамі, бытавой тэхнікай, дывановым пакрыццём… — заўважае Кацярына Гараднік. — Усё аформлена крэатыўна і з густам. Тут навучэнцы набываюць патрэбныя навыкі, выконваюць вучэбна-вытворчыя заданні. А вытворчую практыку дзяўчаты праходзяць у гасцініцах Брэста і вобласці, дзе знаёмяцца са спецыфікай канкрэтных устаноў. Нашых выпускнікоў любяць і чакаюць там.
— Для многіх з іх гэтая прафесія з’яўляецца стартам у далейшай кар’еры. Пры наяўнасці профільнай ці сумежнай адукацыі можна прэтэндаваць на атрыманне пасады адміністратара ці менеджара гасцініцы, каардынатара па размяшчэнні гасцей і інш. Кар’ерны рост цалкам залежыць ад прафесіяналізму работніка. Сумленныя, адказныя, працавітыя, актыўныя, тактоўныя, ветлівыя і бездакорна апранутыя пакаёўкі, якія выдатна выконваюць службовыя абавязкі, — адна з галоўных умоў паспяховага гасцінічнага бізнесу, — падагульняе Наталля Шумская.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ