Рэспубліканскі семінар «Дзейнасць цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ва ўмовах рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі» прайшоў у БДПУ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі на чале з міністрам Андрэем Іванцом і яго намеснікам Аляксандрам Кадлубаем, міністэрстваў аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ, кіраўнікі ЦКРНіР, спецыялісты галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і інш.
— Сёння ў краіне функцыянуюць 54 цэнтры ранняга ўмяшання. Мы ўдзячны Міністэрству аховы здароўя за пашырэнне гэтай сеткі, паколькі яшчэ два гады назад колькасць такіх цэнтраў была амаль у два разы меншай, — адзначыў А. Іванец. — Неабходна ўдасканаліць узаемадзеянне цэнтраў ранняга ўмяшання і ЦКРНіР па пытаннях аказання дзецям ранняй комплекснай дапамогі.
Мы нацэльваем сістэму адукацыі на тое, каб рабіць акцэнт не столькі на праблемах дзяцей, колькі развіваць іх моцныя бакі. Неабходна ўнесці змены ў адпаведныя дакументы і нарматыўна-прававыя акты, у тым ліку тыя, што рэгламентуюць дзейнасць псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Яшчэ адно важнае пытанне — падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў-дэфектолагаў. Яна павінна быць практыка-арыентаванай. Студэнтам варта наведваць установы спецыяльнай адукацыі, каб свядома прыходзіць у прафесію. Сёння мы трансфармуем структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, у якіх востра мае патрэбу эканоміка (суадносіны паміж бюджэтнай і платнай формамі навучання).
У БДПУ з мінулага года пачалі падрыхтоўваць настаўнікаў-дэфектолагаў па рабоце з дзецьмі з РАС, істотным чынам пашырылі прафілізацыю магістратуры «Інклюзіўная адукацыя».
***
— Рэспубліканскі цэнтр, які забяспечвае навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу для асоб з АПФР, плануецца стварыць на базе Акадэміі адукацыі з улікам наяўных у ёй структур: кафедры спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі, лабараторыі спецыяльнай адукацыі, аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі і магчымага пашырэння функцыяналу па каардынацыі дзейнасці абласных ЦКРНіР і рэсурсных цэнтраў, — расказала начальнік аддзела адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ала Вераценнікава.
Сёння ў краіне функцыянуюць 236 устаноў спецыяльнай адукацыі, з іх 141 ЦКРНіР, 48 спецыяльных дашкольных устаноў, 47 спецыяльных школ, спецыяльных школ-інтэрнатаў. Акрамя таго, спецыяльную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзеці з АПФР атрымліваюць у 2130 спецыяльных групах і 2313 групах інтэграванага навучання і выхавання ўстаноў дашкольнай адукацыі; 241 спецыяльным класе і 5701 класе інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі; 4018 пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
— Цэнтральнае месца ў сістэме спецыяльнай адукацыі займаюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, — адзначае А. Вераценнікава. — Яны забяспечваюць стварэнне комплекснай сістэмы псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі асобам з АПФР, у тым ліку на ўзроўні міжведамаснага ўзаемадзеяння, ажыццяўляюць адукацыйную (і ў рамках аказання ранняй комплекснай дапамогі дзецям ва ўзросце да трох гадоў), карэкцыйна-педагагічную, метадычную, кансультатыўную і інфармацыйна-аналітычную дзейнасць, аказваюць псіхалагічную дапамогу. На базе ЦКРНіР ствараюцца групы і класы для дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі.
Якія варыянты ўдасканалення работы ЦКРНіР? Спецыяліст падкрэсліла, што актуальнай з’яўляецца распрацоўка адзіных падыходаў да ажыццяўлення дыягнастычнай дзейнасці, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі; адзіных патрабаванняў запаўнення пратаколаў абследавання для вызначэння адукацыйных маршрутаў; выпрацоўка адзінай стратэгіі дзеянняў пры неабходнасці ўдакладнення медыцынскага дыягназу пры ўстанаўленні адукацыйнага маршруту. Асаблівую значнасць набывае навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці работы псіхолага-медыка-педагагічных камісій. Актуальныя і пытанні ўдасканалення нарматыўна-прававога забеспячэння спецыяльнай адукацыі і распрацоўкі нарматыўна-прававога забеспячэння інклюзіўнай адукацыі.
Асаблівай увагі заслугоўвае арганізацыя комплекснага суправаджэння навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра ва ўстановах адукацыі, сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, іншых катэгорый дзяцей з АПФР з улікам структуры і ступені цяжкасці парушэння. Важна прадугледзець як перспектывы, так і рызыкі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу для навучэнцаў з АПФР.
Стварэнне на базе ўстаноў спецыяльнай адукацыі рэсурсных цэнтраў вызначае іх ролю ў фарміраванні інклюзіўнай культуры і падтрымцы інтэграванага навучання і выхавання. У гэтых цэнтрах канцэнтруюцца часта ўнікальныя, матэрыяльна-тэхнічныя, педагагічныя і інфармацыйныя рэсурсы па суправаджэнні навучэнцаў канкрэтнай назалагічнай групы. Актуальнасць іх дзейнасці заключаецца не толькі ў назапашванні, распрацоўцы, але і ў распаўсюджванні існуючых рэсурсаў.
Падчас семінара былі разгледжаны пытанні ўдасканалення дзейнасці ўстаноў спецыяльнай адукацыі, падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў для работы ў ЦКРНіР, роля гэтых устаноў у каардынацыі сістэмы спецадукацыі. Асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце псіхолага-медыка-педагагічных камісій ЦКРНіР ва ўмовах рэалізацыі прынцыпу інклюзіі, пытанням дыягностыкі і своечасовага выяўлення дзяцей з АПФР, міжведамаснаму ўзаемадзеянню пры аказанні ранняй комплекснай дапамогі, сацыяльнай падтрымкі дзяцей з інваліднасцю.
Падрабязней чытайце ў «Настаўніцкай газеце».
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і прадастаўлены прэс-службай БДПУ