Праграму па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі абмеркавалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі

- 9:49Актуально, Образование

Чарговая дыялогавая пляцоўка па пытаннях рэалізацыі вучэбнай праграмы па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для дзесяцікласнікаў адбылася ў горадзе над Бугам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У абмеркаванні актуальнай тэмы, якое праходзіла на базе Брэсцкага абласнога ЦКРНіР, удзельнічалі намеснік міністра адукацыі Беларусі Кацярына Пятруцкая, прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская, настаўнікі гісторыі і іншыя зацікаўленыя асобы.

Адкрываючы мерапрыемства, Кацярына Пятруцкая адзначыла яго важнасць для пошуку аптымальных шляхоў развіцця і ўдасканалення айчыннай школы кнігадрукавання для ўстаноў адукацыі. Так, для распрацоўкі вучэбнай праграмы па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для дзесяцікласнікаў была створана рабочая група ў складзе выкладчыкаў БДУ, БДПУ і Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а для распрацоўкі вучэбнага дапаможніка быў створаны аўтарскі калектыў з ліку вядучых навукоўцаў-гісторыкаў і настаўнікаў-практыкаў.

Па словах намесніка міністра адукацыі, змест новага курса па гісторыі павінен забяспечыць фарміраванне ў школьнікаў дакладнага ўяўлення пра канцэпцыю нацыянальнай дзяржаўнасці, аб’ектыўнае адлюстраванне айчыннай гісторыі, захаванне гістарычнай памяці, супрацьдзеянне праявам неанацызму, нацыяналізму і нагнятанню канфрантацыі ў грамадстве.

Новы вучэбны дапаможнік будзе ўкараняцца ў масавую адукацыйную практыку пасля апрабацыі ў 14 установах адукацыі краіны, у тым ліку ў 2 школах Брэстчыны, а яго выпуск — ажыццёўлены да пачатку новага навучальнага года.

Перад гэтым вырашана правесці серыю дыялогавых пляцовак у рэгіёнах, каб абмеркаваць асаблівасці зместу дапаможніка, яго выкарыстанне ў адукацыйным працэсе, магчымыя праблемы ўкаранення інтэграванага курса ў масавую школу і шляхі іх вырашэння.

— Галоўная мэта — стварыць якасны вучэбны прадукт, які дапаможа моладзі вывучаць айчынную гісторыю ў сусветным кантэксце з улікам сучасных выклікаў, — падкрэсліла Кацярына Пятруцкая.

Прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук засяро­дзіла ўвагу на структуры вучэбнай праграмы па гісторыі для дзесяцікласнікаў і выніках анкетавання сярод вучняў, якія ўдзельнічаюць у яе апрабацыі, а таксама пазнаёміла з аўтарскім калектывам дапаможніка. У яго складзе — дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый кандыдат гістарычных навук ГДУ імя Ф.Скарыны Станіслаў Чаропка, які далучыўся да дыялогавай пляцоўкі па відэасувязі.

— Канцэптуальныя падыходы вучэбнай праграмы цалкам апраўданы, — заўважыў ён, — паколькі дазваля­юць паказаць месца Беларусі ў сусветным гістарычным працэсе, убачыць уплыў розных дзяржаў адна на адну. Але паспяхова вырашыць задачу, звязаную з лагічным і якасным сумяшчэннем матэрыялу, было даволі складана. Тым не менш удалося захаваць баланс паміж яго насычанасцю і даступнасцю.

Ці атрымалася гэта на практыцы, расказалі педагогі. Так, настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Васіль Каляда з сярэдняй школы вёскі Клейнікі імя Ю.В.Харытончыка Брэсцкага раёна і Таццяна Прыступа з сярэдняй школы № 19 Баранавіч ужо працуюць па эксперыментальнай вучэбнай праграме і дапаможніку, створаным на яе аснове.

На думку Васіля Каляды, у ім не заўсёды вытрымліваецца прынцып паслядоўнасці раскрыцця гістарычных паняццяў, пытанняў і раздзелаў, некаторыя параграфы часам перанасычаны вучэбнай інфармацыяй, а выкладанне тэксту не заўсёды яснае і лаканічнае. Разам з тым, па словах педагога, метадычны апарат дапаможніка распрацаваны на высокім узроўні, а яго мэтазгодная навігацыя дазваляе вучням добра арыентавацца ў тэксце.

Вялікую карысць нясуць у сабе практыкумы для адпрацоўкі адпаведных уменняў і навыкаў, а таксама раздзел “Наш край”, які знаёміць школьнікаў з асаблівасцямі гістарычнага развіцця малой радзімы.

У сваю чаргу Таццяна Прыступа заўважыла, што тэарэтычны і практычны матэрыял у дапаможніку падабраны аптымальным чынам, але адчуваецца розны стыль напісання параграфаў. Аб’ём некаторых з іх настаўніца лічыць празмерным. Больш за тое, частка матэрыялу ўвогуле дубліруецца. Што да дадатковага матэрыялу, то яго дастаткова, ён даступны і адаптаваны па змесце і аб’ёме. Удалымі, на думку педагога, атрымаліся рубрыка “Працуем з гістарычнай крыніцай” і заданні праблемнага характару да дакументаў.

Акрамя таго, распрацавана цэласная сістэма заданняў, практыкаванняў і задач. Цікавасць выклікаюць руб­рыкі “Гісторыя і сучаснасць” і “Праводзім міні-даследаванне”. Апорныя схемы дапамагаюць арганізаваць самастойную дзейнасць вучняў. Заданні пошукавага і праектнага характару дазваляюць фарміраваць навыкі ацэначных меркаванняў, вучаць фармуляваць праблему і абгрунтоўваць высновы, а воблака слоў актуа­лізуе веды. Прадугледжана работа з рознымі крыніцамі інфармацыі: ад аўтэнтычных дакументаў да супрацьлеглых меркаванняў даследчыкаў, што садзейнічае развіццю крытычнага мыслення.

Па словах Таццяны Прыступа, у дапаможніку дастаткова пытанняў і заданняў для самаправеркі, шмат цікавых заданняў прапануюць урокі-практыкумы і ўрокі-абагульненні. Аптымальна спалучаюцца вербальная і візуальная формы падачы матэрыялу. Прасочваюцца міжпрадметныя і ўнутрыпрадметныя сувязі. Разам з тым наяўныя карты патрабуюць лепшай якасці.

— Важна, каб аўтары дапаможніка чулі заўвагі педагогаў, якія ўдзельнічаюць у яго апрабацыі, што дазволіць у далейшым пазбегнуць масавых нараканняў сярод настаўнікаў і вучняў, — лічыць Таццяна Прыступа.

Педагог заклікала калег не баяцца новага і актыўна дапамагаць аўтарскаму калектыву дапаможніка зрабіць яго як мага лепшым дзеля агульных інтарэсаў.

Кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Грабянюк з сярэдняй школы № 2 Бярозы пахваліла дапаможнік за даступную мову, якасны ілюстрацыйны матэрыял і афармленне. Сярод заўваг — вялікі аб’ём параграфаў, грувасткія дамашнія заданні, выкарыстанне іншамоўных запазычанняў замест традыцыйных азначэнняў і інш. Акрамя таго, педагог прапанавала перагледзець назву вучэбнага прадмета, спрасціўшы яе да гісторыі, як на ЦТ.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Ярашук з сярэдняй школы № 10 Пінска вылучыла ў дапаможніку заданні комплекснага характару і сінхранізацыю па­дзей у Беларусі і свеце. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Жанна Ляшчынская з сярэдняй школы № 7 Брэста адзначыла надзвычай змястоўны і цікавы метадычны апарат у дапаможніку. А яго рэцэнзент настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Валерый Куц з гімназіі № 3 Брэста паўшчуваў аўтараў за тое, што тэкст па сусветнай гісторыі напісаны цяжэй, чым па гісторыі Беларусі. У сувязі з гэтым было прапанавана прыцягнуць да стылістычнай работы над дапаможнікам філолагаў. Прагучалі і іншыя слушныя парады.

Падводзячы вынікі дыялогавай пляцоўкі, Валянціна Гінчук падзякавала яе ўдзельнікам за канструктыўную і нераўнадушную размову аднадумцаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара