130 крокаў па Беларусі. Так называецца адукацыйны праект — віртуальная квест-экскурсія, якую распрацаваў настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Аляксей Сойка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Крок першы
Чатыры гады назад, калі прыйшоў працаваць у школу па размеркаванні, малады настаўнік паставіў перад сабой важную задачу. Ён хацеў не проста выкладаць прадмет і даваць дзецям базавыя веды. Настаўнік імкнуўся да таго, каб пашырыць кругагляд навучэнцаў, але не толькі за кошт матэматыкі і інфарматыкі. Ідэальным варыянтам для гэтага Аляксей Сойка называе праектную і конкурсную дзейнасць.
“Праз год работы ў школе я сам пачаў прымаць удзел у шматлікіх конкурсах, праектах, — расказвае Аляксей Валянцінавіч. — Першым творчым спаборніцтвам стала абласная “Педагагічная ІТ-мазаіка”, дзе я заняў 1-е месца. На конкурсе прэзентаваў распрацоўкі па віртуальнай экскурсіі, якую назваў “130 крокаў па Беларусі”.
Менавіта гэты момант стаў трыгерным і падштурхнуў педагога да рэалізацыі адукацыйных праектаў у большых маштабах. Пасля таго як віртуальная экскурсія была дапрацавана, Аляксей Сойка прыняў удзел у міжнародным конкурсе, які праводзіў Армавірскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. На ім настаўнік са Старых Дарог прэзентаваў свой аўтарскі праект і заняў 2-е месца.
“130 крокаў па Беларусі” — уласная адукацыйная распрацоўка, якая ўяўляе сабой віртуальную краязнаўчую і гісторыка-геаграфічную экскурсію, — прэзентуе праект педагог. — Яна, акрамя падарожжа па родным краі, уключае знаёмства з гістарычнымі мясцінамі. Мой праект — гэта праграмна-інфармацыйны прадукт у выглядзе відэа-, аўдыя- і графічных матэрыялаў, прызначаны для інтэграванага прадстаўлення інфармацыі як інавацыйнай формы навучання”.
У яго межах закладзена магчымасць вывучэння шасці абласцей краіны, пачынаючы ад гісторыі ўзнікнення і да нашых дзён. Месцазнаходжанне на геаграфічнай карце, агульная плошча, колькасць насельніцтва і славутасці — па кожнай з гэтых тэм Аляксей Сойка прадумаў пытанні і расфарміраваў іх па блоках.
“Віртуальная квест-экскурсія дазваляе пашырыць уяўленні аб родным краі, стварыць умовы для прывіцця грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў у навучэнцаў па вывучэнні самабытных этнакультурных традыцый нашай Радзімы, здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры продкаў, традыцыйных народных звычаяў і свят”, — звяртае ўвагу настаўнік.
“У праекце прасочваецца яркае комплекснае апісанне тых славутасцей, якія знаходзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны і ў іх абласных цэнтрах, — дадае дырэктар школы Вікторыя Пекар. — Дзякуючы ўзроўневым тэстам, у вучняў ёсць магчымасць засвоіць вучэбны краязнаўчы матэрыял. Сёння віртуальную квест-экскурсію мы рэкамендуем выкарыстоўваць на вучэбных і факультатыўных занятках, у выхаваўчай рабоце і пазакласнай дзейнасці”.
Крок другі
Страх і хваляванне, боязь, што не знойдзе агульную мову з дзецьмі, — гэта тое, што перажываў малады педагог, як толькі прыйшоў у школу па размеркаванні. Сёння Аляксей Сойка задаволены работай у сістэме адукацыі і гаворыць, што будзе і далей самаўдасканальвацца ў прафесіі, шукаць цікавыя і крэатыўныя метады і формы падачы інфармацыі. Прынамсі, у дачыненні да прадметаў, якія выкладае, яму гэта ўдаецца.
“Матэматыка і інфарматыка падабаюцца маім дзецям, але прасцей іх захапіць інфарматыкай, — расказвае А.Сойка. — Тут усё проста: сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі вучням вельмі блізкія”.
Для таго каб выклікаць цікавасць і да матэматыкі, педагог прымяняе практыка-арыентаваныя задачы, якія навучэнцы змогуць выкарыстоўваць у рэальным жыцці. Як яму гэта ўдаецца?
“Заўсёды кажу дзецям, што матэматыка патрэбная нават дворніку, — прыводзіць цікавы прыклад педагог. — Яны вельмі здзіўляюцца, калі чуюць такое. Але гэта насамрэч так. Каб правесці на складзе перападлік, інвентарны вопіс, неабходна ўмець карыстацца табліцамі, лічыць”.
Па суботах Аляксей Валянцінавіч працуе ў школе як педагог дадатковай адукацыі, вядзе гурток па інфарматыцы з выкарыстаннем набораў ROBBO. Яны дапамагаюць малодшым школьнікам у вывучэнні праграмавання і робататэхнікі.
“Дзецям вельмі падабаецца працаваць з наборамі, канструяваць, — дзеліцца назіраннямі Аляксей Сойка. — У наступным годзе планую ўзяць групу навучэнцаў 3—4 класаў, каб навучыць іх працаваць у асяроддзі праграмавання, буду расказваць, як працаваць за камп’ютарам і г.д. Што тычыцца работы з ROBBO, то гэты кірунак падыходзіць для 5—6 класаў. Дзякуючы спецыялізаваным наборам, вучні атрымліваюць навыкі работы з робатамі ў візуальным асяроддзі праграмавання, якое з’яўляецца аб’ектна-арыентаваным. Гучыць гэта проста, але сапраўды, дзякуючы такому метаду, можна запраграмаваць нават самалёт. Такім чынам, праз графічныя спосабы ў навучэнцаў адбываецца ўвядзенне ў больш складаныя мовы праграмавання, якія ў школе не вывучаюцца. Адпаведна, узаемадзеянне з робатамі вучыць працаваць з датчыкамі, схематэхнікай і інш.”.
На пытанне, што сёння рабіць, каб удасканальвацца ў прафесіі, Аляксей Сойка расказаў, што прымае ўдзел у абласным конкурсе “Малады лідар Міншчыны”, на якім будзе абараняць гонар Старадарожскага раёна. Для ўдзелу ў спаборніцтве трэба было выканаць шэраг правіл, адно з якіх — відэапрэзентацыя сацыяльна значнага праекта.
“Я прэзентаваў “130 крокаў па Беларусі”, але гэтым разам не толькі як адукацыйны праект для школьнікаў, але і як сапраўдную экскурсію па краіне для тых, хто па розных прычынах не можа самастойна падарожнічаць, — акцэнтуе ўвагу выкладчык матэматыкі і інфарматыкі. — У першую чаргу экскурсія будзе прызначана для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія рэальныя экскурсійныя маршруты пабудаваны такім чынам, што для гэтай катэгорыі людзей няма магчымасці трапіць у тыя ці іншыя мясціны, напрыклад, на тэрыторыю Палесся, дзе многа балот. Дзякуючы майму праекту, дзеці і дарослыя, якія маюць асаблівасці ў развіцці, змогуць палюбавацца краінай з вышыні птушынага палёту. Толькі ўявіце гэтую прыгажосць!”
Крок трэці
Няўжо ўсё насамрэч так цікава і праект “130 крокаў па Беларусі” варты ўвагі? Калі я задала гэтае пытанне Аляксею Валянцінавічу, ён прапанаваў упэўніцца ў гэтым на ўласныя вочы і адправіцца на віртуальную экскурсію па краіне, а затым прайсці па ёй тэст. Я выбрала для праходжання квест па Брэсцкай вообласці. Як толькі адкрываеш адпаведны раздзел, бачыш 17 узроўняў, сярод якіх “Белавежская пушча”, “Сядзіба Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна”, “Белавежскія зубры”, “Палац Пуслоўскіх у Косаве” і інш. Карацей кажучы, тэмы на любы густ. Калі выбрала “Белавежскую пушчу”, перада мной адкрыліся пяць пытанняў, якія тычацца расліннага і жывёльнага свету галоўнага запаведніка краіны, а таксама гісторыі стварэння пушчы, яе геаграфічнага становішча, аддаленасці ад пэўных пунктаў і інш. Звычайна карыстальнікі адукацыйнага рэсурсу, перш чым адказаць на пытанні, знаёмяцца з агульнай інфармацыяй па тэме (яна прадастаўлена ў раздзеле). Я вырашыла не чытаць, а паглядзець, што аб’ектыўна ведаю пра родны край. Як вынік, на чатыры пытанні з пяці адказала правільна. Дык ці варты праект нашай увагі? Так, адназначна. Квест цікавы, ён зацягвае. “130 крокаў па Беларусі”, дарэчы, можна прайсці анлайн, трэба толькі зайсці на сайт праекта.
Наталля САХНО
Фота аўтара