Для кожнага настаўніка, які працуе з пяцікласнікамі, пачатак работы з новым класам становіцца выпрабаваннем. Трэба ўтрымаць увагу дзяцей, наладзіць з імі канструктыўныя зносіны, навучыць нечаму на ўроку.
Складаны час
Адаптацыйны перыяд у дзяцей праходзіць па-рознаму. Можа з’яўляцца імкненне да парушэння сацыяльных норм, павышаная эмацыянальная адчувальнасць.
Пры пабудове эфектыўнага ўзаемадзеяння важна разумець істотныя псіхолага-педагагічныя асаблівасці навучэнцаў 5-х класаў, якія характэрны ў сувязі з пачаткам этапу палавога паспявання: запавольваецца тэмп дзейнасці, на выкананне пэўнай работы школьніку патрабуецца больш часу. Дзеці часта адцягваюцца, неадэкватна рэагуюць на заўвагі, часам паводзяць сябе абуральна, бываюць раздражнёныя, капрызныя, іх настрой часта мяняецца. Гэта з’яўляецца прычынай заўваг, пакаранняў, прыводзіць да зніжэння паспяховасці і канфліктаў ва ўзаемаадносінах.
Для дзіцяці малодшага падлеткавага ўзросту надзвычай важнае меркаванне іншых людзей аб ім і яго ўчынках, асабліва меркаванне аднакласнікаў і настаўнікаў. Пастаянны страх не адпавядаць чаканням навакольных прыводзіць да таго, што і здольнае дзіця не праяўляе ў належнай меры свае магчымасці, што прыводзіць да зніжэння паспяховасці.
Эмоцыі малодшага падлетка адрозніваюцца вялікай сілай і цяжкасцю ў іх кіраванні, пяцікласнікі запальчывыя, рэзкія, самакантроль недастаткова развіты. Дзіця, як правіла, не забывае крыўды дарослым.
Настаўнік-прадметнік павінен ведаць, што ўсе гэтыя асаблівасці аб’ектыўныя і яны хутка пройдуць і не акажуць адмоўнага ўплыву на вучобу, калі знайсці мэтазгодныя і зберагальныя метады і формы ўзаемадзеяння.
Разгледзім пэўны выпадак
Вучань 5 класа, назавём яго Аляксей. Яму 10 гадоў. У яго канфліктныя адносіны з аднагодкамі, агрэсіўныя паводзіны, павышаны ўзровень трывожнасці. Аляксей з негатывізмам рэагуе на просьбу настаўніка, пазбягае зносін з ім, адмаўляецца ад удзелу ў сумеснай з аднагодкамі рабоце. Ён падазроны, капрызны, раздражняльны, мае неўроз назойлівых станаў: абгрызанне пазногцяў.
Педагагічныя прыёмы карэкцыі, якія неабходна выкарыстоўваць у рабоце з гэтым навучэнцам: давер да асобы дзіцяці; безумоўнае прыняцце дзіцяці; фарміраванне новых матываў паводзін; аналіз канфліктных сітуацый; выбарачнае ігнараванне негатыўных учынкаў; даручэнне новых роляў —статуснае перамяшчэнне дзяцей; эмацыянальнае “пагладжванне” дзіцяці; пазітыўнае стымуляванне і авансаванне поспеху, падкрэсліванне дасягненняў, поспехаў дзіцяці і разгорнутая ацэнка яго дзейнасці; правільная аргументацыя ацэнкі — няўдача тлумачыцца недастатковым стараннем або цяжкасцю задання, поспех тлумачыцца добрымі здольнасцямі вучня; педагагічны аптымізм самога настаўніка, аказанне настаўнікамі-прадметнікамі індывідуальнай метадычнай дапамогі дзіцяці ў пераадоленні вучэбных цяжкасцей да ўзроўню поўнага ўспрымання матэрыялу, пакуль дзіця не адчуе поспех.
Асноўныя прынцыпы ў карэкцыі і развіцці эмацыянальнай сферы: прыняцце пачуццяў дзіцяці замест іх асуджэння ці ігнаравання; дапамога дзіцяці ў пераасэнсаванні яго пачуццяў і эмоцый; дапамога ў канструктыўным выказванні сваіх пачуццяў; засяроджванне намаганняў на фарміраванні пажаданых паводзін, а не на выкараненні непажаданых; заахвочванне прасацыяльных паводзін (клопат пра іншых, дапамога, спачуванне); паслядоўнасць і яснасць патрабаванняў з боку дарослых; пазбяганне неапраўданага прымянення сілы і пагроз.
Прыёмы кантролю
Пры зносінах з дзіцем неабходна выкарыстоўваць наступныя прыёмы кантролю над агрэсіяй слова.
1. Ігнараванне маўленчай агрэсіі.
Не рэагаваць на бестактоўнасць у свой адрас, не заўважаць варожасці з боку суразмоўніка, не адказваць грубасцю на грубасць. Звычайна слоўная лаянка ўзнікае па прынцыпе “ён мне слова, а я яму — дзесяць”. Трэба разбурыць негатыўны сцэнарый вучня (эфект нечаканасці). Настаўнік можа гаварыць спакойна, не заўважаючы варожых выпадаў вучня.
2. Пераключэнне ўвагі.
Змяніць варожы настрой суразмоўніка.
Можна перавесці размову на іншую тэму, задаць нечаканае пытанне, даць незвычайнае заданне. Не фіксаваць увагу вучня на агрэсіўных дзеяннях агрэсара: “Гутаркі спыніце”, “Балбатаць перастаньце”. Маўленчае ўзаемадзеянне навучэнца з класам у форме цікавага паказу, пытання, просьбы: “Давайце разам падумаем над заданнем Аляксея”, “…прыдумаем цікавае заданне для Аляксея”, “Хто хоча атрымаць дадатковую адзнаку, можа ўзяць заданне Аляксея”, “Міша, дапамажы Аляксею справіцца з заданнем”.
3. Метад праецыравання станоўчых асобасных якасцей і паводзінскіх рэакцый.
Трэба ведаць моцныя бакі асобы вучня і публічна нагадваць пра гэтыя якасці (закрануць самалюбства вучня). Напамін: “Ты ж разумны (разважлівы, напорысты, здольны) вучань”, “Упэўнена, што менавіта ты лёгка справішся з заданнем”, “Няўжо гэта гаворыць Аляксей, які заўсёды хутка спраўляецца з заданнямі”.
4. Выкарыстанне станоўчых ацэначных выказванняў.
Мэтанакіраваная дэманстрацыя шчырага адабрэння, выказванне заслужанай пахвалы (станоўча-ацэначныя выказванні). Зварот да мінулых заслуг вучня: “Аляксей, ты заўсёды добра спраўляўся з заданнем, давай сёння зробім яшчэ лепш”, “Згодна, што заданне цяжкае, але яно — добрая праверка настойлівасці”, “Можа быць, Аляксей разам з Дзімам пакажуць…”.
5. Адкрытае слоўнае ганьбаванне.
Папрок, забарона, патрабаванне могуць выклікаць адмаўленне ў адказ, пярэчанне, пратэст. Таму асуджэнне павінна быць добра прадуманае і выказанае ў канкрэтнай форме: “Аляксей, я раблю табе заўвагу”, “Калі ласка, не трэба мне грубіяніць”, “Хлопчыкі, вы паводзіце сябе непрыгожа”, “Зрабіце ласку, не адцягвайцеся”.
6. Гумар і жарт.
Жарт — вельмі складаны прыём, які патрабуе высокага ўзроўню маўленчай падрыхтоўкі настаўніка. Настаўнік павінен умець нестандартна рэагаваць на рэплікі вучняў: “Яшчэ трохі, яшчэ крыху, апошні бой — ён цяжкі самы”, “Сварка — не лепшы сродак супраць стомленасці”, “Вы страчваеце каштоўныя нервовыя клеткі”.
7. Перакананне.
Не варта тлумачыць навучэнцу відавочнае (чаму нельга абражаць іншага чалавека). Лепш нагадаць аб правілах прыстойнасці (“На гэтыя словы я магу пакрыўдзіцца”).
8. Прымяненне спосабаў ускоснага, непрамога выказвання, падахвочвання, просьбы: “Можа, не трэба лаяцца?”, “Мне цяжка гаварыць з табой у такім тоне”, “Вы мяне здзіўляеце”.
- Ужыванне больш мяккіх слоў замест грубых: не “хлусня”, а “няпраўда”; не “заткніся”, а “не размаўляй”.
- Паважлівыя адносіны, ветлівы зварот, зварот на вы.
Для дзіцяці малодшага падлеткавага ўзросту надзвычай важнае меркаванне іншых людзей аб ім і яго ўчынках, асабліва меркаванне аднакласнікаў і настаўнікаў.
Парада настаўніку
Важна звярнуць увагу на свой эмацыянальны стан, калі вы ўваходзіце ў клас да пяцікласнікаў.
Калі настаўнік прыходзіць у клас са станоўчымі эмоцыямі, то яго дзейнасць праходзіць паспяхова, устанаўліваецца ўзаемаразуменне з навучэнцамі. Наадварот, адмоўны эмацыянальны стан настаўніка, выкліканы рознымі прычынамі — дрэнным самаадчуваннем ці жыццёвымі неладамі, найгоршым спосабам адбіваецца на яго рабоце. Дзеці, нібы дамовіўшыся, замест спагады дэманструюць сваё негатыўнае стаўленне. А нам звычайна ў такой сітуацыі не хапае іх падтрымкі. І мы гаворым: “Дзеці жорсткія па прыродзе”.
У рэчаіснасці нашы дзеці адгукаюцца заўсёды, але на станоўчую эмацыянальнасць настаўніка — станоўча, а на адмоўную — адмоўна, шматразова ўзмацняючы яе. І справа не ў дзіцячых асаблівасцях, а ў парушэнні настаўнікам законаў зносін як з навакольнымі, так і з самім сабой. Педагог, які не змог з самага пачатку зносін забяспечыць сабе станоўчы рабочы стан, атрымлівае агульны ўпадак сіл, хваробы сэрца і г.д.
Большасць навучэнцаў не можа паспяхова працаваць ва ўмовах перажывання нядобразычлівай крытыкі, асуджэння, жорсткай дысцыпліны. Шэраг праведзеных даследаванняў паказвае, што адным з галоўных фактараў, якія садзейнічаюць высокай эфектыўнасці навучання, з’яўляюцца станоўчыя эмоцыі. Лепш, калі настаўнік звяртаецца да станоўчых эмоцый навучэнцаў і да ўрока, і ў працэсе яго правядзення, прыкладае намаганні, каб перадаць ім сваю веру, свае перакананні, сваю радасць і г.д.
Неабходна шукаць такія шляхі выхавання, якія б дапамаглі дзіцяці зразумець, што яно не горшае за іншых, што яно таксама асоба і таксама дастойнае павагі, хоць яно і ўнесена ў кагорту тых, каго цяжка выхоўваць, у яго паніжаная працаздольнасць, нізкая паспяховасць, слабае развіццё інтэлектуальнай, валявой і эмацыянальнай сфер, недахопы біялагічнага і фізічнага развіцця.
Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолага сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту
Здымкі выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі