Чатыры гады назад настаўніку англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі Сяргею Авілаву даверылі класнае кіраўніцтва ў 5-м спартыўным класе. Праз год класнага кіраўніцтва Сяргей Авілаў атрымаў дыплом і кубак на цырымоніі ўшанавання педагогаў, якія выконваюць функцыі класных кіраўнікоў, “Класны міратворац” у намінацыі “Выхаванне ў вучняў працавітасці, павагі да сямейных каштоўнасцей, работа з бацькоўскай грамадскасцю”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У чым жа сакрэт поспеху Сяргея Васільевіча?
— Я выпускнік 4-й школы Рагачова, скончыў МДЛУ і вярнуўся на радзіму, — расказвае педагог. — У рабоце з вучнямі, якія не заўсёды адрозніваюцца прыкладнымі паводзінамі і поспехамі ў вучобе, я выпрацаваў прынцып — быць побач і разам. Да кожнага шукаць свой падыход, па магчымасці ўдзельнічаць у жыцці кожнага, наладзіць дыялог з іх бацькамі. Вера, падтрымка і адзінства — тры кіты, на якіх грунтуецца мая педагагічная канцэпцыя. Вера часам рухае горы: вера ў вучня, яго магчымасці, здольнасць бачыць у ім толькі добрае і абапірацца на гэтае добрае ў працэсе навучання. Калі ёсць падтрымка, можна справіцца з любой праблемай. Класны кіраўнік, вучні і іх бацькі — адзіны калектыў. І яшчэ: вельмі важна працаваць разам і дапамагаць адно аднаму, бо агульны вынік залежыць ад укладу кожнага! Поспехі ў вучобе ніколі не былі вызначальнымі ў маіх адносінах да дзяцей. Галоўнае, каб яны раскрывалі закладзеныя ў іх прыродныя задаткі, праз маленькі поспех рухаліся да вялікай паспяховасці, былі добрымі людзьмі.
Сёлета вучні Сяргея Авілава заканчваюць 9-ы клас. Спартыўным афіцыйна ён быў да 8 класа. Усе папярэднія гады 11 дзяўчынак і 9 хлопчыкаў аб’ядноўвалі заняткі лёгкай і цяжкай атлетыкай (штангай). Праходзілі яны пры падтрымцы мясцовай спартыўнай школы. Варта адзначыць заслугі трэнера Уладзіміра Мусатава, які рыхтаваў дзяцей да спаборніцтваў.
Двое навучэнцаў са спартыўнага класа летась перайшлі ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Дзмітрый Аніськоў і Ангеліна Апсен сталі прызёрамі першынства рэспублікі сярод спецыялізаваных школ, розных рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. Медалі абласных чэмпіянатаў заваёўвалі Аляксандр Ярмоленка і Дар’я Раманькова (цяжкая атлетыка), Лізавета Гарашчанка і Юлія Штыфель (лёгкая атлетыка). Найбольшая калекцыя ўзнагарод у Дзмітрыя Аніськова, які рыхтуецца выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту.
Вучні Сяргея Авілава праяўляюць сябе ў розных напрамках. Так, Уладзімір Машкоў прыняў удзел у здымках ваенна-гістарычнай драмы “Праведнік” (рэжысёр Сяргей Урсуляк), а Аляксандр Ярмоленка, адпачываючы летам мінулага года ў ваенным лагеры “Гвардзеец”, атрымаў узнагароду (грамату і майку лідара) з рук камандуючага часцю за моцную грамадзянскую пазіцыю, стараннасць і высокія паказчыкі ў фізічнай падрыхтоўцы. У гэтым годзе вучні Аляксандр Ярмоленка, Уладзімір Машкоў і Марыя Ішкова прынялі ўдзел у тэатралізаванай пастаноўцы ў рамках фестывалю “Святло Віфлеемскай зоркі”.
— Падчас інфармацыйных гадзін мае вучні асвятляюць асноўныя грамадска значныя падзеі, якія адбыліся за пэўны адрэзак часу ў краіне і свеце, — гаворыць Сяргей Васільевіч. — На тэматычным уроку “Сіла краіны — у адзінстве народа” мы разважалі пра тое, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб абараніць краіну, што значыць быць патрыётам сваёй Радзімы, што можна зрабіць для росквіту роднага краю і захавання міру на зямлі. Калі ў 5 класе паняцці малой і вялікай радзімы мы разбіралі на простых прыкладах, то ў 6 класе ў рамках пілотнага праекта “Я і малая радзіма” мы складалі буклет аб Рагачове. Клас падзяліўся на 4 групы, кожная вывучала свой тэматычны блок: гістарычны, спартыўны, культурны і літаратурны, прысвечаны пісьменнікам-землякам. Вучні наведвалі музеі, бралі інфармацыю з самых розных крыніц.
Незвычайнай была класная гадзіна “Рагачоўскае гета”, якую Сяргей Авілаў правёў каля помніка ахвярам фашызму. Не многія ведалі, што адбылося на гэтым месцы. Вучні Яўген Кундзелеў і Ягор Мусатаў расказалі пра ваенныя падзеі тых гадоў, усе разам запалілі свечкі і ўшанавалі памяць мінутай маўчання. Для раённага праекта дзеці запісалі на відэа, як яны чытаюць верш “Гэта страшнае слова вайна”. Клас наведваў выставу Рагачоўскага музея народнай славы “Генацыд беларускага народа”, ствараў інтэрактыўную карту помнікаў вайны на тэрыторыі Рагачоўскага раёна (Рагачоўска-Жлобінская наступальная аперацыя).
Сяргей Авілаў размаўляе з вучнямі і на духоўна-маральныя тэмы, пра паняцці “адказнасць” і “дабрыня”, “абыякавасць” і “сумленнасць”. Усе прыходзяць да высновы, што нельга ў сваіх учынках ушчамляць інтарэсы іншых людзей, варта клапаціцца пра тых, хто нас акружае. Ва ўсіх сітуацыях трэба заставацца перш за ўсё чалавекам.
— Падчас канікул мы ездзім на экскурсіі па знакавых месцах краіны. Робім фота і відэа, затым выкладваем іх у выглядзе пазнавальных ролікаў з музычным суправаджэннем у сацыяльныя сеткі, — расказвае педагог. — Калі чатыры гады назад я атрымаў клас няўрымслівых халерыкаў, то сёння дзеці хоць і актыўныя, але вельмі прадуманыя, ведаюць, чаго хочуць, добрыя, спагадлівыя. У класе няма булінгу, размоў на павышаных танах, школьнікі чуюць адно аднаго і настаўнікаў, і нават вучыцца сталі лепш. Добрай традыцыяй у нас сталі сумесныя салодкія сталы і чаяванні.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва школы