Праблемы трэба вырашаць разам

- 11:57Актуально, Апошнія запісы

Надзённыя праблемы сістэмы адукацыі краіны, а таксама шэраг актуальных пытанняў, якія тычацца дзейнасці вышэйшай школы Беларусі, былі абмеркаваны падчас сустрэчы міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова з прафесарска-выкладчыцкім складам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Сустрэча праходзіла ў рамках маштабнага студэнцкага форуму.

Удзел у гутарцы таксама прынялі старшыня Горацкага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка.
У пачатку дыялогу міністр адукацыі расказаў пра асноўныя праблемы сістэмы адукацыі, адзначыў перспектывы развіцця сферы. Як аказалася, праблем у адукацыі хапае. Адна з асноўных — масавасць вышэйшай адукацыі, а таксама імкненне абітурыентаў абавязкова паступіць на “модныя”, на думку грамадства, спецыяльнасці.
— Модным сярод абітурыентаў і студэнтаў цяпер лічыцца атрыманне адукацыі па спецыяльнасцях, якія маюць прэстыж у грамадстве і гарантуюць хуткія грошы. Прычым не мае значэння, што прафесія можа быць не зусім па душы, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
У гэтым жа крыецца і праблема незамацаванасці маладых спецыялістаў на сяле і ў раёнах. Негледзячы на стварэнне неабходных умоў, моладзь усё роўна пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі імкнецца ў горад. Прычына абсурдная: сорамна казаць у грамадстве, што ты працуеш заатэхнікам на ферме і жывеш у вёсцы. Непрэстыжна быць настаўнікам, навукоўцам ці інжынерам.
На думку Міхаіла Анатольевіча, такая сітуацыя не толькі няправільная, яна недапушчальная. Таму сёння першачарговая задача — агульнымі намаганнямі змяніць пануючую грамадскую думку, даказаць дзецям, бацькам, грамадству ў цэлым, што ва ўсіх прафесіях у нашай краіне магчыма рэалізаваць сябе і быць паспяховым.
— Прыцягнуць абітурыентаў на не папулярныя зараз спецыяльнасці мы таксама паспрабуем праз стварэнне кластарнай бесперапыннай сістэмы адукацыі, якая аб’яднае прафесійна-тэхнічныя, сярэднія спецыяльныя і ўстановы вышэйшай адукацыі. Падобны крок можа мець сваю эфектыўнасць. Напрыклад, калі малады чалавек пасля базавай школы не вызначыўся яшчэ з далейшай адукацыяй, ён можа спакойна ісці ва ўстанову прафтэхадукацыі, ведаючы пры гэтым, што яму не трэба будзе здаваць ЦТ, каб у далейшым працягнуць сваю адукацыю, — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Словы Міхаіла Анатольевіча выклікалі вялікае ажыўленне ў зале. Пытанні да міністра пасыпаліся адно за адным. Начальніка вучэбна-метадычнага ўпраўлення БДСГА Алега Паддубнага хвалявала, якімі будуць правілы прыёмнай кампаніі ў гэтым годзе.
— Ні для каго не сакрэт, што сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ў абітурыентаў попытам не карыстаюцца. Набраць неабходную колькасць студэнтаў мы змаглі дзякуючы ўвядзенню дадатковага набору. Але аказалася, што, пакуль у нас было прынята рашэнне аб зніжэнні планкі мінімальнага бала за ЦТ, каля 30% нашых патэнцыяльных абітурыентаў былі ўжо ў Расіі. Ці магчыма сёлета прадугледзець падобныя сітуацыі загадзя? — пацікавіўся Алег Андрэевіч.
Як высветлілася, правілы прыёму гэтага года яшчэ не дапрацаваны. Ёсць планы ўвесці дыферэнцыяцыю па спецыяльнасцях, розныя балы пры паступленні ў профільную УВА або на профільныя спецыяльнасці.
Загадчык кафедры гісторыі і педагогікі Наталля Шатраўка задала пытанне аб праблемах і перспектывах уваходжання беларускіх УВА ў адзіную еўрапейскую сістэму адукацыі.
— У нас шмат як прыхільнікаў, так і праціўнікаў уступлення Беларусі ў Балонскі працэс, бо яго сістэма занадта стандартызавана і ёсць небяспека страты традыцый беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Я хачу сказаць, што Балонская сістэма вялікага выйгрышу нам не дасць. Так, мы зможам падняць імідж сістэмы адукацыі краіны і прыцягнуць у Беларусь большую колькасць замежных студэнтаў, але для нашых студэнтаў асаблівых прэферэнцый не ўзнікне. Таму мы не павінны імкнуцца ў адзіную еўрапейскую сістэму адукацыі на злом галавы, бо сваю сістэму і ўнікальнасць мы ў любым выпадку захаваем, — адказаў Міхаіл Анатольевіч.
Хвалюе прафесарска-выкладчыцкі склад і пытанне аптымізацыі УВА. Адказваючы на яго, міністр адукацыі заўважыў, што ў сувязі з памяншэннем колькасці выпускнікоў, аптымізацыя будзе неабходна.
— Але размова не ідзе аб поўным закрыцці УВА. Наадварот, праз аптымізацыю мы будзем старацца павысіць якасць адукацыі. Зрабіць гэта магчыма, ствараючы сістэму сеткавых універсітэтаў, якая аб’яднае некалькі профільных УВА ў адзінае цэлае. Пры гэтым адна з УВА будзе цэнтральным звяном, дзе будуць рыхтаваць магістрантаў, а астатнія як яе філіялы зоймуцца падрыхтоўкай бакалаўрыята, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
Выкладчыкі, якія прысутнічалі на сустрэчы, пыталіся ў міністра таксама аб скарачэнні набору на няпрофільныя спецыяльнасці, падрабязнасцях функцыянавання сістэмы бесперапыннай адукацыі, асаблівасцях яго першых рабочых дзён у якасці кіраўніка сістэмы адукацыі краіны. На ўсе пытанні прагучалі кампетэнтныя адказы. Таму пасля заканчэння сустрэчы прафесарска-выкладчыцкі склад і рэктар акадэміі шчыра падзякавалі Міхаілу Жураўкову за змястоўную гутарку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.