На валаску жыццё вісела… Настаўніца з Краснапольшчыны ў вайну страціла мужа і сама ледзь не загінула

- 17:21Новости

У ліку нямногіх педагогаў, хто пачынаў працаваць у школах Краснапольскага раёна восенню 1943­-га, неўзабаве пасля вызвалення тэрыторыі ад ворага, была настаўніца пачатковых класаў Еўдакія Бабічава. Яе педагагічныя традыцыі з часам прадоўжылі дачка Мая і сын Аляксандр, потым — унукі. А цяпер і праўнукі Еўдакіі Фёдараўны рыхтуюцца працаваць у школах Беларусі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўнік з вайны не вярнуўся

У 2023-м увосень у Краснаполлі ўрачыста святкавалі 80-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У тыя дні ў ганаровай варце ля помнікаў воінскай славы разам з ваеннымі стаялі мясцовыя школьнікі. Як вядома, першым на тэрыторыі Беларусі 23 верасня 1943 года быў вызвалены райцэнтр Камарын, што на Гомельшчыне. Тады наступленне нашых войскаў ворагу не адразу ўдалося стрымаць, таму 1 кастрычніка яны занялі і Краснапольшчыну.

Мая Фёдараўна Калеснікава, мая суразмоўніца, крыху памятае той радасны дзень, а было ёй толькі тры гады. Відаць, узрушэнне было вялікім і водбліскі той падзеі высвечваюць патаемныя куточкі даўняй, дзіцячай памяці. Маці яе мела надзею, што муж, якога народжаная ў 1940-м дачушка бачыла, можа, некалькі разоў, з вайны вернецца. Ні Мая з братам Алегам, ні іх матуля, Еўдакія Фёдараўна, не ведалі: на ўсё жыццё і радасць вызвалення, і дні перамогі над ворагам бу­дуць азмрочаны для іх прысмакам гора, сіроцтва і ўдаўства, стратай бацькі і мужа. Лейтэнант камандзір кулямётнага ўзвода Фёдар Піліпавіч Калеснікаў прапаў без вестак у пачатку вайны. У такім статусе і застаецца даваенны настаўнік з Краснапольшчыны ў электроннай базе даных “Мемориал”. Там пазначана, што прызваны ён быў у 1940 годзе, апошняе месца службы — в/ч 3432.

Мая Калеснікава і Аляксандр Еўмушкоў — дзеці Еўдакіі Бабічавай, самі працавалі настаўнікамі

У камандзіроўцы ў Краснаполлі мне хацелася штосьці даведацца пра тых настаўнікаў, якія пачыналі вучыць дзетак на вызваленых у 1943—1944 гадах тэрыторыях. І вось перада мной дачка і сын такой настаўніцы — Еўдакіі Бабічавай. Яны таксама працавалі настаўнікамі, цяпер абодва на пенсіі. Мы сустрэліся ў музеі Краснапольскай сярэдняй школы. Мая Фёдараўна з братам расклалі на стале старыя фотаздымкі. “Вось тут ён, бацька мой… З вясковымі камсамольцамі, у другім радзе, яшчэ ў 1938-м…” — паказвае яна. У мяне ж няма яснасці: нарадзілася яна ў 1940-м, бацька з вайны не вярнуўся, а брат за яе малодшы, да таго ж Аляксандр Піліпавіч Еўмушкоў… Ды ўсё проста: маці ў іх — адна, бацькі — розныя. Не дачакаўшыся мужа з вайны, Еўдакія Фёдараўна выйшла замуж другі раз, прычым за былога франтавіка, цесляра, брыгадзіра будаўнікоў Піліпа Еўмушкова, які ў вайну страціў родных. Сышліся людзі, гора-вайну перажыўшы, каб жыццё не звялося: жывым — пра жывых і думаць. А мёртвых, як ты ні гаруй, ні мудруй — не вернеш…

“У нас мама, Еўдакія Фёдараўна, была да вайны настаўніцай, і бацька мой, Фёдар Піліпавіч, настаўнікам: у Гарадзецкай школе выкладаў фізкультуру, — крыху хвалюецца Мая Калеснікава. — У вёсцы Лютнянская Буда ў пачатковай школе мама працавала. Ну а бацька мой яшчэ і вясковы актывіст быў: сакратар камсамольскай арганізацыі”.

Настаўнік Фёдар Калеснікаў (у верхнім радзе — другі злева) з вясковымі камсамольцамі. 1938 г.

Фёдар Калеснікаў — равеснік рэвалюцыі, з 1917 года. Нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Хутары, з 1924-га гэта Краснапольскі раён. Невядома, дзе атрымаў вясковец вышэйшую адукацыю (на здымку бачны ромбік на лацкане пінжака), ды знайшоў потым я ў інтэрнэце, што працаваў дырэктарам Лют-Будскай пачатковай школы, да таго ж “наладжваў калгаснае жыццё”. А пра тое, што быў чалавекам перадавых поглядаў, як раней казалі, сведчыць такі факт: у райкаме камсамола Калеснікава зацвердзілі пазаштатным інструктарам па Гарадзецкім сельсавеце. Ажаніўся ён з настаўніцай Мядзвёдаўскай пачатковай школы Еўдакіяй Бабічавай у 1938-м,
праз год прызвалі яго на вайсковую службу. Служыў спачатку ў Полацку, потым вучыўся ў Гомельскім кулямётным вучылішчы. Еўдакія Фёдараўна ўспамінала, што яе муж вырашыў прысвяціць сябе ваеннай справе. Зімой у пачатку 1941 года прыязджаў у водпуску на 10 дзён, пасля навагодніх свят. Пазней, ужо 18 чэрвеня, паведаміў, што паспяхова скончыў вучылішча і атрымаў званне лейтэнанта, што накіроўваецца на далейшую службу ў брэсцкі гарнізон. І на тым сувязь з ім абарвалася.

Па ходзе размовы Аляксандр Еўмушкоў згадаў, што неяк настаўнік гісторыі стваральнік народнага гістарычна-краязнаўчага музея Леанід Лабаноўскі патэлефанаваў старэйшаму брату Алегу і сказаў: “Я знайшоў вашага баць­ку!” Сям’і ж у 1945-м паведамілі, што Фёдар Калеснікаў прапаў без вестак у 1941 го­дзе. “Трапіў, пэўна, у самую заваруху… — мяркуе Аляксандр Піліпавіч. — Дык вось, Лабаноўскі знайшоў імя бацькі ў нейкіх спісах, з якіх вынікала, што ў 1944-м ён быў вязнем фашысцкага канцлагера для палонных афіцэраў-чырвонаармейцаў. Але ў хуткім часе Лабаноўскі памёр, нітачка тая абарвалася”.

Жыць! І вучыць

Звернемся да лёсу Еўдакіі Бабічавай, партрэт якой ёсць на стэндзе ў школьным музеі з надпісам “настаўніца пачатковых класаў з 50-х гадоў”. Але гэта ў згаданай школе яна працавала, відаць, з 1950-х. Дачка тлумачыць: “Пасля вайны яна прадоўжыла працаваць у Мядзвёдаўскай школе. Прычым, як яна расказвала, заняткі вяла ў прыватнай вясковай хаце: у адной палове жыла сям’я, у якой было пяцёра дзяцей, а другую прыстасавалі пад клас. Потым мама была загадчыцай, калі будавалі там пачатковую школу. Пазней прыйшла ў беларускую школу ў Краснаполлі (цяпер гімназія), і 23 апошнія гады ў гэтай сярэдняй школе выкладала ў пачатковых класах. Маму ў раёне паважалі, калегі хадзілі да яе на ўрокі пераймаць вопыт. Ведаю, нават прадстаўлялі да звання заслужанай настаўніцы, але ж нешта не склалася. Мама ўсё жыццё заставалася на дзявочым прозвішчы, усе яе выхаванцы, іх бацькі, калегі памятаюць яе як Еўдакію Фёдараўну Бабічаву. Калі ж на пенсію патрэбны былі дакументы, то стала Еўмушкова”.

Як настаўніца з дачкой і сынам перажыла вайну? Мая Фёдараўна адказала сціпла: “Як і ўсе тады. Перажыла… Ёй трэба было клапаціцца пра нас з Алегам, і тое, відаць, надавала ёй сіл. З гадамі, калі сама я многае перажыла, тое лепш разумею. Мама чакала мужа і пасля вайны — не выходзіла замуж, а двое ж нас на руках. Дарэчы, цяпер і мая дачка Таццяна працуе настаўніцай, і мая пляменніца Алена, Алегава дачка, таксама. Так што педагагічную справу бацькоў мы прадаўжаем”.

Тут мы звяртаем увагу на даваенны здымак. “Мама з сястрой, маёй цёткай Ірай, — гаворыць Мая Фёдараўна. — Бачыце, у іх усё аднолькавае: блузкі, спадніцы, рыдыкюлі, туфлі… Гэта ім мой бацька, калі ў Гомелі вучыўся, купіў. Яны былі стыльныя маладыя настаўніцы”.

У вайну, прыгадвае Мая Калеснікава, яе цётка Ірына Сямякіна была ў мясцовым партызанскім атрадзе разведчыцай. І мама партызанам дапамагала як магла: бялізну па начах мыла, хлеб пякла… “Страшна ж ёй было вельмі! А мы ж малыя, усяго не ведалі, яна мне пра тое потым расказвала. Яшчэ казала, што адзін паранены афіцэр савецкі ў яе закахаўся, жаніцца хацеў. У яго сям’я загінула: жонка і дзеці. А яна мужа чакала. Гэта ў мамінай сястры ў хаце параненых падлечвалі. Яшчэ расказвала, што адзін паранены, відаць, пасля кантузіі моцна баяўся грому, навальніцы. Дык выкапалі ў кветніку пры хаце яму — і як толькі навальніца пачыналася, яго туды насілі”.

Згадаўшы цётку Ірыну, настаўніцу-разведчыцу, Мая Калеснікава дадала: “Паліна, Вікторыя і Марыя — унучкі яе, прычым усе настаўніцы”.

Што да суразмоўніцы, то, як і маці, яна стала настаўніцай пачатковых класаў — пасля заканчэння ў 1962 годзе Магілёўскага педінстытута. Пабыла ў Краснаполлі дырэктарам Дома піянераў, працавала і ва ўсходняй частцы Германіі: муж там служыў, і яе прафесія ў школе спатрэбілася. А потым вучыла дзетак на Радзіме.

З Краснаполля — у Расійскую акадэмію

Аляксандр Еўмушкоў род­ам з 1953-га, з гордасцю гаво­рыць пра бацьку-ветэрана, за якога выйшла замуж яго мама. Піліп Емяльянавіч вярнуўся з фронту з медалём “За адвагу”. Другі такі ж медаль “не знайшоў героя”, хоць, паводле архіўных дакументаў, быў. Ды за штодзённымі клопатамі не было калі ветэрану варушыць мінулае.

Услед за маці і сястрой Маяй прыйшоў у педагогіку і Аляксандр Піліпавіч. Яшчэ да арміі працаваў настаўнікам фізкультуры ў Гарадзецкай школе, а пасля службы — інструктарам у райкаме камсамола. І потым ужо, з жыццёвым вопытам, трэніраваў каманду па валейболе ў ДЮСШ. Працаваў і ў вясковай школе, а ў канцы 1980-х завочна скончыў Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя А.А.Куляшова. Тады ж атрымаў першую кваліфікацыйную катэгорыю, з 2000-га працаваў да пенсіі, а потым — яшчэ пару гадоў настаўнікам фізкультуры ў Краснапольскай сярэдняй школе.

“Мама перажыла ў вайну шмат усяго страшнага, — дапаўняе аповед Аляксандр Еўмушкоў. — Расказвала мне, як немцы зганялі маладых людзей — ці то каб вывезці ў Германію, ці то, можа, тут дзе працаваць гналі, дакладна не памятаю. Дык і яе схапілі. А ў яе ж двое дзетак… Мама ў адчаі пачала галасіць. Немец падышоў ды так моцна ёй у галаву прыкладам стукнуў, што яна ўніз пакацілася, у яр. Той садыст паглядзеў зверху і пайшоў. Добра, што не застрэліў. Яна засталася жыць, хоць галава потым доўга балела. На валаску, як кажуць, жыццё вісела”.

Настаўніцай матэматыкі стала яго дачка, Таццяна Аляксандраўна Яўмушкова: “Яна скончыла фізмат у Магілёве, а цяпер працуе ў Расійскай акадэміі навук”.

Настаўніца ў капялюшыку і дачка Мая

Еўдакія Бабічава з вучнямі, ад яе злева  —  сын Алег. 1948 г.

…Сярод здымкаў, якія паказалі мне Мая Фёдараўна і Аляксандр Піліпавіч, глянуўся мне той, дзе іх матуля сядзіць з вучнямі ў прыгожым саламяным капялю­шыку. А побач — сын Алег басанож: трымае падораны матулі букет. Гэта здымак 1948 года. Прыгожая пастава ў настаўніцы, абаяль­ная ўсмешка… Па ўсім відаць: хоць і шмат усяго перажыла, ды цікавасці да жыцця не страціла. І рамантычнай натурай, сапраўднай інтэлігенткай была Еўдакія Фёдараўна Бабічава. Глыбінка ж такая далёкая, а ў вясковай настаўніцы дачку за­вуць Мая. “Вычытала недзе яна такое імя… — усміхаецца дачка. — Была вельмі начытаная, адукаваная. Вучні ўсе яе любілі”.

На заканчэнне расказалі краснапольскія настаўнікі яшчэ пра адну галінку іх вялікай педагагічнай дынастыі. У Алега, старэйшага сына Еўдакіі Бабічавай, дачка стала настаўніцай. Алена Алегаўна і дачку сваю, Кацярыну, настройвае ісці ў педагогі: тая вучыцца ўжо на выкладчыцу замежных моў — анг­лійскай і французскай.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва дзяцей  Еўдакіі Бабічавай