Праграма сёлетняга студэнцкага форуму “Моладзь — надзея і будучыня Беларусі” выдалася вельмі насычанай мерапрыемствамі. Усе яны былі значнымі, але асаблівую цікавасць выклікала выстава інавацыйных творчых маладзёжных ідэй і праектаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці ў рамках рэспуліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”. Менавіта тут можна было азнаёміцца з традыцыямі і сучаснасцю нашых УВА, убачыць усё лепшае, што яны сёння могуць прапанаваць, даведацца, чым жывуць студэнты і выкладчыкі беларускай вышэйшай школы.
Выстава працавала і ў першы, і ў другі дзень форуму. У Палац культуры БДСГА, дзе размясцілася выстава, ішлі і ўдзельнікі фестывалю, для якіх яна стала своеасаблівай магчымасцю цесных зносін і абмену вопытам, і горацкія навучэнцы, якія разглядалі стэнды ВНУ ў якасці патэнцыяльных абітурыентаў.
Паглядзець, дарэчы, сапраўды было на што. На стэндах прадстаўлялася інфармацыя аб установах у цэлым, інавацыйных праектах і распрацоўках, дасягненнях студэнтаў і выкладчыкаў. Годна паднеслі сябе ўсе заяўленыя на ўдзел у фестывалі УВА. На кожнай з прэзентацый можна было назіраць нейкую сваю, непаўторную іскрынку.
Напрыклад, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт дэманстраваў дзейнасць студэнцкага эканамічнага клуба “Эканомікс”. У рамках гэтага клуба было распрацавана больш за 100 розных праектаў. І, як расказала студэнтка ўніверсітэта Марыя Марозава, большасць з гэтых праектаў разглядаюцца да ўкаранення.
— На этапе ўкаранення зараз знаходзіцца цыкл нашых праектаў “Зялёнае золата Беларусі”, “Жамчужнае ззянне Беларусі”. У іх прадстаўлены турыстычныя магчымасці нашай краіны, прапануюцца пэўныя варыянты развіцця яе брэндынгу. Усё гэта накіравана на павышэнне папулярнасці Беларусі ў вачах турыстаў, — расказвае Марыя. — Ёсць у нас тэхналагічныя і сацыяльныя інавацыйныя праекты. Найбольш актуальныя з іх — праект “Ньютэхпласт”, які ўяўляе сабой ідэі па перапрацоўцы пластыку і яго далейшага выкарыстання ў вытворчасці, а таксама прапанова стварэння “Інклюзіўнага дзіцячага садка”, які, на нашу думку, зможа паспрыяць паўнацэннаму развіццю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — дадала дзяўчына.
Прыцягвала погляды прысутных прэзентацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сярод адметных праектаў, прадстаўленых ВНУ, вылучалася валанцёрская сфера.
— Валанцёрства ў нашым універсітэце прадстаўлена ў двух кірунках. Першы — традыцыйны. Гэта дапамога дзіцячым дамам Мінска, дому малюткі горада. А вось другі напрамак — гэта IT-валанцёрства. Яно накіравана на людзей сталага ўзросту, якіх заспеў бум развіцця камп’ютарных тэхналогій. Мы дапамагаем такім людзям з устаноўкай камп’ютарных праграм, рамонтам камп’ютараў. Уся дапамога аказваецца на добраахвотнай, бязвыплатнай аснове. Каб яе атрымаць, трэба проста пакінуць заяўку на сайце ўніверсітэта або па тэлефоне. Цікавыя і нашы праекты, якія выйшлі ў фінал конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Адзін з іх — праграмнае забеспячэнне, накіраванае на зручнасць зносін патэнцыяльных пакупнікоў з менеджарамі магазінаў. Дзякуючы анлайн-кансультацыям менеджара, праграма выключае момант паходу ў магазін, гэта становіцца непатрэбным, бо пакупнік і так атрымлівае адказы на ўсе пытанні наконт упадабанага тавару, — расказала старшыня студэнцкага савета БДУІР Наталля Вашчук.
Не абыходзілі наведвальнікі выставы і куток Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. І гэта нядзіўна, бо тут можна было не толькі азнаёміцца з распрацоўкамі студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, але і прадэгуставаць іх. Дарэчы, як адзначыла студэнтка ўніверсітэта Xрысціна Краўчанка, практычна ўсе распрацоўкі ўжо ўкаранёны на тую ці іншую вытворчасць. У прыватнасці, з чатырох відаў сухіх сумесей, якія з’яўляюцца асновай для выпякання хлеба, тры ўжо ўкаранёны ў вытворчасць айчынных хлебакамбінатаў. Прапанаванае для дэгустацыі пячэнне актыўна вырабляецца на фабрыцы “Слодыч”. У хуткім часе паступяць у вытворчасць таксама абляпіхавы і чарнічна-бярозавы сокі. Рэцэптура абодвух напіткаў прадугледжвае іх выраб на натуральнай аснове з беларускай сыравіны. Гэта не толькі дазваляе знізіць сабекошт вытворчасці, але і робіць сокі больш карыснымі, чым імпартныя, якія вырабляюцца з канцэнтратаў.
Нельга было не звярнуць увагу і на стэнды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, бо іх акружалі студэнткі, апранутыя ў дызайнерскія сукенкі з ільну. Як аказалася, прадстаўленыя дзяўчатамі строі з’яўляюцца адной з калекцый студэнцкага гуртка ўніверсітэта “Дом моды”. Па словах прарэктара па выхаваўчай рабоце Вольгі Часнаковай, ва УВА ёсць вялікая колькасць і іншых, не менш цікавых праектаў.
— З самых значных — праект “Сэрца без межаў”, накіраваны на работу з сіротамі Віцебскага гарадскога дзіцячага дома, бізнес-праект “Крама handmade”, які прадстаўляе сабой рэальнае гандлёвае памяшканне, дзе ажыццяўляецца продаж рэчаў, зробленых сваімі рукамі. Асаблівую значнасць у нашай экспазіцыі сёлета займае пілотны валанцёрскі праект “У страі анлайн”. Валанцёры ўніверсітэта дапамагаюць нашым ветэранам мець зносіны адно з адным праз выкарыстанне сучасных камп’ютарных тэхналогій. У планах — далейшае развіццё гэтага праекта, а менавіта арганізацыя відэаканферэнцый з ветэранамі, першую з якіх думаем правесці ўжо сёлета, напярэдадні Дня Перамогі, — расказала Вольга Іванаўна.
Характэрна, што беларускае студэнцтва ўдзяляе вялікую ўвагу захаванню памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і яе героях, бо праекты, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі, былі прадстаўлены літаральна на кожнай экспазіцыі.
Так, студэнты Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа дэманстравалі праект “Савецкі раён Мінска вачыма студэнтаў МДВРК”. Маладыя людзі рабілі фотаздымкі, знаходзілі інфармацыю пра герояў, у гонар якіх названы вуліцы ў гэтым раёне горада, прасачылі ў цэлым гісторыю развіцця Камароўкі, пасля чаго прадставілі сабраную ў рамках праекта інфармацыю навучэнцам малодшых курсаў.
А вось студэнты Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна распрацавалі грамадзянска-патрыятычны праект “Воіны Перамогі”.
— Мы паставілі перад сабой задачу захаваць жывую памяць пра вайну. Зрабіць гэта вырашылі праз напісанне адпаведнага летапісу, правядзенне літаратурнага конкурсу “Я перад вамі з памяццю сваёй” і фотаконкурсу “Героі Палесся”. Гэта дапамагло сабраць шмат важнай інфармацыі пра нашых ветэранаў, якую, акрамя нас, будуць цяпер ведаць і будучыя пакаленні, — адзначыў студэнт універсітэта Антон Воднях. А начальнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Святлана Мацвеева дадала, што “Воіны Перамогі” — не адзіны годны ўвагі праект універсітэта.
— Мы прэзентуем ў Горках сацыяльна-педагагічны праект “Мы разам!”, накіраваны на адаптацыю ў грамадстве і раскрыццё патэнцыяльных магчымасцей асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама маладзёжную ініцыятыву “Перадай іншаму”, мэта якой — максімальнае ўключэнне маладых людзей у сацыяльную дзейнасць на карысць грамадства і дзяржавы, — расказала Святлана Мацвеева.
Высокую сацыяльную значнасць і валанцёрскую каштоўнасць нясе ў сабе і галоўны з праектаў, якія прадстаўлялі на выставе студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. У рамках дзейнасці ўніверсітэцкага валанцёрскага атрада “Мы — дзецям” студэнты арганізавалі дзіцячы тэатр “Разам у казку”. Уласнымі сіламі валанцёры распрацоўваюць адаптаваныя спектаклі па вядомых дзіцячых казках, з якімі потым ездзяць па дзіцячых дамах. Актыўна супрацоўнічае атрад і з дзіцячым анкалагічным цэнтрам у Бараўлянах, аказваючы ўсялякую дапамогу і падтрымку дзеткам, якія там знаходзяцца. Напрыклад, з Горак валанцёры ўніверсітэта плануюць прывесці для маленькіх пацыентаў цэнтра гірлянды папяровых жураўлікаў з пажаданнямі ад удзельнікаў рэспубліканскага студэнцкага форуму.
Шмат разнапланавых праектаў утрымлівала экспазіцыя Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Праектаў у нас сапраўды многа, і ўсе яны значныя, накіраваныя на ўсебаковае развіццё нашых студэнтаў. Асабліва адзначу праекты “Твая праграма — 100% поспеху”, які дапамагае першакурснікам прайсці адаптацыю ва ўніверсітэце і максімальна наладзіцца на вучэбны працэс, “Дом без парушэнняў”, які арыентаваны на прававое выхаванне студэнтаў-замежнікаў, “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”, накіраваны на павышэнне прэстыжу здаровага ладу жыцця. Акцэнт хацелася б зрабіць і на праекце “Гармонія ў сям’і — працвітанне ў краіне”. Яго мэта заключаецца ў рабоце не з ужо існуючымі маладымі сем’ямі, а са студэнтамі, якія яшчэ не ўступілі ў шлюб. Мы прывіваем маладым людзям асновы практычнай псіхалогіі, з дапамогай якой яны могуць правільна выбраць сваю другую палавіну, а значыць, стварыць моцную сям’ю, — адзначыла педагог-псіхолаг універсітэта Ала Самушчава.
Адметнай была і прэзентацыя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Прадстаўнікі УВА з энтузіязмам расказвалі пра мерапрыемства для першакурснікаў “Студэнцкая змена БНТУ”, вынікам якога з’яўляецца фарміраванне рэзерву грамадскага студэнцкага актыву. Дэманстравалі праект спартыўна-інтэлектуальнай гульні “След”, а таксама праект “Старасты. Першая ступень да поспеху”, які ўяўляе сабой своеасаблівую пакрокавую інструкцыю для развіцця лідарскіх здольнасцей маладых людзей. Асобнай экспазіцыяй быў прадстаўлены студэнцкі часопіс “Праспект БНТУ”, які з’яўляецца лепшым студэнцкім друкаваным выданнем сярод усіх ВНУ рэспублікі.
А вось цэнтральнае месца ў прэзентацыі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова займаў электронны вучэбна-дыдактычны комплекс “Навейшая гісторыя Беларусі”. Паводле слоў сакратара камітэта БРСМ універсітэта Вікторыі Казулінай, усе праекты, прадстаўленыя сёлета ВНУ, носяць сацыяльную накіраванасць. Акрамя электроннага падручніка з інтэрактыўнымі ўрокамі гісторыі, студэнты ўніверсітэта прадстаўлялі праект “Ваенна-патрыятычны марафон” і антынаркатычную распрацоўку “Я выбіраю жыццё”.
Расказваць пра выставу маладзёжных праектаў можна яшчэ доўга, бо цікавыя ідэі былі ў кожнай УВА. Значныя для грамадства праекты прадстаўлялі экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай сельскагападарчай акадэміі і інш. Праектаў было шмат, усе яны былі разнапланавыя, але выснова пасля наведвання выставы напрошвалася толькі адна: наша моладзь — таленавітая, актыўная, ініцыятыўная. За моладдзю, як вядома, будучыня. А значыць, яна ў Беларусі надзейная і светлая.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.