Як расставанне бацькоў уплывае на выхаванне дзяцей

- 17:13Новости, Психолог в школе

Не кожная сям’я пасля заключэння шлюбу вытрымлівае адказнасць, якая на яе ўскладваецца. За апошнія гады колькасць скасаваных шлюбаў значна вырасла. Ці магчыма пасля такога кроку захаваць сяброўскія адносіны і як расставанне бацькоў уплывае на выхаванне дзяцей? На гэтыя пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказала старшы выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Юркевіч.

— Наталля Аляксандраўна, чаму варта абмяркоўваць тэму дапамогі дзецям, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях? У чым яе актуальнасць?

— Калі паглядзець статыстыку, то за мінулы год у нашай краіне былі заключаны 56 000 шлюбаў, 60% з якіх пасля былі скасаваны. У тых сем’ях, якія распаліся, растуць дзеці. Згодна з маімі падлікамі, каля 20 000 дзяцей штогод перажываюць расставанне бацькоў. Дзіўны факт: шлюб скасоўваецца паміж бацькамі, а пакутуюць ад гэтага дзеці. Так, па стабальнай шкале дыягностыкі стрэсу скасаванне шлюбу бацькоў прыраўноўваецца да 78—84 балаў (у залежнасці ад узросту). Гэтая падзея лічыцца самай стрэсагеннай і вельмі моцна ўплывае на псіхіку.

Факт расставання самых блізкіх людзей дзіця асэнсоўвае, праходзячы тыя ж стадыі перажывання, што і пасля смерці блізкага чалавека. На стадыі адмаўлення малы не верыць у тое, што адбываецца, і поўнасцю адмаўляе сітуацыю, якая склалася. У стане азлобленасці ён разумее, што так, як раней, ужо не будзе, і гэта вымушае яго станавіцца больш жорсткім, грубіяніць, часта раздражняцца. Прычым гнеў накіраваны не толькі на таго дарослага, які сышоў з сям’і, але і на таго, хто застаўся побач. Акрамя таго, дзеці часта лічаць, што гэта яны вінаваты ў тым, што мама і тата больш не разам. Памылкай бацькоў на гэтым этапе з’яўляецца тое, што яны пачынаюць маніпуляваць малым, перацягваць коўдру на свой бок. Калі дарослым у гэтым выпадку лягчэй (яны перажывалі розныя сітуацыі страты з прычыны ўзросту), то дзецям перажыць траўму складаней: яны не разумеюць, якім будзе іх далейшае жыццё.

На этапе перагавораў дарослыя мо­гуць рабіць спробу памірыцца і аднавіць адносіны, але гэта вельмі згубна ўплывае на псіхіку дзіцяці. Выключэннем з’яўляецца выпадак, калі шлюб насамрэч можна выратаваць і спробы гэта зрабіць робяцца ўсвядомлена, без перавагі эмоцый над розумам. Наступны этап — сум і дэпрэсія. Падчас яго і бацькі, і дзеці знахо­дзяцца ў падаўленым стане, адчуваюць сябе няўдачнікамі. Звычайна дзеці стараюцца прыняць сітуацыю і спыняюць барацьбу з сабой і з дарослымі. Аднак калі канчаткова разумеюць, што вярнуць мінулае немагчыма, могуць паддацца дэпрэсіі. Заключная стадыя — прыняцце. Боль ад таго, што давялося перажыць, праходзіць, сям’я спакойна прымае сітуацыю скасавання шлюбу. Улічваючы ўсе гэтыя моманты, сёння вельмі важна і бацькам, і школьным псіхолагам своечасова аказваць дапамогу дзеткам, якія знаходзяцца ў апісаных сітуацыях. Прычым варта ўлічваць узрост дзяцей, бо ад яго залежыць тое, як будаваць супрацоўніцтва.

— У якім узросце дзеці найбольш балюча ўспрымаюць разрыў адносін у сям’і?

— Узрост ад 3 да 6 гадоў вельмі траўматычны. У малодшым школьным узросце перажыванні дзіцяці пачынаюць узмацняцца, трывога становіцца больш выяўленай. Дзяўчынкі, як правіла, мацней перажыва­юць распад сям’і. Калі выхоўваецца адно дзіця, для яго развод бацькоў набывае яшчэ больш моцнае негатыўнае адценне. Пры наяўнасці братоў ці сясцёр у малога ёсць магчымасць вылівання эмоцый, псіхалагічнай разгрузкі.

Найбольш уразлівы ўзрост — пераходны. У 14—15 гадоў дзіця ўжо ўцягнута ў сітуацыю канфліктных адносін дома, глыбока і свядома ўспрымае тое, што адбываецца. Калі бацька не прымае ўдзел у выхаванні дзіцяці, у яго фарміруецца пачуццё няўпэўненасці, прыніжаная самаацэнка. Ці, наадварот, падлетак дэманструе агрэсіўныя мадэлі паводзін. Ён ужо можа займаць чыйсьці бок і падвяргацца сацыяльнай дыскрымінацыі з-за адсутнасці бацькі.

Развод бацькоў можа аказаць уплыў і на паводзіны падлетка ў яго ўласнай сям’і, калі яе створыць. Дзеці, якія выраслі ў сем’ях, дзе бацькі развяліся, часта ўступаюць у шлюб раней, чым іх аднагодкі з поўных сем’яў. Чаму? Справа ў тым, што так яны стараюцца кампенсаваць недахоп эмацыянальнага цяпла, хочуць як мага хутчэй сысці з бацькоўскага дому.

— Якія псіхалагічныя наступствы можна прасачыць у дзяцей, чые бацькі скасавалі шлюб?

— Гэта залежыць ад многіх фактараў: як праходзіла расставанне, колькі гадоў дзіцяці, як склаліся адносіны паміж мужам і жонкай пасля разводу і інш. Няпоўныя сем’і адрозніваюцца паміж сабой спосабам зносін. Бывае, што адзін з бацькоў гаво­рыць пра другога вельмі негатыўна альбо ўвогуле не згадвае, як быццам яго ніколі не было. Здараецца і так, што мама прыдумвае гісторыю героя, які загінуў, а калі гэта праўда, то адбываецца ідэалізацыя воб­раза.

Развод адносіцца да тых падзей у жыцці дзіцяці, якія спрыяюць развіццю неўратычных сімптомаў, такіх як агрэсіўнасць, дэп­рэсіўны стан, рэгрэсія, псіхасаматычныя захворванні, цяжкасці з навучаннем у школе і інш.

Многія падлеткі прызнаюцца, што пачалі адчуваць сорам за няпоўную сям’ю перад сваімі аднагодкамі. У некаторых дзяцей з сем’яў, дзе нядаўна адбыўся развод, зніжаюцца інтэлектуальныя здольнасці. Дзеці пачынаюць горш вучыцца, становяцца няўважлівымі, неарганізаванымі. Стрэс ад бацькоўскага разводу ў любым узросце можа быць такім моцным, што дзіця захворвае фізічна, у яго праяўляецца алергія, скурныя захворванні, абвастраюцца хранічныя хваробы.

Сямейны псіхатэрапеўт Тэры Гаспар вылучыла некалькі сцэнарыяў, па якіх дзяўчынкі, якія выраслі без бацькі, буду­юць рамантычныя адносіны. Першы заснаваны на недаверы і падазронасці. Другі — гэта жаданне атрымаць клопат і адабрэнне з дапамогай сексуальных адносін. Трэці сцэнарый — сузалежнасць: з-за нізкай самаацэнкі такім дзяўчатам значна складаней супрацьстаяць маніпуляцыям.

— Як паведаміць дзіцяці, што адбылося ў сям’і, і сфарміраваць правільнае стаўленне да гэтай падзеі, дапамагчы знайсці рэсурсы? Хто павінен гэта рабіць у першую чаргу: бацькі або школьны псіхолаг?

— Сёння школьныя псіхолагі валода­юць усімі неабходнымі кампетэнцыямі і інструментамі для таго, каб дапамагчы сям’і ў сітуацыі, якая абмяркоўваецца. Што тычыцца дарослых, то дзіцяці варта паведамляць аб разрыве бацькоў толькі тады, калі аб гэтым прынята канчатковае рашэнне, а не пасля эмацыянальнай спрэчкі. Калі развод ужо ўсвядомлены крок, сказаць пра гэта трэба абавязкова. Даносячы інфармацыю, можна не ўдавацца ў дэталі, скажыце толькі тое, што неабходна, і ў той колькасці, якой будзе дастаткова.

Варта растлумачыць дзіцяці, што яно не вінавата ў тым, што бацькі разыходзяцца, і ніякія яго дзеянні не змогуць паўплываць на іх рашэнне. Часта дзеці думаюць, што менавіта яны сталі прычынай таго, што мама і тата больш не жывуць разам. Важна, каб у словах бацькоў прагучала ўпэўненасць у тым, што яны справяцца з сітуацыяй, а тое, што адбываецца — гэта не адказнасць малыша. Калі ж бацькі прынялі канчатковае рашэнне аб разводзе, то яны павінны сказаць аб гэтым з улікам некалькіх правіл. Па-першае, нельга нічога ўтойваць, адсутнасць інфармацыі ўзмацняе трывогу і пачуццё віны. Па-другое, сказаць пра змяненні ў сям’і неабходна ў зразумелай форме. Пры гэтым важна нагадаць дзіцяці, што мама і тата любяць яго і заўсёды будуць побач. Пажадана, каб пры размове прысутнічалі абодва бацькі. У выпадку пераезду аднаго з іх неабходна паведаміць пра тое, як ён будзе звязвацца з дзіцем: пісаць лісты, тэлефанаваць. Размова павінна праходзіць у спакойнай і добразычлівай абстаноўцы. Не варта рабіць гэта перад сном. Не трэба вінава­ціць у сітуацыі, якая склалася, іншых сваякоў. Яшчэ важна не ставіць перад дзіцем пытанне, з кім яно будзе жыць, і пытацца, каго яно больш любіць: маму ці тату? Калі ў сям’і двое і трое дзяцей, нельга дзяліць іх паміж бацькамі.

— Наталля Аляксандраўна, якія найбольш эфектыўныя метады існуюць для таго, каб прапрацаваць дзяцінства ў няпоўнай сям’і?

— Самы лепшы спосаб — звярнуцца да псіхолага. Кожная сітуацыя індывідуальная, і праблемы, якія дарослыя людзі мо­гуць прыпісваць сабе, не абавязкова будуць звязаны з тым, што дзіця расло ў няпоўнай сям’і. Толькі спецыяліст дапаможа разаб­рацца, як на канкрэтнага чалавека паўплывала адсутнасць аднаго з бацькоў і што дапаможа выправіць сітуацыю.

Яшчэ адзін рабочы варыянт — выву­чыць карысную літаратуру па тэме і паспраба­ваць прапрацаваць некаторыя моманты самастойна. Сярод кніг, якія дапамо­гуць з гэтым разабрацца, — “Дзіця ўнутры цябе павінна знайсці дом” Стэфані Шталь, “Дарослыя дзеці эмацыянальна нясталых баць­коў” Ліндсі Гібсан, “Прэч з замкнёнага кола!” Джэфры Янга і Джанет Клоска.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА