У брэсцкай школе распрацавалі дапаможнік для пачынаючых валанцёраў

- 14:09Новости, Психолог в школе

Валанцёрскі атрад сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава сабраў ініцыятыўных і адказных навучэнцаў 8—11 класаў, нацэленых на распрацоўку і рэалізацыю сацыяльна значных праектаў.

Лідарскія якасці, актыўная грамадзянская пазіцыя, талерантнае стаўленне да навакольных, камунікабельнасць, эмпатыя, аператыўнае рэагаванне на нечаканасці — вось толькі частка навыкаў, якія актыўна развіваюцца падчас кожнага добраахвотніцкага мерапрыемства.

Асабліва значны пазітыўны ўплыў добраахвотніцкай дзейнасці на падлеткаў, паколькі гэты ўзроставы этап — час перабудовы ўсіх сфер развіцця, фарміравання сацыяльных установак, асобаснага і прафесійнага самавызначэння. На аснове шматгадовага вопыту работы мной адзначана эфектыўнасць выкарыстання патэнцыялу валанцёрскай дзейнасці ў якасці інструмента сацыялізацыі, стымулу да аўтаномнасці і ініцыятыўнасці, сацыяльнай творчасці як пераўтваральнай дзейнасці, сродку праяўлення грамадзянскай актыўнасці старшакласнікаў.

Асаблівасць школьнага валанцёрскага атрада — тое, што кожны год яго пакідаюць самыя ініцыятыўныя і правераныя ўдзельнікі, а ім на змену прыходзяць новенькія з малодшых класаў. І ў кожнага з іх свой багаж пытанняў, страхаў, чаканняў.

Сярод найбольш распаўсюджаных апасенняў і сумненняў навучэнцаў можна вылучыць наступныя:

  • Як знайсці час на ўдзел у валанцёрстве? Давядзецца ўдзяляць менш часу вучобе ці адмовіцца ад сваіх хобі?
  • А як наогул можна дапамагаць лю­дзям і быць карысным для грамадства, калі табе яшчэ няма 18 гадоў? Куды можна звярнуцца?
  • Няёмкасць, разгубленасць і няўпэўненасць у сабе на першым валанцёрскім мерапрыемстве — гэта нармальна?
  • Якія якасці павінен мець паспяховы валанцёр? Ці можна іх неяк развіваць?
  • Што рабіць, калі падчас узаемадзеяння з маленькім дзіцем, чалавекам з інваліднасцю ці пажылым чалавекам не ведаеш, як сябе паводзіць? А што будзе, калі штосьці сказаць ці зрабіць няправільна?
  • Ці можна адмовіцца ад удзелу ў канкрэтным мерапрыемстве, калі адчуваеш, што не хапае ведаў і навы-
    каў?
  • Каб некаму дапамагчы, ці абавязкова ўдзельнічаць у зборы грошай? Як пры гэтым не стаць ахвярай махляроў, якія прыкрываюцца дабрачыннасцю?
  • Якая ўзнагарода належыць за ўдзел у валанцёрстве? Валанцёрам будуць плаціць? Ці можна атрымаць адзнаку па прадмеце?
  • Як не выгараць эмацыянальна, займаючыся такой складанай і важнай справай на бязвыплатнай аснове?

Бачачы ў вопытных валанцёрах харыз­матычных і ўпэўненых лідараў, навучэнцы, яшчэ не ўцягнутыя ў добраахвотніцкі рух, часта не рашаюцца да яго далучыцца, паколькі не лічаць сябе здольнымі адпавядаць высокай планцы. Многія падлеткі саромеюцца задаць пытанні, якія іх цікавяць, падчас тэматычных мерапрыемстваў па прэзентацыі дзейнасці атрада, баяцца спрабаваць сябе ў грамадска значных ініцыятывах нават пад кіраўніцтвам вопытнага каардынатара. Таму такім важным з’яўляецца псіхалагічнае суправаджэнне пачынаючых валанцёраў, правядзенне вучэбных трэнінгаў і практычных заняткаў, прызначаных павысіць узровень камунікатыўнай і арганізатарскай кампетэнцый навучэнцаў, а таксама падрыхтаваць членаў атрада да самастойнага планавання і ажыццяўлення добраахвотніцкай дзейнасці.

Максім Леашкевіч, навучэнец 11 класа: “Пазнаёміўшыся з новымі калегамі ў пачатку гэтага навучальнага года і ўспомніўшы сябе (усхваляванага і няўпэўненага) на першай дабрачыннай акцыі, я захацеў іх падтрымаць і даць параду. Мне ж і самому яшчэ многаму трэба навучыцца, а правераную і карысную інфармацыю па тэме валанцёрства, як паказвае вопыт, не так ужо проста знайсці”.

У гэты момант у нас разам з вопытнымі валанцёрамі ўзнікла ідэя самім стварыць зборнік матэрыялаў па навучанні пачынаючых валанцёраў.

Арына Ахрымук, навучэнка 10 класа: “У першую чаргу мы хацелі разбурыць у навічкоў стэрэатыпы і паказаць, што да атрада можа далучыцца любы жадаючы, бо кожны чалавек у валанцёрскай суполцы знойдзе сабе занятак, які падыходзіць для яго ўзросту, магчымасцей, талентаў і асобасных якасцей”.

Аўтарскім калектывам праекта былі прааналізаваны цяжкасці, адзначаныя імі ў працэсе ўласнага станаўлення ў якасці валанцёраў (размеркаванне часу, падтрыманне матывацыі, карэктнае ўзаемадзеянне з людзьмі з інваліднасцю, эмацыянальнае выгаранне і г.д.), якія і леглі ў аснову зместу дапаможніка.

Валанцёры пастараліся вельмі адказна і нават навукова падысці да рэалізацыі сваёй ідэі. З дапамогай анкетавання высветлілі, пра што пачынаючыя валанцёры сапраўды хацелі б даведацца з дапаможніка. Сабралі самыя каштоўныя інсайты з асабістага вопыту, а кожную сваю параду падмацавалі доказнай базай з правераных крыніц. Перажывалі за даклад­насць фармулёвак: з аднаго боку, было важна выкарыстоўваць карэктныя тэрміны, а з іншага — гаварыць на адной мове з пачынаючымі валанцёрамі.

Ініцыятыву падтрымалі ўсе члены атрада, педагогі і адміністрацыя школы, паколькі ў старшакласнікаў з’явілася магчымасць яшчэ ў школьныя гады паўдзельнічаць у напісанні своеасаблівага падручніка, няхай і не выдадзенага афіцыйна. Працэс падрыхтоўкі матэрыялаў для дапаможніка стаў сапраўднай праверкай і тэарэтычных ведаў, і практычных навыкаў, якія школьнікі набылі за ўсё сваё жыццё.

Аляксандра Карпава, навучэнка 11 класа: “Жаданне ўкладваць свае сілы прыходзіць, калі бачыш, наколькі важныя вынікі прыносіць твая работа. Па-сапраўднаму акрыляюць смех дзяцей з сацыяльнага прытулку, мурканне бяздомнага ката, удзячныя вочы ветэрана ў праменях маршчын. Гэта само па сабе становіцца ўзнагародай, і тады не шукаеш яшчэ нейкай дадатковай выгады”.

Цяпер дапаможнік змяшчае шэсць глаў, у якіх школьнікі выклалі самую неабходную, на іх погляд, інфармацыю: выбар напрамку валанцёрства, асновы тайм-менеджменту, карэктнае ўзаемадзеянне з пажылымі людзьмі і людзьмі з інваліднасцю, папулярызацыя гуманістычных каштоўнасцей сярод аднагодкаў, практычныя рэкамендацыі па арганізацыі дабрачынных мерапрыемстваў.

Аўтарам пастаянна паступаюць прапановы ад аднагодкаў аб тым, якія яшчэ тэмы можна асвятліць, таму дапаможнік, хутчэй за ўсё, перажыве мноства перавыданняў. У працэсе напісання главы аб экалагічным валанцёрстве, зоаваланцёрстве, карэктным узаемадзеянні з людзьмі з расстройствам аўтыстычнага спектра.

Таксама я як кіраўнік атрада на працягу года ажыццяўляла работу над практычным асваеннем валанцёрамі матэрыялаў зборніка, праводзячы з імі вучэбныя трэнінгавыя заняткі, наведваючы базы валанцёрства, рэалізуючы паспяховыя дабрачынныя акцыі. Розныя метады і тэхналогіі прымяняліся падчас трэнінгавых заняткаў камбінавана: прэзентацыі, лекцыі, дыскусіі, кейс-стадзі, прайграванне роляў, элементы арт-тэрапіі, кансультацыі прыцягнутых спецыялістаў. Перавага аддавалася тым метадам, якія здольны стымуляваць актыўны ўдзел валанцёраў у навучанні, забяспеч­ваць зваротную сувязь, грунтуючыся на прыкладах з практыкі.

Наяўнасць пазітыўных асобасных змяненняў ва ўдзельнікаў валанцёрскага руху адсочвалася з дапамогай псіхадыягнастычных дыягностык, якія прад’яўляліся навучэнцам двойчы: на ўступных занятках пры вызначэнні мэт і задач дзейнасці атрада і ў канцы навучальнага года. Вынікі дыягностыкі сведчаць аб станоўчай дынаміцы развіцця камунікатыўных і арганізатарскіх здольнасцей старшакласнікаў у выніку прадастаўлення ім магчымасці праявіць ініцыятыву і самастойнасць у дзейнасці валанцёрскага аб’яднання. Для значнай часткі апытаных удзельнікаў валанцёрскай дзейнасці на гэты момант характэрны хуткая арыентацыя ў цяжкіх сітуацыях, нязмушанасць паводзін у новым калектыве. Пасля праходжання членамі валанцёрскага атрада тэарэтычных і трэнінгавых заняткаў, набыцця імі вопыту распрацоўкі і ўдзелу ў дабрачынных мерапрыемствах адзначана станоўчая дынаміка самаацэнкі і ўзроўню прэтэнзій.

Для значнай часткі валанцёрскага калектыву мінулы навучальны год апошні ў сценах школы. У іх думках зараз так шмат хваляванняў, страхаў, сумненняў і спа­дзяванняў на будучыню. І разам з тым — спакойная і ўпэўненая гордасць за тое, што яны пакінуць пасля сябе.

Вольга СТАСЮК,
педагог-псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі

сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава