З чаго пачынаецца якасць адукацыі? Лічу, што з якасці ўрока. А якасны ўрок можа падрыхтаваць і правесці толькі кампетэнтны настаўнік. Аднак, згадзіцеся, нельга распрацаваць “самы лепшы” ўрок: колькі настаўнікаў, столькі і ўрокаў. І ў кожнага ён будзе свой. Але паправіць, зрабіць іншым, лепшым можна любы ўрок, нават самы дасканалы. На гэта і накіравана метадычная работа — і самога настаўніка, і з настаўнікам.
Як арганізаваць метадычную работу найлепшым чынам, каб прафесійны кругагляд педагогаў пашыраўся, каб сумесная праца настаўнікаў давала найбольшы плён? На гэтае пытанне спрабуюць адказаць нашы аўтары — удзельнікі праекта “Педагагічная асамблея”.
Першым крокам да якасці метадычнай работы з’яўляецца выяўленне крытэрыяў, па якіх можна ацаніць выніковасць работы з настаўнікамі. Так, у цэнтры ўвагі А.У.Гелясінай — метадычная работа як аб’ект педагагічнай кваліталогіі і як мнагамерны феномен. Аўтар падкрэслівае неабходнасць комплекснага падыходу да ацэнкі якасці метадычнай работы, прыняцця пад увагу яе вынікаў, ходу і ўмоў. Крок другі — вызначэнне форм і метадаў мэтанакіраванай метадычнай работы. С.Р.Рачэўскі і І.Г.Матыцына разглядаюць такую эфектыўную форму арганізацыі работы з педкалектывам, як праблемны семінар. Па меркаванні аўтараў, семінар з’яўляецца дзейсным інструментам удасканалення прафесійнай культуры настаўніка і выпрацоўкі абгрунтаваных рашэнняў па праблемных пытаннях навучання і выхавання школьнікаў. У артыкулах іншых аўтараў вы знойдзеце апісанне методыкі правядзення педсавета ў форме сусветнага кафэ, паспрабуеце выступіць у ролі школьнікаў і ацаніць, наколькі эфектыўная такая форма ўзаемадзеяння, як квест. А яшчэ паспытаеце свае сілы ў распрацоўцы метадычных прадуктаў, накіраваных на развіццё ў дзяцей навыкаў функцыянальнага чытання. Як бачыце, цікавых ідэй у нашых аўтараў многа, і ўсе іх можна рэалізаваць. У наступных нумарах часопіса будуць друкавацца матэрыялы ў працяг гэтай тэмы. Далучайцеся і вы да нашага праекта — дасылайце свае распрацоўкі па арганізацыі метадычнай работы. Мы будзем разам удасканальваць школьныя ўрокі і разам ісці да якасці адукацыі.
Акунуцца ў атмасферу актыўнага супрацоўніцтва і азнаёміцца з эфектыўным вопытам работы запрашаюць педагогі сярэдняй школы № 31 Брэста ў межах нашага праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. У школе дзейнічаюць адзінае ў рэспубліцы ваенна-патрыятычнае аб’яднанне “Брэсцкі пагранічны ваенна-патрыятычны атрад” і мемарыяльны атрад, працуюць музей баявой славы і этнаграфічны куток “Спадчына”, рэалізуюцца разнастайныя выхаваўчыя праекты, наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва са шматлікімі рэспубліканскімі і гарадскімі сацыякультурнымі ўстановамі. Удзельнікі дзіцячай школьнай арганізацыі “Рэспубліка палымяных сэрцаў” з’яўляюцца ініцыятарамі дабрачынных акцый у дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, праводзяць шматгранную даследчую работу. Усе мерапрыемствы шостага школьнага дня праходзяць у рамках праекта “Школьная краіна — 31”. І гэта далёка не ўсе яркія справы, якімі захоплены і дзеці, і дарослыя. Так што запрашаем да карыснага чытання.
Тэме сям’і і сямейных каштоўнасцей прысвечаны чэрвеньскі выпуск інтэрактыўнага праекта “Бацькоўскі сход”. На жаль, некаторыя сучасныя падлеткі прытрымліваюцца, так бы мовіць, неканструктыўных поглядаў на сямейнае жыццё. Для гэтага, напэўна, ёсць глеба, на якой выспяваюць такія погляды: асабістыя назіранні за адносінамі паміж бацькамі, іх уменнем збалансаваць свае службовыя і сямейныя абавязкі, размовы за сямейным сталом, спосабы арганізацыі сямейнага вольнага часу або ўвогуле адсутнасць такой практыкі… Не ўсе бацькі могуць на ўласным прыкладзе прадэманстраваць надзейныя шляхі да сямейнага шчасця. Менавіта таму так важна сучаснай школе выпрацоўваць паслядоўную і прадукцыйную стратэгію ўзаемадзеяння з бацькамі навучэнцаў па падрыхтоўцы маладых людзей да сямейнага жыцця. Больш падрабязна — у матэрыялах нашых аўтараў.
З нагоды 100-годдзя часопіса “Народная асвета” мы працягваем рэтраспектыўны агляд артыкулаў. І новая падборка прысвечана пытанням развіцця педагагічнай культуры і прафесійнай чуйнасці. “Удасканальванне педагагічнай работы заўсёды было, ёсць і будзе справай актуальнай. Асабліва неабходна павысіць педагагічную культуру, вышэйшым выяўленнем якой з’яўляецца такт настаўніка”, — зазначае кандыдат педагагічных навук Н.Барысава ў артыкуле “Аб педагагічным уздзеянні на вучня” (1958 г.). Вельмі цікавыя назіранні аўтара за працай педагогаў, а таксама яго парады: калі настаўніку трэба “ўключаць” маўчанне, калі — гумар, а калі — нават гнеў. Самай жа галоўнай якасцю пры выбары меры ўздзеяння на вучня Н.Барысава лічыць педагагічную чуйнасць: “Чуйнасць неабходна педагогу ўсюды і заўсёды, адараваны ёю заўсёды мацней таго, у каго яна выяўляецца ў недастатковай меры, бо ён умее трапіць у цэль, напоўніць плённай работай кожны момант сваёй дзейнасці”. Працягвае рэтраспектыву артыкул А.Панамаровай (1950 г.) аб ролі метадычных устаноў і арганізацый (інстытутаў удасканалення настаўнікаў, педкабінетаў, метадычных куставых аб’яднанняў) у барацьбе за павышэнне пісьменнасці вучняў. Праводзячы паралель з сучаснасцю, зазначым: і сёння перад настаўнікамі востра стаіць пытанне павышэння ў вучняў функцыянальнай пісьменнасці. Аўтар прапануе спосабы дзейснай і карыснай праверкі работы настаўніка, разважае, якой павінна быць дапамога педагогу з боку метадычных устаноў і інспектараў: “Метадыст ці інспектар сваімі паводзінамі павінны ўнушаць давер’е к сабе, каб настаўнік адчуў, што ў іх няма і ценю злараднасці, жадання “злавіць”, паставіць у няёмкае становішча, падмеціць адны недахопы. Такт і пачуццё справядлівасці не павінны ніколі пакідаць асоб, якія правяраюць працу настаўніка. Не трэба рабіць хуткіх і мала абгрунтаваных вывадаў”. Шчыра прызнаюся, што гэтыя артыкулы я перачытала некалькі разоў, і мне вельмі цяжка было вызначыць у іх галоўныя думкі, бо ўсе думкі там — галоўныя. Зазначу, што артыкулы больш чым за 60 гадоў ніколькі не страцілі сваёй актуальнасці і вартыя асэнсавання сучаснымі настаўнікамі.
Паважаныя сябры! У чэрвені спаўняецца 100 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара “Народнай асветы”. Як вы маглі заўважыць, у гонар юбілею чэрвеньскі нумар 2024 года выходзіць у новай “вопратцы”. Мы спадзяёмся, што часопіс будзе запатрабаваны яшчэ шмат гадоў, што ён і далей будзе мець сваіх прыхільнікаў, а мы разам з вамі будзем назапашваць лепшы педагагічны вопыт лепшых педагогаў краіны!
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар