У сярэдняй школе № 18 Брэста ведаюць, як павысіць цікавасць падлеткаў да чытання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Друкаваныя кнігі суправаджаюць нас з дзяцінства, знаёмячы з казачнымі героямі, далёкімі краінамі і гістарычным мінулым, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Гладун. — Чытанне — гэта не толькі спосаб атрымання рознай інфармацыі і адукацыі, але і крыніца эстэтычнага задавальнення, форма зносін, забаў і сацыялізацыі. Сённяшнія школьнікі ўсё радзей звяртаюцца да кніг, аддаючы перавагу камп’ютарным гульням, сацыяльным сеткам. Гэта прыводзіць да сур’ёзных праблем, звязаных з канцэнтрацыяй увагі, кліпавым успрыманнем і мысленнем, зніжэннем кагнітыўных здольнасцей: паглыбленае аналітычнае мысленне падмяняецца павярхоўным праглядам электронных тэкстаў. А калі яшчэ і ў сям’і ніхто і нічога не чытае, то дзеці тым больш не будуць гэтага рабіць, нягледзячы на вялікую колькасць кніг у магазінах.
Па выніках міжнароднага параўнальнага даследавання PISA-2018, Беларусь па чытацкай адукаванасці знаходзіцца на 35—36 пазіцыі ў сусветным рэйтынгу сярод 79 краін. Можа, дарэмна хвалюемся? Святлана Гладун так не лічыць.
— Мы назіраем сістэмны крызіс чытацкай культуры: некаторыя людзі ўвогуле не бяруць у рукі кнігі, страчваюцца традыцыі сямейнага чытання, зніжаецца цікавасць да друкаванай прэсы і чытацкія густы, прымітывізуецца маўленне, павялічваецца колькасць англамоўных слоў у ім, — тлумачыць педагог. — Большасць вучняў не чытае ні кніг, ні газет, ні часопісаў. Такая сітуацыя патрабуе стварэння ва ўстановах адукацыі чытацкага асяроддзя, якое дапамагала б фарміраваць адпаведныя інтарэсы і патрэбы.
У школе рэалізавалі праект “Час чытаць”. Ён дазволіў не толькі выявіць чытацкія густы дзяцей і ўзровень іх агульнай чытацкай культуры, але і падштурхнуць да чытання.
— Праект рэалізоўваўся ў некалькі этапаў, — працягвае Святлана Гладун. — Падчас першага вывучалася навуковая літаратура па гісторыі ўзнікнення і развіцця кнігі, абгрунтоўвалася неабходнасць чытання з навуковых пазіцый, аналізаваліся даныя сучасных даследаванняў, звязаных з чытацкімі праблемамі. Так, з псіхалагічнага пункту гледжання чытанне развівае шэраг важных якасцей, у тым ліку ўяўленне, якое з’яўляецца важным фактарам інтуітыўных адкрыццяў і істотна ўплывае на псіхічнае здароўе чалавека. Як правіла, начытаныя людзі больш упэўненыя ў сабе і эрудзіраваныя, умеюць абазначаць і аргументаваць уласныя меркаванні ў дыскусіях. Акрамя таго, чытанне адыгрывае важную ролю ў павышэнні канцэнтрацыі ўвагі, развіцці памяці і мыслення, пашырэнні кругагляду і слоўнікавага запасу.
На другім (практычным) этапе праводзілася анкетаванне сярод 100 вучняў 9—11 класаў. Гэтая ўзроставая катэгорыя выбрана наўмысна з-за пэўных псіхалагічных асаблівасцей. На трэцім этапе былі прааналізаваны атрыманыя вынікі, падрыхтаваны рэкамендацыі і сфармуляваны высновы, якія маюць практычную значнасць для далейшай работы па асвеце вучняў, класных кіраўнікоў і бацькоў.
— Анкетаванне паказала, што большасць школьнікаў усё ж такі чытае кнігі (87 чалавек супраць 13), — расказвае Святлана Гладун. — Толькі 10 вучняў назвалі ў якасці прычыны нежадання чытаць сум. Астатнія спаслаліся на недахоп часу, выкліканы ўрокамі ці іншымі, больш цікавымі заняткамі. 59 дзяцей прызналіся, што ім падабаецца чытаць, 30 чытаюць таму, што гэта прадугледжана вучэбнай праграмай, 3 хочуць здавацца разумнымі, а 8 прымушаюць бацькі. У чытанні школьнікі аддаюць перавагу фантастыцы, дэтэктывам, прыгодам, містыцы і любоўным раманам. Цікавасць да рэалістычнай і сямейна-бытавой літаратуры невысокая. Некаторыя назвалі ў якасці любімых антыўтопіі, трылеры, фанфікі, манга, коміксы, анімэ і інтэрнэт-мемы. Віртуальны свет больш прыцягальны для падлеткаў, чым рэальны. І гэта нядзіўна, бо многія з іх лічаць класічныя творы нямоднымі і нецікавымі для вывучэння на ўроках, прапануючы ўключыць у курс сучасных аўтараў.
Калі ж гаварыць пра частату чытання, то палова вучняў чытае толькі раз у тыдзень, 26% — некалькі разоў у тыдзень, а 5% увогуле раз у год. Анкетаванне паказала, што ва ўзятай узроставай катэгорыі назіраецца няўхільнае зніжэнне чытацкіх інтарэсаў. 64% чытаюць кнігі ў друкаваным выглядзе, астатнія — у электронным. Пра сучаснае жыццё і равеснікаў школьнікі шукаюць інфармацыю найперш у інтэрнэце і сярод знаёмых.
— На жаль, больш за палову вучняў лічаць, што быць паспяховым у жыцці можна і без кніг, але многія згодны: неабходна абавязкова павышаць прэстыж друкаванай кнігі рознымі спосабамі, — заўважае Святлана Гладун. — Адна з цікавых форм работы — літаратурныя гадзіны. Здаецца, што ў іх незвычайнага, чым яны могуць здзівіць і ўразіць сучасных вучняў? Аказваецца, могуць! Так, дзеці прыдумалі арыгінальны спосаб, як прыцягнуць увагу і нагадаць іншым, што надышоў час перачытаць любімую кнігу.
Гэта імправізаваны гадзіннік, дзе лічбы замяняюць вокладкі кніг, у назвах якіх сустракаюцца лічбы ад 1 да 12. Напрыклад: 12 — “Дванаццаць крэслаў” І.Ільфа і Я.Пятрова, 3 — “Тры мушкецёры” А.Дзюма, 4 — “Чацвёртая вышыня” А.Ільіной, 5 — “Пяць тыдняў на паветраным шары” Ж.Верна, 6 — “Дзівак з 6 “Б” У.Жалезнікава, 7 — “Сем падземных каралёў” А.Волкава…
Але гэтым цікавая задума не абмяжоўваецца. Да кожнай кнігі складзены заданні ў залежнасці ад класа. Так, пры вывучэнні п’есы “Дванаццаць месяцаў” С.Маршака дзецям прапаноўваецца ўрок-квест, а па выніках прачытання кнігі “Дзівак з 6 “Б” — літаратурны турнір. А вось пасля прачытання кнігі “Пяць тыдняў на паветраным шары” быў распрацаваны ўрок-падарожжа па маршруце галоўных герояў і створаны буктрэйлер.
— У рамках праекта з’явілася цэлая база кніг, у назвах якіх ёсць словы ці выразы, якія абазначаюць лічбы гадзінніка, вывучаны чытацкія інтарэсы вучняў 5—11 класаў, створана “залатая палічка” кніг (базавыя і варыятыўныя чытацкія спісы сучаснай літаратуры для ўсіх узроставых груп) і праведзены бацькоўскі сход на тэму “Як прывіць дзецям любоў да чытання і патрэбу ў ім” з паказам літаратурных гадзін, — гаворыць Святлана Гладун. — Праект паказаў, што маладыя чытачы ідуць у нагу з часам, яны мабільныя і пастаянна вучацца чамусьці новаму. На жаль, многія ўжо не маюць маральнага ідэалу, як папярэднікі, але сучасны чытач упэўнены: добрая паспяховасць і пісьменнасць дапамогуць паступіць у прэстыжны ўніверсітэт і атрымаць любімую прафесію. Для вольнага часу многія выбіраюць інтэрнэт і зносіны з сябрамі, але цалкам развітвацца з кнігай на збіраюцца. У такой сітуацыі многае залежыць ад творчых педагогаў, іх здольнасці зацікавіць і захапіць.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота на прэўю pixabay.com