Сёння фарміраванне ў навучэнцаў гістарычнай памяці з’яўляецца адной з важнейшых задач, якія стаяць перад установамі адукацыі. У 2024 г. наш народ адзначае 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для маладога пакалення падзеі тых страшных часоў – далёкае мінулае, таму настаўніку пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай тэме, неабходна звяртаць увагу на эмацыянальны кампанент: толькі ўнутранае перажыванне трагедыі Вялікай Айчыннай вайны дапаможа дзецям адчуць гонар за свой народ і назаўсёды захаваць у памяці імёны герояў.
Прапануем вашей увазе інтэлектуальна-пазнавальную гульню «Вялікаму подзвігу прысвячаецца» для вучняў 9–11 класаў.
Мэты гульні: развіццё ў школьнікаў пазнавальнай цікавасці і фарміраванне павагі да гераічнага мінулага нашай краіны.
Задачы:
- матываваць школьнікаў да чытання дадатковай літаратуры па дадзенай тэме;
- далучаць навучэнцаў да вывучэння гісторыі сваёй Радзімы;
- фарміраваць у дзяцей навыкі работы ў камандзе.
Абсталяванне: выстава кніг пра вайну і вучнёўскіх малюнкаў, прысвечаных Дню Перамогі.
Ход гульні
I. Падрыхтоўчы этап
Правядзенню гэтага мерапрыемства павінна папярэднічаць падрыхтоўчая работа. Старшакласнікі знаёмяцца з краязнаўчай літаратурай, кнігай «Памяць», гістарычнымі даведнікамі.
II. Арганізацыйна-матывацыйны этап
Вядучы вітае ўдзельнікаў, паведамляе, што гульня будзе прысвечана подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і прапануе ў якасці эпіграфа да мерапрыемства радкі з верша Анатоля Вярцінскага «Я перад вамi з памяццю сваёй…»:
Я вас прашу, не зведаў хто вайны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй –
Каб потым ёй не зарасці травой.
III. Асноўны этап
Вядучы знаёміць школьнікаў з правіламі гульні.
Правілы. У гульні ўдзельнічаюць тры каманды. Кожная каманда па чарзе выбірае сектар і пытанне. Калі каманда не здолее адказаць на пытанне ці няправільна выканае заданне, балы залічваюцца той камандзе, якая першай дасць правільны адказ.
Сектар «Дарогамі вайны»
10 балаў. Якую кодавую назву мела летняя стратэгічная наступальная аперацыя Чырвонай Арміі па вызваленні Беларусі? («Баграціён».)
20 балаў. Што сімвалізуюць чатыры штыкі-абеліскі на Кургане Славы? (Чатыры франты – удзельнікі вызвалення Беларусі.)
30 балаў. 3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень у 1944 годзе горад Мінск быў поўнасцю вызвалены ад ворага. 28 ліпеня таксама стаў знамянальным у гісторыі беларускага народа. Што адбылося 28 ліпеня 1944 года? (Штурмам быў узяты горад Брэст. Гэтай падзеяй завяршылася выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі.)
40 балаў. Васіль Захаравіч Корж арганізаваў і ўзначаліў адзін з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў. Дзе і калі адбыўся першы партызанскі бой? (28 чэрвеня 1941 года на трасе Лагішын – Пінск.)
50 балаў. Як называлася адна з найбуйнейшых аперацый партызан па масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага? («Рэйкавая вайна».)
Сектар «Салдаты Перамогі»
10 балаў. Як звалі воіна-беларуса, які ў баі закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота? Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Жодзіне, Полацку, Слуцку, Вілейцы. Яшчэ чатыры яго браты загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. (Пётр Іванавіч Купрыянаў.)
20 балаў. З лістапада 1941 года ён камандаваў кавалерыйскім корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вялікую ўзнагароду. Пра якога Героя Савецкага Саюза ідзе гаворка? (Леў Міхайлавіч Даватар.)
30 балаў. Удзельнік партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Галоўны герой аповесці Якуба Коласа «Дрыгва». У 1941 годзе яму было 97 гадоў. Аднойчы быў арыштаваны гітлераўцамі за сувязь з партызанамі, але хутка вызвалены. Інсцэніраваў сваю смерць і адправіўся ў партызанскі атрад. У студзені 1943 года з дапамогай партызан перапраўлены ў Маскву. Выступаў перад працоўнымі, салдатамі, якія адпраўляліся на фронт. Яго лістоўкі з заклікамі да барацьбы з ворагам распаўсюджваліся на акупіраванай тэрыторыі. Пра якога вядомага партызана ідзе гаворка? (Васіль Ісакавіч Талаш.)
40 балаў. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Віцебшчыне. Партызанскі псеўданім – Бацька Мінай. Немцы, каб адпомсціць яму, узялі ў заложнікі, а затым расстралялі чатырох яго дзяцей, сястру і маці жонкі. Якое імя, імя па бацьку і прозвішча было ў партызанскага камандзіра? (Мінай Піліпавіч Шмыроў.)
50 балаў. Хто з маршалаў Савецкага Саюза з’яўляўся камандуючым Першым Беларускім фронтам і ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён»? (Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі.)
Сектар «Літаратура і мастацтва»
10 балаў. 7 верасня 1941 года Савінфармбюро апублікавала паведамленне, у якім адзначалася: «У адным калгасе недалёка ад Жлобіна германскія афіцэры перабілі сям’ю рахункавода калгаса Тышкевіча. З усёй сям’і застаўся ў жывых толькі старэйшы чатырнаццацігадовы сын Саша, якога не было ў гэты час дома. Праз некалькі дзён фашысты занялі Жлобін. Саша дастаў ручную гранату, выйшаў на вуліцу. Калі паказалася вялікая штабная машына, у якой сядзела некалькі афіцэраў, хлопчык падбег і кінуў у машыну гранату. Выбухам былі знішчаны ўсе германскія афіцэры. Сам Саша быў забіты асколкам гранаты». Гэтае паведамленне натхніла Міхася Лынькова на стварэнне апавядання. Як называецца апавяданне? («Васількі».)
20 балаў. У 1943 годзе на Тэгеранскай канферэнцыі па прапанове Іосіфа Сталіна экспанавалася карціна Аркадзя Пластова. Работа мастака дэманстравала горкі боль бязвіннай страты, жорсткасць і бяздушнасць вайны, прымушала зразумець, чаму савецкія людзі не шкадавалі сябе на фронце і ў тыле. Лічыцца, што карціна зрабіла такое ўражанне на Уінстана Чэрчыля і Франкліна Рузвельта, што стала адным з аргументаў, які паўплываў на адкрыццё другога фронту. Як называлася карціна? («Фашыст праляцеў».)
30 балаў. Міхаіл Пташук – вядомы беларускі рэжысёр. У яго фільмаграфіі ёсць ваенныя карціны «Час выбраў нас», «Вазьму твой боль», «У жніўні 44-га…» і інш. Але сам рэжысёр сваёй лепшай работай лічыў фільм, зняты па аповесці Васіля Быкава. Міхаіл Пташук прачытаў твор і адразу зразумеў, што можа, нарэшце, перадаць той боль, які не даваў яму спакою з дзяцінства. Як называецца аповесць, па якой у 1986 годзе рэжысёр зняў свой самы вядомы фільм? («Знак бяды».)
40 балаў. Міхаіл Савіцкі – вядомы мастак, патрыёт сваёй краіны, чалавек з адкрытым сэрцам і складаным лёсам. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён служыў у Чырвонай Арміі. Змагаўся з ворагам да ліпеня 1942 года, затым трапіў у палон, прайшоў усе колы пекла ў канцлагерах Дзюсельдорф, Бухенвальд і Дахау. Здавалася, выжыць пасля такіх пакут было немагчыма. За няўдалыя спробы ўцёкаў яго неаднойчы хацелі расстраляць. Аднак ён выжыў, напэўна, для таго, каб як мага больш людзей даведалася аб злачынствах, якія ўчынілі фашысты. У 1974 годзе мастак пачынае працу над серыяй карцін, якія раскрываюць жудаснае аблічча фашызму і адначасова сцвярджаюць бессмяротнасць няскоранага чалавека. За амаль 13 гадоў ім было напісана 16 работ. Як называецца знакаміты цыкл карцін, у якім мастак расказаў пра тыя жахі, якія перажывалі ваеннапалонныя ў нямецкіх канцлагерах? («Лічбы на сэрцы».)
50 балаў. Філасофскае пытанне «Навошта памятаць пра смерць?» можна суаднесці з апавяданнем Янкі Брыля пра вайну. Назавіце гэты твор. Які факт пакладзены ў яго аснову? («Memento mori». У аснове твора – рэальныя падзеі, што адбыліся на Скідзельшчыне, гісторыя вёскі Пузавічы, якая была спалена разам з жыхарамі. Прататыпам печніка, героя апавядання, з’яўляецца сябар пісьменніка Даніла Скварнюк. Помсцячы насельніцтву за дзейнасць партызан, немцы вырашылі спаліць разам з жыхарамі родную вёску Данілы Пузевічы. Сярод натоўпу нямецкі афіцэр, што камандаваў карнай акцыяй, пазнаў чалавека, які зрабіў яму добрую печ. Даніла хацеў выратаваць сваю сям’ю, аднавяскоўцаў, але гэта яму не ўдалося, і ён згарэў разам з іншымі.)
Сектар «Піянеры-героі»
10 балаў. У 1957 годзе кінарэжысёр Эдуард Бачароў зняў фільм «Арлёнак». Назавіце імёны і прозвішчы юных герояў, якім быў прысвечаны гэты фільм. (Марат Казей, Валянцін Коцік.)
20 балаў. Ціхан Баран, звычайны сялянскі дванаццацігадовы хлопчык, стаў героем і паказаў фашыстам, што нават дзеці ў нашай краіне ўмеюць змагацца. Які подзвіг здзейсніў юны піянер-герой? (Ціхан Баран у гады вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Хлопчык быў сувязным партызанскага атрада і добра ведаў усе сцяжынкі ў лесе. Ён адвёў немцаў не ў партызанскі атрад, а ў непралазнае балота. Адзін з нямецкіх афіцэраў здагадаўся, што яны апынуліся ў западні, і застрэліў Ціхана. Але фашысты выбрацца з балота не змаглі – нямецкі атрад загінуў. Выратаваўся толькі адзін немец, які апынуўся ў палоне і расказаў пра подзвіг беларускага хлопчыка.)
30 балаў. У фільме «Брэсцкая крэпасць» (рэж. Аляксандр Котт) прататыпам трубача Сашы Акімава стаў Пеця Клыпа. Пеця – адзін з першых юных герояў Вялікай Айчыннай вайны. Хадзіў у разведку, быў сувязным, знайшоў склад боепрыпасаў, дапамагаў параненым, жанчынам, дзецям. Не раз Пеця прарываўся да ракі і прыносіў ваду. Як называлі ўдзельнікі абароны Брэсцкай крэпасці адважнага хлапчука? (Гаўрош Брэсцкай крэпасці.)
40 балаў. Мікалай Гойшык – бясстрашны падрыўнік партызанскай брыгады імя Дзяржынскага. Мужны юнак змагаўся супраць фашысцкіх акупантаў. Многа баявых аперацый на рахунку падлетка. Колькі варожых эшалонаў з тэхнікай і фашыстамі пусціў пад адкос юны герой? (8 эшалонаў.)
50 балаў. 12 сакавіка 1971 года са старонак рэспубліканскай газеты «Зорка» прагучаў заклік сабраць сыноў палка, партызан-разведчыкаў, падпольшчыкаў, юнг разам і аб’яднаць у «Батальён беларускіх арлянят». Пошукі былі паспяховымі – маленькіх байцоў налічвалася каля 800 чалавек, многія былі залічаны пасмяротна. 10 чалавек з «арлянят» дайшлі да Берліна, 4 байцы былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Каму з піянераў-герояў, ураджэнцаў Беларусі, было прысуджана званне Героя Савецкага Саюза? (Марат Казей і Барыс Царыкаў.)
Сектар «Мемарыяльныя комплексы»
10 балаў. Першымі, хто прыняў удар перадавых часцей германскага вермахта, былі пагранічнікі. Яны змагаліся самааддана. У якім горадзе 22 чэрвеня 2004 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адкрыў мемарыяльны комплекс у гонар воінаў Беларускай пагранічнай акругі? (Гродна.)
20 балаў. 28 чэрвеня 2007 года падчас адкрыцця мемарыяла «Помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» (яго яшчэ называюць «дзіцячай Хатынню») на кожнай парце незвычайнага «мёртвага класа» была запалена свечка і ўскладзены букет, а белыя паветраныя шары, выпушчаныя ў неба, сталі сімваламі дзіцячых душ. Дзе знаходзіцца гэты мемарыяльны комплекс? (Вёска Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.)
30 балаў. У кожнага народа ёсць месца нацыянальнага пакланення. У беларусаў гэта Хатынь. Назва невялікай вёскі стала сімвалам трагедыі ўсяго беларускага народа. Мемарыял – месца памінання жыхароў усіх вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні. Хто быў ініцыятарам стварэння мемарыяльнага комплексу «Хатынь»? (Першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Пётр Міронавіч Машэраў.)
40 балаў. Мемарыяльны комплекс «Партызанам Палесся» быў адкрыты 28 чэрвеня 2002 года ў Пінску. На пастаменце застыла шматфігурная бронзавая кампазіцыя. Партызаны ўвасабляюць увесь беларускі народ, які ўзняўся на абарону роднай зямлі. «Партызанская мадонна» прыціскае да сябе дзіця, аберагае яго. Сімвалам чаго з’яўляецца расколаты дуб з разбураным гняздом бусла? (Разбуранай роднай хаты і мірнага жыцця.)
50 балаў. 2 ліпеня 2014 года напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ў Мінску ў новым будынку на праспекце Пераможцаў прыняла першых наведвальнікаў экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У дзесяці прасторных залах прадстаўлена звыш 8 тысяч музейных экспанатаў і экспазіцыйных матэрыялаў. Якім музейным калекцыям нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «1»? («Партызанскія рукапісныя часопісы», «Самаробная партызанская зброя».)
IV. Заключны этап
Вядучы прапануе навучэнцам падзяліцца ўражаннямі, выказаць свае меркаванні аб тым, што для іх было значна і карысна. Падводзяцца вынікі гульні, узнагароджваюцца пераможцы.
ЛІТАРАТУРА
- Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны) [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://adu.by/images/2022/11/VOV-metodichka.pdf. – Дата доступа: 17.09.2023.
- Радзіон, А. В. Беларуская літаратура ў гады Вялікай Айчыннай вайны / А. В. Радзіон // Беларуская мова і літаратура. – 2013. – № 11. – С. 43–48.
- Юные герои Великой Отечественной войны: для сред. шк. возраста / сост. Д. В. Кошевар. – Минск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2012. – 20 с.