“Самае цікавае — назіраць, як мяняюцца дзеці. Перакананы, пасля нашых прыгод яны справяцца з любымі цяжкасцямі ў жыцці”. У чым непаўторнасць велапаходаў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў настаўнік тэхнічнай працы Друйскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна Міхаіл Ставіцкі.
Друйская флатылія і “Браслаўская вясёлка”
Гэта сёння Міхаіл Тадэвушавіч — заўзяты аматар велапаходаў, аднак так было не заўсёды.
— У 90-х гадах разам з вучнямі сваімі сіламі змайстравалі дзве яхты. Гэта былі ветразевыя катамараны. Сам пашыў ветразі, таму што ў тыя часы купіць іх было не так проста. Нават прыдатнага герметыку не было, каб закрыць шчыліны ў карпусах, таму пакрывалі іх слаямі фарбы. Гадоў пяць запар кожнае лета хадзілі па Браслаўскіх азёрах. Не паверыце, усе наведаць не атрымалася — так іх шмат. Кожная яхта была разлічана на чатыры чалавекі, на іх плылі школьнікі, а я разам з калегам і яшчэ двума вучнямі — на звычайнай пластыкавай лодцы. Гэта быў непаўторны вопыт. Нават траплялі ў шторм, калі перад навальніцай хвалі на возеры ўздымаліся амаль на метр. Памятаю, да нас ужо ехалі ратавальнікі, але мы самі справіліся, — дзеліцца ўспамінамі настаўнік.
Сам ён нарадзіўся і вырас у Друі, тут скончыў школу і пасля атрымання вышэйшай адукацыі вярнуўся на малую радзіму. Працуе больш за трыццаць гадоў і пры гэтым знаходзіў час і натхненне на тое, каб кіраваць шматлікімі гурткамі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Браславе — авіямадэльным, судамадэльным, камп’ютарнай графікі, лепкі з гліны…
— Гадоў 20 разам з жонкай, якая мае адукацыю настаўніка-мастака і ўсё жыццё таксама працуе з дзецьмі, мы праводзілі мастацкі лагер на турыстычны манер. Ставілі палаткі ў адным месцы, а самі адпраўляліся па розных маршрутах, каб маляваць на прыродзе. І так на працягу дзевяці дзён. Школьнікам гэта вельмі падабалася, сярод іх была нават канкурэнцыя, каб да нас далучыцца. Называўся наш лагер-пленэр “Браслаўская вясёлка”. Мы не толькі малявалі, а яшчэ рабілі скульптуры з падручных прыродных матэрыялаў — з пяску, каменьчыкаў, галінак, кветак. Хацелася зрабіць адпачынак дзяцей незабыўным. Асабліва вясёлым атрымліваўся дзень першабытнай культуры, калі я ператвараўся ў правадыра першабытнага племені, іншыя педагогі рабілі сабе ўпрыгажэнні з папараці. Раніцай здабывалі агонь, вучыліся карыстацца сонечным гадзіннікам, праводзілі першабытныя конкурсы — кіданне яйка на адлегласць, лоўля лялечных чарапах. Забаўлялі і развівалі дзяцей як маглі, — з усмешкай расказвае Міхаіл Тадэвушавіч.
У свой першы велапаход з дзецьмі ён адправіўся яшчэ ў 1993 годзе. Тры дні яны вандравалі ў наваколлях Браслаўскіх азёр, праехалі 130 км. Адправілася тады ў падарожжа і жонка.
— Любоў да вандровак аб’ядноўвае нашу сям’ю. Мяне падтрымлівае не толькі жонка, але і дачка са сваім мужам. У кожнага ёсць веласіпед і ўся неабходная паходная амуніцыя. Летась да нас далучыўся і ўнук, якому было ўсяго два з паловай гады. Сам я апрабаваў розныя віды турызму: у пешы паход адпраўляўся нават адзін, сплаўляўся па горных рэках у Карпатах, узыходзіў на горы на дзве тысячы метраў. Але ж велапаходы мне падабаюцца больш за ўсё. Праўда, не так даўно набылі сабе невялікую байдарку. З жонкай сплаўляліся на ёй ужо некалькі разоў па нашай рацэ Друйка. Яе даўжыня 52 км. Спачатку яна шырокая, гладкая, а потым нагадвае горную — сустракаюцца і перакаты, і завалы, і камяні. Яна другая па складанасці пасля Страчы. Цікава, што кожны год Друйка розная, і неабходна штораз прыстасоўвацца да яе, — заўважае настаўнік.
Яго захапленне паходамі перадаецца і вучням. Яго выпускнік Аляксандр Вайткевіч, які з 7 класа адпраўляўся з педагогам у падарожжы, зараз вядзе свой канал на YouTube “Новы маршрут”. Выпускнік Міхаіл Героеў, які стаў урачом, з сябрам змайстраваў катамаран.
Жужа і яе кампанія
Сёння ў Друйскай школе стала добрай традыцыяй арганізоўваць перасовачны палатачны лагер, які фактычна з’яўляецца дзевяцідзённым велапаходам па родных мясцінах.
— Знайшоў яшчэ трох аднадумцаў сярод педагогаў нашай установы адукацыі — настаўніцу інфарматыкі, географа і гісторыка. Усім нам ужо за 50 (мне 57), але ж гэта проста лічбы. (Усміхаецца.) Бяром з сабой дзесяць вучняў. Гэта і ёсць наша каманда “Трынаццаць плюс”. Чаму такая назва? Усё проста. Школьнікі і тры настаўнікі, у тым ліку і я, вандруюць на веласіпедах, а за імі за рулём аўтамабіля едзе чацвёрты педагог. Жужа, так мы называем машыну, перавозіць усё самае цяжкае — палаткі, прылады для вогнішча, ваду, посуд, ежу. Гэта дае магчымасць дзецям везці толькі ўласныя рэчы і спальнікі, — тлумачыць Міхаіл Тадэвушавіч.
Яго ролю ў такіх паходах пераацаніць цяжка. Настаўнік штогод распрацоўвае займальныя маршруты. Ён выдатна ведае гісторыю роднага краю, доўгі час займаўся стварэннем і кіраўніцтвам школьнага музея. Таксама адказвае за бяспеку дзяцей, рамонт веласіпедаў, з’яўляецца інструктарам па турызме. Асаблівую ўвагу ўдзяляе падрыхтоўчаму этапу.
— Абавязкова раблю пробны заезд па маршруце. Гэта неабходна для таго, каб даведацца, дзе можна знайсці месца для начлегу, пратэсціраваць якасць і бяспечнасць дарог, азнаёміцца з перашкодамі, ацаніць, ці здолеюць з імі справіцца дзеці. Для мяне пробны заезд — магчымасць выпрабаваць сябе. Дзякуючы яму, удалося паставіць уласны рэкорд: праехаў за дзень 260 км — ад Браслава да Блакітных азёр у Мядзельскім раёне, паабедаў і назад, — расказвае Міхаіл Ставіцкі.
Склад каманды абнаўляецца штогод: адны дзеці выпускаюцца са школы, далучаюцца новыя. Сёлета навічкоў будзе каля 30 працэнтаў. Перад паходам настаўнік абавязкова збірае вучняў на трэніроўкі, каб яны прывыкалі да фізічнай нагрузкі: на веласіпедах катаюцца вакол пасёлка, паступова пераадольваюць 40 км.
Самую вялікую па працягласці вандроўку каманда “Трынаццаць плюс” ажыццявіла ў мінулым годзе — 302 км на веласіпедах і 15 — пешшу. У сярэднім па 30—45 км кожны дзень.
— Праехалі чатыры раёны — Браслаўскі, Міёрскі, Шаркаўшчынскі і Глубоцкі. І ўсюды нас чакалі новыя цікавыя месцы і людзі. Наведалі сядзібу Мілашаў, касцёл у Германовічах, ездзілі да самага глыбокага возера краіны — Доўгага, убачылі вадаспад на рацэ Вята і выдатны помнік прыроды — крыніцу святога Яна Хрысціцеля, у Зябках пабывалі на старым чатырохпавярховым млыне, праехалі вакол возера Шо, гісторыя якога багатая на легенды і паданні. Усяго не пералічыць. Аднак самае вялікае ўражанне пакінула ў дзяцей пячора, у якую ім прыйшлося запаўзаць, — канстатуе настаўнік.
Не адзін раз Міхаіл Тадэвушавіч вадзіў дзяцей у падарожжа па балоце Ельня. Гэтыя мясціны ён добра ведае і лічыць іх унікальнымі:
— Атмасфера там асаблівая, ні з чым не параўнальная. Там такая цішыня! Мы спецыяльна робім мінуту цішыні, каб паслухаць гукі. Але ж іх няма. І мабільнікі на балоце не працуюць. Ёсць задума на наступны год прайсці з групай праз балота ўпоперак — гэта 16 км без цвёрдай зямлі пад нагамі. Дзве экасцежкі, якія створаны для падарожнікаў, мы ўжо праходзілі шматразова.
13 жніўня каманда адправіцца ў чарговы дзевяцідзённы паход. Педагогі і вучні паедуць ляснымі і палявымі дарогамі на поўнач Беларусі — у Верхнядзвінскі раён. Запланавалі наведаць другое па велічыні возера краіны — Асвейскае, а на ім самы вялікі востраў Ду. Яго плошча складае пяць квадратных кіламетраў. Гэта больш чым тэрыторыя Брэсцкай крэпасці.
Сам сабе рэжысёр
Ёсць яшчэ адно захапленне ў настаўніка: падчас паходаў ён актыўна вядзе відэаздымку ўсіх падзей. Прычым адну камеру трымае ў руцэ, а другую прымацоўвае на галаве. Удзельнікі падарожжа таксама шмат здымаюць. У выніку атрымліваецца цікавы матэрыял, на аснове якога педагог стварае відэафільмы.
— У нас ёсць канал на YouTube “Абдымаючы сонца”, дзе можна ўбачыць нашы справаздачы. Мне гэта цікава, таму і часу не шкада на стварэнне фільмаў. На пяцімінутны ролік, бывае, затрачваю некалькі дзён. Але ж гэта для душы, каб потым зімой разам з дзецьмі пераглядаць і ўспамінаць нашы прыгоды, вяртацца ў незабыўныя летнія паходныя дні, — падкрэслівае Міхаіл Тадэвушавіч.
Пры гэтым яго фільмы не застаюцца без увагі на розных конкурсах. Так, у 2020 годзе справаздача друйскіх
вандроўнікаў была адзначана дыпломам ІІІ ступені на Віцебскім абласным конкурсе “Маршрутамі пераможцаў”, праз два гады — дыпломам І ступені на абласным конкурсе “Вандруйце разам з намі!”. І летась была перамога на рэспубліканскім узроўні: яны атрымалі дыплом І ступені.
У велапаходы з Міхаілам Тадэвушавічам звычайна адпраўляюцца вучні старшых класаў — і хлопчыкі, і дзяў-
чынкі.
— У мінулым годзе ўзялі з сабой пяцікласніка. Хваляваўся за яго: ці хопіць сіл? А ён аказаўся нібы робат з новай батарэйкай. Праязджаў з лёгкасцю 40 км на сваім маленькім веласіпедзе, потым дапамагаў дровы збіраць, песні спяваў. Такі няўрымслівы хлопец, усе на яго раўняліся, — смяецца настаўнік і дадае: — Для мяне самае цікавае ў паходзе назіраць, як мяняюцца дзеці. У першы дзень кожны сам па сабе, ноччу спаць не хочуць, а ў канцы паходу іх не пазнаць. Разважаюць зусім як дарослыя, калі раніцай апошняга паходнага дня робім аналіз, дзелімся, што спадабалася, над чым трэба яшчэ папрацаваць, якія памылкі дапусцілі, чаму навучыліся. Прызнаюся, я спакойны за будучыню гэтых дзяцей. Яны не прападуць, змогуць справіцца з жыццёвымі выпрабаваннямі. І якраз дзеля гэтага варта праводзіць з імі час, — перакананы Міхаіл Ставіцкі.
Ежай удзельнікаў вандровак забяспечвае школа. Прадукты харчавання на першыя тры-чатыры дні загружаюцца ў Жужу, а потым дастаўляюцца на астатнія дні. Дзеці таксама маюць магчымаць купляць на ўласныя грошы пячэнне, сок у магазінах, якія трапляюцца па дарозе. Але ж нішто не параўнаецца з паходнай кашай, згатаванай на вогнішчы, хоць дома некаторыя зусім не ядуць грэчку ці ячныя крупы, а ў паходзе іх смак, відаць, асаблівы.
Марына ЖДАНАВА