Сёлета ў БДПУ на першы курс залічаны 272 выпускнікі педкласаў, што на 14% больш, чым летась

- 10:03Актуально

Асаблівасці функцыянавання профільных класаў прафесійнай накіраванасці абмеркавалі на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Класы прафесійнай накіраванасці адкрываюцца ў нашай краіне па найбольш запатрабаваных эканомікай прафесіях. У 2023/2024 навучальным годзе ў 1574 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянавалі 2212 класаў (груп) педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, інжынернай і чыгуначнай накіраванасці, у якіх вучылася звыш 20 тысяч чалавек.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец звярнуў увагу на неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы такіх класаў:

— Для выпускнікоў профільных класаў прафесійнай накіраванасці мы пашырылі траекторыю паступлення ва УВА без іспытаў. У сувязі з гэтым важна звярнуць увагу на выніковасць уступнай кампаніі і выкананне плана набору ў профільныя УВА на адпаведныя спецыяльнасці. За кожнай школай, дзе адкрыты клас прафесійнай накіраванасці, неабходна замацаваць профільную ўстанову вышэйшай або прафесійнай адукацыі, профільную арганізацыю або прадпрыемства, на базе якіх будуць праводзіцца практычныя заняткі, праф­арыентацыйныя мерапрыемствы, сустрэчы з педработнікамі. А для вучняў штомесяц у рамках шостага школьнага дня варта арганізоўваць наведванне ўстаноў адукацыі або арганізацый, замацаваных за школамі.

У гэтым годзе вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці былі абноўлены. У іх унесены варыятыўны кампанент, які дазваляе адлюс­троўваць спецыфіку рэгіёнаў, асаблівасці і магчымасці рэгіянальных УВА. Павялічана і колькасць практычных заняткаў — іх правядзенне прадугледжана на прадпрыемствах (арганізацыях), ва ўстановах вышэйшай або прафесійнай адукацыі. Праграмы распрацаваны з удзелам профільных ведамстваў і УВА.

— Акадэмія адукацыі ажыццяўляе навукова-метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, — расказала Ірына Старавойтава, рэктар установы. — Гэта распрацоўка вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, падрыхтоўка вучэбных дапаможнікаў і вучэбна-метадычных матэрыялаў, павышэнне кваліфікацыі педкадраў. Была арганізавана дапрацоўка вучэбных праграм факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці. У іх уключаны варыятыўны кампанент, які пабудаваны на модульным прынцыпе. Выка­рыс­тоўваючы розныя модулі, можна фарміраваць розную адукацыйную траекторыю прафарыентацыйнай работы. Таксама быў узмоцнены практычны складнік, які прадугледжвае практычныя заняткі на вытворчасці, ва ўстановах адукацыі, ваенных навучальных установах, ваенных часцях, падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях.

На Нацыянальным адукацыйным партале дадаткова размешчаны шэраг вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, якія пашыраюць пералік прафесій, па якіх вя­дзецца прафарыентацыйная падрыхтоўка ў школах.  

Акадэміяй адукацыі былі распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў у выхаваўчым працэсе (да заняткаў “Лесвічка да поспеху” у 2—4 класах і “Лесвіца да пос­пеху. Фарміруем функцыянальную адукаванасць навучэнцаў” для 5—9 класаў), распрацоўка ВМК для 10—11 класаў працягваецца. У іх таксама ўключаны матэрыялы па прафарыентацыі.  

На рэспубліканскім узроўні за кожным напрамкам прафесійнай накіраванасці замацаваны УВА. Неабходна працягнуць работу па замацаванні школ, дзе функцыянуюць профільныя класы прафесійнай накіраванасці за рэгіянальнымі УВА, прадпрыемствамі і арганізацыямі.

— Педагагічныя класы функцыяну­юць у нашай краіне з 2015 года. За апошнія 8 гадоў колькасць школ, у якіх яны былі адкрыты, павялічылася ў 8 разоў, — адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Калі ў 2015 годзе мы пачыналі са 102 класаў і 1350 навучэнцаў, то летась было 833 педкласы (групы), дзе вучылася амаль 8 тысяч школьнікаў. Яны асвойвалі вучэбную праграму факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Лідарам па колькасці педкласаў (груп) з’яўляецца Мінская вобласць, а па колькасці навучэнцаў у іх — Мінск. На базе 16 устаноў адукацыі ўкаранёна мадэль дапрофільнай педпадрыхтоўкі для вучняў 5—9 класаў. Штогод каля 80 працэнтаў выпускнікоў педкласаў паступа­юць ва УВА краіны. Сярод іх каля 40 працэнтаў — на педспецыяльнасці. Сёлета ў БДПУ на 1 курс залічаны 272 выпускнікі педкласаў, што на 14 працэнтаў больш, чым летась. Дзве трэція з іх паступалі без уступных выпрабаванняў па выніках субяседавання, а па мэтавым накіраванні — больш за 35 працэнтаў (амаль 100 чалавек). Калі летась выпускніком педкласа быў кожны пяты залічаны абітурыент, то сёлета кожны чацвёрты.

— Інжынерныя класы пачалі функцыянаваць у краіне з 1 верасня 2023 года. Да гэтага кірунку вучні праявілі вялікую цікавасць, — адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Адкрыта больш за 230 класаў інжынернай накіраванасці, дзе атрымліваюць адукацыю больш за 2,5 тысячы навучэнцаў. Прычым большасць з іх плануюць працягнуць адукацыю па адпаведнай спецыяльнасці. Сярод напрамкаў лідзіруюць інфармацыйныя тэхналогіі, тэхніка і прамысловыя тэхналогіі, архітэктура і дызайн, будаўніцтва і энергетыка. Абавязковымі ўмовамі рэалізацыі профільнага навучання ў інжынерных класах з’яўляюцца вывучэнне двух прадметаў на павышаным узроўні (матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, геаграфіі) і засваенне праграмы факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі на сістэмнай аснове праводзіцца семінар па арганізацыі работы ў класах інжынернай накіраванасці. Рэалізуецца ўзаемадзеянне школ з тэхнічнымі ўніверсітэтамі, факультэтамі і прамысловымі прадпрыемствамі. У БНТУ заключана са школамі больш за 90 дагавораў аб супрацоўніцтве з удзелам прадпрыемстваў і арганізацый.

Прагучала прапанова разглядаць выпускнікоў інжынерных класаў не толькі як рэзерв для паступлення ў тэхнічныя УВА. Яны маюць права па льготнай траекторыі паступаць на педспецыяльнасці па ўсіх прадметах, акрамя гуманітарных.

 — Спартыўна-педагагічныя класы функцыянуюць з 2019 года. Па ўсёй краіне іх 79, а наведвае іх 681 вучань, — расказаў рэктар БДУФК Сяргей Рэпкін. — У гэтых класах дзеці займаюцца спортам. На факультатыўных занятках “Уво­дзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі” яны вывучаюць гісторыю, асновы педагогікі і псіхалогіі фізкультуры і спорту, анатама-фізіялагічныя асновы мышачнай дзейнасці чалавека, пытанні тэорыі і методыкі фізвыхавання і тэорыі спорту. У дапамогу настаўнікам, якія працуюць у гэтых класах, мы распрацоўвалі і ўкаранялі ў адукацыйны працэс арганізацыйна-педагагічныя тэхналогіі профільнай падрыхтоўкі. Запрашалі на ўніверсітэцкія мерапрыемствы дырэктараў школ і настаўнікаў, знаёмілі іх з асаблівасцямі і спецыфікай работы трэнера, выкладчыка па відзе спорту. Сёлета ў БДУФК паступілі 60 выпускнікоў спартыўна-педагагічных класаў. Сярод задач на будучыню адзначу неабходнасць праца­ваць над якасцю выпускнікоў гэтых класаў, каб працэнт тых з іх, хто паступае ва ўніверсітэты, быў значна вышэйшым.

— Ваенна-патрыятычныя класы функцыянуюць з 2020 года. У мінулым навучальным годзе ў іх займа-
лася больш за 3800 вучняў, арыентаваных на атрыманне спецыяльнасцей дзяржаўных органаў гарантавання нацыянальнай бяспекі, — паведаміў начальнік упраўлення ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Андрэй Клішэвіч. — Актыўна развіваецца сетка клубаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, узаемадзеянне з навучальнымі ўстановамі, цэнтрамі дапрызыўнай падрыхтоўкі, кадэцкімі вучылішчамі. Як для клубаў, так і для профільных класаў распрацавана і зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!”, якая перапрацавана па профілі ўсіх сілавых ведамстваў, мае як агульны для ўсіх, так і варыятыўны кампанент, што ўключае модулі “Ваенная справа”, “Будучы памежнік” (мытнік, следчы, ратавальнік, абаронца правапарадку). У 2024 годзе 88 выпускнікоў профільных класаў сталі курсантамі ваенных навучальных устаноў.

— Аграрныя класы функцыянуюць у краіне з 2018 года (сёлета ў 710 класах займаліся 5063 вучні), — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ула­дзімір Самсановіч. — Факультатыўны курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” распрацаваны калектывам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу аграрных УВА, настаўнікаў, спецыялістаў сельгасарганізацый. Аграрныя ўстановы адукацыі аказваюць дапамогу настаўнікам, якія працуюць у агракласах, перадаюць вучэбныя дапаможнікі, арганізоўваюць наведванне сельгасвытворчасцей, распрацоўваюць метадычныя рэкамендацыі для правядзення факультатыўных заняткаў. Напрыклад, з навучэнцамі сярэдняй школы № 1 Фаніпаля заняткі праводзяць выкладчыкі БДАТУ як у анлайн-рэжыме, так і ў лабараторыях універсітэта. За школамі сёння замацаваны 200 перадавых сельгасарганізацый, дзе наладжаны сучасны тэхналагічны працэс і ўкаранёны інавацыйныя тэхналогіі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі