Быць звычайным гісторыкам у Карабоўскай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна немагчыма. У тым ліку і таму, што першым дырэктарам навучальнай установы быў настаўнік гісторыі ўдзельнік Вялiкай Айчыннай вайны Іван Сцяпанавіч Ляхаў. Памяць пра яго — не толькі мемарыяльная дошка, але і вялікая работа па далучэнні вучняў да гісторыі малой радзімы і краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На гэтай ніве шмат гадоў самааддана працуе былая вучаніца Івана Сцяпанавіча — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Лілія Ануфрыеўна Чаронка. Педагог часта ўспамінае свайго настаўніка, цікавага расказчыка і цудоўнага чалавека, які ў свой час паўплываў на яе прафесійны выбар. З такой жа цеплынёй гаворыць Лілія Ануфрыеўна і пра сваіх цётак (маміных сясцёр-настаўніц), раўняцца на якіх было для яе ганарова.
Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага Лілія Ануфрыеўна вярнулася ў родную школу, дзе атрымала прафесійную падтрымку ад Івана Сцяпанавіча, і вось ужо 30 гадоў з задавальненнем працуе: вучыць карабоўскіх дзяцей любіць гісторыю і вучыцца сама. Будучы гісторыкам, Лілія Ануфрыеўна выдатна разумее, што час не стаіць на месцы, таму, каб заставацца запатрабаваным настаўнікам, трэба шукаць сучасныя падыходы да навучання.
“Калі раней урокі былі ў асноўным традыцыйнымі, то цяпер вітаецца навучанне праз дзеянне, праз вырашэнне праблемы. Настаўнік павінен быць мабільным, здольным хутка пераключацца з работы з падручнікам, картамі на актыўнае ўзаемадзеянне з вучнямі (падштурхоўваць іх да фармулявання праблемных пытанняў і пошуку адказаў). Вельмі важна дэманстраваць практыкаарыентаванасць прадмета, вучыць дзяцей трансфармаваць тэарэтычныя веды ў практычныя. Разам з тым працаваць стала цікавей, бо адукацыйныя запыты ў сучасных дзяцей сталі больш шырокімі”, — адзначыла Лілія Ануфрыеўна.
А ўсё таму, што настаўніца не толькі сочыць за метадычнымі трэндамі. Яна захапілася краязнаўствам і павяла за сабой дзяцей. Аказалася, што даследаваць гісторыю роднага краю не проста займальна. Цікавыя знаходкі і адкрыцці надаюць значнасць родным мясцінам, робяць іх больш прыцягальнымі і дапамагаюць фарміраваць пачуццё патрыятызму.
“Гісторыя пачынаецца з роду, сям’і і малой радзімы, таму сваю даследчую дзейнасць мы пачыналі з вывучэння радаводаў. Нехта змог дайсці ў пошуках інфармацыі да трэцяга калена, а ў кагосьці атрымалася аж да шостага. Займаючыся ў межах аб’яднання па інтарэсах “Юныя краязнаўцы”, крок за крокам знаходзім новыя факты не толькі пра блізкіх родзічаў, але і пра родную вёску. Прынамсі, знайшлі цікавыя дакументы — сведчанні вядзення калектыўнай гаспадаркі ў савецкія часы. Пасля вывучалі, як яна развівалася ў пазнейшыя часы”, — расказала настаўніца.
Разам з вучнямі Лілія Ануфрыеўна ўдзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсах і даследчых канферэнцыях, сярод якіх “Я гэты край Радзімаю заву”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Пад яе кіраўніцтвам нямала звестак сабрана па гісторыі навакольных вёсак, пра вядомых працаўнікоў, таленавітых майстроў роднай зямлі, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане.
У школе дзейнічае музейная экспазіцыя “Цаной мужнасці i годнасці”, дзе ўшаноўваецца памяць земляка — воіна-інтэрнацыяналіста Р.І.Мацеюна. Яго iмя прысвоена ўстанове ў 2012 годзе. Наладжана сувязь з роднымi i блiзкiмi Рамана Мацеюна, ладзяцца сустрэчы.
“Іншым разам ідэі для даследаванняў прыходзяць зусім нечакана. Неяк вучні збіралі макулатуру і ім трапіліся ў рукі першыя беларускія буквары. Знаходка іх настолькі ўразіла, што было вырашана напісаць даследчую работу, прысвечаную эвалюцыі школьных падручнікаў. І яна атрымалася паспяховай, у вобласці заваявала дыплом ІІ ступені”, — падзялілася педагог.
У маі бягучага года Л.А.Чаронка разам са сваёй вучаніцай удзельнічала ў XII Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытаннях дзяцей і моладзі “Славянская гісторыя, культура і пісьменства: вывучэнне, захаванне, прымнажэнне”. Сняжана Крывёнак прадстаўляла работу “Запаветнае. Уплыў праваслаўных святынь роднага краю на менталітэт мясцовых жыхароў”. Гэтая работа стала знакавай, бо дапамагла ацаніць ролю царквы ў станаўленні высокамаральнай і духоўнай асобы.
80-я гадавіна вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў актывізавала адпаведную даследчую дзейнасць у Карабоўскай сярэдняй школе імя Р.І.Мацеюна.
“Тэма Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў нас заўсёды ў прыярытэце. Шмат ужо зроблена, але доўг абавязвае не спыняцца, таму працуем над зборам звестак па дзейнасці партызанскіх сувязных. У прыватнасці, збіраем факты пра Яўгенію Канапельку, якая падчас вайны збірала інфармацыю пра ахову немцамі чыгуначнага палатна ў нашай мясцовасці. У размове з жыхарамі высветлілася, што многія нават не падазравалі, што Яўгенія выконвае партызанскія загады і даручэнні, але яе дзейнасць прынесла шмат карысці. Дзяўчына трагічна загінула (была закатавана фашыстамі). Безумоўна, яна заслугоўвае ўганаравання, бо з’яўляецца ўзорам мужнасці і служэння сваёй Айчыне”, — зазначыла Лілія Ануфрыеўна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара