Магчымасці для росту: дырэктар Кіселявецкай сярэдняй школы — пра вучэбны працэс у сельскай установе адукацыі

- 9:00Главная, Образование

Жыццёвы летапіс дырэктара Кіселявецкай сярэдняй школы Кобрынскага раёна Ірыны Міхайлаўны Зінкевіч багаты на мясціны, падзеі і людзей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Магчымасці для росту

У тым, што ўсё здараецца ў патрэбны час, упэўніваешся, калі слухаеш настаўніцу.

Ірына Міхайлаўна нарадзілася ў Запалярным крузе, на Таймыры. Калі заканчвала школу, вагалася, кім стаць: звязаць свой лёс з педагогікай ці паступаць на юрыдычны профіль?

“Я хацела працаваць з цяжкімі падлеткамі, але мой дзядзька, які служыў у маскоўскай міліцыі, быў катэгарычна супраць гэтага, — гаворыць Ірына Міхайлаўна. — Ён ведаў і бачыў на ўласныя вочы ўсе адметнасці работы з такімі дзецьмі. Якраз у той час, калі я заканч­вала школу, у Рыжскім Чырванасцяжным інстытуце грамадзянскай авіяцыі імя Ленінскага камсамола з’явілася новая спецыяльнасць “Электронныя вылічальныя машыны”, на якую я і паступіла. Пасля заканчэння інстытута мяне запрасілі на пасаду настаўніка інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, матэматыкі ў адну з рыжскіх школ. За час, пакуль працавала ў Рызе, я пазнаёмілася з будучым мужам Уладзімірам, ён родам з Беларусі. Там жа, у Рызе, у нас нарадзілася двое дзяцей, сыны Яўген і Андрэй. А праз некаторы час муж прапанаваў пераехаць да яго на радзіму, у Кобрынскі раён”

У Кісялёўцах ёй, маладой гарадской дзяўчыне, першыя гады жыць было вельмі цяжка. Вясковы побыт, чужыя людзі з адрозным ад таймырскага ўкладам жыцця, іншы менталітэт… Прызвычаіцца было няпроста, але вада і камень точыць.

З той адукацыяй, якую атрымала ў Рызе, працаваць І.Зінкевіч пайшла ў калгас “Новы шлях” аператарам ЭВМ, але кожны дзень марыла пра тое, што вернецца ў школу. Каб ажыццявіць задуманае, Ірына Міхайлаўна паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, атрымала дыплом псіхолага і ў 1995 годзе ўладкавалася ў Кіселявецкую сярэднюю школу. Праз некаторы час педагогу-псіхолагу прапанавалі стаць намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а яшчэ праз 4 гады — дырэктарам установы адукацыі.

“Я разумела, што калектыву неабходны актыўны і смелы кіраўнік з вопытам, той, хто можа падштурхнуць калег да новых дасягненняў, — адзначае Ірына Зінкевіч. — Мне ж хацелася паказаць, што ў вёсцы таксама ёсць выдатныя магчымасці для росту і што нашы настаўнікі і вучні таленавітыя і заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі”.

Не проста кіраўнік

Каб пра школу пачалі гава­рыць, а яе педагогаў і вучняў заўважалі, І.М.Зінкевіч вызначыла кірункі развіцця ўстановы адукацыі і абазначыла прыярытэты. Менавіта дзякуючы дырэктару ўстановы, яе калектыў далучыўся да ўдзелу ў многіх конкурсах і праектах як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў.

“Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца беражліваму выкарыстанню энергарэсурсаў, — дадае кіраўнік. — Па выніках рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” наш праект “Школа жыцця — вучымся экано­міць” быў прызнаны лепшым. Таксама мы перамагалі ў абласным конкурсе-прэзентацыі “Школа аграгарадка — школа выхавання грамадзянс­касці і патрыятызму”.

Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, на працягу 10 гадоў у Кіселявецкай сярэдняй школе распрацаваны і рэалізаваны 41 даследчы праект, 36 з іх адзначаны дыпломамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Некалькі гадоў назад пад кіраўніцтвам І.М.Зінкевіч настаўнікі і вучні прадставілі на рэспубліцы інавацыйную распрацоўку “Укараненне мадэлі фарміравання пазнавальнай актыўнасці вучняў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі з дапамогай выкарыстання праектных задач”. Міністэрствам адукацыі яна была рэкамендавана для распаўсюджвання ў іншых школах краіны.

Што тычыцца вучэбнай дзейнасці, кожны год навучэнцы ўстановы адукацыі прымаюць удзел у рэспуб­ліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. У мінулым навучальным годзе яны заваявалі два дыпломы на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і фізічнай культуры і здароўі і пахвальны водзыў па біялогіі.

“Два гады назад установе быў прысвоены ганаровы статус Школы міру, — заўважае дырэктар. — А ў мінулым годзе мы пацвердзілі статус “зялёнай школы” і атрымалі дыплом ІІ ступені.

Яшчэ адна адметнасць школы — лагер працы і адпачынку. На працягу дзесяці гадоў яго дзей­насць спрыяе сацыялізацыі падлеткаў, выхаванню ў іх адказнасці і дысцыпліны.

“Фарміраванню працавітасці, самастойнасці і эканамічнай культуры навучэнцаў у тым ліку спрыяе
работа ў студэнцкіх атрадах, якія дзейнічаюць на базе гаспадаркі ААТ “Кісялёўцы”, на яе вучэбна-доследным участку, — дадае Ірына Міхайлаўна Зінкевіч. — Дзейнасць студэнцкага атрада імя Колі Гойшыка неаднаразова адзначалася граматамі Кобрынскага райвыканкама”.

Разважаючы над тым, ці ўдалося за той час, пакуль жыве ў Кісялёўцах, прывыкнуць да вёскі і рэалізаваць сябе, Ірына Міхайлаўна падкрэслівае: “Жыццё дырэктара ў сельскай мясцовасці значна адрозніваецца ад жыцця дырэктара ў горадзе. Дырэктар школы ў вёсцы — гэта не проста кіраўнік установы адукацыі, а чалавек, які павінен ведаць кожную сям’ю. Часта пасля рабочага дня наведваю сем’і вучняў і вельмі радуюся, калі яны самі прыходзяць да мяне па параду. Мне нашы людзі давяраюць самае патаемнае яшчэ з той пары, калі я была выбрана дэпутатам Кіселявецкага сельскага Савета. Але ўсё тое, што ў мяне сёння ёсць і чым я жыву, было б немагчыма, калі б побач не было мужа Уладзіміра і сыноў Яўгена і Андрэя. Толькі дзякуючы іх падтрымцы, знаходжу сілы на новыя дасягненні і кожны мой дзень пачынаецца з разумення таго, што я шчаслівы чалавек”.

Наталля САХНО
Фота аўтара