У сельскай школе Добрушскага раёна вырошчваюць экзатычныя расліны, збіраюць багаты ўраджай бульбы і таматаў

- 15:18Школьный участок

Багаты і сакавіты ўраджай вырошчваюць у Вуцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна. Установа лічыцца апорнай пляцоўкай па экалагічным выхаванні навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цікавыя праекты ажыццяўляюцца ў гэтай сельскай школе. Тут шмат робіцца для фарміравання экалагічнай культуры навучэнцаў. Прычым гэта не толькі прыно­сіць дадатковыя сродкі ў школьную скарбонку, але і прывучае дзяцей да працы.

Па словах дырэктара Ганны Станкевіч, такая сістэма работы дазваляе таксама рабіць школьнае харчаванне больш танным. У мінулым годзе ўдалося саб­раць багаты ўраджай бульбы — 2800 кг, капусты — 630 кг, буракоў — 550 кг, морквы — 400 кг, цыбулі — 310 кг, яблыкаў — 300 кг, памідораў — 120 кг, агуркоў — 60 кг і чорнай парэчкі — 20 кг. У бізнес-кампаніі “Гаспадар” юныя аграрыі і біёлагі займаюцца даследчай работай, вырошчваюць агародніну і кветкава-дэкаратыўныя расліны. Сёлета пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі і біялогіі Ірыны Ярцавай юныя эксперыментатары спрабуюць вырасціць экзатычныя расліны — артышок і бамію.

— Ураджай гэтага года вытрымлівае выпрабаванні ўмовамі надвор’я: спачатку ішлі дажджы, пасля было неверагоднае спякотнае надвор’е, а потым па градках прайшоўся ўраган, — расказвае Ганна Мікалаеўна. — Педагогі разам са школьнікамі сочаць за ўчасткам, дарэчы, у першых праполках прынялі актыўны ўдзел вась­мікласнікі. Бізнес-кампанія “Гаспадар” з году ў год набірае абароты, да яе далучаецца ўсё большая колькасць дзяцей ва ўзросце ад 14 гадоў, штогод хлопцы і дзяўчаты займаюць лідарскія пазіцыі на рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ. Акрамя таго, яны вучацца асновам прадпрымальніцтва і ведаюць, як атрымаць экалагічна чыстую прадукцыю.

Складана пералічыць усе культуры і гатункі, якія вырошчваюцца на школьным агародзе. Ужо трэці год запар тут расце самая смачная бульбачка. Глеба настолькі ўрадлівая, што аранжавыя аксаміткі, якія абрамляюць градкі, ужо вымахалі па пояс. Дарэчы, кветкі рас­туць не столькі для прыгажосці і эстэтыкі, колькі для таго, каб адпуджваць насякомых-шкоднікаў.

— У нашай установе кадры вырашаюць усё, — падкрэслівае Ганна Мікалаеўна. — Тут ёсць усё для развіцця, бо ў калектыве — ініцыятыўныя і актыўныя людзі, апантаныя сваёй працай. Настаўнікі зацікаўлены ў развіцці даследчай дзейнасці, таму размах і вынікі праведзенай работы на вучэбна-доследным участку ўражваюць.

На тэрыторыі ў паўгектара размясціліся дзве вялікія цяпліцы, у якіх спеюць таматы і перцы. Тут растуць таксама буякі, парэчкі, вялікія плошчы выдзелены пад бульбу, капусту, буракі, цыбулю, агуркі. А які тут цудоўны яблыневы сад! Дзеці з дакладнасцю падкажуць, якія гатункі самыя салодкія.

— Памідоры і перцы розных гатункаў, на любы густ і колер, — далучаецца да размовы загадчыца вучэбна-доследнага ўчастка Лідзія Дудзянава. — Сярод самых смачных таматаў — “бычынае сэрца”, іх любяць за мясістасць, цікавую форму і немалую вагу пладоў, а з перцаў перавагу аддаю “калабку”, яны такія жоўценькія. З шасці гатункаў цыбулі лепш за іншых зарэкамендаваў сябе салодкі на смак “эксібішэн”. Асноўную частку прадукцыі, якую вырошчваем на ўчастку, перадаём школьнай сталовай, яе хапае на працягу ўсяго года. А лішкі ўраджаю атрымліваюць Церахоўскі і Вуцеўскі дзіцячыя сады, Добрушскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і раён­ны ЦКРНіР. На жаль, сёлета вельмі шмат шкоды нанесла капрызнае надвор’е. Тым не менш 500 кг буракоў са свайго ўчастка зможам сабраць, а яшчэ больш за 300 кг морквы, больш за тону бульбы. Таматаў у нас шмат заўсёды. Яблыневы сад, які заклалі яшчэ ў 2019 годзе, таксама штогод радуе наліўнымі пладамі. З 35 яблынь самы смачны гатунак “прэзідэнт”: пры правільным захоўванні яблыкі будуць смачныя да канца снежня.

Работа на прышкольным участку кіпіць, толькі і паспявай паліваць, палоць, збіраць і перадаваць ураджай на захоўванне. План і графік дзяжурства для вучняў 5—8 класаў склалі загадзя, таму ў летнія дні агарод не застаецца без нагляду.

Якраз зараз праходзіць працоўная практыка ў навучэнцаў 7-х класаў, школьнікі працуюць 5 дзён па 3 гадзіны. Пачалі эстафету старшакласнікі, аднак работы ўсім хапае. У апошні месяц лета дзеці працягваюць збіраць ураджай таматаў. Яны з радасцю адзначаюць, што ў іх рацыёне пераважае агародніна, якую яны самі вырасцілі.

Паназіраўшы ў цяпліцы за спрытнымі навучэнцамі Васілём Шкурко, Софіяй Краўчанка і Настассяй Чубаравай, убачыла, што дзеці працы не баяцца, хлопец, наогул, на ўсе рукі майстар — і капае, і праполвае, і палівае градкі.

— Наша праца паляпшае агульны вынік, лічу, мы цудоўна з ёй спраўляемся, — адзначае Васіль.

— Праводзім час з сябрамі, ды яшчэ і на свежым паветры — гэта ўсё ж лепш, чым дома сядзець без справы. А яшчэ мы назіраем за эксперыментам: як на цёплых градках растуць артышок і бамія. Пакуль чакаем ураджай, ужо загуглілі, чым карысныя і як гатаваць гэтыя культуры. Напрыклад, артышок — хутчэй далікатэс, чым звыклая для нас страва. Але ў свеце ён карыстаецца заслужанай папулярнасцю: у яго незвычайны, вытанчаны смак і шмат мікраэлементаў у складзе. Бамія — дыетычны прадукт, у якім змяшчаецца аскарбінавая кіслата, шмат бялкоў, вугляводаў, арганічных кіслот, мінеральных солей. Бамія, як і баклажаны, вельмі патрабавальная да цяпла. Бо родам яна з Афрыкі, і раней яе вырошчвалі толькі ў паўднёвых шыротах. Але з пацяпленнем клімату і ў нас можна атрымаць ураджай баміі. Хочацца хутчэй паспрабаваць салат з экзатычнай культуры, — дзеліцца думкамі Софія Краўчанка.

Планаў у калектыву шмат, і можна толькі пазайздросціць таму, як умела на працягу многіх гадоў развіваюць экалагічны напрамак у Добрушскім раёне. Будзе цікава даведацца, на які праект замахнуцца педагогі ў наступным годзе.

Пікнікі на свежым паветры

Квізы, майстар-­класы і экскурсіі — гэта толькі малая частка актыўнасцей, якія для дзяцей падрыхтавалі педагогі ў лагеры дзённага знаходжання “Летні калейдаскоп” Вуцеўскай сярэдняй школы.

— Школьнікі з задавальненнем прымаюць удзел у кожным інтэрактыўным мерапрыемстве, але асабліва яны любяць нашы экскурсіі, падчас якіх арганізоўваем неверагодна цікавыя прагулкі і пікнікі на свежым паветры, — расказвае Ганна Станкевіч. — Дзеці вельмі чакаюць момант, калі можна ўзяць з сабой з дому пледы, сала ці сасіскі і атрымаць асалоду ад сустрэчы з прыродай. Правілы бяспечных паводзін з хлопчыкамі і дзяўчынкамі абмяркоўва­юць настаўнікі. Кожны дзень у лагеры напоўнены развіццёвымі гульнямі экалагічнага і грама­дзянска-патрыятычнага зместу. Самыя маленькія школьнікі з году ў год з задавальненнем удзельнічаюць у зборы насення кветак. Па добрай традыцыі вызначым міс жнівеньскай змены аздараўленчага лагера. Для дзяцей гэта самае доўгачаканае і інтрыгуючае танцавальна-гульнявое свята. Мерапрыемства пачнецца з самапрадстаўлення, дзе актыўныя, таленавітыя і абаяльныя дзяўчынкі прадэманструюць свае лепшыя якасці, нікога не пакінуць абыякавымі конкурс песні і танца, дэманстрацыя ўбораў.

На тэрыторыі школы працягвае працаваць спартыўная пляцоўка. Моладзі тут заўсёды шмат, бо педагогі імкнуцца падбіраць новыя формы работы з дзецьмі, сочаць, каб праграма была цікавай і не паўтаралася. У падлеткаў ёсць магчымасць не толькі паразмаўляць з аднагодкамі, але і праявіць свае лідарскія якасці ў спартыўных гульнях.

Таксама гэтымі днямі на базе сельскай школы пачаў работу лагер працы і адпачынку “Кантакт” для дзяцей, якім споўнілася 14 гадоў. Падлеткам выпала выдатная магчымасць сумясціць адпачынак, аздараўленне і працоўную занятасць. Дзень тут пачынаецца з лінейкі, хвілінкі бяспекі і зарадкі. Потым выхаванцы снедаюць і накіроўваюцца на ААТ “Вуцеўскае”. Працу­юць яны чатыры гадзіны з нядоўгімі перапынкамі на адпачынак — аказваюць пасільную дапамогу ў навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Праца працай, а абед па раскладзе. А пасля ў іх вольны час, які школьнікі таксама праводзяць з карысцю: удзельнічаюць у забаўляльных і спартыўных мерапрыемствах, акцыя­х, розных конкурсах, гуляюць у рухавыя гульні, наведва­юць гістарычныя месцы малой ра­дзімы.

— У лагеры для падлеткаў створаны ўсе ўмовы для актыўнага адпачынку і аздараўлення, — падкрэслівае Ганна Станкевіч. — Школьнікі атрымліваюць тут навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым самастойным жыцці і дапамогуць сарыентавацца ў свеце прафесій. Немалаважна і тое, што ў іх ёсць магчымасць зара­біць свае першыя грошы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара