У такім фармаце будзе працаваць Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры міністры адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Днямі першае пасяджэнне савета адбылося на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Мінску. На яго сабраліся 54 студэнты — прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, супрацоўнікі профільнага міністэрства. Адкрыў сустрэчу міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.
— Мы нарэшце рэалізавалі сваю ідэю, стварылі Грамадскі студэнцкі савет, — сказаў Міхаіл Анатольевіч. — Таксама сёння запускаем праект “Адукацыя вачамі моладзі”. Акрамя таго, абмяркуем пытанні, якія плануем размясціць у сацыяльных сетках. Першае: як маладыя людзі бачаць студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах, якія задачы студэнты могуць вырашаць. Другое — гэта пытанне, якое цікавіць і мяне, і міністэрства, і нашу грамадскасць: як студэнты бачаць развіццё цэнтралізаванага тэсціравання. З аднаго боку, яны не так даўно скончылі школу, з другога — у іх ужо ёсць пэўны вопыт навучання ва ўніверсітэтах, і нам было б вельмі цікава, што студэнты думаюць на гэты конт, бо не адразу, але ў найбліжэйшыя гады плануем удасканальваць сістэму паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, здачы экзаменаў пасля навучання ў школе. І трэцяе пытанне — выбар спецкурсаў старшакурснікамі нашых УВА: што гэта такое з пункту гледжання студэнтаў, як арганізацыя такіх курсаў павінна быць рэалізавана.
“Я з аптымізмам гляджу ў будучыню”, — дадаў М.А.Жураўкоў, а яшчэ заўважыў, што гатовы адказваць на любыя, нават самыя “нязручныя” пытанні студэнтаў. “Хацелася б, каб гэта была двухбаковая сувязь, бо і мы будзем ставіць перад студэнтамі пэўныя пытанні”, — дадаў Міхаіл Анатольевіч. У хуткім часе, дарэчы, адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета з членамі прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў, каб наладзіць узаемадзеянне.
Канцэпцыю праекта “Адукацыя вачамі моладзі” прадставіў старшыня студэнцкай асамблеі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта каардынатар праекта Яўген Харук. Праект прадугледжвае стварэнне ўмоў для грамадскага дыялогу моладзі па актуальных пытаннях сістэмы адукацыі Беларусі, забеспячэнне рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, данясенне меркаванняў моладзі да кіраўніцкіх органаў сістэмы адукацыі.
Дзейнасць Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета якраз і накіравана на рэалізацыю гэтага праекта, а сярод галоўных задач савета — распрацоўка прапаноў па асноўных кірунках рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з улікам праблем студэнцкай моладзі, пошук шляхоў і метадаў іх вырашэння, паляпшэнне якасці адукацыйнага працэсу і г.д.
Механізмам увасаблення праекта “Адукацыя вачамі моладзі” павінна стаць пляцоўка для абмеркаванняў у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Тут час ад часу будуць размяшчацца грамадска значныя пытанні, якія тычацца адукацыі. Першая стадыя грамадскага абмеркавання праводзіцца ў групах універсітэтаў (верагодна, абмеркаванне зойме 2—3 тыдні, хаця магчымы і іншыя тэрміны), абагульненае меркаванне прадстаўнікі навучальных устаноў у ГРСС выкладаюць у групе грамадскага савета. Другая стадыя абмеркавання будзе праводзіцца ўжо ў гэтай групе, куды ўваходзяць прадстаўнікі савета, мадэратары, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Старонку “Адукацыя вачамі моладзі” стварае медыяцэнтр БДУ, ён жа ажыццяўляе яе суправаджэнне, аналіз вынікаў. Пазней, зразумела, будуць рэалізаваны і іншыя праекты, а таксама плануецца навучанне мадэратараў на спецыяльнах семінарах.
Першыя ластаўкі, вынесеныя студэнцкім саветам на абмеркаванне, — гэта тры вышэйагучаныя пытанні. Разважаючы аб іх надзённасці, М.А.Жураўкоў заўважыў, што пытанне наконт студэнцкага самакіравання важнае яшчэ і таму, што яго развіццё — адно з патрабаванняў Балонскага працэсу, да якога імкнецца далучыцца наша краіна. Міністр запрасіў студэнтаў актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні гэтага пытання, бо далучэнне да Балонскага працэсу неабходна самім студэнтам. Ён таксама дадаў, што нашы апаненты сцвярджаюць, што ў беларускіх УВА студэнцкае самакіраванне недастаткова развіта, але гэта не так, і падобнае меркаванне неабходна змяніць. “За мінулы год у нас не былі выбраны фонды на стажыроўку за мяжой, бо быццам бы не хапае жадаючых сярод студэнтаў, якія ведаюць замежную мову, — заўважыў міністр адукацыі. — Спадзяюся, сёлета мы іх выкарыстаем цалкам”.
Што да пытання па цэнтралізаваным тэсціраванні, то было заўважана, што тут ёсць сэнс паразважаць наконт таго, ці можна скараціць частку А тэсціравання і пашырыць частку В, напрыклад, аб’яднаць выпускныя экзамены ў школе з ЦТ і г.д. Пры гэтым Міхаіл Анатольевіч падкрэсліў, што магчымыя змены будуць увасоблены ў жыццё не раней, чым праз два гады.
Як падкрэсліў міністр, абмяркоўваць пытанні, прапанаваныя ў сацыяльнай сетцы, могуць не толькі студэнты, але і любыя жадаючыя: бацькі маладых людзей, выкладчыкі, школьнікі, усе іншыя зацікаўленыя асобы. Як неаднаразова падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч, савет і створаны для таго, каб калегіяльна вырашаць агульныя пытанні, якія цікавяць грамадскасць у цэлым.
Ужо на першай сустрэчы міністра адукацыі са студэнтамі ў рамках грамадскага савета прагучала нямала пытанняў і прапаноў: аб стварэнні адзінага студэнцкага партала, аб магчымасці працаўладкавання замежных студэнтаў, аб папулярызацыі беларускай мовы сярод студэнцкай моладзі, аб вывучэнні замежных моў і шмат іншых. Гэта, канечне, толькі пачатак, па выніках абмеркаванняў будуць прыняты канкрэтныя рашэнні. Напрыклад, міністр адукацыі паведаміў, што пытанне, якое студэнты задавалі раней (на нядаўняй сустрэчы ў Горках) наконт магчымасці ўдзельнічаць у ацэнцы работы сваіх выкладчыкаў, верагодна, будзе вынесена на абмеркаванне ў сацыяльнай сетцы. Анкета для ацэнкі работы выкладчыкаў ужо нават распрацавана, адзін з яе пунктаў — якраз ацэнка студэнтаў.
Усе члены Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета будуць збірацца па меры неабходнасці, пытанні ў рабочым парадку, як плануецца, будзе вырашаць мабільная група — кіраўніцкі склад савета. Асноўным жа, штодзённым полем зносін савета ў прыватнасці і ўсяго актыўнага студэнцтва стануць сацыяльныя сеткі. Як сказаў міністр, ён і сам будзе заходзіць у сацыяльныя сеткі для зносін са студэнтамі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.