Быць патрыётам — значыць працаваць на карысць дзяржавы, пастаянна ўмацоўваць сваё фізічнае і маральнае здароўе, выхоўваць нашчадкаў… Менавіта такім чалавекам з’яўляецца кіраўнік па ваеннапатрыятычным выхаванні Уладзімір Макаравіч Гагаеў.
У сваёй дзейнасці ён выкарыстоўвае розныя формы і метады: праводзіць прафарыентацыйную работу з будучымі абітурыентамі, рыхтуе іх да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі ваеннага профілю, арганізуе наведванне гарадскога і абласнога ваенкаматаў, аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь”, 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь, падраздзяленняў органаў унутраных спраў розных раёнаў Віцебска. Часта праводзіць разнастайныя тэматычныя кіналекторыі. Ім сабрана значная відэатэка.
Галоўны акцэнт — на развіцці вучнёўскага самакіравання, дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. У нашай школе актыўна працуе пярвічная арганізацыя БРСМ, піянерская дружына імя Аляксандра Канстанцінавіча Гараўца, вучнёўскі савет “Школьная дума”. Фарміраванню грамадзянскіх якасцей і патрыятычных пачуццяў вучняў садзейнічае валанцёрская дзейнасць.
Увайшло ў практыку правядзенне ўрокаў мужнасці, адзіных урокаў з запрашэннем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, воінаў-афганцаў, правядзенне акцый “Клопат”, “Паштоўка для ветэрана”, “Кветкі для герояў Перамогі”, “Памяць”, “Ветэран жыве побач”.
Педагогі школы адначасова з традыцыйнымі формамі работы з вучнямі выкарыстоўваюць гульні з элементамі спаборніцтва, ролевыя, інтэлектуальныя, інтэрактыўныя гульні, дыскусіі, круглыя сталы, майстар-класы, ток-шоу прававога і патрыятычнага кірункаў, адкрытыя мікрафоны, бацькоўскія ўрокі, праектную дзейнасць.
Штогод да Дня Перамогі арганізуецца школьны даследчы праект “Гісторыя маёй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў — праект “Афганістан у абліччах нашых землякоў”. Арганізуюцца пешыя экскурсіі па памятных месцах. Дзейнічае ў школе куток воінскай славы.
У лютым 2022 года ўстанове адукацыі было прысвоена імя воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Мікалаевіча Бяліцкага. З таго часу ладзяцца сустрэчы з яго роднымі і таварышамі па службе. Двойчы ў год вучні наведваюць магілу лётчыка.
На тэрыторыі школы з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была закладзена алея Славы ў гонар Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Віцебска.
Пры актыўным удзеле Уладзіміра Гагаева былі высаджаны туі, усталяваны таблічкі з інфармацыяй пра І.Р.Бумагіна, Р.М.Баталава, А.К.Антоненка, В.А.Дзямідава і іншых. Алея Славы адразу ж стала месцам для пасвячэння вучняў у піянеры.
У многім дзякуючы Уладзіміру Макаравічу ў нашай школе створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.
Таццяна АЛЯКСЕЕВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Віцебска імя Л.М.Бяліцкага
Фота аўтара