У навуковай супольнасці зацвердзілася меркаванне, што ў інфармацыйным соцыуме, які так імкліва развіваецца, медыяадукацыя, медыядасведчанасць выйшлі на прыярытэтныя пазіцыі. Аднак вопыт нашай педагагічнай дзейнасці дазваляе сцвярджаць, што толькі нязначная частка вучняў дэманструе разуменне гэтых паняццяў, да таго ж многія педагогі звычайна не праяўляюць цікавасці да навучання школьнікаў рабоце з медыятэкстамі. Пры гэтым відавочна: у дзяцей, якія ствараюць уласныя медыяпраекты (тэксты, блогі, аўдыё- і відэапрадукты), асвятляюць у школьных газетах культурна-асветніцкія мерапрыемствы, расказваюць пра праблемы і прапануюць шляхі іх вырашэння, праяўляючы асабістую зацікаўленасць у развіцці сваёй школы, будзе фарміравацца крытычнае мысленне, уменне аналізаваць інфармацыю.
Прапануем разгледзець некаторыя спосабы фарміравання медыякампетэнтнасці ў навучэнцаў, заснаваныя на развіцці крытычных адносін да медыяпрадуктаў.
Аўдыёвізуальныя творы медыякультуры выклікаюць устойлівую цікавасць у маладога пакалення і з’яўляюцца прадметам дыскусій. Сярод шырокага кола пытанняў школьнага жыцця, што абмяркоўваюцца моладдзю, найбольш прывабнымі з’яўляюцца:
- якасць адукацыі і падтрымка таленавітых дзяцей;
- развіццё інтэграванага і інклюзіўнага навучання;
- прэстыж сярэдняй спецыяльнай адукацыі;
- камерцыялізацыя адукацыйнай сферы;
- рызыкі адставання школы ад рэальных патрэб грамадства;
- стасункі ў школьным калектыве;
- булінг і кібербулінг.
У цэлым можна адзначыць, што з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў школьнікі вядуць актыўны пошук новай сістэмы каштоўнасцей, таму і паўстаюць пытанні, звязаныя з медыяадукацыяй навучэнцаў, фарміраваннем навыкаў работы з медыятэкстамі.
Аналіз медыятэксту трактуецца як метад даследавання тэксту, прадстаўленага ў пэўным жанры медыя, шляхам разгляду асобных яго бакоў, састаўных частак, мастацкай своеасаблівасці з мэтай развіцця ў навучэнцаў самастойных меркаванняў, крытычнага мыслення, эстэтычнага густу [4]. Мэта аналізу медыятэкстаў – «фарміраванне навыкаў мэтанакіраванага шматбаковага ўспрымання інфармацыі і рознабаковай ацэнкі аўдыёвізуальных твораў» [4, с. 1]. Рэалізацыя герменеўтычнага падыходу да аналізу медыятэкстаў з’яўляецца найбольш актуальным спосабам вывучэння тэксту ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў, звязаных з сацыякультурнымі і ідэалагічнымі зменамі ў грамадстве. Ён уключае супастаўленне гістарычных, сацыякультурных, палітычных, ідэалагічных кампанентаў твора медыякультуры, аналіз сюжэтных ліній, вобразаў у гісторыка-культурным кантэксце. У адукацыйнай практыцы гэты від работы інтэгруецца з вывучэннем структурнага, сюжэтнага, этычнага, візуальнага і іншых бакоў тэксту ва ўзаемасувязі з аналізам медыйных стэрэатыпаў і персанажаў. У якасці базавых кампанентаў герменеўтычнага аналізу аўдыёвізуальных медыятэкстаў разглядаюцца такія, як медыякатэгорыя, медыяжанр, медыятэхналогія, медыямова, медыяаўдыторыя і іншыя.
Заняткі з элементамі герменеўтычнага аналізу аўдыёвізуальных медыятэкстаў прадугледжваюць выкананне розных відаў вучэбных заданняў (літаратурна-аналітычных, тэатралізавана-ролевых, выяўленча-імітацыйных), якія распрацаваны на матэрыяле твораў медыякультуры. Навучэнцы вызначаюць асноўную думку, ідэйны змест медыятвораў. Пры гэтым пашыраецца база гістарычных і сацыякультурных ведаў, што ўплывае на павышэнне ўзроўню медыякампетэнтнасці школьнікаў.
Апішам асноўныя этапы арганізацыі работы з аўдыёвізуальнымі медыятэкстамі, накіраванай на развіццё ўмення крытычна ацэньваць медыятэксты (відэа-, аўдыё-, фотаматэрыялы) [2].
- Этап увядзення ў праблему
Задачы: фарміраваць у вучняў крытычнае стаўленне да анлайн-кантэнту; падрыхтаваць да крытычнага аналізу аўдыёвізуальных тэкстаў («вірусных» фотаздымкаў, аўдыё- і відэаматэрыялаў ці навінавых рэпартажаў, якія распаўсюджваюцца праз сайты, электронную пошту, сацыяльныя сеткі); азнаёміць з медыятэрміналогіяй.
Як вызначыць, ці дакладную інфармацыю распаўсюджвае інтэрнэт-рэсурс? Агульнавядома, што большасць маркетынгавых кампаній праз «прасунутыя» відэахостынгі выкарыстоўвае медыятэксты, якія непасрэдна закранаюць эмоцыі інтэрнэт-карыстальнікаў, здзіўляюць іх арыгінальнай вобразнасцю і дасканалай падачай кантэнту, выклікаючы непераадольную цікаўнасць. Часам цяжка ўсталяваць сапраўднасць фактаў, абапіраючыся выключна на змест тэкстаў. Некаторыя могуць мець пазітыўны выхаваўчы вектар, а іншыя змяшчаць зусім непрымальны кантэнт.
Пытанні для абмеркавання
- Ці знаходзілі вы, напрыклад, у сацыяльных сетках «вірусныя» інтэрнэт-матэрыялы?
- У якім фармаце яны прапаноўваліся (відэаролік, рэпартаж навін, рэкламны тэкст)?
- Як вы здагадаліся, што гэты матэрыял непраўдзівы?
- Ці звярнулі вы ўвагу на колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў, якая яго паглядзела?
- Чаму, на ваш погляд, варта разумець, з’яўляецца інтэрнэт-кантэнт сапраўдным ці не?
- Этап дэманстрацыі праблемы
Задачы: азнаёміць навучэнцаў з прыёмамі аўтэнтыфікацыі анлайн-кантэнту; навучыць крытычна аналізаваць медыявобразы.
Варта прапанаваць навучэнцам падборку «вірусных» відэа- або фотаматэрыялаў і абмеркаваць іх сапраўднасць, абапіраючыся на вядомыя стратэгіі і прыёмы аўтэнтыфікацыі «віруснага» анлайн-кантэнту. Можна акцэнтаваць увагу на тым, што «віруснымі» могуць з’яўляцца парады, рэкамендацыі па паводзінах у розных жыццёвых сітуацыях, «гарачыя» (актуальныя) навіны. Інтэрнэт-матэрыял можа змяшчаць памылковыя (неправераныя) факты або з’явы. Вялікую пагрозу складае наўмысная дэзінфармацыя, якая хутка і бесперашкодна тыражуецца ў інтэрнэт-прасторы.
Нагадаем, што інфармацыйныя медыя – гэта «канструктары» рэальнасці, якія маюць сур’ёзныя сацыяльныя і палітычныя наступствы.
Пытанні для абмеркавання
- Ці варта дзяліцца дадзенай інфармацыяй з іншымі карыстальнікамі?
- Ці акажа ўплыў інфармацыя на чыё-небудзь важнае рашэнне?
- Ці тычыцца дадзены матэрыял якога-небудзь надзённага або спрэчнага пытання? (Акцэнтуем увагу вучняў на тым, што пры станоўчых адказах на гэтыя пытанні трэба пераправерыць прадстаўленую інфармацыю.)
- Якія медыятэксты ўключаюць ілжывую інфармацыю? (У інтэрнэт-прасторы існуе вялікая жанрава-відавая разнастайнасць фэйкавага медыякантэнту: сатырычныя навіны, інфармацыйная містыфікацыя, «скамы» (ашуканскія інтэрнэт-парталы для махінацый, крадзяжоў персанальнай інфармацыі карыстальнікаў, загрузкі шкоднага камп’ютарнага праграмнага забеспячэння), рэкламны прадукт.)
- Якая мэта распаўсюджвання фэйкавага медыякантэнту? (Рэклама, правакацыя.)
- Хто распаўсюджвае такія медыятэксты? (Важна высветліць рэпутацыю інтэрнэт-рэсурсу, арыгінальную першакрыніцу медыяінфармацыі, стваральніка медыятэксту; удакладніць, калі медыякантэнт упершыню з’явіўся і атрымаў шырокую вядомасць, з якімі сацыякультурнымі ці палітычнымі падзеямі ён звязаны і якая мэтавая аўдыторыя прапанаванай інфармацыі.)
- Этап творчасці
Задачы: навучыць не толькі аналізаваць атрыманую інфармацыю, але і вызначаць уласнае стаўленне да праблем, асветленых у ёй; ствараць уласныя медыятэксты рознай праблематыкі.
Навучэнцам можна прапанаваць самастойна стварыць прэзентацыю, постар, слайд-шоу, відэаролік, правесці экспертызу-даследаванне сапраўднасці медыякантэнту з уключэннем апісання выкарыстаных прыёмаў, абагульненых вынікаў, высноў.
Адзін з шырока вядомых прыёмаў «Лічбавае апавяданне» можа паспяхова выкарыстоўвацца ў медыяпраектнай дзейнасці на этапе стварэння інтэрактыўных тэкстаў (вэб-апавядання, блога, відэаапавядання і інш.).
Алгарытм працы над лічбавым апавяданнем [1, с. 47]:
- вызначэнне тэмы і мэты;
- збор інфармацыі і прадумванне сюжэта;
- напісанне сцэнарыя;
- падбор неабходных матэрыялаў (фотаздымкі, малюнкі, карты, відэазапісы, гукавое і музычнае суправаджэнне і інш.);
- падрыхтоўка раскадроўкі на паперы;
- мантаж эпізодаў у адпаведнасці з раскадроўкай і запіс галасавога каментарыя;
- захаванне апавядання ў пэўным фармаце для публікацыі ў інтэрнэт-сетцы;
- вывучэнне водзываў, крытычных заўваг, прапаноў і рэкамендацый;
- дапрацоўка медыятэксту (пры неабходнасці);
- арганізацыя прэзентацыі медыяпрадукту і яго адкрытае абмеркаванне (пры жаданні).
Падчас работы над медыяпрадуктам важна звяртаць увагу на аргументаванасць сваёй пазіцыі і асабістых адносін да праблемы, вывучаць розныя пункты гледжання і прапаноўваць магчымыя шляхі вырашэння праблемы, якая разглядаецца. Такім чынам адбываецца «развіццё асобы з дапамогай і на матэрыяле медыя ў мэтах фарміравання медыякампетэнтнасці, творчых, камунікатыўных здольнасцей, крытычнага мыслення, паўнавартаснага ўспрымання, інтэрпрэтацыі, аналізу і ацэнкі медыятэкстаў, а таксама навучання розным формам самавыяўлення» [3, с. 4].
ЛІТАРАТУРА
- Горохова, Л. А. Технология Digital Storytelling (цифровое повествование): социальный и образовательный потенциал [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://cyberleninka.ru/-article/n/tehnologiya-digital-storytelling-tsifrovoe-povestvovanie-sotsialnyy-i-obrazovatelnyy-potentsial. – Дата доступа: 22.11.2023.
- Михалева, Г. В. Технология использования аудиовизуальных медиатекстов о школе и вузе в медиаобразовательном процессе: на примере интернета [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://cyberleninka.ru/article/n/tehnologiya-ispolzovaniya-audiovizualnyh-mediatekstov-o-shkole-i-vuze-v-mediaobrazovatelnom-protsesse-na-primere-interneta. – Дата доступа: 22.11.2023.
- Школа и вуз в зеркале советских, российских и западных аудиовизуальных медиатекстов / А. В. Федоров [и др.]. – М.: Изд-во ОД «Информация для всех», 2019. – 624 c.
- Челышева, И. В. Медиатекст и его прочтение [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://cyberleninka.ru/article/n/mediatekst-i-ego-prochtenie. – Дата доступа: 23.11.2023.
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі