Ці лёгка кіраваць вопытным калектывам, разважае дырэктар Дзераўнянскай сярэдняй школы Сяргей Новікаў

- 12:02Персона

Трымаючы ў руках дыплом, калісьці настаўнік гісторыі, а сёння дырэктар Дзераўнянскай сярэдняй школы Сяргей Новікаў загадаў толькі адно: каб яго ўрокі падабаліся вучням. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Талент педагога і асабісты падыход да выкладання заўважылі ў раёне, і сёння ён — адзін з самых маладых кіраўнікоў Стаўбцоўшчыны.

Наканавана лёсам

— Сяргей Андрэевіч, раскажыце, якім быў ваш шлях у педагогіку?

— За свой 6-гадовы педагагічны вопыт я 4 гады знаходжуся на пасадзе дырэктара. Што тычыцца шляху ў педагогіку, то ён быў усвядомлены і, напэўна, наканаваны лёсам. Па лініі бацькі мае бабуля і прабабуля былі настаўніцамі, выкладалі хімію і біялогію, таму я не па чутках ведаў, наколькі гэта адказная, але разам з тым і цікавая работа. Маім любімым прадметам у школе была гісторыя. Калі вучыўся ў 9 класе, ужо дакладна ведаў, куды пайду працяг­ваць адукацыю — у БДПУ на гістарычны факультэт. За час, пакуль быў студэнтам, яшчэ больш упэўніўся ў тым, што не памыліўся з выбарам прафесійнага кірунку… Вярнуўся ў свой раён, па размеркаванні трапіў у Налібоцкую сярэднюю школу. Паралельна з выкладаннем гісторыі займаў пасаду педагога сацыяльнага, быў класным кіраўніком. Праз 2 гады прапанавалі ўзначаліць школу. Я разумеў, што гэта вельмі адказны крок, — згадзіўся, таму што кожнаму педагогу, які хоча дасягнуць поспеху, трэба развівацца, расці і самаўдасканальвацца. Ніколі нельга баяцца зрабіць новы крок. Так, гэта можа быць страшна, але стаяць на месцы і нічога не дасягнуць, не раскрыць сябе — яшчэ страшней.

Пасля трох гадоў кіраўніцтва ў Налібоцкай сярэдняй школе начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Стонька прапанавала перайсці ў Дзераўнянскую сярэднюю школу, узначаліць яе. З таго часу я тут і працую.

— Дырэктар — лідар у калектыве. Ці былі вы такім, калі вучыліся ў школе і ва ўніверсітэце?

— Шчыра кажучы, лідарам, пакуль вучыўся, я не быў. Што тычыцца лідарс­тва ў калектыве, то адпаведныя якасці да мяне прыйшлі з вопытам і з часам. Акрамя гэтага, адпаведныя навыкі набываюцца, калі разумееш прынцыпы і асновы той справы, якой займаешся. Гаворачы пра сябе сённяшняга, адзначу, што ў прафесійным плане вельмі змяніўся. Заўважаю, што стаў больш ураўнаважаным, умею ацэньваць і правільна ўспрымаць інфармацыю, акумуляваць яе — а гэта для кіраўніка навучальнай установы важна.

Зразумела, што, стаўшы дырэктарам, больш увагі ўдзяляю адміністрацыйнай рабоце, але ўсё роўна ўпэўнены ў тым, што школу трэба паказваць, рабіць усё магчымае, каб пра яе вучняў і настаўнікаў ведалі і гаварылі.

— Як складваліся адносіны са старэйшымі калегамі? Не было прадузятасці з-за таго, што вопытным калектывам кіруе такі малады нас­таўнік?

— Безумоўна, спачатку было цяжка, але калегі дапамагалі, вучылі, падказвалі — і паступова ўсё пачало атрымлівацца.

Складаней за ўсё было з нарматыўнай базай. Ёсць многа дакументаў, якія патрабавалася вывучыць у тэрміновым парадку. У гэтых пытаннях дапамаглі спецыялісты ўпраўлення па адукацыі, старэйшыя і вопытныя калегі.

Я ніколі не саромеўся прасіць дапамогі, калі яна была патрэбна. Не дарма ка­жуць, што самае цяжкае — гэта першы год работы. Так і ёсць. Калі пачатковыя крокі ўжо пройдзены, становіцца лягчэй і прасцей. Дзесьці дапускаліся памылкі, але на тое і ёсць жыццё, каб вучыцца і развівацца.

Сярэдні ўзрост педагогаў школы — 50 гадоў. Сярод настаўнікаў ёсць тыя, хто працуе ў школе ўсё жыццё. Але нават ад іх у свой адрас ніколі не чуў ні слоў зайздрасці, ні жадання прынізіць. Адзінае, што могуць сказаць, што ў іх унукі такога ж узросту, як я. Але нават гэта гаворыцца як жарт, а не папрок.

Уласная формула поспеху

— Кампетэнцыі сучаснага дырэктара сёння вельмі разнастайныя. Якія яго функцыі можна назваць галоўнымі?

— Я ўпэўнены, што адразу стаць паспяховым дырэктарам немагчыма. Вопыт набываецца з гадамі, але калі паставіць мэту, то шлях будзе прасцейшы. Лічу, што кіраўнік павінен валодаць ведамі, прычым у самых розных галінах. Для таго каб павесці калектыў наперад, трэба быць упэўненым у сабе. Паступова ў мяне сфарміравалася ўласная формула поспеху, якая складаецца з веры ў сябе і свой калектыў, кампетэнтнасці, каманднага духу і аб’яднання намаганняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: настаўнікаў, дзяцей, бацькоў. Важна разумець, што толькі згуртаваны калектыў можа дасягнуць поспеху. Таму трэба рабіць усё магчымае, каб аб’яднаць настаўнікаў у каманду аднадумцаў, якія змогуць дапаўняць адно аднаго і развівацца самастойна.

Што да майго дырэктарскага стылю, то ў любой сітуацыі адношуся да калег, бацькоў і вучняў па-чалавечы, з разуменнем, і заўсёды нагадваю пра тое, што хачу дапамагчы. Лічу, што дырэктар павінен знаходзіць час на тое, каб выслухаць, зразумець усе тонкасці сітуацыі, якая склалася, і паспрабаваць вызначыць аптымальнае рашэнне, якое прынясе карысць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Калі людзі, якія знаходзяцца побач, бачаць такое стаўленне да сябе, то і ў адказ паво­дзяць сябе гэтак жа, з разуменнем і павагай.

— Як вырашаеце канфлікты, калі яны ўзнікаюць?

— У сельскай школе дзеці больш прос­тыя, адкрытыя і непасрэдныя — не такія, як у горадзе, і бацькі лягчэй ідуць на кантакт. Сур’ёзных канфліктаў у нас ніколі не ўзнікала, але праблемныя моманты, якія патрабуюць вырашэння, ёсць, і з імі мы стараемся спраўляцца разам, камандай. Калі бацькам нешта не зразумела, яны ведаюць, што заўсёды могуць прыйсці да мяне і мы вырашым праблему разам. Тое ж тычыцца і вучэбных пытанняў. Калі ў навучэнца здараюцца канфлікты з аднакласнікамі альбо калі дзіця не можна знайс­ці кантакт з настаўнікам (у нас такое здараецца рэдка), мы сустракаемся і разам вырашаем праблему.

— Чым карыстаецеся, плануючы работу на найбліжэйшую і далёкую перспектыву?

— Калі гаварыць пра найбліжэйшыя планы, умоўна кажучы, на заўтрашні дзень, то заўсёды імкнуся прапісаць пастаўленыя задачы напярэдадні, прадумаць усе моманты і размеркаваць абавязкі паміж адміністрацыяй і калектывам.

 Што тычыцца дакументаў, якія дапамагаюць планаваць работу, вызначаць яе асноўныя напрамкі на далёкую перспектыву, на будучыню, то ў першую чаргу карыстаюся Кодэксам аб адукацыі. Таксама часта звяртаюся да Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, да лакальных актаў школы, загадаў, метадычных распрацовак і інш.

Летапіс школы

— У вашай школе працуе музей “Стаўбцоўшчына літаратурная”. Якая роля адводзіцца яму ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце?

— Наш музей быў адкрыты ў 1997 го­дзе. Паступова ён пашыраўся, напаўняўся інфармацыяй і сёння складаецца з некалькіх раздзелаў. Кожны з іх яскрава адлюстроўвае тэму, якой прысвечаны: “Яны стая­лі ля вытокаў”, “З Мікалаеўшчыны родам”, “Нёманам натхнёныя”, “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”. Нягледзячы на тое, што профіль музея літаратурны, асобны раздзел у ім прысвечаны дзераўнянскай зямлі, гісторыі нашай малой радзімы. Увесь час кіруе музеем бібліятэкар Ванда Генадзьеўна Даўгапол. Яна адданы сваёй справе спецыя­ліст, прафесіянал. Што да збору матэрыялаў, то над ім Ванда Генадзьеўна працавала ра­зам з вучнямі. Так, у мінулым навучальным го­дзе кожны клас ствараў вызначаны праект. У выніку ў нас з’явіліся такія работы, як “Жанчыны на вайне”, “Славутыя лю­дзі нашага краю”, “Маўклівыя сведкі гісторыі”, “Па­мяць сэрца”, “Запрашэнне ў гісторыю аграгарадка Дзераўная”, “Зямля бацькоў — зямля святая”.

Дзякуючы таму, што наша ўстанова адукацыі ўдзяляе многа ўвагі праектнай дзейнасці, краязнаўчы раздзел музея папоўніўся звесткамі пра тых педагогаў Стаўбцоўшчыны, якія пакінулі значны след у навучанні i выхаванні маладога пакалення.

— Кожная ўстанова адукацыі жыве традыцыямі. Чым славіцца і ганарыцца Дзераўнянская сярэдняя школа?

— Гэта насамрэч так, бо менавіта традыцыі пішуць летапіс школы, — і ў нас іх багата. Што знакава вылучае нашу школу сярод астатніх, то гэта афармленне двара. У нас расце шмат розных кветак, якія раду­юць вока з ранняй вясны і да позняй восені. Пры гэтым штогод стараемся дапаўняць гэтую прыгажосць новымі раслінамі. Яшчэ адна знакавая традыцыя звязана з музеем. Мы ганарымся кожным выпускніком школы, таму гісторыя ўстановы адукацыі і жыццёвага шляху яе вучняў, іх дасягненняў захоўваецца ў Стаўбцоўшчыне літаратурнай”.

— Сяргей Андрэевіч, як рыхтаваўся ваш калектыў да сустрэчы з вучнямі?

— Безумоўна, усё лета падтрымлівалі парадак на школьным участку. У асноўным наша падрыхтоўка заключалася ў касметычным рамонце. Неабходны парадак быў наведзены ў харчаблоку. На другім паверсе ў калідоры замянілі пакрыццё на падлозе. Абнавілі спартыўнае абсталяванне, пафарбавалі, зрабілі разметку на спартыўных пляцоўках… За тры месяцы мы ўжо засумавалі па дзіцячых галасах, таму з нецярпеннем чакалі, калі ў нашай школе пра­звініць першы званок.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА