Музейная педагогіка: як у Цялушскай школе захоўваюць сваю спадчыну

- 9:00Главная, Новости

Аб тым, як добра ў сярэдняй школе аграгарадка Цялуша захоўваюць сваю спадчыну, ведаюць ва ўсім Бабруйскім раёне. Музейны пакой “Беларуская хатка”, літаратурна­-краязнаўчы музей з асобнай экспазіцыяй, прысвечанай нашчадкам А.С.Пушкіна, — тут сапраўды ёсць на што паглядзець і чаму падзівіцца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адразу хочацца пацікавіцца, якое дачыненне мае А.С.Пушкін да беларускай вёскі Цялуша? А справа ў тым, што Цялушская школа была пабудавана яшчэ ў 1894 годзе мясцовымі памешчыкамі Варанцовымі-­Вельямінавымі, якія клапаціліся пра тое, каб сялянскія дзеці вучыліся грамаце. Наталля Варанцова-Вельямінава з’яўлялася прамым нашчадкам вялікага рускага паэта, яна была яго ўнучкай. Не дзіва, што ў аграгарадку ўшаноўваюць па­мяць класіка — штогод у Цялушы прахо­дзіць свята, прысвечанае дню нараджэння А.С.Пушкіна, на якое прыяз­джаюць нават госці з іншых краін. У 1999-м да 200-годдзя з дня нараджэння паэта ў школе быў створаны літаратурна-края­знаўчы музей — вынік шматгадовай працы настаўнікаў і вучняў. Экспазіцыя, прысвечаная нашчадкам Аляксандра Сяргеевіча, адразу прыцягвае ўвагу. Тут і старыя малюнкі, і фота, і безліч каштоўных архіўных матэрыялаў, ёсць нават генеалагічнае дрэва “Нашчадкі А.С.Пушкіна”. І амаль заўсёды ў музеі — дзеці.

— Школьнікі актыўна цікавяцца пушкінскай старонкай нашай гісторыі, — расказвае педагог-арганізатар і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Святлана Пракапенка. — Многія з іх ужо самі могуць праводзіць экскурсіі. У 2011 го­дзе школу наведалі Ганна і Міхаіл Варанцовы-Вельямінавы, якія прыехалі з Еўропы. Яны падарылі матэрыялы з сямейнага архіва, а летась у школу завіталі нашчадкі А.С.Пушкіна ўжо ў шостым пакаленні!

— Наш край наогул багаты на літаратурныя імёны, — заўважае дырэктар Цялушскай школы Аляксандр Суровы. — У вёсцы Глуша, што непадалёк, жыў пісьменнік Алесь Адамовіч, там ён і пахаваны. На Бабруйшчыне нарадзіўся вядомы беларускі паэт, празаік і перакладчык Мікалай Аўрамчык — выпускнік нашай школы! Яго жыццю і творчасці прысвечана адна з экспазіцый музея. Створана і экспазіцыя “Літаратурная Бабруйшчына”, а таксама “Наш летапіс: гісторыя вёскі і школы”, якая адлюстроўвае гераічны подзвіг мясцовых жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы пастараліся сабраць усё самае цікавае — з дапамогай неабыякавых педагогаў, сем’яў вучняў. Пабудавалі экспазіцыі так, каб дзецям было нясумна, каб інфармацыя добра запаміналася.

У музейным пакоі “Беларуская хатка” ўзнікае пачуццё, што трапіў у мінулае, — настолькі рэальна паўстае перад вачыма сялянская хата.

— Сакрэт у тым, што тут амаль усе экспанаты арыгінальныя, — падкрэслівае Аляксандр Суровы. — Прадметы сялянскага побыту яшчэ захоўваюць памяць пра рукі сваіх першых гаспадароў. А калі нам чагосьці не ўдавалася знайсці, шукалі новыя рэчы, але абавязкова самаробныя: саматканыя ручнікі, абрусы. У цэнтры “хаты” стаіць печ. Хаця на самай справе гэта па-мастацку зроблены макет. У печы ёсць нават падпечак. Патэльні, чыгунок, вілкі, качарга — усё можна браць у рукі, разглядаць, што вельмі важна для дзяцей.

Ганарыцца Цялушская школа не толькі сваёй спадчынай, але і педагогамі. Напрыклад, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Анатолем Амегам, які выкладаў тут доўгія гады: дзякуючы яму, у школе склаўся моцны фізкультурны напрамак. Стэнд, прысвечаны Анатолю Аляксандравічу, таксама ёсць у школе. А зараз тут працуе яго зяць Аляксандр Гацко, які годна працягвае справу свайго цесця і стаў ужо легендай не толькі гэтай установы адукацыі, але, напэўна, усёй Магілёўшчыны. Аляксандр Іванавіч падрыхтаваў шмат маладых спартсменаў — сёння вась­мікласнікі Цялушскай школы на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню складаюць канкурэнцыю нават адзінаццацікласнікам! Усяго на сённяшні дзень Аляксандр Гацко падрыхтаваў 22 вучні-пераможцы алімпіяд: 15 на абласным і 7 на рэспубліканскім узроўні.

— Я і сам скончыў гэтую школу, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — Вучу дзяцей не толькі перамагаць на алімпіядах, але і весці здаровы лад жыцця. У свае амаль 60 гадоў займаюся хадзьбой, езджу на веласіпедзе. Рух — гэта жыццё!

Яшчэ адна легенда школы — Ігар Лось, настаўнік гісторыі і працоўнага навучання. Аўтар даследчай работы па гісторыі, якая ў мінулым перамагла на рэспубліканскім узроўні. А вучаніца Марыны Ігнатчык, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, сёлета атрымала дыплом II ступені на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Усе гэтыя педагогі — ураджэнцы Бабруйскага раёна.

— Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, — успамінае прымаўку Аляксандр Суровы. — Гэта мы ў Цялушы добра ве­даем. Ганарымся сваімі педагогамі, гісто­рыяй, героямі і памяць пра іх старанна захоўваем.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара