Шлях да сэрцаў малышоў. Настасся Карасевіч будзе прадстаўляць раён на абласным этапе конкурсу «СуперПРОФІ»

- 9:00Главная, Новости

Педагог дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска Настасся Карасевіч будзе прадстаўляць раён на абласным этапе конкурсу “СуперПРОФІ”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Спецыяліст прызнаецца, што яшчэ ў дзяцінстве задумалася аб кар’еры педагога і здзей­сніла сваю мару. Яна ставіцца да работы і дзяцей з любоўю, клопатам і трапятаннем.

Настасся Віктараўна пераступіла парог ДЦРД, будучы маладым спецыялістам, і ўжо 6 гадоў упэўнена сябе адчувае ў ролі выхавальніцы, дасягае новых вяршынь у прафесіі, а яе планы на будучыню звязаны з вышэйшым пілатажам у дашкольнай адукацыі.

Сардэчна сустрэлі

— Любіце ўставаць чуць свет, адказваць на шматлікія “чаму”? І чаму вырашылі выбраць прафесію педагога?

— З выбарам прафесіі вызначылася яшчэ ў дзяцінстве, калі заўважыла, што мне падабаецца мець зносіны з малышамі, захапляць іх гульнямі і чымсьці карысным, — шчыра прызнаецца выхавальніца. — Пасля 9 класа паступіла ў Рагачоўскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”. Памятаю, бабуля ўзрадавалася майму выбару і адзначыла, што набытыя навыкі і веды дапамогуць мне і ў выхаванні ўласных дзяцей. Па размеркаванні прыехала ў родны Светлагорск, і ў аддзеле адукацыі сказалі, што ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 мяне вельмі чака­юць. Накіроўваючыся на першае працоўнае месца, хвалявалася, думаючы, як мяне ўспрыме калектыў… Калегі сустрэлі сардэчна, падтрымалі, аказалі неабходную дапамогу.

Праз два гады адпрацоўкі зразумела, што я патрыёт ДЦРД і хачу тут застацца. Ні дня не шкадавала пра свой выбар, імкнуся дасягаць вяршынь і ўслаўляць родны дзіцячы сад.

Пасля каледжа я скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны па спецыялізацыі “Англійская мова”, што дазваляе весці заняткі англійскай мовы для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп.

— Ці хутка дзеці асвойваюць англійскую мову?

— Падчас заняткаў раблю акцэнт не столькі на папаўненні слоўнікавага запасу, колькі на яго актывізацыі, каб хлопчыкі і дзяўчынкі ўмелі выкарыстоўваць словы ў вуснай мове. Яны ўжо могуць назваць на замежнай мове прадукты ў магазіне, веда­юць назвы жывёл заапарка, лічаць да дзесяці, з дакладнасцю пера­лічваюць колеры вясёлкі, характарызуюць настрой персанажаў любімых мультфільмаў.

— Лічыце, што прафесія педагога лепшая?

— Без усялякіх сумненняў! Бо гэтая прафесія дазваляе раскрыцца з розных бакоў. Мае поспехі і дасягненні ў конкурсах педагагічнага майстэрства — сведчанне гэтага. Так, у конкурсе “Педагагічны дэбют — 2022” я заняла 1-е месца ў раёне, у конкурсе “Настаўнік года — 2023” заваявала “золата” на раённым этапе, цяпер у “СуперПРОФІ” ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” я зноў першая. З нецярпеннем чакаю, калі адпраўлюся прадстаў­ляць наш рэгіён на абласным этапе ў Гомелі.

— Наколькі я паспела заўважыць, выхаванцы вас любяць. Дзяцей не ашукаеш: яны хутка і беспамылкова счытваюць шчырую дабрыню і любоў дарослых.

— У групе ўтварыўся вельмі дружны дзіцячы калектыў. З калегай Ангелінай Уладзіміраўнай Шчамялёвай мы працуем у ­цесным звязку апошнія тры гады, выхоўваючы 19 дзяцей. Кожны выхаванец у дзень мінімум пяць разоў прамаўляе маё імя і імя па бацьку. Раней ім было цяжкавата вымавіць “Настасся Віктараўна”, таму як толькі мяне не называлі: і “Анастасіеўна”, і “Вікталаўна”. Цяпер яны крыху падраслі, цікава за імі назіраць ва ўзросце чамучак. Рада, што яны бачаць ува мне вопытнага чалавека, які можа расказаць, растлумачыць, пака­заць, узбагаціць ведамі, уменнямі і жыццёвым вопытам.

Разам з бацькамі

— Ці лёгка выбудоўваць зносіны з бацькамі выхаванцаў?

— Не магу сказаць, што ў мяне былі калі-небудзь цяжкасці ў гэтым пытанні. Заўсёды стараюся на сустрэчах з бацькамі выкарыстоўваць нейкія нетрадыцыйныя метады зносін. Напрыклад, летась пасля афіцыйнай часткі правялі псіхалагічны трэнінг з удзелам псіхолага. Гаварылі пра тое, як важна ўдзя­ляць дастаткова часу і сабе, і сям’і, і дзіцяці, звярталі ўвагу на тое, што неабходна правільна размяркоўваць час. У канцы навучальнага года правялі квіз “Патрыёты сваёй краіны” па матывах “Сваёй гульні”. Бацькам цікава было даведацца, як у садзе рэалізуецца праект “Зялёныя школы”, як увасабляюцца ідэі праекта “Шацілінскі маршрут”. Дарослыя бачаць, што педагогі з трапятаннем і клопатам ставяцца да іх дзяцей, таму ўзаемаразуменне выбудоўваецца найлепшым чынам.

— Мяркуючы па назве, “Шацілінскі маршрут” — гэта праект пра падарожжа па знакавых мясцінах роднага краю?

— Гэта аўтарскі праект установы, накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей. Па сутнасці “Шацілінскі маршрут” — інтэрактыўная карта, якая ўключае ў сябе тры напрамкі. Так, разам з выхаванцамі мы наведалі памятныя мясціны Светлагорскага раёна і знялі невялікія відэасюжэты пра мемарыяльныя комплексы “Ала”, “Баграціён”. Другі кірунак — маршруты выхаднога дня — самы цікавы, на мой погляд, бо спецыяльнымі карэспандэнтамі становяцца дзеці і ў відэасюжэтах расказва­юць пра тыя цікавыя месцы, якія наведалі разам з бацькамі. Трэці напрамак — праваслаўнае краязнаўства, дзе знаёмім з храмамі Светлагорскага благачыння.

— Калі не педагогіку, то які кірунак выбралі б?

— Шчыра прызнацца, задумвалася пра гэта нядаўна. На гэтую тэму разважалі з мужам. І я прыйшла да высновы, што засталася б верная педагогіцы, ні на што яе не прамяняла б.

Дашкольная адукацыя — гэта маё, гэта тое месца, дзе я сябе знайшла, адкуль не хачу сыходзіць. Адчуваю дзяцей на падсвядомым узроўні, а яны адчуваюць мяне і з паўслова, з паўпогляду разумеюць. Мне пашчасціла стаць выхавальніцай.

Бачыць маленькага чалавека

— Ці ёсць у вас захапленні па-за сценамі сада?

— Ёсць. І дастаткова шмат. Напрыклад, вядзенне канцэртаў, канферанс — нядаўна набытае хобі. Некалькі гадоў назад мяне запрасілі правесці ў цэнтры культуры Дзень настаўніка — вельмі цікавы вопыт, які прыносіць унутраны спакой. З каледжа захапляюся вакалам, і, калі выдаецца магчымасць выступіць на конкурсе, мне гэта заўсёды ў радасць. Займаюся мадэлінгам, сталічныя школы фатографаў запрашаюць мяне на здымкі — спрабую сябе ў гэтай галіне. Уменне свабодна трымацца перад камерай, на публіцы — добры вопыт. Яшчэ захапляюся псіхалогіяй эмоцый і тыпамі тэмпераментаў, мне цікава вывучаць настрой людзей, як і ад чаго ён залежыць, як можна паўплы­ваць на яго. У садку дзіця можа знервавацца з-за дробязі, вядома, даводзіцца падбадзёрваць яго, і такая дапамога для маленькага чалавека вельмі важная.

— На ваш погляд, што самае галоўнае ў выхаванні дзіцяці?

— Важна не спраба­ваць перарабіць яго, а прыняць такім, якое яно ёсць, і развіваць станоўчыя якасці, уласцівыя яму. Трэба ба­чыць маленькага чалавека з яго мэтамі, поглядамі, даваць магчымасць выказвацца, каб у будучыні ён не баяўся праявіць сябе, зрабіць крок наперад, падзяліцца ўласнымі думкамі, меркаваннямі.

Выхавальнік — прыклад, быць выхавальнікам — шмат і ўпарта працаваць. Прафесія педагога — тая сфера дзейнасці, у якой ніколі не будзеш стаяць на месцы, а будзеш заўсёды развівацца.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара