З’яднаныя Скарынаўскімі днямі

- 11:50Авторские колонки, Мнение

У Полацку праходзяць Скарынаўскія дні — 2024. Радзіма вялікага першадрукара, вучонага і асветніка прымае ўдзельнікаў маштабнага рэспубліканскага праекта — аднаго з самых цікавых і адметных на айчыннай культурна-адукацыйнай прасторы.

Таццяна БОНДАРАВА

Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны для многіх пакаленняў беларусаў з’яўляюцца прыкладам самаадданага служэння роднаму краю. У гонар Скарыны заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды нашай краіны — медаль і ордэн, яго імем названы ўстановы адукацыі, вуліцы, плошчы, праспекты.

Калі заходзіць размова пра Скарынаўскія дні ў Полацку, якія адзначаюцца з 2013 года, у памяці найперш паўстаюць людзі, нашы суай­чыннікі. Глыбока сімвалічна, што большасць з іх — педагогі або тыя, чыя працоўная біяграфія пачыналася ў сістэме адукацыі. Успамінаецца дэбют праекта, заклапочанасць і радасць (усё выдатна атрымалася!) у позірку яго ідэйнага натхняльніка Пятра Пяткевіча. Цяперашняя пераемніца Пятра Мяфодзьевіча на пасадзе намесніка старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна тады ўзначальвала калектыў гімназіі № 1 Полацка імя Францыска Скарыны — той самай, дзе традыцыйна даецца афіцыйны старт кожнаму новаму сезону Скарынаўскіх дзён і адбываецца ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў, праводзяцца Скарынаўская алімпіяда і шахматны турнір “Полацкая ладдзя”. Успамінаецца руп­лівасць і клапатлівасць яшчэ адной палачанкі, якая была ля вытокаў праекта, Ірыны Дзёмінавай (Страленка). Восенню няпростага 2020-га Ірыне Мікалаеўне, на той час дырэктару раённага цэнтра дзяцей і моладзі, прапанавалі “гарачую” пасаду начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама. І яна без ваганняў прыняла на сябе гэтую адказнасць. Безумоўна, успамінаецца галоўная рухальная сіла праекта: кіраўнік сістэмы адукацыі раёна Ірына Драздова і яе дружная педагагічная каманда. У 2014 годзе, калі ініцыятыву палачан падтрымаў Наваполацк, Ірына Афанасьеўна выказала спадзяванне, што ў далейшым у Скарынаўскіх днях прымуць удзел навучэнцы з іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Дарэчы, яна ў добрым сэнсе памылілася: з лёгкай рукі арганізатараў праект адкрыў межы на ўсю рэспубліку. Сёння геаграфія яго ўдзельнікаў яднае прадстаўнікоў Беларусі і многіх краін замежжа — ад суседняй Расіі да далёкага Кітая. Успамінаецца гордасць і ўдзячнасць камандзе Скарынаўскіх дзён у вачах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы і дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі На­дзеі Васільчанка, якія ўбачылі патэнцыял раённага праекта і дапамаглі яму вырасці да рэспубліканскага. Успамінаецца зямлячка пачынальнікаў праекта, цяпер Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, калі яна вітала ўдзельнікаў Скарынаўскай алімпіяды. Паўстаюць у памяці квілты з гербамі беларускіх гарадоў, якія маюць статус дружалюбных да дзяцей, на аб’яднаным гербам Скарынаўскіх дзён адзі­ным палатне. Напэўна, абсалютна невыпадкова праект прымеркаваны да Дня народнага адзінства: гэта жывое ўвасабленне ідэй і па­дзей, якія нас аб’ядноўваюць. Прыгадваючы класіка, “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”. Менавіта на Полаччыне як ніколі дакладна адчуваеш сваю прыналежнасць да Беларусі і ўсведамляеш: Радзіма пачынаецца з цябе.

Яркі, пазітыўны пачатак новага навучальнага года, прэзентацыя маладзёжных ідэй, ператвораныя ў адзі­ную адукацыйную пляцоўку гарадскія вуліцы і плошчы, сустрэчы педагогаў, грамадскіх лідараў і моладзі з розных куткоў Беларусі і замежжа, Скарынаўская алімпіяда, інтэрактыўныя ўрокі ў полацкіх музеях, сесія “Сіла слова: моладзь, медыя і сацыяльныя ініцыятывы”, майстар-класы і трэнінгі, інтэлектуальны і шахматны турніры, унікальныя творчыя конкурсы “Друк часу: натхнёныя спадчынай Францыска Скарыны” і “Малая падарожная кніжыца” — усё гэта сёлетнія Скарынаўскія дні. Удзельнікі змогуць не толькі прадэманстраваць свае таленты, але і азнаёміцца з творчасцю лепшых мастацкіх калектываў Полаччыны, паглядзець спектакль заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага тэатра “Пілігрым”, наведаць Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, паглыбіцца ў непаўторную атмасферу старажытнага Полацка, дзе сівую даўніну гарманічна дапаўняюць сучасныя тэхналогіі. Між тым у ходзе Скарынаўскіх дзён літаральна на вачах ва ўдзельнікаў нараджаюцца новыя ідэі развіцця праекта. Упэўнена, яны абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.

Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар