Кожны год выпускнікі Канвелішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна выбіраюць для паступлення педагагічныя спецыяльнасці. Садзейнічае гэтаму адкрыццё класаў і груп адпаведнай накіраванасці і шматгадовы вопыт супрацоўніцтва з кафедрай беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сёння дарогай да ведаў тут ідуць каля 90 школьнікаў. Ідуць упэўнена і мэтанакіравана дзякуючы неабыякавым і зацікаўленым у іх жыццёвай уладкаванасці педагогам.
— Сельская школа — гэта заўсёды перавага, бо кожны выпускнік для нас — адкрытая кніга. Мы ведаем калі не ўсё, то амаль усё пра іх таленты і захапленні, моцныя і слабыя бакі, перавагі… З улікам гэтага прапануем кожнаму магчымую траекторыю прафесійнага станаўлення, раім магчымыя кірункі рэалізацыі сябе, — гаворыць дырэктар установы адукацыі Наталля Якжык.
У праўдзівасці гэтых слоў карэспандэнт пераканалася фактычна адразу пасля знаёмства з класам, для нашага выдання асабліва важным і цікавым, — педагагічным. Пра кожнага з вучняў дырэктар адразу расказала як пра лепшага: у алімпіядным руху, творчых конкурсах, пабудове ўзаемадзеяння з аднагодкамі і не толькі…
— А гэта герой класа ў літаральным сэнсе, — звярнула ўвагу дырэктар. — Наш Косця, пасля таго як у гаспадарчую пабудову на тэрыторыі бацькоўскага ўчастка ўдарыла маланка, патушыў агонь яшчэ да прыезду ратавальнікаў. За гэта атрымаў узнагароду ад МНС.
Годныя прыкладу
Куратарам педкласаў школы не першы год з’яўляецца Гелена Паляк, якая вядзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і будуе сваю работу ў цесным кантакце з класнымі кіраўнікамі. Як пра лепшых пра сваіх дзяцей яна гаворыць не толькі адносна школы, але і вобласці. У мінулым годзе каманда школьнікаў з Канвелішак пад яе кіраўніцтвам у дзвюх намінацыях стала пераможцай VI фестывалю педагагічных класаў у ГрДУ імя Янкі Купалы.
— Годна прадставілі і сваю ўстанову, і ў цэлым раён. Разам з педкласаўцамі з Воранаўскай сярэдняй школы прывезлі тады тры пераможныя дыпломы, — расказвае Гелена Феліксаўна.
Класы і групы педагагічнай накіраванасці ў Канвелішках адкрываюцца з 2016 года. Аб перавагах і плюсах педагогікі гаворыць з педкласаўцамі не толькі выкладчык тэматычнага факультатыва, але і дырэктар.
— Нярэдка прыводжу прыклад нашага выпускніка Яўгена Войшніса — педагога Воранаўскай сярэдняй школы, якога ў раёне ведаюць усе. Малады і перспектыўны настаўнік сёння выкладае фізіку і інфарматыку, а са светам робататэхнікі знаёміць школьнікаў практычна ўсяго раёна ў рамках тэматычнага аб’яднання па інтарэсах. Яго выпадак — пацвярджэнне таго, што педагогіка — пра вялікія магчымасці рэалізацыі сябе з камфортам. Маладому педагогу сёння выдзелена арэнднае жыллё ў райцэнтры, — дадае Наталля Якжык.
Юныя фалькларысты
Зрэшты, выпускнікі Канвелішскай сярэдняй школы сёння працуюць у многіх школах раёна. Толькі летась трое такіх папоўнілі педагагічную сям’ю Воранаўшчыны.
Зацікаўленасць выпускнікоў педспецыяльнасцямі — даўняя традыцыя яшчэ па адной прычыне. На працягу ўжо больш як 15 гадоў на базе школы ў Канвелішках працуе лагер, дзе вучні адпачываюць разам са студэнтамі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.
— Дзевяцідзённую змену ў “Канваліі” (нашага брэндавага мерапрыемства) усе вельмі чакаюць. Разам са студэнтамі філалагічнага факультэта нашы дзеці адпраўляюцца ў фальклорныя экспедыцыі, займаюцца рэканструкцыяй і адраджэннем фальклорных свят, вучацца ў школе юнага паэта… Лагер — гэта яшчэ і пра цікавы сумесны вольны час з вячэрнімі вогнішчамі і размовамі пра вучобу ў Гродне. Хіба можна ўявіць лепшы спосаб прафарыентацыі і адначасова папулярызацыі галоўнага рэгіянальнага ўніверсітэта, — тлумачыць дырэктар лагера Алена Савуль.
Узаемадзеянне з універсітэтам садзейнічае ў тым ліку перамогам школьнікаў на канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню і іх больш паспяховай сацыялізацыі. Больш за тое, сабраны студэнтамі і школьнікамі фальклорны матэрыял летась лёг пад вокладку кнігі “Воранаўшчына ў легендах і паданнях” — аднаго
са зборнікаў серыі “Мая Воранаўшчына”, выпушчанай у раёне сумесна з ГрДУ імя Янкі Купалы.
Школа = сям’я
Мэтанакіравана працуючы з дзецьмі па папулярызацыі прафесіі педагога, у Канвелішках робяць стаўку і на работу з бацькамі. Тут распрацаваны і рэалізуецца сумесны праект педагогаў і вучняў педкласаў “Бацькі+”. Гэта шэраг мерапрыемстваў і акцый, накіраваных на павышэнне выхаваўчага патэнцыялу сельскай сям’і.
— Гаворка найперш ідзе пра ўменне арганізаваць свой вольны час і вольны час разам з намі. Гэта пешаходныя і велаэкскурсіі па родных мясцінах, квест-гульні і паходы выхаднога дня, — гаворыць дырэктар школы.
Галоўная мэта праекта — паказаць магчымасці цікавага і карыснага правядзення вольнага часу ўсёй сям’ёй. Асабліва гэта тычыцца сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За такіх дзяцей сэрца баліць ва ўсіх педагогаў у Канвелішках. Нярэдка бацькам, якія аступіліся, кіраўніцтва прапануе пасільную работу ў школе, каб паўплываць і падказаць, як зберагчы сям’ю.
— Кожная такая перамога — поспех цэлай сям’і і школы, — адзначыла дырэктар.
У Канвелішках педагогікай жывуць і натхняюцца. Чаго варта толькі экскурсія па школе з дырэктарам. У кожным класе, звяртаючыся да вучняў, яна гаварыла карэспандэнту: “А гэта мой любімы клас!” Пры такім стаўленні да работы і прафесіі ў школьнікаў не бывае інакш, як: “Мая любімая школа і педагогі, прыкладу якіх варта прытрымлівацца”.
Стаўка на выпускнікоў
Педкалектыў школы ў Канвелішках — 26 чалавек, і 16 з іх у свой час скончылі яе ж.
У мінулым годзе папоўніла колькасць такіх і выпускніца педкласа Анжаліка Маркель — настаўніца гісторыі, якая паспяхова робіць першыя крокі ў прафесіі. Што вельмі важна, толькі са станоўчага боку ацэньваюць гэтыя крокі старэйшыя калегі.
— Вельмі камфортна пачынаць шлях у прафесіі ў родным для сябе калектыве. Гэта надае дадатковую ўпэўненасць у сабе, заўсёды ведаеш у каго спытаць парады па тым ці іншым пытанні, — гаворыць Анжаліка Маркель.
У калектыве адзначаюць, што па параду нярэдка звяртаюцца і да моладзі — значна больш кампетэнтнай у пытаннях валодання новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Нават традыцыйная форма экскурсій па гістарычна значных мясцінах набыла новае, значна больш папулярнае сярод школьнікаў афармленне ў выглядзе квест-гульні.
— Пасля першага года работы прыйшла да галоўнай высновы: школа — гэта пра мяне. Сапраўды блізкімі сталі ўсе вучні, а з гэтага года з’явіліся і безумоўныя школьныя любімчыкі. Класным кіраўніком стала для пяцярых нашых пяцікласнікаў, — дзеліцца малады спецыяліст.
Інфармацыйным тэхналогіям на сваіх уроках яна адводзіць важнае месца. Адказы на пастаўленыя педагогам пытанні школьнікі нярэдка шукаюць, напрыклад, па прапанаваных QR-кодах.
— Практычна ўсе педагогі, якія вучылі мяне, сёння мае калегі. І нават замацаваны настаўнік Тамара Аўкштулевіч, калі я была школьніцай, вучыла мяне хіміі, — успамінае Анжаліка Маркель.
Прызнаецца малады педагог, што не заўсёды паспявае задаць пытанне, а калегі ўжо спяшаюцца прапанаваць дапамогу. Так было сёлета ў тым, што тычыцца класнага кіраўніцтва. У педагогіку ж яе прывяла любоў да дзяцей. Настаўніца ўпэўнена, што ў такой кампаніі ў яе ўсё атрымаецца.
У вопытным і даўно сфарміраваным калектыве яна сёння не адзіны малады педагог. Шосты год да спартыўных вышынь вядзе школьнікаў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Бернатовіч, які папоўніў каманду педагогаў установы як мэтавік.
— Пяць гадоў абавязковай адпрацоўкі праляцелі вельмі хутка. Год для настаўніка ад лета да лета праходзіць у вельмі інтэнсіўным тэмпе і кожны раз дорыць нешта новае, — гаворыць малады педагог, паказваючы на паліцу з кубкамі, якія заваявалі яго юныя спартсмены.
У прафесію ён прыйшоў з-за любові да спорту і, наладжваючы ўзаемадзеянне з дзецьмі, хоча і іх у добрым сэнсе слова заразіць гэтым імкненнем. І гаворка тут ідзе не пра парады на словах. Любоў да спорту і здаровага ладу жыцця ён дэманструе сваім прыкладам. Акрамя таго, шосты школьны дзень у Канвелішках нярэдка спартыўны.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара