У парламент — па пашпарт

- 10:15Актуально

У сераду ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу стартавала Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”, прысвечаная Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 15 сакавіка. Першыя дарослыя дакументы — пашпарты — 14-гадовым падлеткам уручыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.

Галоўнымі героямі ўрачыстай цырымоніі сталі школьнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Канечне, атрымаць пашпарт у сценах гэтай установы — асаблівая прывілея, таму запрасілі сюды тых школьнікаў, якія ў свае 14 гадоў дасягнулі пэўных вяршынь. Гэта выдатнікі вучобы, прызёры і пераможцы навукова-практычных канферэнцый, прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, лаўрэаты фестываляў і творчых конкурсаў. Акрамя пашпартоў, хлопцы і дзяўчаты атрымалі магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі парламента, пабываць у ролі дэпутатаў. Міхаіл Мясніковіч падзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад атрымання першага пашпарта, якія памятае і цяпер. Міхаіл Уладзіміравіч павіншаваў школьнікаў і гімназістаў з атрыманнем пашпартоў і нагадаў, што разам з дакументам яны атрымалі і новыя абавязкі, у тым ліку клопат і адказнасць за краіну.
Закрануў Міхаіл Мясніковіч і тэму маладзёжнай палітыкі: “Гэта цэлая сістэма, якая дзейнічае ў краіне. На рэалізацыю праграмы маладзёжнай палітыкі выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, дзейнічаюць спецыяльныя фонды, сродкі якіх накіроўваюцца на сацыяльную падтрымку моладзі. Ствараюцца роўныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу ўсіх таленавітых маладых людзей”. Міхаіл Уладзіміравіч выказаў меркаванне, што моладзь часам не поўнасцю выкарыстоўвае магчымасці для самарэалізацыі, якія прадастаўляе дзяржава.
Прыемным сюрпрызам для маладых грамадзян стала кніга “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Цэнтральныя мерапрыемствы патрыятычнай акцыі працягнуліся ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, дзе пашпарты юным жыхарам Мінска і сталічнага рэгіёна ўручыў Старшыня КДК Леанід Анфімаў, у Канстытуцыйным Судзе з удзелам яго старшыні заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Пятра Міклашэвіча. Праходзіць акцыя ва ўсіх кутках нашай краіны з удзелам кіраўнікоў, дзеячаў культуры, спартсменаў, акцёраў, а ў гэтым годзе яшчэ і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні Дня Канстытуцыі ва ўстановах адукацыі ладзяцца тэматычныя круглыя сталы, семінары, ток-шоу, класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы, інфармацыйныя выставы, паказы кінафільмаў і тэатральных пастановак грамадзянска-патрыятычнага зместу для дзяцей і моладзі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.