Якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваны ў абітурыентаў і як павысіць прэстыж рабочых прафесій? Аб гэтым карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Віктар Маслак.
— Віктар Юр’евіч, падрыхтоўкай спецыялістаў якога профілю займаецца ваш каледж?
— Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж амаль 93 гады займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў для сельскагаспадарчай галіны. Адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі наша ўстанова рэалізуе на дзённай і завочнай формах навучання.
На дзённай форме атрымання адукацыі выпускнікі школ могуць вучыцца па такіх кірунках, як “Ветэрынарная медыцына”, “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”, “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”. Што тычыцца завочнай формы атрымання адукацыі, то яна прадстаўлена шасцю спецыяльнасцямі: “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”, “Пчалярства”, “Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання”, “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Планава-эканамічная і аналітычная дзейнасць”, “Правазнаўства”.
Падчас летняй прыёмнай кампаніі мы ажыццявілі набор па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына” (120 чалавек, а гэта чатыры вучэбныя групы), “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання” (вучэбная група з 30 чалавек), “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці” (таксама адна група з 30 чалавек). Сёлета быў закрыты набор па завочных спецыяльнасцях “Правазнаўства” (тры вучэбныя групы па 20 чалавек) і “Планава-эканамічная і аналітычная дзейнасць” (20 чалавек). Што тычыцца найбольш папулярнай спецыяльнасці, то ўжо каторы год у лідарах — “Ветэрынарная медыцына”.
Паколькі наш каледж з’яўляецца ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі аграрнага профілю, то з 15 кастрычніка пачнецца другі этап прыёмнай кампаніі 2024 года — восеньскі, які працягнецца па 30 лістапада. У гэты перыяд плануем набраць 15 будучых пчаляроў-тэхнолагаў, 16 тэхнікаў-тэхнолагаў і 16 арганізатараў вытворчасці.
У адпаведнасці з вучэбнымі планамі спецыяльнасцей навучэнцы дзённай формы атрымання адукацыі ў перыяд вучобы таксама атрымліваюць прафесію рабочага: аператара па штучным асемяненні жывёл і птушкі 5-га разраду, аператара машыннага даення 5-га разраду, кладаўшчыка 4-га разраду, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі С, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі В.
— У вашым каледжы створаны сучасныя лабараторыі. Як заняткі ў іх дапамагаюць авалодваць прафесійнымі кампетэнцыямі?
— Наш каледж валодае добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай, якая адказвае сучасным патрабаванням у падрыхтоўцы будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі.
Базай для правядзення практычных заняткаў з’яўляюцца вучэбныя лабараторыі са спецыяльным сучасным абсталяваннем і апаратурай, камп’ютарнай тэхнікай, адпаведнымі мадэлямі, экспанатамі. Таксама ў навучанні дапамагаюць камп’ютарны клас, пчалапасека, вытворча-вучэбны кармавы севазварот, ветэрынарная клініка са стацыянарам, пункт штучнага асемянення жывёл і птушкі, палігон, майстэрні, аўтадром. У нас ёсць і вытворчыя аб’екты базавых сельскагаспадарчых арганізацый, з якімі заключаны дагаворы аб узаемадзеянні пры падрыхтоўцы спецыялістаў. Гэта КСУП “Эксперыментальная база “Натальеўск”, ААТ “Запольскае”, КСУП “Валевачы”, ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс”, ТАА “Сінягова-агра”. З філіялам “Агра-бокс Заатэх” СП “Унібокс” заключаны дагавор на правядзенне вучэбных практык.
Варта адзначыць, што ў нас па-сучаснаму абсталяваны лабараторыі ўнутраных незаразных хвароб, фармакалогіі, эпізааталогіі і інфекцыйных хвароб жывёл, мікрабіялогіі і вірусалогіі, ветэрынарнай хірургіі, паразіталогіі і інвазійных хвароб жывёл, глебазнаўства, земляробства і меліярацыі, біялогіі меданоснай пчалы і пчалінай сям’і і інш.
— Якія адносіны ў каледжа склаліся з заказчыкамі кадраў? Ці запатрабаваны вашы спецыялісты ў сельскай гаспадарцы?
— Для арганізацыі эфектыўных практык сфарміравана база даных арганізацый — заказчыкаў кадраў, якія здольны забяспечыць іх якаснае праходжанне. Безумоўна, мы ажыццяўляем падбор працоўных месцаў, куды можам накіраваць сваіх навучэнцаў.
Базавыя арганізацыі Чэрвеньскага раёна даюць магчымасць вывучаць прагрэсіўныя тэхналогіі шляхам прадастаўлення ў сваіх структурных падраздзяленнях вытворчай базы, высокатэхналагічнага абсталявання, інструментаў, медыкаментаў, жывёл, машын і агрэгатаў навучэнцам каледжа ў перыяд праходжання вучэбных і вытворчых практык ва ўмовах сучаснай вытворчасці на працягу навучальнага года. Гэта дазваляе выканаць праграмы практыкі, сфарміраваць прафесійныя ўменні і навыкі па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына”, “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”, “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”.
Падрыхтоўка спецыялістаў на ўзроўні прафесійнай адукацыі дапамагае вырашыць важныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў галіне забеспячэння кваліфікаванымі кадрамі сярэдняга звяна ўсіх галін гаспадарання, у тым ліку адной з вядучых — аграрнай.
Пра тое, што арганізацыя вытворчага навучання і забеспячэнне практычнай падрыхтоўкі ажыццяўляюцца якасна, сведчаць станоўчыя водзывы прадпрыемстваў і арганізацый. Што тычыцца заказчыкаў кадраў, то імі з’яўляюцца арганізацыі аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці. Усім выпускнікам каледжа прадастаўляецца першае працоўнае месца. Нашы выпускнікі — запатрабаваныя спецыялісты.
— Важнае значэнне ва ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый адводзіцца конкурсам прафмайстэрства. Якімі перамогамі навучэнцаў ганарыцеся?
— Выкладчыкі і навучэнцы каледжа — удзельнікі шматлікіх конкурсаў, форумаў, фестываляў як абласнога, так і рэспубліканскага, а таксама міжнароднага ўзроўню. Штогод навучэнцы прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства”. Так, у 2024 годзе навучэнец 4 курса спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” Іван Навумук заняў 2-е месца ў асабістым заліку. У 2023 годзе ў гэтым жа конкурсе навучэнец 4 курса спецыяльнасці “Заатэхнія” Аляксандр Байлевіч быў адзначаны дыпломам І ступені, і каманда каледжа таксама атрымала дыплом І ступені. Летась навучэнка 4 курса спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” Аляксандра Кухарава на “Аграмайстэрстве” заваявала дыплом І ступені, і каманда каледжа была адзначана дыпломам І ступені.
— Як каледж працуе ў кірунку прафарыентацыі і папулярызацыі аграрных спецыяльнасцей? Якое значэнне адводзіце супрацоўніцтву са школамі?
— У нашай установе адукацыі праводзіцца сістэмная прафарыентацыйная работа з абітурыентамі, іх бацькамі і законнымі прадстаўнікамі. Кіраўніцтва і педагогі каледжа прымаюць удзел у прафарыентацыйных злётах для навучэнцаў выпускных класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія арганізоўваюцца ўпраўленнямі па адукацыі, спорце і турызме, камітэтамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінска і Мінскай вобласці. Да таго ж праводзім сумесную прафарыентацыйную работу з аддзеламі кадравых службаў райсельгасхарчаў Мінскай вобласці па адборы патэнцыяльных абітурыентаў, якія хочуць вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Сучасная сістэма прафесійнай адукацыі прапаноўвае ўсе ўмовы для таго, каб у моладзі была магчымасць атрымаць якасныя веды і неабходныя практычныя ўменні для паспяховай рэалізацыі ў жыцці.
Павысіць прэстыж спецыяльнасцей дапамагаюць прафесійныя суботы, падчас якіх праводзяцца кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, а таксама рэалізацыя праекта “Навучэнец на дзень”, выступленні агітбрыгады навучэнцаў “PROдвижение”. Напрыканцы сакавіка педагогі і навучэнцы каледжа прынялі ўдзел у форуме аграрнай і прафарыентацыйнай накіраванасці “Пяць крокаў да якасці” для навучэнцаў, педагогаў і спецыялістаў упраўленняў па адукацыі. Мерапрыемства праводзілася ў фармаце выставы-прэзентацыі ўстаноў адукацыі, падчас якой у межах супрацоўніцтва Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй была праведзена ацэнка ўзроўню ведаў вучняў у аграрнай сферы.
Адной з эфектыўных форм прафарыентацыйнай работы з’яўляецца штогадовае правядзенне дзён адкрытых дзвярэй. Яны таксама дапамагаюць павысіць прэстыж аграрных спецыяльнасцей.
— Віктар Юр’евіч, якімі прынцыпамі вы як дырэктар кіруецеся?
— Асноўныя прынцыпы, якімі кіруюся ў рабоце, — падтрыманне сярод калег атмасферы супрацоўніцтва, імкненне да абнаўлення, вызначэнне стратэгіі далейшага развіцця ўстановы адукацыі. Заўсёды стараюся выбудоўваць добрыя адносіны з калектывам і ствараць з яго каманду. Што тычыцца агульначалавечых якасцей, то для мяне важнае значэнне маюць сумленнасць і справядлівасць.
Калі гаварыць пра асноўныя задачы, над якімі, упэўнены, трэба працаваць усім членам педагагічнага калектыву, то сярод іх — правядзенне актыўнай прафарыентацыі, працяг мэтанакіраванай работы па аснашчэнні вучэбных кабінетаў і лабараторый у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, павышэнне якасці падрыхтоўкі практыка-арыентаваных, кваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу і інш.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА