У Гродне напярэдадні Дня настаўніка ўзнагародзілі педагогаў вобласці

- 17:06Новости

Урачыстае мерапрыемства напярэдадні Дня настаўніка ў Гродне аб’яднала педагогаў былых, сённяшніх і будучых — вучняў педкласаў. А акцыя «Сад надзеі» ў Прынёманскім краі атрымала новае арыгінальнае гучанне пад знакам увагі і клопату. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Было сказана шмат цёплых слоў у адрас педагогаў. Цытуючы словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык падкрэсліў, што прафесія настаўніка — дзяржаваўтваральная. І такое яе азначэнне абумоўлена не толькі тым, што школы з’яўляюцца сацыякультурнымі цэнтрамі кожнага мікрараёна.

— Праз нашу штодзённую дзейнасць, калегі, рэалізуецца дзяржаўная палітыка не толькі ў сферы адукацыі. Ажыццяўляецца выхаванне як падрастаючага пакалення, так і бацькоў. Сёння стаўленне педагагічнага калектыву да той ці іншай тэмы або праблемы фарміруе стаўленне да яе ўсіх навокал. Таму сістэма адукацыі — той маналіт, які задае тон многім напрамкам у грамадстве, — звярнуў увагу Руслан Юр’евіч.

IMG_4575
IMG_4176
IMG_4547
IMG_4532
IMG_4093
IMG_20241002_161651
IMG_4575 IMG_4176 IMG_4547 IMG_4532 IMG_4093 IMG_20241002_161651

Адзначаючы ролю і заслугі настаўнікаў у працэсе якаснай адукацыі на ўсіх узроўнях, а таксама іх неацэнны ўклад у развіццё грамадства, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк падкрэсліў, што сістэма адукацыі прайшла праз шмат пераўтварэнняў. Але школа, якая выхавала касманаўтаў, выдатных вучоных, урачоў, і сёння працягвае працаваць і даваць вынікі.

Заслужаныя ўзнагароды па традыцыі знайшлі сваіх герояў. Толькі нагрудныя знакі «Выдатнік адукацыі» былі ўручаны трынаццаці педагогам.

— Узнагарода дырэктара школы толькі на 20—30 % адлюстроўвае вынік працы самога кіраўніка, астатняе — заслуга ўсяго калектыву, — падзяліўся адзін з выдатнікаў адукацыі дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў.

Напярэдадні прафесійнага свята таксама ўручылі граматы і ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, ганаровыя граматы і падзякі старшыні Гродзенскага аблвыканкама, узнагароды рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, абласной арганізацыі ГА «Белая Русь». Былі названы пераможцы ўжо традыцыйнай для Гродзеншчыны прэміі «Паспяховы старт» і «Лідар настаўніцтва». Разам з тым 26 маладых спецыялістаў вобласці ва ўрачыстай атмасферы атрымалі пасведчанні аб занясенні іх імёнаў у віртуальную Кнігу пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі вобласці.

Адным са святочных эпізодаў мерапрыемства стала чаяванне для ветэранаў педагагічнай працы. За кубкам чаю сустрэліся тыя, хто ў свой час накіроўваў работу сістэмы адукацыі вобласці.

— Для кожнага чалавека, які заканчвае сваю працоўную дзейнасць, прыемна, калі яго памятаюць. Прыемна, калі запрашаюць і дораць магчымасць сустрэчы з былымі калегамі. Урачыстасць да Дня настаўніка ў Гродне сёлета асабліва значная яшчэ па адной прычыне. У зале былі не толькі сталыя педагогі, але і маладыя людзі, якія пакуль толькі глядзяць у бок педагогікі. Гэта выпускнікі педагагічных класаў. Яны ўбачылі галоўнае — стаўленне грамадскасці да настаўніка і, хочацца верыць, адчулі правільнасць выбранага напрамку, — падзяліўся старшыня камісіі па рабоце з моладдзю Гродзенскага абласнога Савета ветэранаў Аляксандр Сягоднік.

У душэўнай сустрэчы ўсё было напоўнена асаблівым сэнсам і зместам. Галоўным пачастункам для ветэранаў педпрацы стаў яблычны пірог. Спецыяльна да свята згатавалі яго ў тэхналагічным каледжы Гродна з яблыкаў новага ўраджаю, сабраных падчас акцыі «Сады надзеі» ў вобласці.

— Гэты пірог стаў своеасаблівай сувязнай ніткай дабра, якая аб’яднала ўсе пакаленні вялікай педагагічнай сям’і Гродзеншчыны. Думаю, гэтае пачынанне знойдзе свой працяг ва ўсіх раёнах вобласці. У такім гучанні акцыя ўсяляе яшчэ большую надзею, што моладзь захавае традыцыі старэйшага пакалення, павагу і любоў да сям’і, школы і роднай зямлі, стваральнай працы і, вядома, прафесіі настаўніка, — адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара