Фіналісты конкурсу «Сям’я года» настаўніцкая сям’я Грамыка – аб выхаванні чэмпіёнаў і шчасці быць разам

- 9:00Я.Мы.Социум

Як выхоўваць пераможцаў, жыць актыўна і проста быць шчаслівымі, ведае сталічная настаўніцкая сям’я Грамыка. Яна прыме ўдзел у фінале VI Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, які адбудзецца 11 кастрычніка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Лёсавызначальная вандроўка 

Дзмітрый і Ірына Грамыка працу­юць у школе № 223 Мінска імя Іона Солтыса ўжо 18 гадоў. Яна выкладае анг­лійскую мову, ён — настаўнік фізічнай культуры і здароўя і трэнер па дзюдо і самба школьнага спартыўнага клуба “Радзімічы”. Прыйшлі сюды ў 2006 годзе маладымі педагогамі, якія толькі пачыналі свой прафесійны шлях. Ды і школа была маладая, яе пабудавалі ў сталічным мікрараёне Дражня ў 2001 годзе. Так што раслі і развіваліся разам.  

Ірына Уладзіміраўна родам з Паставаў Віцебскай вобласці. Педагогіку яна выбрала па прыкладзе маці, настаўніцы хіміі і біялогіі. Толькі аддала перавагу замежным мовам. У 223-ю школу прыйшла пасля заканчэння філіяла МДЛУ “Лінгвагуманітарны каледж”, пазней завочна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Дзмітрый Сяргеевіч з Магілёўшчыны, з аграгарадка Леніна Горацкага раё­на. Падчас вучобы ў школе пачаў наведваць секцыю па дзюдо, якой кіраваў настаўнік фізічнай культуры Міхаіл Іванавіч Калачоў, і захапіўся адзінаборствамі на ўсё жыццё. Пасля таго як выйграў рэспубліканскую спартакіяду школьнікаў па дзюдо, яго залічылі ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Потым скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў.

Дзмітрый Грамыка: Для мяне сям’я — галоўны стымул у жыцці. Дзеля яе гатовы зрабіць усё, што ў чалавечых сілах, і нават больш

Жыццё склалася так, што на сваім першым працоўным месцы маладыя настаўнікі не толькі змаглі самарэалізавацца, але і знайшлі асабістае шчасце. Прызнаюцца, што лёсавызначальнай для іх стала сумесная паездка ў Кыргызстан, калі яны суправаджалі вучняў падчас удзелу ў міжнародным маладзёжным праекце “Саюз — нашчадкі Перамогі”. Спаборніцтвы прахо­дзілі на возеры Ісык-Куль, у прыгожым і жывапісным месцы, але дарога туды была няпростай, а ўмовы пражывання дастаткова спартанскімі. Можна ска­заць, яны праверылі адно аднаго на трываласць характару і стрэсаўстойлівасць і зразумелі, што далей па жыцці хочуць ісці разам.

З татам на татамі  

У сям’і Грамыка трое дзетак. Старэйшай дачцэ Эліне 15 гадоў, яна вучыцца ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Двое малодшых дзяцей ходзяць у тую ж школу, дзе выкладаюць бацькі: Соф’я — у 4 клас, Платон — у 2-і.

— Усе нашы дзеці з малых гадоў сябруюць з фізкультурай. Можна сказаць, выраслі на татамі. Трэніроўкі па адзінаборствах я пакрыху пачынаў з імі з чатырох гадоў. Спачатку Эліна, а зараз Соф’я і Платон займаюцца ў нашым спартыўным клубе “Радзімічы”. Трэніроўкі — шэсць разоў на тыдзень, зразумела, гэта нялёгка. Але дзецям падабаецца, яны паказваюць дастойныя для свайго ўзросту вынікі, — расказвае Дзмітрый Грамыка.

Сямейная галерэя спартыўных узнагарод расце літаральна на вачах. Да шматлікіх перамог бацькі, вяршыня якіх — залаты медаль на чэмпіянаце свету па самба сярод майстроў у 2020 годзе, дабаўляюцца і ўзнагароды дзяцей. Так, Эліна сёлета стала бронзавым прызёрам VIII Міжнародных спартыўных гульняў “Дзеці Азіі” ў Якуцку, летась уваходзіла ў склад каманды, якая ўзяла “бронзу” міжнароднай дзіцячай лігі дзюдо “Трыумф Energy” ў Сочы. Соф’я прывозіць медалі з усіх спаборніцтваў, у якіх удзельнічае згодна са сваёй узроставай катэгорыяй. Першыя ўзнагароды ўжо ёсць і ў Платона.

Між тым спартыўныя інтарэсы сям’і не абмяжоўваюцца толькі адзінаборствамі. Усе любяць ездзіць на веласіпедах, актыўна ўдзельнічаюць у турзлетах, ходзяць у сямейныя паходы. А яшчэ яны заўзятыя аматары бегу.

— Некалькі гадоў удзельнічаем усёй сям’ёй у Мінскім паўмарафоне. Калі беглі першы раз, малодшых дзяцей кацілі ў калясках. А зараз яны ўжо разам з намі пераадольваюць дыстанцыю 5 кіламетраў, — дзеліцца Ірына Грамыка. — Любім удзельнічаць у экстрэмальных забегах з перашкодамі Bison race, на якія спецыяльна ездзім у розныя гарады Беларусі. Не прапускаем і сталічны “Забег адважных”, прымеркаваны да Дня Перамогі.   

А яшчэ гэтая сям’я любіць вандраваць па Беларусі, адкрываючы для сябе новыя прыгожыя і знакавыя для нашай краіны мясціны, такія як вадаспад на рацэ Вяце ў Міёрскім раёне, форт часоў Другой сусветнай вайны пад Гроднам, палац Булгакаў у Жылічах, гара Маяк на Браслаўскіх азёрах, касцёл у стылі неаготыкі ў Відзах і многія іншыя.  

Аб самых цікавых момантах з жыцця сям’і Ірына Грамыка ўжо шэсць гадоў расказвае на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. У яе ўжо больш за 10 тысяч падпісчыкаў.

— Раблю гэта, каб паказаць, што можна выхоўваць траіх дзяцей і пры гэтым жыць поўным, насычаным жыццём. Пэўным чынам разбіваю стэрэатыпы аб тым, што мнагадзетныя бацькі вымушаны адмаўляцца ад усіх радасцей, — адзначае яна.

Ірына Грамыка: Сям’я — гэта не толькі пра любоў, але і пра дапамогу, клопат, увагу адно да аднаго

Нядаўна ў жыцці сям’і адбылася вельмі прыемная падзея: справілі наваселле ў трохпакаёвай кватэры, якую пабудавалі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Змаглі датэрмінова выкарыстаць на вырашэнне жыллёвага пытання сямейны капітал. Як мнагадзетная сям’я яны адчуваюць і іншую падтрымку дзяржавы. Гэта бясплатнае харчаванне для дзяцей у школе, 50%-ная скідка на аплату за падручнікі, матэрыяльная дапамога да пачатку навучальнага года і іншыя бонусы.

Школа чэмпіёнаў

Акрамя траіх родных дзяцей, важнае месца ў жыцці Дзмітрыя і Ірыны Грамыка займаюць іх вучні. Дарэчы, у дадатак да асноўнай работы ў школе Дзмітрый Сяргеевіч вядзе заняткі ў гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву адзінаборстваў і ў фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі Партызанскага раёна Мінска. Яго выхаванцы паспяхова ўдзельнічаюць у турнірах розных узроўняў, многія з іх у далейшым звязалі жыццё з прафесійным спортам і сталі чэмпіёнамі.

— Я ганаруся кожным сваім вучнем. Не ўсім дадзена стаць прафесійнымі спартсменамі, я не стаўлю для сябе такую мэту. Для мяне як трэнера важна выхаваць у хлопцаў і дзяўчат волю да барацьбы, адданасць справе, гатоў­насць працаваць на вынік праз “не магу”. Дапамагаю ім стаць сапраўднымі людзьмі з правільнымі жыццё­вымі ўстаноўкамі, — падкрэслівае нас­таўнік.  

Дзмітрый Грамыка быў у складзе распрацоўшчыкаў праграмы факультатыўных заняткаў для вучняў 5—11 класаў “Гібкі шлях (асновы дзюдо)”. Ён з’яўляецца аўтарам унікальнага комплексу сілавых практыкаванняў для выхаванцаў.

Ірына Уладзіміраўна таксама шчыра хварэе душой за вынікі сваёй працы. Яна з’яўляецца аўтарам інавацыйнага праекта “Выкарыстанне электроннага адукацыйнага рэсурсу для фарміравання лексічных і граматычных навыкаў навучэнцаў I ступені навучання”, які дапамагае ў вывучэнні англійскай мовы. А яшчэ яна актыўны і зацікаўлены класны кіраўнік ваенна-патрыятычнага класа. Дарэчы, паспявае настаўніца займацца і грамадскай работай — узначальвае ў школе пярвічку Беларускага саюза жанчын. 

Дастойны прыклад

Па словах маіх суразмоўнікаў, іх рашэнне прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Сям’я года” падтрымалі і калегі, і вучні. На фінал гарадскога этапу праекта яны прыйшлі не толькі як балельшчыкі. Выхаванцы клуба “Радзімічы” падчас аднаго з конкурсных нумароў выступалі на сцэне. Рашэнню журы аб тым, што менавіта сям’я Грамыка прадставіць Мінск на рэспубліканскім фінале, радаваліся ўсе разам.

Дзмітрый і Ірына Грамыка разам з дзецьмі прадставяць на конкурсе сацыяльна значны праект “Сям’я чэмпіёнаў”, мэта якога — аб’яднаць бацькоў і дзяцей праз сумесныя заняткі спортам і турызмам.

Зараз бацькі і іх дзеці карпатліва рыхтуюцца да выступлення ў фінальным выпрабаванні. Яны адзначаюць, што зробяць усё магчымае, каб годна прадставіць любімы Мінск і родную школу. І можна не сумнявацца, што так і будзе.

— Гэтая сям’я — выдатны прыклад таго, якімі павінны быць адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. Як усім разам весці здаровы лад жыцця. Як выхоўваць дзяцей духоўна і фізічна развітымі, культурнымі, паважлівымі да людзей, — заўважае дырэктар сярэдняй школы № 223 Мінска імя Іона Солтыса Генадзь Бяляўскі. — Менавіта за такімі сем’ямі — будучыня нашай краіны!

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена сям’ёй ГРАМЫКА