Маларыцкая раённая гімназія стала апорнай установай адукацыі па развіцці масавага футбола ў рэгіёне

- 15:22Новости

З нядаўняга часу Маларыцкая раённая гімназія — апорная ўстанова адукацыі па развіцці масавага футбола ў рэгіёне. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы намаганням настаўніка фізкультуры і здароўя Андрэя Кузьміча.

Педагог умее захапіць вучняў так, каб яны з нецярпеннем чакалі яго ўрокаў і з задавальненнем беглі ў спартыўную залу ці на трэніроўку на стадыён.

Педстаж Андрэя Кузьміча — больш за 8 гадоў. Гэта час яго станаўлення як настаўніка і час дасягненняў. Пад кіраўніцтвам Андрэя Мікалаевіча футбольныя каманды, якія ён трэніруе не адзін год, рэгулярна дэманструюць прафесійную гульню на спаборніцтвах рознага ўзроўню, дзе яны атрымліваюць высокія ўзнагароды. Так, каманда юных футбалістаў 2011—2012 гадоў нараджэння стала бронзавым прызёрам сёлетніх рэспубліканскіх спаборніцтваў “Скураны мяч” у сярэдняй групе. Гэтая ж каманда перамагла і ў сёлетнім рэспубліканскім турніры па міні-футболе “Узыходзячая зорка”. Не менш выніковымі былі і папярэднія гады.

Маларыцкая раённая гімназія рэалізуе рэспубліканскі сацыяльна-спартыўны праект “Мой школьны футбольны клуб”, які каардынуе Беларуская федэрацыя футбола пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

— Праект накіраваны на развіццё масавага футбола, аказанне ўсебаковай мэтавай дапамогі тым установам адукацыі краіны, якія актыўна развіваюць і прасоўваюць гэты від спорту, — гаворыць Андрэй Кузьміч. — У якасці падтрымкі юныя футбалісты гімназіі ўжо атрымалі футбольныя мячы, конусы, фішкі, манішкі, майкі, невялікія гульнявыя вароты, а таксама ўзнагародную атрыбутыку: кубкі, медалі, дыпломы, памятныя ста­туэткі… Спартыўны інвентар дапамагае адпрацоўваць і замацоўваць неабходныя навыкі, актыўна далучае дзяцей да заняткаў папулярнай каманднай гульнёй.

Яшчэ ў час вучобы ў сярэдняй школе № 3 Маларыты педагог любіў у вольны час паганяць з аднагодкамі мяч у полі. Футболам быў апантаны.

— У выхадныя равеснікі, бывала, ся­дзяць без справы, а я — на стадыёне, — успамінае Андрэй Мікалаевіч. — Мяне можна было заўсёды знайсці толькі там. Бацькі, жартуючы, казалі, што я з мячом нават спаў.

Захапленне футболам падштурхнула і да выбару жыццёвай сцежкі. Ужо ў 1 класе Андрэй Кузьміч дакладна ведаў, што стане калі не настаўнікам фізкультуры, то абавязкова футбалістам. Марыў гуляць у адной з прафесійных каманд першай ці вышэйшай лігі краіны. Падчас вучобы часта ўдзельнічаў у раённых і абласных спаборніцтвах. Таленавітага юнака хутка заўважылі. Пасля заканчэння 10 класа яму прапанавалі перайсці ў Брэсцкае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Юнак згадзіўся і адначасова заключыў кантракт з футбольным клубам “Дынама-Брэст”.

У жыцці Андрэя Кузьміча пачаўся новы этап. Здавалася, мара пачала ажыццяўляцца. Любімую справу ён паспяхова сумяшчаў з вучобай на спартыўным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна. Трэніроўкі, матчы, забітыя і прапушчаныя галы, зноў трэніроўкі і матчы… Такі рытм жыцця прыносіў радасць і задавальненне, асабліва калі чарговая гульня завяршалася пераможным голам. Але ў 2008 годзе падчас адной з гульняў Андрэй Кузьміч атрымаў траўму нагі. Рэабілітацыя і лячэнне на працягу некалькіх гадоў не далі жаданага выніку. Па стане здароўя давялося завяршыць кар’еру футбаліста. Але малады чалавек не ўяўляў сябе без гэтага віду спорту, таму неўзабаве знайшоў выйсце, уладкаваўшыся настаўнікам фізкультуры і здароўя ў Маларыцкую раённую гімназію.

— Пачынаць педагагічны шлях было не так і цяжка, — расказвае Андрэй Мікалаевіч. — За плячыма ўжо быў пэўны вопыт работы з дзецьмі ў якасці футбольнага трэнера. Ды і калегі ні ў чым не адмаўлялі. Асаб­ліва ўдзячны Ірыне Ярац, якая з першага дня атуліла сапраўдным матчыным клопатам: заўсёды і ва ўсім падказвала, раіла, дапамагала. У новы калектыў я ўліўся хутка. Ужо праз 2 месяцы здавалася, што ў раённай гімназіі працую шмат гадоў.

Гаворачы пра дасягнутыя поспехі на педагагічнай ніве, Андрэй Кузьміч адзначае, што ўсё залежыць ад самога чалавека, яго жадання працаваць адказна, добрасумленна, шчыра, не на паказ, а для сябе. Тады будуць і поспехі. Але без штодзённых намаганняў і старанасці яны самі не прыйдуць.

Педагог імкнецца заўсёды працаваць на вынік. Для гэтага ён прымяняе розныя метады, прыёмы і сродкі навучання, а таксама не забывае пра ўласны прыклад. Андрэй Мікалаевіч лічыць, што настаўнік, у тым ліку і трэнер, павінен абавязкова быць узорам для вучняў. Ён спрабуе разгледзець спартыўныя задаткі і здольнасці ў кожным дзіцяці, падтрымаць іх, паказаць перспектывы ўласнага росту, дапамагчы ўзняцца на прыступку вышэй у сваіх дасягненнях.

Настаўнік імкнецца падрыхтаваць да самастойнага жыцця здаровага і моцнага маладога чалавека. Гэта галоўная задача, якую яшчэ ў пачатку свайго настаўніцтва паставіў перад сабой Андрэй Кузьміч. Такі арыенцір застаецца нязменным і сёння.

— Настальгія па кар’еры прафесійнага футбаліста ў глыбіні душы яшчэ жыве, — усміхаецца Андрэй Кузьміч. — Але за 8 гадоў работы ў школе ні разу не пашкадаваў аб сваім прафесійным выбары. Задаволены, што не памыліўся і звязаў жыццё са школай. Не ведаю цяпер, ці змог бы рэалізаваць сябе ў іншым месцы і ў іншай прафесіі. Работа з дзецьмі прыносіць шчаслівыя імгненні. Калі б зараз зноў давялося выбіраць, па якой жыццёвай сцежцы ісці, не задумваючыся, зноў выбраў бы прафесію настаўніка фізкультуры і адначасова трэнера.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара