Выдадзеная летась у Гомелі кніга паэта, фалькларыста і этнографа Генадзя Лапаціна “Паслядоўніца” прыадкрывае як скарбніцы культурных традыцый Веткаўшчыны, так і саму душу беларускую. Мудрыя аповеды Варвары Грэцкай, былой жыхаркі вёскі Амяльное, пададзены ў кнізе на ўласцівым ёй дыялекце, у іх шмат павучальнага як для бацькоў, так і для педагогаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Варвара Грэцкая — адметная з’ява
З камандзіроўкі ў Ветку гэтая кніга прыехала са мной — яе рэкамендаваў пачытаць Васіль Самкоў, настаўнік гісторыі па адукацыі. Моцны, дасведчаны прафлідар, ён больш за 20 гадоў узначальвае Веткаўскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Праводзіць і сустрэчы таварыства аматараў паэзіі “Ветачка мая” ў раённай бібліятэцы. Традыцыю заклалі мясцовыя “пішучыя людзі” разам з настаўнікамі-ветэранамі Веткаўшчыны. А цяпер гэта месца сустрэчы розных творчых людзей.
У ліку значных набыткаў і “Паслядоўніца”, якая пабачыла свет у гомельскім выдавецтве “Барк”. Яе аўтар Генадзь Лапацін таксама быў моцна далучаны да жыцця Веткаўшчыны, не раз бываў на сустрэчах суполкі “Ветачка мая”, хоць жыве ў Гомелі. У анатацыі сказана, што ў аснову кнігі леглі шматгадовыя (!) размовы вядомага фалькларыста і этнографа з былой жыхаркай пасёлка Амяльное Варварай Грэцкай (1925—2021). У прадмове аўтар згадаў кнігі ранейшыя, першай з якіх была “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры”. З 1992-га бабуля Варвара жыла ў Ветцы, бо ўсіх жыхароў роднага ёй Амяльнога тады адсялілі з зоны павышанай радыяцыі. Шматлікія гутаркі фалькларыста з ёй у 2005—2014 гадах і склалі аснову першай кнігі. Потым выйшла другая (2017), а гэта ўжо трэцяя. Адных толькі прыказак і прымавак Г.Лапацін запісаў ад суразмоўніцы звыш 2000! І шмат “нефарматнага” для навуковых выданняў матэрыялу з сабранага заставалася: успаміны, рэплікі, сентэнцыі пра бацьку, маці, любімую бабулю Алену… Яны і склалі чарговую кнігу.
Бабулі Варвары не стала ў пачатку 2021-га. І, па сутнасці, створаныя даследчыкам выданні — своеасаблівы помнік ёй. Адметнай прадстаўніцы пакалення нашых бацькоў, дзядоў-бабуль, што жылі на пераломе часоў і эпох, у віхурныя часы зберагаючы ў глыбінях свядомасці і памяці самае каштоўнае, што маем, — наш беларускі дух. Менавіта паважлівае стаўленне да традыцый, робіць выснову аўтар, і дало магчымасць Варвары Грэцкай адбыцца як асобе.
Мы шмат намаганняў прыкладваем, каб насуперак “эгаістычным” тэндэнцыям у сучасным жыцці здолець зліцца ў адзіны народ, адчуць нашу духоўную еднасць. Нават і Дзень народнага адзінства для таго маем. Аднак гэта ж толькі адзін з кірункаў шматмернага развіцця нацыі. Не менш важны і такі: кожнаму чалавеку трэба стаць асобай. У стваральных справах на карысць Бацькаўшчыны і нават усяго чалавецтва праявіць свае здольнасці найлепшым чынам. Як тое робяць, скажам, спартсмены, таленавітыя ўдзельнікі міжнародных алімпіяд, якія прывозяць з розных краін прэстыжныя ўзнагароды.
У беражлівым стаўленні да традыцый продкаў, да ўсяго лепшага з культурна-духоўнай спадчыны, імі назбіранага, у зберажэнні і пашырэнні такіх ведаў і ўяўленняў ёсць вялікая мудрасць! Бо чаго ж мы вартыя, калі адарвёмся ад каранёў!
Пераемнасць, стваральнасць… Такі шлях развіцця выбрала ў новым часе незалежная Беларусь, таму што ёсць у народзе ўстойлівы запыт на зберажэнне лепшых традыцый, а не толькі на прыўнясенне ў жыццё і побыт “рэвалюцыйных” тэхналогій, гаджэтаў, форм арганізацыі працы, адукацыі, выхавання. Мы ёсць такія, а не іншыя, бо ўмеем быць гнуткімі, зберагаючы найлепшае ад папярэднікаў і перадаючы тое паслядоўнікам.
Па бабіным слядку…
У народнай педагогіцы, не сакрэт, надзвычай важная звязка, выхаваўчы канал для рэтрансляцыі шматлікіх культурных кодаў. Прычым гэта не толькі канал “бацькі і дзеці”, але і “дзяды і ўнукі”. Згадаем хаця б нашы народныя казкі, дзе ў ліку настаўнікаў выступаюць пераважна дзяды і бабулі. Шмат цёплых, удзячных слоў пра бабулю, Алёну Максімаўну Грэцкую, сказала яе ўнучка Варвара. З раздзела “Я па бабінаму слядку іду…” пачынаецца кніга. Выбраны месцы, у якіх апавядальніца прыгадвае бабулін досвед, яе павучанні. Бабуля Варвара гаворыць: “І німа таво дня, штоб я бабу не памянула. Матку не памяну, а бабу памяну. Да таго з бабай я была спрэжаная”. Далей знаходзім прызнанне: “Баба наша ўсё знала, і мне ўсё паказывала, кажа: “Ета за плячыма не насіць. Нада, штоб ты ўсё знала”. Прыходзіцца ў жызні ўсяк… Штоб усё ўмеў”. І выснова бабулі Варвары: “Я ўсё помню тоя, што мне баба ўчыла… Я па бабінаму слядку іду, штоб усё харашэнька было”.
У тэксце знаходзім прыклады таго, што бабуля Алёна “век на нас не ругнулася”, як далікатна выказвала пажаданні, што варта зрабіць па гаспадарцы, і як нават драбніцу ў галодны час унукам аддавала: і малую семачку, якую ў сваёй кішэні знойдзе. Яна — і шчырая сяброўка “ўнучачкі”, ад якой малая анічога не ўтойвала, бо давярала бязмежна. Неяк дзялілася бабуля патаемным: яшчэ ў дзяцінстве агледзела яна ў Варвары будучую заступніцу — і таго, хто яе пахавае… — сярод іншых унукаў. “А выбрала із пяці вас адну цябе”. Я гавару: “А чаго?” — “Бачу, што ты сама не з’ясі, а “Баб, на-ка пакушай…”
Прымушаюць і нас задумацца развагі, якімі бабуля Алёна дзялілася з унучкай пра старасць і тое, што кожны з нас да яе ідзе: “Дак сама сябе глядзі. Харашо пражыць доўга, ну і нікому ж ты ні нада будзіш. Усі будуць ад цябе чурацца, і ўсі будуць аддаляцца…”
Адметнае назіранне пра тое, што ў кожнага свая доля, якая аніколі амаль знянацку не пераменіцца, зафіксавана ў показцы: “Як пойдзе зранку, дак да позняга спазнянку”. Глыбокая мудрасць ёсць у высновах бабулі пра лёсы ўнучак: адна “шаўковая” ды мяккая па характары, “дак хазяін будзе красавацца за табой”. А другой, больш эгаістычнай і ўпартай, прадказвала, што “чорны вол табе наступя” — гэта значыць: “горя цяпніш”. І словамі-залацінкамі, адшуканымі ў глыбінях народнага досведу, яна ўнучак засцерагала: “На чужоя шчасце не завідуй”, “На чужоя шчасця не выбачайце (відаць, тут у сэнсе, “не зазірайцеся”. — Заўвага І.Ж.), а свае не церяйце”.
“Ціхонька прайдзі”
З розных успамінаў, згадак вылушчваем такія развагі: “Чым чылавек украшае сам сябе? Гаворяць: як добрая душа ў чылавека… Усё баба наша казала: “Дзелайце так, штоб вас не клялі, а штоб вас пахвалілі і сказалі: “Вот харошае васпітаніе, да харошые дзеткі. Ня нада дзелаць нікому ўрэд… Не харош ён табе — ня трогай яго, ідзі, ціхонька прайдзі”. І яшчэ важныя нюансы ў плыні пра добрае і дрэннае: “Баба казала: Дай Божа чылавеку добрая здзелаць, а плахоя — яно само прыдзіцца, скажыцца”.
Генадзь Лапацін гутарыць з Варварай Грэцкай (2005 г.)
Гартаючы кнігу, прыгадваю: нешта ж падобнае гучыць на эстрадзе… Важкая ідэя пра пошукі, тварэнне добрага і тое, што кепскае само праявіцца, знайшла ўвасабленне ў словах выдатнай песні “Добрыя людзі” Алеся Бадака: “Помню з дзяцінства бацькоўскі наказ, // Мной зразумелы з гадамі: // Добрых людзей, сын, усюды шукай — // Кепскія знойдуцца самі”. Дзе тая Веткаўшчына — і дзе Ляхавіччына, родная паэту вёска Туркі! Але ж чуем і ў песні бацькоўскі наказ, адчуваем адзіны культурны код і міралюбны дух. А калі казаць мовай псіхолагаў, то і лінгвапраграмаванне супольнасці на дабро і дабрыню ў такіх пасылах відавочнае. Таму гэтак цёпла, душэўна ўспрымаюць людзі песню ў выкананні Анатоля Ярмоленкі, яго “Сяброў”.
Тварэнне дабра іншым у народнай культуры ўспрымаецца як шлях да гармоніі не толькі з людзьмі — з Усявышнім. Спасылаючыся на павучанне бабы Алёны, Варвара Грэцкая гаворыць: “Здзелай чылавеку дабро, дак табе Бог па-добраму дасць”. Баба наша міласцівая была, усё казала: “Лучшы дабро чылавеку дзелай — табе Бог
аддасць”. І праўда, і сколькі такіх было, вот бачу, еслі плоха дзелаіш… Дзелаяць адзін аднаму, дак тоя ж і палучая”.
Але ж ва ўсім патрэбна мера. Не варта, робячы дабро, быць неразборлівым, прыпадабняцца да тых, хто, скарыстаем біблейскі выраз, “мечет бисер перед свиньями”. Таму іншым разам баба Алёна ў словах акрэслівала як “асабістую прастору”, так і ўласную годнасць для чалавека, які гаварыў “з падкалупкай”. І звярніце ўвагу на танальнасць сказанага, бо і ў тым бачна вялікая душа: “Ідзі, Ванічка, не прасмехай міне… Ты сабе чылавек, а я сабе… Ты сабе сваё саабражай… Сям’я — ета малінькая гасударства… Распаряжайся, я ў тваё ні лезу…”
Але ж як абыходзіцца з тымі, хто нам не проста пярэчыць, а робіць ліха? Сварыцца з імі? Не! Бабуля Алёна была ўпэўнена, што нельга тое рабіць: “Богам запрышчэно. Ні нада. Бог ніхай сам разбярэцца з такімі людзямы”. Нават праклёны іншых, калі чула, яна, маючы дар шаптухі, спрабавала “нейтралізаваць” словамі замовы:
“Госпадзі, адвярні на балоты да на сухі лес яе клятвы, толькі ні на людзей”. І згадаем запавет унучкам пра тое, як ім у сям’і ў ладзе жыць. Ён грунтуецца на пашырэнні вядомай показкі “Недасол на стале, а перасол на спіне” і гучыць у кнізе, з вуснаў Варвары Грэцкай, так: “Дзетачкі, колькі будзіця жыць з мужыкамы, лучшэ не дасаліця і ў разгаворы, і ў сварцы. Уважця”.
У кнізе столькі ўсяго цікавага! Спадзяюся, у чытачоў “Настаўніцкай газеты” будзе магчымасць яе пачытаць. З россыпаў народнай мудрасці выберам і такія показкі: “Пацяраіш — не журыся, і найдзіш — не радуйся: ета чужыя слёзы падняла”, “Лучшы даць, чымся прасіць”, “Ліхому рабу век не ўладзіш” (з тлумачэннем: “Ё такія людзі, што яны ці на розум дурныя, ці такія прызлюшчыя”), “Дай Бог, сварыцца, но не мсціцца”, “На чужы раток не павесіш замок. Хай гаворя, бряхня бряхнёй і выдзя”, “Скоры паспех — людзям на смех. Ты лучшэ здзелай медлінна, но харашэнька”.
З сэрца ў сэрца
Неяк унучка Варвара запытала ў бабулі Алёны, дзе тая вучылася песні спяваць, калі ў школу не хадзіла. Тая адказала: “Мая ўнучка, ета ў мяне ішчэ мая прабаба была, старэнькая, ішчэ прабаба пела, і я навучылась кала яе. Вучылась і кала бабы. А ты ўжо навучылась кала мяне”.
Такімі шляхамі, з сэрца ў сэрца, ішла да нас праз вякі-тысячагоддзі не толькі песенная традыцыя.
Уся народная педагогіка грунтавалася на паступовым, удумлівым далучэнні меншых да вялікага свету нашых папярэднікаў: штодзённай працы, рамёстваў, паняццяў і вобразаў, узаемаадносін, светапоглядаў, мовы, звычаяў, абрадаў…
У адным з дадаткаў да кнігі “Паслядоўніца” (пад назвай “Беларуская народная педагогіка ва ўяўленнях носьбітаў традыцыі”) Генадзь Лапацін адзначае: тэма не новая, а навізна даследавання ў тым, што тэма цалкам разглядаецца на прыкладзе адной сям’і. Аб’ём праведзенай працы велізарны: даследчык запісаў у размовах з Варварай Грэцкай звыш 160 аўдыякасет.
За тым усім вымалёўваецца своеасаблівая карціна свету ва ўяўленнях беларусаў. З яе аўтар выбраў тое, што мае дачыненне да народнай педагогікі. Зведзеныя разам, фрагменты “даюць магчымасць уявіць стройную і суцэльную сістэму педагагічнай школы пасёлка, якая выхоўвала дзіцяня, пачынаючы з перыяду цяжарнасці яго маці і на працягу ўсяго дзяцінства і юнацтва”. І ўсё тое самаадвольна вынікае з жыццёвых успамінаў Варвары Грэцкай.
Вядома ж: найважнейшым было раней менавіта выхаванне сямейнае. І тое, заўважае аўтар, добра ўсведамлялі ў сялянскім асяроддзі: “Па дзецях меркавалі пра ўсю сям’ю. Выхаваныя дзеці — для сям’і гордасць. А дзеці, якія не адпавядаюць маральным патрабаванням асяроддзя, — ганьба”. Вялікія, грунтоўныя развагі на гэты конт аўтара… Паводле іх варта б і цікавы факультатыўны курс для школьнікаў распрацаваць. Мяркую, такія педагогі найперш на Веткаўшчыне знойдуцца.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота з архіва Генадзя ЛАПАЦІНА