Хто дапамог афіцэру-падводніку Ягору Томку здзейсніць подзвіг? Адказ ведаюць у 3-й сярэдняй школе Міёр

- 16:05Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

З 2016 года 3­-я сярэдняя школа ў Міёрах носіць імя вядомага земляка­-падводніка Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. Прыклад яго жыцця натхняе школьнікаў на тое, каб не толькі набываць веды, але і ўмацоўвацца фізічна, гартаваць свой характар, а таксама дух і веру. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адаптацыя да жыцця

Ці толькі веды адкрываюць нам жыццёвыя шляхі? Пэўна, што не. Аднак жа ў школе ці сям’і дарослыя часта гавораць дзецям: добра вучыся — і ў жыцці не прападзеш. Такое спрашчэнне, вядома ж, не спрыяе сацадаптацыі маладых людзей. Ведаю такіх, каму не ўдаецца канверсаваць свае школьныя і ўніверсітэцкія “дзясяткі” ў цікавую работу, заглыбіцца ў віры жыцця рэальнага, не віртуальнага. Чаму? Заўважаю: прадстаўнікам інтэрнэт-залежнага пакалення часам бракуе стойкасці, упартасці, жадання прабівацца наперад, нягледзячы на вятры і ўраганы. І веры ў тое, што мы ўсе — пад найвышэйшай аховай.

Яшчэ Экзюперы, дарэчы, у сваіх творах шмат увагі ўдзяляў духоўнай сіле чалавека. У кнізе “Планета людзей” лётчык-рамантык са шкадаваннем пісаў пра тых, каму не хапіла смеласці альбо хто ленаваўся рынуцца ў бурныя хвалі жыцця. І яму бачыліся сцены панурай турмы, куды зняволілі сябе тыя людзі: “Стары чыноўнік, сусед мой па аўтобусе, ніхто ніколі не дапамог табе выратавацца ўцёкамі, і не твая ў тым віна. Ты пабудаваў свой ціхі маленькі свет, замураваў наглуха ўсе выхады да святла, як ро­бяць тэрміты. Скруціўся ты клубком, схаваўся ў сваім абывацельскім дабрабыце, у косных звычках, у затхлым правінцыйным укладзе, ты ўзвёў гэты ўбогі прытулак і схаваўся ад ветру, ад марскога прыбою і зорак. Ты не жадаеш турбаваць сябе вялікімі мэтамі, табе ж і так немалой працы каштавала забыцца, што ты — чалавек”.

Вясковец-беларус Ягор Томка, як і лётчык-француз Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, выбраў сабе рызыкоўную прафесію, стаў марскім афіцэрам. Нарадзіўся будучы Герой Савецкага Саюза (1978), падводнік, віцэ-адмірал (1988) 3 жніўня 1935 года на Віцебшчыне, у вёсцы Лявонаўцы пад Мёрамі (назва Мёры — гістарычная для райцэнтра) у сялянскай сям’і.

А паколькі вёска тая знікае, і “на месцы бацькоўскай хаты героя засталося толькі дрэва”, зафіксуем удакладненне: гэта за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Клётаў Двор. І там на карце вёска Томкі, спалучаная з прозвішчам героя.

Аспрэчым недаклад­насць, нібыта Ягор Томка… родам з Польшчы, пададзеную ў інтэрнэт-рэсурсе “Герои страны”. Варта казаць пра Заходнюю Беларусь, Лявонаўцы былі на яе тэрыторыі, але ж пад панскаю Польшчай. Лёгка падлічыць: Ягору чатыры гады, калі прыйшла туды ў верасні 1939-га савецкая ўлада. Яму не было і шасці, калі вёску занялі немцы. Давялося хлопчыку з маці ад фашыстаў хавацца ў зямлянцы, у лясных гушчарах, потым іх прытуліў партызанскі атрад, у якім змагаўся з ворагам Андрэй Томка, яго бацька. Суровай была для будучага героя адаптацыя да жыцця! Мяркую, пра тое падрабязней можа расказаць вучням 3-й школы Нона Андрэеўна — сястра героя жыве ў райцэнтры.

Радзіма герояў

У інтэрнэце ёсць здымак Ноны Саркісян ля мемарыяльнага знака — валуна з гранітнай плітой, на якой адлюстраваны партрэт яе брата Ягора Томкі. Уверсе надпіс: “Родине морских героев от благодарной России”. Хто не ў тэме, то можа здзівіцца: Беларусь жа не мае марской акваторыі… Аднак гэта не перашкодзіла сотням тысяч нашых супляменнікаў годна прая­віць сябе на службе ў марфлоце. Даўнія водныя шляхі, якія і па Дзвіне праходзілі “з вараг у грэкі” (з мора Балтыйскага ў мора Чорнае), абуджалі ў мясцовых юнакоў цягу да водных паходаў. Родавыя карані з Дуброўны меў герой Руска-турэцкай вайны 1828—1829 гадоў Аляксандр Казарскі, капітан брыга “Меркурий”. Наш радавод у адмірала Аляксандра Данілавіча Меншыкава — паплечніка цара Пятра I: яны разам закладвалі асновы ваенна-марскога флоту Расіі. Пазней праўнук адмірала стаў адміралам, да таго ж Аляксандр Сяргеевіч Меншыкаў быў марскім міністрам Расійскай імпе­рыі. Нават генерал-фельдмаршал Грыгорый Пацёмкін, стваральнік і першы галоўнакамандуючы Чарнаморскім флотам, кажуць, называў Белую Русь радзімай сваіх продкаў.

Зусім не выпадковыя на мемарыяльным знаку ў Міёрах словы пра радзіму марскіх герояў, калі ўлічыць, што амаль 300 тысяч беларусаў служылі ў розны час у Ваенна-марскім флоце СССР.

У Беларускім саюзе ваенных маракоў толькі падводнікаў і марпехаў — больш за паўтары тысячы. Ваенныя маракі штогод у маі збіраюцца ў Мінску ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых: там служыцца паніхіда па загінулых мараках-падводніках.

Больш за 120 беларусаў служылі ў адміральскіх званнях, служаць на ВМФ СССР і Расіі. Пэўна, што і юны Ягор (у вёсцы і ў час вучобы ў Міёрскай школе, цяпер гэта сярэдняя школа № 1 — ён выпускнік 1953-га) ведаў тых, хто служыў на моры. Калі ствараўся падводны флот, яго касцяк складалі расіяне, беларусы, украінцы. Зрэшты, у аднаго з ветэранаў флоту знаходзім: “У нас, падводнікаў, нацыянальнасць адна і веравызнанне адно: падводнікі”.

Цікавае сведчанне Ноны Андрэеўны зафіксавалі тэлежурналісты (ёсць відэасюжэт), калі ў маі 2012-га ў Міёрах адкрываўся згаданы знак. Яна казала, што Ягор з дзяцінства марыў пра мора і нават маляваў чарнілам палоскі на белых майках, паколькі цяльняшку было не дастаць. Нона Анд­рэеўна прыгадала з усмешкай, як упікала брата, маўляў, гэта не прыгожа, ды той настойваў: “Не, я марак!”

Жаданне было вялікім, ды ў 1953-м яму “не хапала ўзросту” пайсці ў мараходку: толькі 17. Паводле біяграфічных звестак, ён быў у складзе ВМФ з 1954-га, як стаў курсантам Паўночнаморскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча (Архангельск). А год пасля школы працаваў педагогам-арганізатарам у Новым Пагосце: гэта вёска пры шашы з Шаркаўшчыны ў Міёры.

Пра тое ведае Максім Філі­по­віч, кіраўнік народнага краязнаўчага музея 3-й школы, настаўнік гісторыі. Максім Юр’евіч звяртае ўвагу гасцей музея на экспазіцыю, прысвечаную герою. Дарэчы, Ягор Андрэевіч у школе ў 1987 го­дзе быў, на стэндзе — фотаздымкі таго часу з вучнямі, настаўнікамі, афіцэрскі яго кіцель, курсанцкія граматы, некаторыя асабістыя рэчы знакамітага земляка.

Дэталі яго падводных паходаў, подзвігаў і сёння не ўсе ведаюць. Было і такое, што ён кіраваў дзеяннямі каманды, калі на атамнай падлодцы здарылася аварыя: парушылася актыўная зона рэактара. Удалося выратаваць амаль увесь экіпаж і падлодку прышварта­ваць да пірса. Пасля таго, пі­шуць таварышы па службе адмірала Томкі, на галаве яго не засталося валасоў… Паплечнік героя капітан 1-га рангу ў адстаўцы Анатолій Кавалёў сказаў у згаданым відэасюжэце: “Ён прымаў даклады з аварыйных адсекаў, накіроўваў партыі ў аварыйны адсек, дзе людзі выконвалі пэўныя абавязкі, каб зменшыць радыяцыю, палепшыць абарону ад выпраменьванняў. Так што знахо­дзіўся на пярэднім плане бараць­бы з радыяцыйнай небяспекай”.

Падводная лодка сыходзіць пад лёд…

У падзагаловак узяты словы з “Песні пра падводнікаў” Юрыя Візбара. Ягор Томка стаў з часам не толькі афіцэрам-падводнікам, але і тым, хто асвойваў падлёдныя глыбіні Арктыкі. З Архангельска яго ў 1957-м перавялі ў Ленінград, ён заканчваў там Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя М.В.Фрунзэ (1958) і з верасня служыў на тарпедных катарах Паўночнага флоту. З 1962-га “пайшоў пад ваду”: намеснікам камандзіра па палітчастцы, потым старпомам камандзіра электрычнай падлодкі С-363. Пазней служыў на атамных падлодках: выпрабоўваў іх, быў камандзірам АПЛ, начштаба, потым і камандзірам дывізіі. Увогуле марской службе аддаў 30 гадоў, 8 з іх быў пад вадой.

Пад непасрэдным кіраўніц­твам Ягора Томкі (ён быў капітанам 1-га рангу, камандзірам 11-й дывізіі падлодак 1-й флатыліі) упершыню ў гісторыі ВМФ СССР быў здзейснены трансарктычны пераход дзвюх атамных падлодак у складзе тактычнай групы з Паўночнага Ледавітага ў Ціхі акіян — пад ільдамі Арктыкі. Групай камандаваў контр-адмірал Рудольф Голасаў. Пераход быў выключна складаны і небяспечны. З 22 жніўня па 6 верасня 1978 года падлодкі прайшлі 4570 міль, з іх у падводным становішчы — 3620, пад ільдамі — 1760, і прышвартаваліся ў бухце Крашаніннікава на Камчатцы. За той подзвіг контр-адмірал Голасаў, камдыў Томка і камандзіры абедзвюх падлодак (Гусеў і Лапушын) удастоены звання Героя. Ва ўзнагародным лісце адзначана, што Ягор Томка праявіў асабістую муж­насць, вытрымку, практычнае майстэрства, умела кіруючы падначаленымі.

А той трансарктычны праход пад ільдамі яшчэ трэба было знайсці…

Месца подзвігу — месца малітвы

У кожнага з нас у жыцці свой шлях, свае выпрабаванні. Часам сілы фізічныя і духоўныя напружваюцца да мяжы цярпення, і тады чалавек асабліва глыбока і абвос­трана разумее: жыць далей можна толькі тады, калі на тое ёсць воля Усявышняга. У такія сітуацыі, відаць, не раз трапляў і Ягор Томка. У службовыя рапарты, аднак, не ўсё пісаў. Нечым дзяліўся толькі з блізкімі, роднымі.

Калі ў 2016-м 3-й школе Міёр прысволі імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі, падзея стала нагодай, каб апублікаваць фрагмент з казання архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія пра земляка-героя. Аповед — пра цуд і тое, як малітва дапамагае чалавеку ў крытычных сітуацыях.

Працытуем фрагмент на мове арыгіналу: “ И вот, во время этого перехода, в одной точке случилось непредвиденное. Одна лодка потеряла ход. Были посланы водолазы, которые обследовали обстановку и доложили командиру: дальше ход невозможен. Тогда Егор Томко надевает скафандр, выходит в океан, обследует лодку и говорит сам себе: “В этой ситуации может помочь только Бог”. Ждать помощи было неоткуда. Сверху — десятки метров воды, кругом огромный океан. Бедствующим морякам помочь некому. Егор вернулся в лодку. И… его взгляд встретил две сотни надеющихся человеческих глаз: ты командир — ищи выход.

Люди находились в живом гробу. Такое состояние — начало гибели. И тогда Егор вспомнил свое детство. Вспомнил мать, которая научила его молиться. Командир стал внутри себя молиться Богу о помощи. Очевидно, и остальные члены команды взывали к Богу. Прошло какое-то время тягостного мучительного молчания. Вдруг доложили: “Товарищ командир, лодка получила ход”. Команда благополучно дошла до берегов Америки, выполнила боевое задание, со славою и честью возвратилась на базу”.

Пад публікацыяй паведамляецца, што Ягор Андрэевіч расказаў пра цуд сваім блізкім сваякам, і той аповед стаў споведдзю атэістычнага часу: “Это исповедь человека, который в критический момент своей жизни встретился с Богом, получив помощь свыше благодаря искренней молитве”.

З паглыбленнем у гісторыю і стаўкай на інтэлект

Выхаваўчы і адукацыйны працэс у 3-й міёрскай школе моцна спалучаны з гісторыяй родных мясцін, моцных духам людзей, якія родам з Міёршчыны. На патрыятычнае выхаванне школьнікаў зладжана працуюць і створаныя ў школе чатыры музеі краязнаўчай тэматыкі, экспанаты для якіх збіраліся дзесяцігоддзямі. Пра іх можна падрабязней пачытаць на сайце школы, прычым кожны з іх папаўняецца экспанатамі да гэтага часу. Першы музей, дарэчы, адкрыўся яшчэ ў 1986 годзе, а этнаграфічны “Сялянская хата” — у 2015-м.

Дырэктар 3-й школы Наталля Будзько толькі год на гэтай паса­дзе, хоць працавала ў ёй з 1998-га: пасля ўніверсітэта прыйшла выкладаць гісторыю і грамадазнаўства. Мае вопыт работы ў міжнародным праекце, дзякуючы якому школе ўдалося атрымаць сродкі, належным чынам аформіць музейныя экспазіцыі. Гэта, лічыць Наталля Іванаўна, моцная база для выхаваўчай работы з вучнямі, развіцця музейнай педагогікі, прычым і з іншых школ раёна, вобласці, краіны прыяз­джаюць госці. Школа, дарэчы, самая вялікая ў раёне: яе наведваюць больш за 600 вучняў.

Другі вядучы напрамак работы — інтэлектуальная дзейнасць. У школе працуе адпаведны клуб, вучні ўдзельнічаюць у розных інтэ­лектуальных гульнях. Гэта, напрыклад, гульня “Дэбаты”. Да таго ж вучні пад кіраўніцтвам Наталлі Будзько асвойваюць прамоўніцкае майстэрства, штогод у конкурсах атрымліваюць дыпломы, у тым ліку чатыры заваявалі сёлета ў рэспубліканскім конкурсе “Спікер года”. Напрыканцы мінулага навучальнага года ў Наваполацку праводзіліся абласныя інтэлектуальныя спаборніцтвы для вучняў 4—6 класаў.

“Сярод 21 каманды мы занялі 7-е месца. Гэта добры ўзровень, калі ўлічыць, што сапернікі ў нас былі вельмі падрыхтаваныя, у тым ліку і з гімназій. Заняткі прадаўжаем, рыхтуемся да новых інтэ­лектуальных стартаў”, — адзна­чыла Наталля Іванаўна.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара, Алега ІГНАТОВІЧА і з адкрытых крыніц