Эфект — у інтэрактыўным узаемадзеянні

- 9:25Педагагічная майстэрня

Як вядома, замежная мова мае шэраг асаблівасцей, якія неабходна ўлічваць пры арганізацыі навучання: міжпрадметнасць (змест мовы дае звесткі з розных галін ведаў); шматузроўневасць (з аднаго боку, авалоданне рознымі моўнымі сродкамі, з другога — уменнямі ў чатырох відах маўлення); поліфункцыянальнасць (замежная мова можа выступаць як мэта навучання і як сродак набыцця звестак у іншых галінах ведаў); сітуатыўнасць (вырашэнне канкрэтных камунікатыўных задач ва ўмовах сітуатыўных іншамоўных зносін).

Сучасны ўрок замежнай мовы — паняцце шматграннае. Гэта і яго мэтанакіраванасць, і цэласнасць, і дынаміка, і практычная арыентацыя, і наладжванне моўнага партнёрства, і разнастайнасць дыдактычнага матэрыялу, і пастаянныя пошукі эфектыўных форм і метадаў, тэхнік і тэхналогій выкладання і г.д.

Мая сістэма работы на працягу многіх гадоў дазволіла ўбачыць нявыкарыстаныя рэсурсы ўрока для павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння французскай мовы, актывізацыі іх вучэбна-пазнавальнай і маўленчай дзейнасці. Я пачала апрабоўваць на сваіх уроках асобасна арыентаваныя тэхналогіі (ТРН, КСН, модульную і праблемную тэхналогіі, ТРКМ, тэхналогію французскіх педмайстэрняў і інш.), інтэрактыўныя прыёмы навучання; пачала ўключаць у змест урокаў інтэрнэт-рэсурсы. І заўважыла першыя станоўчыя вынікі: навучэнцам на ўроку цікава, яны з задавальненнем уключаюцца ў такія віды дзейнасці, актывізавалася іх маўленча-разумовая дзейнасць. Таму я працягнула шукаць эфектыўныя, на мой погляд, тэхнікі і тэхналогіі, якія б павысілі матывацыю навучэнцаў да вывучэння французскай мовы, сфарміравалі б у іх ключавыя кампетэнцыі, у прыватнасці камунікатыўныя і вучэбна-пазнавальныя.

Калі аптымізаваць працэс навучання французскай мове шляхам выкарыстання асобасна арыентаваных тэхналогій, інтэрнэт-рэсурсаў, то гэта дазволіць настаўніку арганізоўваць развіццёвую прастору на кожных вучэбных занятках, забяспеч­ваць раўнапраўныя партнёрскія зносіны падчас вучэбнага ўзаемадзеяння, праектаваць і стымуляваць дзейнасць кожнага навучэнца (у тым ліку і маўленча-разумовую), ліквідаваць цяжкасці ў вывучэнні замежнай мовы, забяспечваць аператыўную зваротную сувязь, што будзе спрыяць павышэнню матывацыі навучэнцаў да вывучэння француз­скай мовы і павышэнню ўзроўню практычнага авалодання замежнай мовай.

Інтэрактыўнае ўзаемадзеянне ўяўляе сабой працэс сумеснай дзейнасці педагога і навучэнцаў, атрыбутамі якога з’яўляюцца: прасторавая і часавая супрысутнасць удзель­нікаў, якая стварае магчымасць асабістага кантакту паміж імі; наяўнасць агульнай мэты, вызначанага наперад выніку, які адпавядае інтарэсам усіх і спрыяе рэалізацыі патрэб кожнага; планаванне, кантроль, карэкцыя і каардынацыя дзеянняў; падтрыманне адзінага працэсу супрацоўніцтва, агульнай дзейнасці паміж удзельнікамі; міжасобасныя адносіны… Рэалізацыі інтэрактыўнага ўзаемадзеяння спрыяе выкарыстанне асобасна арыентаваных тэхналогій, якія маюць шырокі арсенал інтэрактыўных прыёмаў і выклікаюць у навучэнцаў неабходнасць і жаданне ўключыцца ў актыўную пазнавальную дзейнасць, дазваляюць па-новаму арганізаваць узаемадзеянне ўсіх суб’ектаў навучання, пабудаваць адукацыйную сістэму, у якой вучань быў бы актыўным і раўнапраўным удзельнікам. На мой погляд, найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца тэхналогіі калектыўных здольнасцей навучання, праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, педмай­стэрняў і інш.

Кожная з асобасна арыентаваных тэхналогій валодае прыёмамі, якія актывізуюць і інтэнсіфікуюць дзейнасць навучэнцаў. Напрыклад, тэхналогія КСН дазваляе арганізаваць навучанне ў “дынамічных парах” (са зменным складам), калі кожны вучыць (правучвае) кожнага. Педагагічныя майстэрні дазваляюць стварыць умовы для самаак­туалізацыі і самарэалізацыі навучэнца, дапамагаюць выпрацаваць навыкі інтэлектуальнай і фізічнай працы, даючы навучэнцу права на памылку і права на супрацоўніцтва. Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, якая валодае вялікім арсеналам інтэрактыўных прыёмаў, прадугледжвае ў вучэбных занятках тры стадыі: выклік (накіраваны на матывацыю, на ўключэнне навучэнцаў у дзейнасць, на актывізацыю лексічных адзі­нак і моўных узораў), асэнсаванне (стадыя падтрымання цікавасці да тэмы пры непасрэдным успрыманні новага), стадыя рэфлексіі (цэласнае асэнсаванне тэмы, стварэнне ўмоў для выказвання эмоцый у выніку набытых уменняў і навыкаў). На стадыі выкліку важна абудзіць у навучэнцаў устойлівую цікавасць да тэмы, матываваць іх да далейшай дзейнасці. Найбольш эфектыўны прыём, які дазваляе вырашаць гэтыя задачы, — выкарыстанне відэа­фрагментаў.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы Les Français et leur caractère national (11 клас) у якасці выкліку прапаную навучэнцам прагледзець відэафрагмент Les stéréotypes de la France / www.enseigner.tv5monde.com/ і выканаць Test express: Quelle image de ce pays avez-vous? Selon vous, la France est le pays…

(— de la Tour Eiffel; — des fromages; — des parfums; — de la bonne cuisine…)

Потым прапаную скласці асацыятыўны рад Les Français tels qu’ils sont…, абмеркаваць у парах і прадставіць агульны спіс тыповых рыс характару французаў. Навучэнцы, уключаючыся ў актыўную пазнавальную дзейнасць, пачынаюць шукаць у сваім багажы ведаў усё, што ведаюць пра Францыю і французаў.

ПрыёмПрагноз надворя дазваляе развіваць станоўчую матывацыю ў дзейнасці навучэнцаў, узаемадзеянні; ствараць добрую атмасферу і паспяховую камунікацыю.

Эфектыўны прыём, які актывізуе разумовую дзейнасць навучэнцаў, развівае навыкі работы ў групе, — Гульнявая мэта”: дзеля кантролю ўспрымання і разумення на слых праслуханага тэксту ствараецца пэўная сітуацыя. Напрыклад: “Уявіце, што вы — рэдакцыя французскага часопіса “ОКАРІ” і адказваеце за выпуск чарговага нумара, а ў тэкст закраліся памылкі, — знайдзіце і выпраўце іх”. На выкананне задання — строга вызначаны час. Навучэнцы пачынаюць тэкст рэдагаваць, пасля чаго агучваюць знойдзеныя памылкі і аргументуюць правільнасць унесеных у артыкул паправак.

Прыём “Стоп-кадр”. Настаўнік перапыняе расказ на самым цікавым месцы і прапануе навучэнцам самастойна працягнуць размову. Гульня Devinez (“Угадайце”) развівае ўменні задаваць “тонкія” і “тоўстыя” пытанні, уменні прапаноў­ваць гіпотэзы, прагназаваць. Настаўнік задумвае прадмет або з’яву, адказвае толькі oui — non, а навучэнцы задаюць пытанні, якія дапамо­гуць адгадаць. Выкарыстанне на стадыі выкліку прыёму “Тоўстыя і тонкія пытанні” дае магчымасць навучэнцам сама­стойна сфармуляваць мэты ўрока, а вылучэнне сэн­савых адзінак тэксту і іх графічнае афармленне ў выглядзе кластара або схемы fishbone дазваляе навучэнцам фікса­ваць факты, атры­маныя пры чытанні тэкстаў, з мэтай выбірання інфармацыі. Гэты цудоўны спосаб графічнай арганізацыі і логіка-сэнсавага структуравання матэрыялу карысны апорнымі схемамі для развіцця навыкаў вуснага маўлення.

Адзін з найбольш эфектыўных прыёмаў, на мой погляд, — складанне сінквейна, які дазваляе навучэнцам выказаць сваё стаўленне да пытання, што разглядаецца, выкладаць ідэі, пачуцці і ўяўленні ў некалькіх словах. Прыём “Скончы фразу…” можна выкарыстоўваць для арганізацыі мысля­дзейнасці, сэнсатворчасці і рэфлексіі навучэнцаў. Вышэйпералічаныя прыёмы, зразумела, не вычэрпваюць увесь метадычны арсенал тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. У якасці прыкладаў былі прыве­дзены толькі тыя прыёмы, якія, на мой по­гляд, найбольш эфектыўныя пры актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў на ўроках замежнай мовы.

Выкарыстанне сёння інтэрнэт-рэсурсаў і электронных сродкаў навучання адкрывае для настаўніка новыя магчымасці ў павышэнні матывацыі навучэнцаў да вывучэння замежнай мовы. Інтэрнэт-рэсурсы дазваляюць настаўніку забяспе­чыць авалоданне навучэнцамі замежнай мовай у адзінстве з культурай яго носьбітаў, стварыць разнастайныя сітуацыі міжкультурнай камунікацыі, а значыць, павысіць цікавасць да вывучэння замежнай мовы. Выкарыстоўваючы на вучэбных занятках інтэрнэт-рэсурсы (аўдыя, відэа), ствараю ўмовы для таго, каб навучэнцы авалодвалі камунікатыўнымі кампетэнцыямі. Інтэрнэт, мультымедыйныя прадукты спалучаюць тэкст, гук, відэа. Інтэрактыўныя інтэрнэт-рэсурсы дазваляюць зрабіць урок больш цікавым і творчым.

Так, для вучэбных заняткаў па тэме “Вялікія людзі Францыі” была выкарыстана электронная энцыклапедыя www.wiki.fr, дзе можна знайсці інфармацыю пра знакамітасці Францыі. Я таксама рэкамендавала яе навучэнцам для падрыхтоўкі дамашняга задання па гэтай тэме. Трэба адзначыць, што мова падачы інфармацыі гэтага сайта крыху складаная для навучэнцаў сярэдняй школы. Але гэта набліжае іх да моўнай рэчаіснасці, дае магчымасць пашырыць веды па французскай мове. З выкарыстаннем электроннай энцыклапедыі www.wiki.fr навучэнцы 11 класа падрыхтавалі і абаранілі свае праекты “Віртуальнае падарожжа па Францыі”. Натуральна, падручнік французскай мовы не з’яўляецца сёння адзінай крыніцай інфармацыі. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы пра музеі Францыі для ілюстрацыі прачытанага тэксту пра музей Радэна, які прапануе падручнік, я выкарыстоўваю сайт гэтага музея www.musee-rodin.fr, які дае магчымасць убачыць работы вялікага майстра. А вось азнаёміўшыся з музеем Арсэ на сайце www.musee-orsay.fr, я прапаную навучэнцам правесці ролевую гульню, дзе ў кожнага навучэнца свая роля, напрыклад: гід, вартаўнік, наведвальнік. Разыгрыванне роляў су­праваджаецца ілюстрацыямі залаў музея. Азнаёміцца з Беларускім нацыянальным мастацкім музеем можна на сайце www.artmuseum.by. Мы з навучэнцамі яго наведваем віртуальна, а потым кожнаму навучэнцу я прапаную падзяліцца ўражаннямі пра музей у малой групе.

Пры вывучэнні тэмы “Мастацтва” (10 клас) сайт www.artcyclopedia.ru дазваляе пазнаёміцца з работамі розных мастакоў, прадстаўляе іх біяграфіі. Навучэнцы ствараюць і агучваюць свае прэзентацыі, прадстаўляючы творчасць любімага мастака. Пры вывучэнні тэмы “СМІ” (10 клас) выкарыстоўваю сайт www.journauxfrancais.net, які дае спасылкі на ўсе французскія газеты. Вельмі падабаецца навучэнцам заданне “Пра што сёння піша…”: прапануецца вывучыць галоўную старонку адной з французскіх газет і расказаць пра асноўныя падзеі. Пры вывучэнні тэмы “Экалогія” рэкамендую навучэнцам для работы сайт www.univers-nature.com. Тут можна знайсці насычаныя сучаснай лексікай артыкулы пра розныя экалагічныя праблемы ў свеце. Вышэйпералічаныя інтэрнэт-рэсурсы па метадычным прызначэнні адносяцца да дэманстрацыйных і інфармацыйна-пошукавых рэсурсаў.

Такая форма работы выклікае ў навучэнцаў станоўчыя эмоцыі, цікавасць і, галоўнае, жаданне вучыцца, таму што цяжкасці лёгка пераадольваюцца. На сайце Lexique FLE de la famille Perrot цікава пададзена лексіка па тэмах: L’alphabet, L’heure, Le calendrier, Les chiffres, La famille, Les animaux, Les vêtements, Le corps і г.д. (www.lexiquefle.free.fr). Кожная лексічная адзінка мае візуальнае, графічнае і гукавое афармленне. Інтэрактыўныя практыкаванні дапамагаюць замацаваць лексіку і асноўныя граматычныя з’явы, якія вывучаюцца. Так, у 7 класе, вывучаючы Les grands magasins, выкарыстоўваю ЭСН Les vêtements на этапе абагульнення ведаў навучэнцаў па гэтай тэме. Гэтую праграму можна было б выкарыстоўваць і на этапе ўвядзення ЛА па тэме “Адзенне”. Усё залежыць ад майстэрства настаўніка і ад тых задач, якія ён ставіць на гэты ўрок. Практычна ўсе праграмы гэтага сайта можна выкарыстоўваць на вучэбных занятках. Напрыклад, выкарыстанне электроннага сродку па тэме Ma maison у 10 класе дазваляе азнаёміць навучэнцаў з вялікай колькасцю ЛА па тэме “Дом”, не звяртаючыся да перакладу слоў, паколькі яны адлюстраваны на карцінках. Навучэнцы маюць магчымасць працаваць з гэтай праграмай дома ў мэтах актывізацыі ЛА і МЗ, уведзеных на ўроку. А вынік паспяховага засваення лексікі — апісанне ўласнага жылля.

Каб актывізаваць граматычны матэ­рыял, эфектыўныя таксама праграмы-трэнажоры і праграмы, якія кантралююць. Сайт www.lepointdufle.net дазваляе ў рэжыме анлайн выканаць тэст на любую граматычную тэму, каб потым выкарыстоўваць граматычныя канструкцыі ў вусным маўленні. Рэкамендую яго таксама для дамашняй самастойнай работы пры падрыхтоўцы да ЦТ, у залежнасці ад мэты і задач урока.

Выкарыстанне асобасна арыентаваных тэхналогій і электронных сродкаў навучання, інтэрнэт-рэсурсаў пры вывучэнні замежнай мовы, забяспечваюць:

  • стварэнне аптымальных умоў для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу;
  • высокую эфектыўнасць кожных вучэбных заняткаў;
  • высокую ступень індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, пашырэнне магчымасцей выбару навучэнцамі зместу, сродкаў, форм, партнёраў падчас адукацыйнай дзейнасці;
  • высокі ўзровень матывацыі навучэнцаў, навучанне з захапленнем;
  • дастатковы і высокі ўзровень вучэбных дасягненняў навучэнцаў;
  • асобасны рост навучэнцаў: асоба, здольная рэалізаваць у жыцці “Я-канцэпцыю”, самаразвіваецца і самазмяняецца; асоба, што самастойна знаходзіць выйсце з праблемнай сітуацыі, ажыццяўляе пошукавую дзейнасць, праводзіць даследаванні, рэфлексію дзейнасці, якая валодае сродкамі і спосабамі даследчай працы;
  • дастатковы ўзровень ключавых кампетэнцый навучэнцаў.

Галіна ПІШЧЫК,
настаўніца французскай мовы сярэдняй школы № 11 Маладзечна.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.